Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Едзем у Токіа біцца!


У штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта прайшоў Алімпійскі сход НАК Беларусі з удзелам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Падчас сходу быў заслуханы даклад міністра спорту і турызму аб падрыхтоўцы да Алімпійскіх гульняў у Токіа, вырашаны пытанні рэгламенту работы Алімпійскага сходу, абраны Прэзідэнта і віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, члены выканкама і разгледжаны іншыя актуальныя пытанні спартыўных дасягненняў нашай краіны.


«На здрадзе Радзіме шчасця не пабудуеш»

Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы пасяджэнне, адзначыў: «Настаў час зноў абмеркаваць праблемы развіцця спорту і алімпійскага руху, абнавіць склад і кіраўніцтва НАК».

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусь перажывае няпросты перыяд: «Наша краіна, людзі падвяргаюцца найжорсткаму ціску па ўсіх напрамках… На разгойдванне грамадства вядомыя спонсары не шкадуюць грошай. У гэтую варонку зацягнула, на жаль, і некаторых спартсменаў, у асноўным былых. Тых, каго так клапатліва гадавалі нашы трэнеры ў спартыўных школах. Тых, каму былі створаны ўсе ўмовы для сумяшчэння вучобы і трэніровак у вучылішчах алімпійскага рэзерву і ўніверсітэтах. Тых, каму дзяржава дала магчымасць займацца спортам прафесійна, не адцягваючыся на бытавыя пытанні. Нашы найлепшыя ўрачы бясплатна лячылі іх ад траўмаў. І нават пры дыскваліфікацыі мы іх не кідалі. А цяпер яны стаяць у прыёмных міжнародных арганізацый, выпрошваючы санкцыі супраць нашага алімпійскага руху. Менавіта з іх падачы Беларусь страціла чэмпіянаты свету па хакеі і сучасным пяцібор'і. А яны атрымалі свае 30 срэбранікаў».

Па словах Прэзідэнта, беларусы ўсё перажывуць. «Не думаю, што мы тут нешта катастрафічна страцілі. Скажу адно: на здрадзе Радзімы шчасця не пабудуеш. Ну, бог ім суддзя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Аляксандр Лукашэнка: «Для спартсменаў і трэнераў зроблена ўсё магчымае, і нават больш»

Абсалютную большасць спартсменаў Прэзідэнт назваў на нарадзе ў НАК сапраўднымі патрыётамі, якімі можна ганарыцца і якія аддаюць свой талент, сілы і энергію для перамог у імя нашай Айчыны.

Па словах кіраўніка краіны, у НАК сёння сабралася эліта беларускага спорту — прадстаўлены ўсе спартыўныя грамадскія арганізацыі краіны, прысутнічаюць трэнеры, спартсмены, дырэктары рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі, намеснікі губернатараў, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, якія аказваюць практычную дапамогу розным відам спорту.

«Менавіта вашымі намаганнямі ствараецца спартыўная слава Беларусі. Вам прымаць рашэнні аб далейшым развіцці алімпійскага руху ў краіне, вызначаць прыярытэты ў працы, даваць ацэнку зробленаму. Менавіта з вас будуць браць прыклад новыя пакаленні беларускіх спартсменаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што сёння на нарадзе заслухаюць даклад міністра спорту аб падрыхтоўцы да Алімпійскіх гульняў у Токіа. Прэзідэнт пацікавіўся: «Якія высновы зробленыя пасля Рыа-дэ-Жанейра? Якія прыняты меры па ліквідацыі недахопаў у падрыхтоўцы спартсменаў? Чаканняў і абяцанняў, як заўсёды, шмат…»

Паводле яго слоў,  гульнявыя камандныя віды спорту (за выключэннем баскетбола 3×3) правалілі алімпійскі адбор да Токіа. Адбор яшчэ не скончаны, але пакуль няма ліцэнзій у боксе, дзюдо, каратэ, таэквандо, фехтаванні. Чакаюць большага ад барцоў, лёгкаатлетаў, стралкоў.

«У апошнія гады мы значна ўмацавалі матэрыяльна-тэхнічную базу фізічнай культуры і спорту. Нагадаю, што ў перыяд пандэміі каранавіруса, нягледзячы на паўсюдны лакдаўн, мы праводзілі спаборніцтвы, не спынілі нацыянальныя чэмпіянаты. У нашых спартыўных цэнтрах былі створаны ўнікальныя магчымасці для трэніровак у параўнанні з усімі краінамі свету», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У адсутнасць афіцыйных стартаў па просьбе спартыўнай супольнасці, нагадаў Прэзідэнт, ён працягнуў на год выплату імянных прэзідэнцкіх стыпендый кандыдатам на ўдзел у Алімпіядзе і іх трэнерам.

«Для спартсменаў і трэнераў зроблена ўсё магчымае, і нават больш у гэтых няпростых умовах. Таму першачарговая задача на бліжэйшыя месяцы — сфармаваць баяздольны спартыўны „дэсант“ у Токіа. Апраўданні не прымаюцца, і быць увогуле іх не можа. Нам, сапраўды, патрэбны баяздольны „дэсант“ у Токіа. Мы туды паедзем змагацца, нам будзе няпроста. Як і Расію, нас будуць плюшчыць з усіх бакоў. І мы павінны вытрымаць», — заявіў Прэзідэнт.

На яго думку, сапраўдныя чэмпіёны — гэта тыя, хто здольны паказаць высокі вынік у любых умовах, пераадольваючы неспрыяльныя абставіны, бязлітасны супраціў канкурэнтаў, інтрыгі зайздроснікаў і тыя, хто дамагаецца гучных перамог дзеля сваёй краіны, дзеля родных і блізкіх, дзеля трэнераў і калегаў па камандзе.

«Вы ведаеце, што Алімпійскія гульні будуць праходзіць ва ўмовах беспрэцэдэнтных антыковідных мер і абмежаванняў. І пад гэта, паверце, загоняць усё. Калі трэба, знімуць каго заўгодна, але не амерыканцаў, верагодна, і не Еўрасаюз», — мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

Таму ён сцвярджае, што трэба быць гатовымі да вырашэння звязаных з гэтым пытанняў акліматызацыі спартсменаў, дастаўкі дэлегацыі і грузаў у Алімпійскую вёску, арганізацыі трэніровак, побыту, медыцынскага абслугоўвання.

Прэзідэнт сказаў, што ён даўно ўзгадніў графікі, месцы пражывання спартсменаў на Далёкім Усходзе Расіі. Садзейнічанне спартсменам Беларусі ў гэтым аказаў губернатар Прыморскага краю Алег Кажамяка.

«Калі ласка, выязджайце ў любы час, трэніруйцеся, акліматызуйцеся, а там 150–200 кіламетраў да Японіі. І вы практычна будзеце жыць у тых жа ўмовах», — адзначыў кіраўнік краіны.

Па яго словах, для годнага выступлення нашых спартсменаў створана шмат і будзе створана яшчэ больш.

«Што яшчэ неабходна зрабіць у бліжэйшы час, каб за наша выступленне ў Токіа не было сорамна перад народам? Давайце сёння па сутнасці і шчыра пагаворым, што неабходна яшчэ зрабіць, але тактыка, стратэгія даўно вядомыя», — расставіў акцэнты размовы Прэзідэнт.


Віктар Лукашэнка абраны Прэзідэнтам НАК Беларусі

Членамі выканаўначага камітэту Нацыянальнага алімпійскага камітэту былі прапанаваны дзве кандыдатуры на пасаду Прэзідэнта НАК — Аляксандра Лукашэнка і Віктара Лукашэнка.

«Я не планаваў пераабірацца на пасаду кіраўніка НАК у чарговы раз. Аддаю вам свайго старэйшага сына. Абяцаю, што адносіны да спартсменаў і трэнераў будуць самымі ўважлівымі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Дзмітрый Даўгалёнак абраны віцэ-прэзідэнтам НАК Беларусі.

«Я з васьмі гадоў у спорце, у 20 гадоў выйграў Алімпійскія гульні. Я ўсё жыццё ў спорце і я змагу многае для яго зрабіць», — адзначыў Дзмітрый Аляксандравіч.


Абноўлены састаў выканаўчага камітэта НАК Беларусі

Члены НАК прадставілі свае прапановы па кандыдатурах у члены выканаўчага камітэта. Алімпійскі сход абраў новы склад выканаўчага камітэту НАК Беларусі.

У новы склад выканкама НАК увайшлі алімпійскі чэмпіён Андрэй Барбашынскі, старшыня Беларускай федэрацыя хакея Дзмітрый Баскаў, старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Багдановіч, намеснік старшыні федэрацыі лёгкай атлетыцы Аляксандр Бут-Гусаім, старэйшы трэнер нацыянальнай каманды па біятлоне Алена Зубрылава, дырэктар РНПЦ спорту Ірына Малёваная, дырэктар НАДА Дзяніс Мужжухін, старшыня беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту Наталля Цылінская, старэйшы трэнер нацыянальнай каманды па мастацкай гімнастыцы Любоў Чаркашына.

Старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання «Ветэраны фізічнай культуры і спорту», чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў Антаніна Кошаль была абрана ганаровым членам НАК Беларусі.


Міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук расказаў, як праходзіць падрыхтоўка беларускіх спартсменаў да Алімпійскіх гульняў да Токіа. Нязменна галоўнай задачай усей спартыўнай сферы застаецца фарміраванне моцнай каманды на Алімпійскія гульні.

«На заключным этапе падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў у Токіа вядуць каля 260 беларускіх спартсменаў па 26 відах спорту. На сёння кваліфікацыйныя патрабаванні і нарматыў для ўдзелу ў Гульнях 2021 года выканалі 74 беларускія атлеты ў 16 відах спорту. Да сканчэння адборачнага этапу плануем заваяваць 110–120 ліцэнзій. Вялікія надзеі ўскладаем на веславанне на байдарках і каноэ, віды барацьбы, цяжкую атлетыку, мастацкую гімнастыку, скачкі на батуце, сучаснае пяцібор’е, тэніс. Разлічваем на беларускіх плыўцоў і лёгкаатлетаў, якія хутка прагрэсіруюць. Медальныя перспектывы маюць як знакамітыя беларускія атлеты, так і цэлая плеяда маладых атлетаў. Варта адзначыць нізкае прадстаўніцтва ігравых відаў спорту, надзеі на кваліфікацыйны турнір захоўвае толькі жаночая каманда па баскетболе 3×3. Дынаміка выступленняў нашых спартсменаў падчас алімпійскага цыклу дазваляе казаць аб дастатковай эфектыўнасці падрыхтоўкі да галоўных стартаў, улічваючы што ў 2020 годзе выступленне спартсменаў на міжнародных стартах былі абмежаваны па вядомых прычынах. Колькасць заваяваных медалёў зменшылася прапарцыянальна колькасці адмененых спаборніцтваў», — расказаў міністр.

Сяргей Кавальчук вылучыў асобныя дасягненні ў алімпійскіх відах спорту, паказаныя ў 2019–2020 гадах. Весляры на апошнім чэмпіянаце свету заваявалі 14 медалёў, з іх 6 — залатых. Барцы вольнага і грэка-рымскага стылю ў 2020 годзе спаборнічалі на двух буйных турнірах — кубак свету і чэмпіянату Еўропы, заваявалі 18 медалёў, з іх 11 у алімпійскіх катэгорыях. Адзначыліся веласіпедысты, прадстаўнікі мастацкай і спартыўнай гімнастыцы. Плыўцы ў 2020 годзе ўсталявалі 35 нацыянальных, два еўрапейскіх і адзін сусветны рэкорд. Першы сусветны рэкорд у гісторыі беларускага плавання перапісаў Ілья Шымановіч.

Па выніках выступленняў у 2020 годзе былі актуалізаваны саставы нацыянальных каманд і спісы кандыдатаў на ўдзел у гульнях. Нацыянальныя каманды былі ўмацаваны новымі кадрамі. Новыя галоўныя трэнеры назначаны ў веласіпедным спорце, спартыўнай гіманастыцы, плаванні, каратэ.

У лютым 2020 году для стымулявання высокіх спартыўных вынікаў было прынята распараджэнне кіраўніка, якое ўстанаўлівае памеры ўзнагароджання за вынікі Алімпійскіх, Паралімпійскіх і Дэфалімпійскіх гульняў. Дадатковы стымул для спартсменаў — імянныя стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Зараз усе патрабаванні спартыўных каманд у інвентары задаволены, поўнасцю вырашана пытанне фармакалагічнага забеспячэння.

Напярэдадні Алімпійскіх гульняў востра стаіць пытанне барацьбы з допінгам. З гэтай нагоды распрацавана антыдопінгавая праграма, падрыхтаваны спісы прэпаратаў, якія прайшлі лабараторныя даследаванні ў Нацыянальным антыдопінгавым агенцтве. У цэнтрах алімпійскай падрыхтоўкі і федэрацыях па відах спорту прызначаныя адказныя за антыдопінгавую дзейнасць. Улічвачы ўступленне ў сілу новай рэдакцыі сусветнага антыдопінгавага кодэксу, нам трэба будзе ўнесці змены ва Указ аб процідзеянні допінгу ў спорце.

Вялікая ўвага надзяляецца медыцынскаму забяспечанню. У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры спорту створаны каардынацыйны савет, які кантралюе падрыхтоўку спартсменаў да Алімпійскіх гульняў. Варта падкрэсліць, што да кожнага спартсмена індывідуальны падыход.

«Галоўная задача — падвесці ўсіх спартсменаў без траўм і ў выдатнай форме. Усе спартсмены ставяць перад сабой самыя амбіцыйныя задачы», — падкрэсліў міністр спорту і турызму.


«Едзем у Токіа біцца»

Ніякіх апраўданняў правальных выступленняў спартсменаў быць не можа, падкрэсліў Прэзідэнт. Ён напомніў пра паражэнне беларускай нацыянальнай зборнай па хакеі на міжнародным турніры ў Казахстане і недастаткова добрае выступленне беларусаў на чэмпіянаце свету па біятлоне.

«Я не ведаю, чым тут апраўдвацца? Ці паехалі ў Егіпет пагулялі ў гандбол. Я не спецыяліст па гандболе буйны, але не разумею, як можна весці 7–8 мячоў і потым абваліцца ў гэты ж перыяд, прайграць яшчэ болей, — заўважыў ён. — Яшчэ раз падкрэсліваю: едзем у Токіа біцца! І чым больш ціснуць на людзей, тым большы супраціў. Я не кажу пра матэрыялы і пра фізіку. Таму ў гэтых умовах трэба паказваць вынік. Каб ім даказаць, што мы не з месяца зваліліся, а нешта можам».

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што не разумее, чаго не хапае, каб падрыхтавацца па профільным відам спорту.

«Я ж памятаю першыя крокі пасля распаду Савецкага Саюза. Слухайце, ну ўвогуле, можна сказаць, не было, дзе трэніравацца, як тады вы казалі. У нас адзін быў, па-мойму ў Бабруйску плавальны басейн 50-метровы. Зараз, калі ласка, самыя найлепшыя цэнтры: ідзіце, плавайце!» — напомніў ён і дадаў, што гэта тычыцца і барцоў, і велагоншчыкаў.

«Цылінская (Наталля Цылінская, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2004 года — «Зв.») калі каціла на велатрэку, у грудзі біла мяне і сябе: я, казала, зраблю ўсё, вы мне толькі велатрэк пабудуйце. Пабудавалі. Давайце вынік! Вы не думайце, што мы заўтра пачнём капіраваць Мінск у абласцях. Нам гэта не патрэбна для кампактнай краіны. Любы спартсмен можа прыехаць сюды на адзін велатрэк і трэніравацца, — заўважыў ён. — Трэніруйцеся з раніцы да ночы… Патрэбны, Сяргей Міхайлавіч (Кавальчук, міністр спорту і турызму — «Зв.»), вынік… Трэба даваць вынік, людзі нас не разумеюць: у такія цяжкія часы мы ўкачваем такія вялікія грошы, ствараем ідэальныя ўмовы, а выніку няма. Ну я разумею, гэта спорт, але зубамі ўчапіцеся і пакажыце, што вы можаце!»


Старшыня рэвізійнай камісіі НАК Ігар Кацібнікаў далажыў аб фінансавай дзейнасці арганізацыі ў 2019–2020 гадах

Па яго словах, даходы НАК за гэты перыяд склалі больш за 23 мільёны 213 тысяч рублёў. Асноўныя крыніцы даходаў — сродкі спонсараў (16,7 мільёнаў рублёў). Замежная дапамога па праграмах Міжнароднага алімпійскага камітэта, Асацыяцыі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў і іншых міжнародных арганізацый алімпійскага руху — 1,9 мільёна рублёў. Паступленні ад дзейнасці НАК, што прыносіць даходы (здача ў арэнду маёмасці, рэалізацыя нерухомасці, экіпіроўкі), — 520 тысяч рублёў.

Расходы НАК за два гады — 20 мільёнаў 420 тысяч рублёў. «Выкананне расходнага складніка не ў поўным аб’ёме абумоўлена адменай і пераносам шэрагу спартыўных мерапрыемстваў і мерапрыемстваў пад эгідай НАК Беларусі ў сувязі з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі», — сказаў Ігар Кацібнікаў.

На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і на расходы па будаўніцтве, рэканструкцыі спартыўных збудаванняў накіравана 8,7 мільёнаў рублёў. Расходы на падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў і еўрапейскіх юнацкіх фестываляў склалі за 2019–2020 гады 1,6 мільёна рублёў.

«Рэвізійная камісія адзначае рост у 2020 годзе даходаў больш чым у 1,3 раза ў параўнанні з 2019 годам і павелічэнне даходаў ад спонсарскай дапамогі, атрыманай без прымянення арганізацыямі льгот да ставак па падатках на нерухомасць, у 1,7 раза», — прывёў лічбы старшыня камісіі.

Ён дадаў, што асноўная прычына адхілення ад плану ў 2020 годзе даходнай часткі — выкананне не ў поўным аб’ёме абавязкаў спонсараў.

«Абсалютна выключана», — такі адказ Ігар Кацібнікаў даў у канцы даклад на пытанне Прэзідэнта, ці існуе ў НАК раскраданне, карупцыя і нямэтавае выкарыстанне сродкаў.

«Гэта добра, на жаль, у нас у спорце хапае гэтых рэчаў. Яшчэ не хапала, каб такое ў нас у НАК было», — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка.


Час зрабіць стаўку на беларускі характар

Напрыканцы сходу старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Цяцэрын пажадаў беларускім спартсменам поспеху і прапанаваў аб’яднацца для дасягнення пастаўленых задач.

«Напэўна, як раз той перыяд, калі нам трэба ўсім аб’яднацца і паспрабаваць на гэтай Алімпіядзе паказаць значна болей вось гэтага нашага сумеснага жадання перамагчы, ну і кожны няхай укладзецца ў свой від спорту», — сказаў ён.

Сяргей Цяцэрын пагадзіўся з крытыкай беларускіх трэнераў: «З’явілася разуменне дастатковасці ў працы трэнераў. У Еўропе такіх людзей называюць „тысячнікі“ — тысячу зарабіў, яму больш не трэба грошай… Трэба сёння паглядзець на тых трэнераў, якія не дзеля грошай, а дзеля краіны, дзеля сцяга, гімна (працуюць — «Зв.»), як было раней. Вось тут мы глядзім вакол нас — усе алімпійскія чэмпіёны тых часоў. Я рэальна са многімі таксама рос і ведаю: перамагалі, бо хапала духу. Хапала, напэўна, беларускага характару, які трэба пашукаць унутры, асабліва сёння».


«Мы павінны паказаць, што мы нацыя»

На сходзе Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандра Лукашэнкі прапанавалі вылучыць на пасаду ганаровага прэзідэнта НАК. З такой ініцыятывай у самым канцы сходу выступіў старшыня Беларускага альянсу танцавальнага спорту Антон Юспа.

Кіраўнік дзяржавы адхіліў гэтую ініцыятыву.  «Не трэба гэтага рабіць зараз, бо мы зноў трапім пад крытыку, ведаеце чаму? А вось…сышоў і застаўся. Не трэба. Гэта зроблена на будучае. Калі я ўвогуле сыйду з пасады Прэзідэнта краіны, магчыма, вы вернецеся да гэтага пытання і абярэце мяне нейкім ганаровым прэзідэнтам», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, незалежна ад гэтага ён працягне працаваць з НАК і спартсменамі. Прэзідэнт працягнуў думку Сяргея Цяцерына, што зараз асаблівы час для нашага народа. «Мы павінны паказаць, што мы нацыя. Вы павінны падзякаваць свайму народу за тое, што ён зрабіў для спартсменаў, каб яны маглі змагацца і выступаць. Магчыма, вы медаль не атрымаеце, але вы ж спартсмены ведаеце, калі чалавек нават не атрымаў медаля, бачна, як ён зубамі чапляўся, змагаўся, біўся за яе», — дадаў кіраўнік краіны.

Ён параіў спартсменам, трэнерам быць патрыётамі і не бегаць па замежжы, просячы грошы. Па словах кіраўніка краіны, зараз ідзе барацьба сярод «беглых» спартсменаў за грошы.

«А наступнае пакаленне — вам жа жыць у гэтай краіне, навошта вы ганьбіцеся. Заваяваўшы медалі, дзякуючы гэтаму народу, гэтай краіне, бегаць і патрабаваць санкцыі ўвесці?! Перанясём мы гэты боль з чэмпіянатам па хакеі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуўся да прысутных з просьбай аб’яднацца і паказаць, што «мы маем права людзьмі звацца».

«Калы вы з медалямі вернецеся, я ўжо казаў мінуламу пакаленню: нагой дзверы акрывайце, заходзячы да Прэзідэнта, будзем размаўляць. Толькі будзьце людзьмі», — рэзюмаваў Прэзідэнт краіны.


Да Алімпійскіх гульняў рыхтуецца 260 беларускіх спартсменаў

На заключным этапе падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў у Токіа вядуць каля 260 беларускіх спартсменаў па 26 відах спорту. На сёння кваліфікацыйныя патрабаванні і нарматыў для ўдзелу ў Гульнях 2021 года выканалі 74 беларускіх атлеты ў 16 відах спорту.

З 1 снежня 2020 г. працягваецца выкананне кваліфікацыйных нарматываў у лёгкай атлетыцы і плаванні. Пачынаючы з сакавіка пройдуць адборачныя спаборніцтвы па баскетболе 3×3, боксе, вольнай і грэка-рымскай барацьбе, веласіпедным спорце, гімнастыцы спартыўнай, веславанні акадэмічным, веславанні на байдарках і каноэ, дзюдо, каратэ, настольным тэнісе, скачках на батуце, сінхронным плаванні, сучасным пяцібор'і, стральбе з лука, стральбе кулявой, таэквандо, цяжкай атлетыцы, фехтаванні.

Падрыхтоўка беларускіх спартсменаў да Алімпійскіх гульняў і выкананне кваліфікацыйных нарматываў стала адной з вядучых тэм Алімпійскага сходу.


Псіхалогія, дзіцячы спорт і трэнерская работа. Што абмяркоўвалі ўдзельнікі Алімпійскага сходу

Удзельнікі алімпійскага сходу, члены Нацыянальнага алімпійскага камітэту абмеркавалі важныя пытанні развіцця беларускага спорту.

Старшыня Беларускай федэрацыі тэнісу Сяргей Цяцерын адзначыў, што беларускія спартсмены заўжды выйгравалі дзякуючы сіле духу, і пажадаў маладым спартсменам не страчваць баявы настрой і не падаць духам у самых розных умовах. Пагадзіўся з ім і старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, алімпійскі чэмпіён Аляксандр Багдановіч. Ён падкрэсліў, што спартсменам неабходна абстрагавацца ад сітуацыі навокал і быць сканцэнтраванымі на сваіх выступленнях. «У спорце мы павінны знайсці патрыётаў, якія будуць біцца за сваю краіну, за свой сцяг, не шкадуючы жыцця. Тады ў нас будзе вынік», — адзначыў Аляксандр Багдановіч.

«У спорце патрэбна змагацца праз „не магу“. У спартсмена павінен быць характар, жаданне і мэта. У спорце можна абыграць гранда, а можна прайграць слабым сапернікам, як наша гандбольная зборная на мінулым чэмпіянаце свету. У нас добрая каманда, у нас добрыя дзеці растуць. Іх патрэбна аб'ядноўваць, павінен быць добры чэмпіянат, каб яны маглі набірацца вопыту і гульнявой практыкі. У гандболе адчуваецца недахоп трэнераў. У нас ёсць усе ўмовы, каб выхоўваць спартсменаў, трэба толькі працаваць у гэтым напрамку», — падзяліўся меркаваннем алімпійскі чэмпіён Андрэй Барбашынскі.

Галоўны трэнер нацыянальнай каманды па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская расказала, як да Алімпійскіх гульняў рыхтуюцца беларускія гімнасткі. «Пакаленне ў нас добрае, і ўмовы ў нас выдатныя. Дзяўчаты вельмі мужныя, і галоўнае, каб ім пашанцавала. Мы заваявалі ўсе ліцэнзіі і зараз актыўна рыхтуемся да Алімпійскіх гульняў. Нам важна мець баявы дух, з якім праблем няма, а яшчэ — шанцаванне і здароўе».

Старшыня Беларускай федэрацыі хакея Дзмітрый Баскаў закрануў тэму развіцця дзіцяча-юнацкага спорту. Па яго словах, на гэтым этапе варта звярнуць увагу на вопыт спаборніцтваў, асабліва міжнародных. 

«Хацелася б, каб у нас было больш трэнераў-фанатаў. Большасць, прыходзячы на працу, не аддаюцца ёй поўнасцю, адсюль і страты сярод маладога і сярэдняга пакалення спартсменаў», — падзялілася меркаваннем Вольга Уласава, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па скачках на батуце.

Валерыя СЦЯЦКО

Марыя ДАДАЛКА

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.