Вы тут

Вандроўкі па дахах у пошуках столі


Для чалавека, які займаецца літаратурай, няма нічога цяжэй, але адначасова і лягчэй, чым пісаць пра сябе. З аднаго боку, не трэба прыдумваць нічога новага — дастаткова скарыстацца жыццём для сваіх творчых мэт. Сюжэты, персанажы, атмасфера, час і  прастора — усё гатовае. З іншага  — бывае складана паглядзець на рэчаіснасць, і асабліва на сваё жыццё, дастаткова аб’ектыўна, зразумець, што будзе цікава чытачу, як расставіць акцэнты, як увогуле выцягнуць са штодзённай шэрасці сапраўды варты сюжэт, як перадаць эмацыянальную насычанасць падзей. Каб зрабіць самае простае цікавым, патрэбна сапраўднае майстэрства.


Тым не менш маладыя творцы аднолькава часта бяруцца за фантастычныя сусветы і рэалістычныя сцэны. Як гэта атрымаецца, залежыць абсалютна не ад узросту ці жанрава-тэматычнай скіраванасці.

Кніга «скін’кеды» са сціплай белай вокладкай і сціплым подпісам «Валя Гайд» і ўсім, што хаваецца на старонках далей, не дае адказу, наколькі рэальнасцю, а наколькі фантазіяй народжаны апавяданні. Гэта зборнік эпізодаў з часоў гарэзлівага юнацтва, у якім сканцэнтраваліся ўяўленні пра бесклапотнасць, падлеткавыя прыгоды і нястрымную энергію.

Апісаная рамантыка нагадвае песні з  першых альбомаў Noize MC, падзеі — з таго, што ўзнікала ў галовах большасці энергічных падлеткаў, але так і не было рэалізавана — правесці ноч на даху ў самым цэнтры Мінска, катацца на роліках нават ва ўніверсітэце, скочыць на дах цягніка метро. Аўтар вельмі ўдала выбірае оптыку: расказвае пра эпізоды з жыцця безыменных герояў праз канкрэтныя рэчы і захапленні — кеды, паркур, аўтарскае кіно, шакаладкі «Любімая Алёнка», ролікі і іншае. Праз дакладнасць гэтых дэталяў і дэкарацыі адносна сучаснага Мінска ствараецца вельмі блізкая патэнцыйным чытачам рэалістычная карціна. Хаця некаторыя падзеі ў ёй і выглядаюць неверагодна, усё адно цалкам верыцца ў іх магчымасць.

Структурнае рашэнне — падача гісторый праз канкрэтыку рэчаў і заняткаў — дадае псіхалагічнай лёгкасці ўспрымання тэксту. Пры такім падыходзе захоўваецца і эфект успамінаў з усёй блытанасцю, фрагментарнасцю і атмасфернасцю, і чытаць прасцей, чым няспынную плынь асобных сполахаў свядомасці.

У тэксце даволі шмат так званых тэхнічных падрабязнасцей, скрупулёзных апісанняў працэсаў: хоць выбівання дзвярэй на дах, хоць запіхвання сушак у паштовую скрыню, хоць барацьбы са сном. Яны з’яўляюцца каркасам аповеду, складаюць асноўную частку тэксту, пераўтвараючы тыповыя падлеткавыя апавяданні ў гульню з формай. З гэтага пункту гледжання заслугоўваюць увагі і  апісанні стасункаў, сяброўскіх і рамантычных. Іх галоўная асаблівасць у тэксце — поўная адсутнасць, апасродкаванасць. Усе прыгоды галоўны герой падзяляе з сябрам, якога называе па форумным нікнэйме. Паміж імі мінімальная колькасць дыялогаў і ніводнай «кіношнай сцэны», якая б сімвалізавала сяброўства. Затое — безліч свавольстваў і пастаяннае спазнаванне побач.

З рамантычнымі стасункамі яшчэ цікавей, бо ад іх у тэкстах засталіся адны намёкі. Эпізод спускання кветак у кошыку з даху да акна другога паверха апісаны вельмі падрабязна, але пра тое, што там кветкі, можна здагадацца толькі па адной фразе, а мэта ўчынку і ўвогуле застаецца па-за кадрам. Хаця з тэмай стасункаў напрыканцы выходзіць адна прыкрасць: у апошнім апавяданні, якраз пра ролікі, аўтар разважае, як зручна праводзіць на іх спатканні, бо «дзяўчаты любяць пачуццё страху і так цудоўна крычаць пры гэтым». А знаёміцца з дзяўчатамі прапаноўваецца, чапляючы іх плячом і палохаючы воклічамі. Нават разважаць не хочацца пра тое, наколькі гэта непрыемна і непаважаліва, але спішам на тую самую юнацкую гарэзлівасць, якой падпарадкавана ўся кніга.

Але ёсць у зборніку адзін… не тое, каб недахоп, а, скажам, спрэчны нюанс. Гэта стыль. Большая частка кнігі  — апісанні, але гэта нічога. Нават той факт, што яны падаюцца ў цяперашнім, а  месцамі — будучым часе — таксама не праблема, хаця прыём нязвыклы. Але насычанасць канцылярытам псуе мастацкі тэкст з пункту гледжання тэхнікі. Прыклад: «...заціснутасць праектара з розных бакоў абы-якімі рэчамі можа прывесці да не лепшых наступстваў — а ўлічваючы тое, што прылада не з’яўляецца нашай маёмасцю, мы разумеем, што асабліва важна берагчы працаздольнасць апаратуры». Такіх момантаў у тэксце шмат, іх можна было б абыграць і зрабіць элементам аўтарскага стылю — калі б дадаць іроніі або больш змяшаць канцылярыт са слэнгам. Але без гэтага тэкст успрымаецца толькі перагружаным.

Апошняе апавяданне ў кнізе заканчваецца фразай: «...ніякі спорткар не можа скласці канкурэнцыю ролікам…». Гэта прыгожае сімвалічнае завяршэнне, якое крыху раскрывае матывацыю аўтара — захаваць непаўторную энергетычную і эмацыянальную насычанасць юнацтва, закансерваваць яе, хай і заключыўшы ў занадта дарослыя словы і формы. Няважна, наколькі на рэальных падзеях заснаваны апавяданні, калі іх галоўнай мэтай была атмасфернасць, то яна дасягнута. Дэбютная кніга Валі Гайд у серыі «Пункт адліку» пакідае спадзяванні на наступныя творы, у якіх, магчыма, будзе больш сюжэта і больш выразнага аўтарскага стылю.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».