Вы тут

Нацыянальная бібліятэка падрыхтавала выстаўку да 150-годдзя з дня нараджэння Лесі Украінкі


Кніжная выстаўка «Украінская Касандра» адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі на сайце nlb.by.


Фота: nlb.by.

25 лютага спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння Ларысы Пятроўны Косач-Квіткі, вядомай як Леся Украінка. Адна з самых выдатных асоб украінскай культуры не проста вывела літаратуру краіны на новы ўзровень, але і стаяла ў авангардзе нацыянальнага руху. «Сціплая, слабая здароўем, але вельмі моцная духам жанчына, якая за кароткае жыццё — усяго толькі 42 гады — стала непераўзыдзеным украінскім класікам. Сваёй творчасцю яна абудзіла цікавасць да фальклору, прыўнесла новыя жанры і стылі ва ўкраінскую літаратуру», — адзначыў на адкрыцці выстаўкі генеральны дырэктар НББ Раман Матульскі.

Паводле яго слоў, выстаўка знаёміць наведвальнікаў з вялікай колькасцю дакументаў, якія адлюстроўваюць багатую спадчыну паэтэсы. Сярод іх — поўныя зборы твораў, публіцыстыка і пісьмы, успаміны сучаснікаў, літаратурна-біяграфічныя партрэты. «Лесю Украінку заўсёды ведалі і любілі ў Беларусі, яе творы перакладалі многія беларускія аўтары. У фондах нашай бібліятэкі налічваецца больш з 250 розных выданняў, звязаных з яе творчасцю. І на гэтай выстаўцы прадстаўлены ўнікальныя кнігі, якія з’яўляюцца вялікай рэдкасцю ў свеце, напрыклад, экзэмпляры 1923-1924 гадоў», — расказаў Раман Матульскі.

Арганізатары праекта падрыхтавалі да паказу каштоўнае выданне «Лариса Петрівна Косач-Квітка (Леся Українка): біографічні матеріали, спогади, іконографі» (2015), якое складаецца з арыгінальных тэкстаў аўтара, успамінаў, артыкулаў і фатаграфій. Большая частка кнігі — гэта ўспаміны і пісьмы яе сястры — Ізідоры Косач-Барысавай.

Экспазіцыя адлюстроўвае і музычную спадчыну ўкраінкі: копіі нотных запісаў песень, створаных на вершы Лесі Украінкі, і зборнік народных украінскіх песень, запісаных з яе голасу. Акрамя таго, у раздзеле «Іканаграфія» размешчаны невядомыя дакументы з прыватных архіваў.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі пасольства Украіны ў Беларусі і ўкраінскай дыяспары, а таксама беларускія пісьменнікі і літаратуразнаўцы.

Выставачны праект падрыхтаваны сумесна з пасольствам Украіны ў Беларусі і Беларускім грамадскім аб’яднаннем украінцаў «Ватра». Азнаёміцца з экспанатамі можна да 25 мая.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?