Вы тут

У Клецку асвоілі выпуск адзення для нованароджаных цялят


Клецкі раённы камбінат бытавога абслугоўвання асвойвае новыя віды дзейнасці.

Цяпер ужо ніхто не здзіўляецца, калі на вуліцы сустракае дамашніх гадаванцаў, у асноўным сабак, у камбінезонах розных колераў і фасонаў, аздобленых надпісамі, упрыгажэннямі, з капюшонамі і без. А вось на Клецкім раённым камбінаце бытавога абслугоўвання насельніцтва асвоілі выпуск адзення для... нованароджаных цялят. Не, заказваюць яго сельгасарганізацыі не дзеля таго, каб малыя выглядалі модна і эфектна. Гунькі дапамагаюць цяляткам захоўваць здароўе, аберагаюць іх ад непагадзі. І пачуваюць у новым «убранні» яны сябе камфортна і ўтульна.


Такія камізэлькі шыюць для цялят. Фота з сайта клецкай раённай газеты «Да новых перамог».

Каму належыць такая крэатыўная ідэя?

— Вырабляем гунькі для цялят, што ўтрымліваюцца ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна з тканіны Оксфард 600, якую пастаўляем з адной са сталічных фірм, — уводзіць у курс справы начальнік вытворчасці РКБА Ірына Прахарэнка. — Гэтая тканіна са спецыяльным прамочваннем, воданепранікальная звонку, што добра абараняе ад дажджу і снегу. Падкладка зроблена з натуральнай бязі, якая ўтрымлівае 100 % бавоўны. Яна мяккая і прыемная навобмацак. У камізэльцы прадугледжаны і слой сінтэпону, што дазваляе ўтрымліваць цяпло.

— А як вы шыеце адзенне? Здымаеце мерку па індывідуальным заказе?

— Гэтыя гунькі ўніверсальныя, рэгулююцца спецыяльнымі рамянямі на засцёжках па памеры і аб'ёме жывёліны. Іх можна замацаваць так, каб яны не перашкаджалі цяляці вольна сябе пачуваць. Пры беражлівых адносінах да гэтых пакрывалаў яны могуць служыць не адзін сезон. «Адзенне» можна памыць, пачысціць, прасушыць, і яно зноў будзе як новае, — запэўніла Ірына Георгіеўна.

На камбінаце шыюць гунькі для нованароджаных цялят другі год. У снежні 2019-га сшылі першую партыю. Першым заказчыкам быў племянны завод «Чырвоная Зорка» Клецкага раёна. Затым падцягнуліся і іншыя аграрыі. Толькі летась па заказе ўсіх сельгасарганізацый вырабілі 500 адзінак. А наогул іх колькасць ужо набліжаецца да тысячы.

— Нядаўна нам патэлефанавалі з ААТ «Васілішкі» з Гродзенскай вобласці. Яны даведаліся, што мы займаемся, так бы мовіць, спецадзеннем для цялят, і заказалі 150 камплектаў. Днямі будзем адгружаць гатовую партыю, — уступае ў размову дырэктар камбіната Алена Гадлеўская. — Кошт адной камізэлькі — 36 рублёў. Гэта, лічу, нядорага, паколькі іх можна выкарыстоўваць не адзін сезон. Але самае галоўнае, што гэта камфорт і здароўе для цялят.

— Калі на ўзор «Верцялішак» да вас звернуцца заказчыкі з іншых абласцей краіны, справіцеся? — пацікавілася ў суразмоўніцы.

— Мы прымем любы заказ, чым большы, тым лепш для нас. Вядома, 30—50 тысяч адразу не зможам сшыць. Наша прадпрыемства невялікае, таму для гэтага недастаткова вытворчых магутнасцяў. А вось 1000—3000 — калі ласка. У нас сем швачак-краўчых. Гэта вопытныя і прафесіянальныя спецыялісты, якія шмат гадоў працуюць на прадпрыемстве.

— Мы таксама закупляем у камбіната бытавога абслугоўвання камізэлькі для цялят, — кажа дырэктар сельскагаспадарчага філіяла «Клецкі» ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» Аляксандр Пляшэвіч. — Выкарыстоўваем іх, як правіла, зімой, калі на вуліцы ветрана, марозна. Цяля, пакуль стане на ногі, падужэе, мае патрэбу ў цяпле.

— А што, яно мерзне ў памяшканні, каля маці? — цікаўлюся ў Аляксандра Іванавіча.

— Калі цялятка нарадзілася, то яно дванаццаць гадзін абсыхае пад лямпай. Затым яго дзесьці на дваццаць адзін дзень змяшчаюць на вуліцу, каб выпрацаваўся імунітэт. Вось тут і спатрэбіцца для яго «адзенне». У гэтай камізэльцы яно — нібы чалавек у цёплай куртцы.

У ААТ «Шчэпічы-Агра» пасля цялення малое адымаюць ад маці і селяць у спецыяльныя індывідуальныя домікі з чыстай падсцілкай. Вядома, яны абаронены ад неспрыяльных умоў надвор'я. Але цяляты маюць патрэбу ў дадатковым абаграванні. Сухое цяля можа ўтрымлівацца і пры мінусавай тэмпературы, але як толькі яно прамокне або пабудзе на скразняку, то можа захварэць. Таму вельмі важна, каб яно было абаронена ад вільгаці і ветру.

Спецыялісты-аграрыі даказалі, што ў выкарыстанні камізэлькі ёсць вялікія перавагі. У прыватнасці, захваральнасць маладняку зніжаецца амаль на 20 %, а кожныя суткі ён прыбывае ў вазе на 100 грамаў і больш.

У РКБА шыюць не толькі аксесуары для жывёлы. Тут асвоілі таксама выпуск спецвопраткі — касцюмаў з камбінезонамі, паўкамбінезонамі, штанамі, уцепленых куртак, камізэлек, мужчынскіх і жаночых халатаў з нейлону, плашчовай тканіны.

Калектыў пастаянна ў творчым пошуку па ўкараненні эфектыўных формаў работы, новых паслуг. Напрыклад, тут пачалі вырабляць біг-бэгі. Гэта вялікія мяхі з поліпрапілену для збожжа. Іх заказваюць сельгасарганізацыі. Але яны выкарыстоўваюцца сезонна. Напрыклад падчас уборкі ўраджаю. У мінулым годзе ў камбінаце купілі новую швейную машыну для выпуску гэтай тары. І цяпер шукаюць пастаянных спажыўцоў, з якімі можна працаваць круглы год. А біг-бэгі апошнім часам карыстаюцца попытам у многіх прадпрыемстваў. У прыватнасці, у іх можна ўпакоўваць пелеты, торфабрыкеты, харчовыя тавары. Пытанні паставак прадукцыі на некаторыя фірмы ў стадыі прапрацоўкі.

Канешне, цяжка канкурыраваць у сферы бытавых паслуг з прыватнымі фірмамі, асабліва з буйнымі. Таму бытавікам даводзіцца спяшацца за ўсім новым, працаваць на апярэджанне, каб захаваць кліентаў і максімальна прыцягнуць новых. У РКБА працуе пральня, аснашчаная неабходнай тэхнікай, якая аказвае паслугі па мыцці бялізны насельніцтву, арганізацыям.

— Нашы кліенты — Клецкі фізкультурна-аздараўленчы цэнтр з басейнам, сельскагаспадарчы ліцэй, цэнтр па забеспячэнні бюджэтных арганізацый. Мы ўдзельнічаем у закупках на электроннай гандлёвай пляцоўцы. Спажыўцы ўмеюць лічыць кожную капейку і стараюцца эканоміць. Таму цана паслугі, якая прапаноўваецца, павінна адпавядаць якасці. Мы заключылі дагаворы на мыццё бялізны з Баранавіцкім, Нясвіжскім каледжамі, некаторымі мінскімі школамі. Імкнёмся павялічваць аб'ёмы, каб цалкам загрузіць пральню. Акрамя таго, у нас ёсць цырульня, дзе працуюць чатыры сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, у якіх пастаянная кліенцкая база. І хоць у Клецку шмат прыватных цырульняў, людзі ідуць да нас. І гэты аб'ект у нас працуе з прыбыткам, хоць і невялікім. Майстры выязджаюць па заяўках і ў сельскую мясцовасць — кагосьці падстрыгчы, некаму зрабіць укладку, іншаму — прычоску, — кажа дырэктар.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Гунька для цялят

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Адказ на гэтыя і іншыя пытанні ведае наша гераіня.

Грамадства

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Якой сёння павінна быць маладзёжная газета? Пра што і як размаўляць з моладдзю?

Грамадства

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

15 новых спецыяльнасцяў, у тым ліку чатыры абсалютна новыя, па якіх падрыхтоўка раней нідзе не вялася, адкрыюцца сёлета ў беларускіх ВНУ.