Вы тут

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі


Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава. Ён ураджэнец гэтага населенага пункта, таму і бізнес ствараў на малой радзіме. Фермерства, дарэчы, не адзіны кірунак яго дзейнасці. Прадпрымальнік яшчэ і дамы будуе, і мэблю робіць, і рыбу вырошчвае. Сам справай займаецца і аднавяскоўцам работу дае. І вельмі абураецца, калі нехта называе яго камерсантам. «Не трэба нас блытаць з перакупшчыкамі, — кажа ён. — Я — вытворца, ствараю карысны прадукт, які карыстаецца попытам. І ў гэтым прынцыповая розніца».


Грошы рабіў на... станку

Ву­лі­ца, якая з'я­ві­ла­ся ў Сі­да­ра­ві­чах дзя­ку­ю­чы Сяр­гею Ку­ца­на­ву.

У ліхія 90-я, калі ў звычайны лад жыцця савецкіх грамадзян увайшлі словы «рынак», «камерцыя», было ўсякае. Але ў адрозненне ад некаторых сваіх сяброў, якія пачалі ездзіць па тавары за мяжу і рабіць грошы за кошт «купі-прадай», Сяргей набыў сабе былы ва ўжыванні станок, запрасіў некалькіх работнікаў і запусціў дрэваапрацоўчую вытворчасць. Вопыт работы з дрэвам быў — пасля арміі ўжо паспеў папрацаваць на «шабашках» і нават паспрабаваць сябе ў якасці брыгадзіра. А яшчэ было добрае веданне рынку — у той жа Расіі ў пачатку нулявых на ўра ішлі міжпакаёвыя дзверы з натуральнага дрэва. Першы так званы «цэх» па іх вытворчасці ён будаваў разам з таварышамі на ўчастку сваіх бацькоў. Тыя, хоць і не вельмі ахвотна, але пагадзіліся выдзеліць кавалак зямлі каля свайго дома. Бо бачылі, што сын стараецца. Усё, што стваралася на станку Сяргея Куцанава, ішло на экспарт.

— Заробленыя грошы ўкладваліся выключна ў развіццё, — згадвае ён той перыяд. — Паступова павялічвалася вытворчая база, станочны парк, нарошчваліся аб'ёмы і рос прыбытак. Для таго каб стаць на ногі, спатрэбілася некалькі гадоў. Я добра памятаю, якія шалёныя грошы зараблялі на перапродажы замежных тавараў мае знаёмыя. Яны і мяне клікалі гандляваць тапачкамі. А я ўсё ніяк не мог сцяміць: чаму тое, што заўсёды называлася спекуляцыяй, раптоўна пачалі лічыць бізнесам? Людзі нічога не ўкладалі ў справу, проста багацелі за кошт перапродажу. У мяне бацька — ветэран вайны, камандзір партызанскага атрада. Маці ўсё жыццё працавала ў школе. Я быў выхаваны на тым, што трэба сваёй справай прыносіць карысць. І гэта было прынцыпова. Працаваў на сумленне. Для таго каб не купляць гатовыя дошкі, патрэбна была піларама. Назбіраў грошай і пабудаваў яе. У месяц яна дазваляла пілаваць тысячу кубоў драўніны. І каб загрузіць станкі, трэба было вазіць лес. Прыйшлося купляць лесавозы, арганізоўваць брыгады, якія займаліся нарыхтоўкай. Так мой бізнес вырас да 120 чалавек. Быў і такі перыяд у маёй справе. Зараз абмяжоўваюся 12 работнікамі, якія сумяшчаюць некалькі прафесій.

Сам сабе інвестар

Калі будзеце ў Сідаравічах, абавязкова наведайце вуліцу Рачную, што працягнулася ўздоўж маленькай рачулкі з прыгожай назвай Лазняўка. Сімпатычныя катэджы, якія вы там убачыце, пабудаваныя менавіта Сяргеем Куцанавым і яго аднадумцамі.

— Гэта зараз я селянін, а да 2014 года быў гараджанінам, — усміхаецца Сяргей. — Калі наступіў чарговы крызіс, мы з жонкай вырашылі пабудаваць на маёй малой радзіме дачу. На той час мы ўжо займаліся вытворчасцю драўляных зрубаў. Яшчэ некалькі маіх знаёмых захацелі скласці кампанію. І я стаў распрацоўваць генеральны план. Усе рабіў выключна сам. Адзіная мая ўмовы была, каб усе дамы мелі аднолькавы выгляд. Я ўжо наглядзеўся розных катэджных пасёлкаў і добра ведаў, якая бязглуздзіца можа там сустракацца. Кошт квадратнага метра такога жылля на той момант складаў ад 350 да 500 долараў. Для параўнання: у гарадской кватэры ён каштаваў 1000—1500 долараў. Мы ж рабілі ўсё «пад ключ». Калі пачалі шукаць праектантаў, зразумелі, што спецыялістаў, якія маюць справу з дрэвам, у Магілёве няма. Праект нам распрацоўваў віцяблянін, малады чалавек, які па першай адукацыі быў мастак, а па другой — архітэктар.

Зру­бы Сяр­гея Ку­ца­на­ва ка­рыс­та­юц­ца по­пы­там і ў Бе­ла­ру­сі, і ў Ра­сіі.

Дамы будаваліся з усімі выгодамі і камунікацыямі. На першым паверсе лазня, вялікі спальны пакой, прасторная кухня, сумешчаная з гасцінай і з выхадам на тэрасу. Дамы каштавалі на той момант 70—80 тысяч долараў. Улічваючы іх памеры — 180 квадратаў, цана не такая і высокая. Усяго іх было пабудавана шэсць — пяць чалавек пераехалі туды жыць з Магілёва, а адзін нават з Масквы.

— Дзесьці нам перашкодзіў каранавірус, — прызнаецца Сяргей. — Я прасоўваю свае дамы праз сацсеткі і бачу, што попыт на іх расце. Два гады таму моладзь купляла іх пад крэдыты. Калі б на вёсцы было дзе працаваць, знайшліся б ахвотныя пераехаць. Нават такая мікраарганізацыя з 15 чалавек, як мая, — вялікая справа. З улікам іх сем'яў гэта ўжо нямала. Такіх бы пяць арганізацый — і 200 чалавек забяспечаныя даходамі. Каб маленькі населены пункт існаваў паўнавартасна, у ім павінна жыць чалавек 500—1000 як мінімум. Тады будзе і школа, і ФАП, і ўсё астатняе.

Будучае за вытворцамі

Менавіта на іх робіць стаўку дзяржава. Сяргей Куцанаў падтрымлівае гэта рашэнне, бо па сабе ведае, што гэта такое.

— У мяне тут усё на паверхні, прыязджай і чытай. Усё ўкладзена сюды, — кажа ён, дэманструючы сваю дрэваапрацоўчую гаспадарку. — Магчыма, звонку яна і несамавітая, але ўнутры напхана абсталяваннем, якое дае магчымасць ствараць годную прадукцыю еўрапейскай якасці. Робім зрубы па нарвежскай і канадскай тэхналогіі, кухонную мэблю, аконныя блокі, міжпакаёвыя і ўваходныя дзверы. Апошнія, дарэчы, па сваёй трываласці нічым не саступаюць стальным. І гэта пры тым, што зроблены з натуральнага дрэва. Экалагічна чысты прадукт.

За больш чым 20 гадоў работы на сябе Куцанаў зразумеў, што бізнес павінен быць гнуткі. Грошы трэба ўкладаць у розныя галіны, тады больш шанцаў не пачынаць усё з нуля.

— Самае галоўнае, каб былі зразумелыя правілы гульні, — разважае ён. — Сказалі, што прыватнікам лесу не дадуць, усё пойдзе дзяржструктурам, і гэта нармальна. Я знайду свой шлях. У мяне яшчэ ў запасе некалькі кірункаў — рыбгас, ягады. Навошта я гэта раблю? Таму што ведаю: рана або позна работа з сыравінай становіцца прэрагатывай дзяржавы, і нам яе можа не хапіць. Трэба падшукваць нешта такое, каб самому ствараць сыравіну і перапрацоўваць яе ў канчатковы прадукт.

Вырошчваннем рыбы прадпрымальнік займаецца з 2009 года. У яго распараджэнні 10 азёраў — 150 гектараў воднай гладзі. Рыбаводства — справа тонкая. Пакуль вырасце таварная рыба з лічынкі, патрэбна тры гады. Сяргей такім чынам вырошчвае карпа і шчупака. Свежы тавар цалкам рэалізуецца «з колаў» у Магілёве. Больш цеплалюбівыя амур і таўсталобік завозяцца з Брэсцкай вобласці.

Па­дзя­кі за якасць і іна­ва­цый­ны па­ды­ход.

А летась прадпрымальнік вырашыў паспрабаваць зусім новую для сябе справу — вырошчванне дурніц.

— На гэтую ідэю мяне натхніў песімізм, — усміхаецца ён. — 10 гектараў зямлі для фермерскай гаспадаркі — гэта ні пра што, займацца клубніцамі або гароднінай — не маё. А да дурніц я ўжо гады 2-3 прыглядаюся. Яны вельмі цяжка прыжываюцца, але я заўсёды лезу туды, дзе складана канкурэнтам. Для дурніц патрэбна спецыяльная кіслотнасць глебы, а гэта павінен быць спецыяльны торф. У нас у Беларусі дурніц хапае, але, як паказвае аналіз, у свеце гэтай ягады вырошчваецца толькі 10 % ад патрэб. Расія, напрыклад, з вялікім задавальненнем яе набывае. Ягада вельмі карысная, шмат дзе прымяняецца.

Няхай горш, але ж сваё

Сяргей Куцанаў не толькі вытворца, ён яшчэ і народны выбраннік. І нават прадстаўляў свой раён на Усебеларускім народным сходзе. Ён за тое, каб развіваць невялікія населеныя пункты і ствараць там умовы для жыцця. А яшчэ перакананы ў тым, што наша будучыня залежыць толькі ад нас саміх, і яе трэба ствараць сваімі рукамі, не спадзеючыся на дапамогу звонку.

— Што такое гаспадар? — разважае ён. — Вось мы жылі ў СССР, нешта там было дрэнна, нешта добра. Калі ўпершыню пабываў у Польшчы, зайздросціў, якія ў іх прыгожыя машыны, як добра яны жывуць. Але ніколі не ўнікаў у рэаліі, колькі каштуе іх жыццё. Ведаў, што яны зарабляюць па 2-3 тысячы еўра, затое расходную частку не ўяўляў.
Гэта я потым зразумеў, што ўсё прыгожае належыць манапалісту, а не сярэдняму бізнесу. Чалавеку, у якога мільярды, нічога не перашкаджае ўсё скупіць і стаць манапалістам. Таму я прыхільнік таго, што няхай горш, але ж сваё. Трактары, якія былі ў нас 30 гадоў таму і зараз, не параўнаць. Яны не адрозніваюцца ад імпартных аналагаў. Засталося крыху рухавік дарабіць — і будзе ўсё, як трэба. Для гэтага і неабходна канкурыраваць, развівацца. Ну, запусці ў краіну замежніка — яму нашы вытворчасці і дарам не патрэбныя. Яму патрэбны нашы землі і рабочая сіла. Таму я, як гаспадар, за тое, каб захоўваць усё і мець больш свайго. Калі ў мяне ёсць трактарок, няхай ён «не фантан», але я ім чышчу вуліцы. Я ніколі не чакаю каманды зверху. Завеяла снегам дарогі — я выклікаў людзей, і мы іх «прабілі». Не чакаем ЖКГ, таму што не ўсё там так добра. Я ж як дэпутат райсавета павінен клапаціцца пра народ. І яшчэ скажу як дэлегат сходу. Заходнія прапагандысты спрабавалі прызнаць нас нелегітымнымі, але яны моцна памыляюцца. Народ ужо выбраў нас дэпутатамі, ён нам давярае, і мы прадстаўлялі на сходзе менавіта яго інтарэсы.

Нэлі ЗІГУЛЯ, Магілёўскі раён

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм

У Маскве адбылася сустрэча і перагаворы кіраўніка нашай краіны з яго калегам Уладзімірам Пуціным.

Эканоміка

За якія парушэнні могуць прыпыніць работу магазінаў?

За якія парушэнні могуць прыпыніць работу магазінаў?

МАРГ час ад часу прыпыняе работу магазінаў.

Грамадства

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

З авітамінозам у нас прынята змагацца па-старому...

Грамадства

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

На Гомельшчыне актыўна рэалізоўваюцца праекты па развіцці тэрыторый, пацярпелых у выніку катастрофы на ЧАЭС.