Вы тут

На Гомельшчыне набірае тэмп будаўніцтва электрадамоў


На Гомельшчыне набірае тэмп будаўніцтва шматкватэрнага жылля, дзе пры дапамозе электраэнергіі забяспечваецца ацяпленне, падагрэў вады і прыгатаванне ежы. Першай падобнай новабудоўляй у рэгіёне стаў 60-кватэрны дом у рабочым пасёлку Бальшавік, што ў Гомельскім раёне. Электрадом «сілкуецца» ад аўтаномнай электракацельні.


Навасёлы пяціпавярховіка, дзе прадугледжана арэнднае жыллё, цяпер матывуюць не толькі жыхароў свайго раёна, але і гамяльчан абіраць менавіта варыянт электрадома.

— У нас трое дзетак — шэсць і пяць гадоў, малодшаму сем месяцаў. Марылі ў новай кватэры сустракаць Новы год, але засяліліся крыху пазней. Уваходзіны яшчэ не справілі, пакуль, лічыце, «на сумках», абжываемся, — дзеляцца навасёлы трохпакаёвай кватэры ў электрадоме, маладыя бацькі Настасся і Андрэй Чэпікавы. Сужэнцы самі родам з рабочага пасёлка Бальшавік. У чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў сталі ў 2016 годзе.

— Чакалі будаўніцтва кааператыўнага жылля, а потым вырашылі разгледзець варыянт арэнднага ў новым электрадоме. Мы задаволены. Ужо аплацілі першую «плацёжку» — за святло выйшла 20 рублёў за 100 кВт•ч. Пры гэтым у апошнія моцныя маразы ў кватэры было нават горача. На батарэях у нас рэгулятары, можам самі «выстаўляць» тэмпературу.

Навасёл электрадома Генадзь Анціпенка.

Яшчэ адны навасёлы электрадома — ветэраны працы, якія шмат гадоў прапрацавалі на заводзе тарфянога машынабудавання «Бальшавік», Людміла і Генадзь Анціпенкі. Сужэнцы пераехалі ў новае жыллё са старога дома барачнага тыпу:

— Вельмі рады, што перасяліліся ў такі выдатны дом. Нам падабаецца, што ёсць магчымасць рэгуляваць падачу цяпла ў кватэру: калі сыходзім з дому, адключаем яго, увечары — дадаём. Цэны за камунальныя паслугі прымальныя, — расказаў глава сямейства Генадзь Сцяпанавіч. У электрадоме катлы для ацяплення і гарачай вады размешчаны ў падвальным памяшканні — гэта дазволіла пазбегнуць устаноўкі ў кватэрах электракатлоў і бойлераў.

Насельніцтва Бальшавіцкага сельсавета — звыш 3180 чалавек, і цяпер яго жыхарамі актыўна становяцца навасёлы. У 60-кватэрны дом з электракацельняй засяліліся дзевяць сем'яў з ліку гамяльчан, што мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, жылі ў інтэрнатах, у дамах, якія былі прызнаны састарэлымі.

— Вельмі ўдзячны за новае жыллё тыя вяскоўцы, хто перасяліўся з былых баракаў, што калісьці ўзводзіліся як часовае жыллё для рабочых пасёлка, — звяртае ўвагу старшыня Бальшавіцкага сельскага Савета Гомельскага раёна Пётр Бухавец. — Многія мне кажуць — не можам паверыць, што так добра можна жыць!

— Некалькі гадоў таму мы правялі з гэтымі сем'ямі гутарку, растлумачылі, што будзе магчымасць перасяліцца ў новае арэнднае жыллё. Тым, хто згадзіўся перасяліцца, дадзена магчымасць атрымаць грашовую кампенсацыю за іх прыватызаванае жыллё неналежнага стану, — растлумачыў Пётр Бухавец.

Між тым жылы дом з аўтаномнай электракацельняй у пасёлку Бальшавік стаў першым шматкватэрным жыллём у такім выкананні ў Гомельскай вобласці. Відавочны «плюс» дамоў такога тыпу, па словах спецыялістаў, — сюды не трэба пракладваць цеплатрасы і газаправод.

— Сёння ў рэгіёне плануецца пашырыць колькасць жылых аб'ектаў і аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры, якія цалкам абслугоўваюцца праз электрычнасць, — адзначае дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Гомельскага раёна Вячаслаў Такарэўскі. — У найбліжэйшых планах нашага прадпрыемства — будаўніцтва мікрараёна жылой забудовы на тэрыторыі Чонкаўскага сельсавета. Запланавана будаўніцтва мікрараёна ў Сеўруках, дзе ў васьмі жылых дамах будзе выкарыстоўвацца электраэнергія. Новае жыллё разлічана на пражыванне 2200 чалавек.

Сёлета ў пасёлку Бальшавік будзе таксама ўзведзена падобнае жыллё на 40 кватэр. Вядома, што вырашыць свае жыллёвыя праблемы і засяліцца ў новы электрадом змогуць як жыхары Гомельскага раёна, так і абласнога цэнтра, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні ўмоў пражывання.

Сёлета на Гомельшчыне плануецца здаць у эксплуатацыю больш за 16 тысяч квадратных метраў электрадамоў. Гэты від жылля з'явіцца ў Тураве, рабочым пасёлку Сасновы Бор, што ў Светлагорскім раёне, а таксама ў Калінкавічах, Петрыкаве, Брагіне і Гомелі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: З наваселлем, або Пачым «кілават» камфорту?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?