Вось ужо сапраўды: пачала павялічвацца працягласць дня — чакай вясновага надвор'я. І гэта нічога, што ў пачатку тыдня было кароткачасовае пахаладанне, было і прайшло...
А гэтымі днямі інтэнсіўна растае снег. За суткі ў многіх раёнах яго вышыня паменшылася на 2—6 сантыметраў. Паводле апошніх звестак, вышыня снегавога покрыва ў асноўным складае 1—29 см, у сталіцы — 23 см, на ўсходзе Магілёўскай вобласці яшчэ маюцца гурбы вышынёй 34—47 см. Гэта нічога, пару дзён зімы засталося, да таго ж цёплых, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Сёння захаваецца адліжнае надвор'е, але адчуванне цяпла будзе прыглушаць заходні, паўднёва-заходні парывісты вецер. Максімальная тэмпература паветра будзе складаць 6—12 цяпла, у паўднёва-заходніх раёнах — да плюс 14 градусаў.
У выхадныя надвор'е нам сапсуе Балтыка. Так, у суботу і нядзелю на тэрыторыю нашай краіны «нагоніць» зусім няўстойлівую і халаднаватую паветраную масу, якая паступае з боку Балтыйскага мора. Будзе воблачна з праясненнямі. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаюцца слабыя туман і галалёд, на дарогах месцамі галалёдзіца. Вецер прагназуецца заходні, паўночна-заходні парывісты, у асобных раёнах моцны парывісты, а ў нядзелю вецер аслабее. У суботу тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 1 да плюс 4 градусаў, удзень — ад плюс 1 градуса па паўночным усходзе да 8 цяпла па паўднёвым захадзе краіны. У нядзелю ўначы будзе ад мінус 4 градусаў да 1 цяпла, удзень — ад нуля да 7 з плюсам.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у першых чыслах сакавіка цыклоны з актыўнымі франтальнымі часткамі будуць перамяшчацца далёка ад нашых граніц, таму ападкі чакаюцца толькі месцамі. Заходнія і паўночна-заходнія вятры працягнуць «пастаўляць» цёплае акіянічнае паветра, і ў многіх раёнах чакаецца перавага адліжнага надвор'я. У ранішнія гадзіны пры слаба адмоўных тэмпературах асобныя ўчасткі дарог усё ж будуць слізкія. Ранняя вясна, аднак...
Сяргей КУРКАЧ
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!