Вы тут

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам


...Алена ляжала ў бальніцы ўжо некалькі дзён, калі да іх у палату падсялілі пажылую жанчыну. Яе прывезла на лячэнне сацыяльны работнік і потым ні разу не патэлефанавала, не даведалася, як справы ў падапечнай.

Алена і раней час ад часу чытала паведамленні аб нядобрасумленных сацработніках, а гэты выпадак быў доказам іх «нядобрасці». Тады яна і ўявіць не магла, што дапамога пажылым людзям стане яе прызваннем…


Сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена Сцепаненка працуе на сваім месцы каля двух гадоў. За гэты час ёй давялося «пазнаёміцца» з беларусамі як з людзьмі, гатовымі прыйсці на дапамогу, ахвяруючы сваім часам і рэсурсамі. І разам з тым яна сутыкнулася са светам пажылых людзей, з іх адзінотай і безабароннасцю.

Сустрэла мяне сацработнік дома ў сваёй падапечнай Рэгіны Іосіфаўны, якой нядаўна споўніўся 91 год. На жаль, жанчына пасля бальніцы ўжо не можа хадзіць, але, убачыўшы госцю, адразу пачала дзяліцца гісторыямі са свайго жыцця.

— Мне было каля дванаццаці гадоў, калі я стала дапамагаць партызанам, — расказвала бабуля. — У мяне нават быў свой конь! Неяк ён мяне скінуў, раздрабілася калена. З таго часу кульгаю, але гэта не перашкаджала мне ў жыцці танцаваць, пець, вучыцца і працаваць.

Алена Адамаўна ўсміхаецца і садзіцца на край ложка да Рэгіны Іосіфаўны. Па яе выглядзе зразумела: ёй прыемна ад таго, што яе падапечная з такім запалам расказвае пра сваё жыццё. Яна ціхенька папраўляе бабулі коўдру.

— Ведаеце, я сама вывучылася іграць на акардэоне і потым ездзіла па дзіцячых лагерах паказваць сваё майстэрства, — успамінае Рэгіна Іосіфаўна. — Скончыла медуніверсітэт, у Маскоўскай аспірантуры абараніла доктарскую дысертацыю. Працавала ў інстытуце, у Міністэрстве аховы здароўя, у бальніцы... Выйшла замуж, але муж рана памёр, прыйшлося самой выхоўваць сына. Добры чалавек вырас. Вывучыўся, працаваў на «Інтэграле», потым з'ехаў за мяжу, але ж размаўляем па «Скайпе» кожны тыдзень... Зараз мне ўжо і памерці хочацца, але ніяк не атрымліваецца. Пляменніца сышла праз гэты вірус, а я ўсё жыву.

— Не-не,— умешваецца ў размову Алена. — Мы яшчэ ваша стагоддзе адсвяткуем!

Рэгіна Іосіфаўна, падобна, не супраць, яна зноў захацела жыць і расказваць пра газеты, якія чытае, пра любімыя фільмы і тэлеканал «Культура»...

Алена не вучылася ні на медработніка, ні на псіхолага, яна не праходзіла адмысловыя курсы. Але ў яе цудоўна атрымлівалася адцягнуць увагу пажылога чалавека ад цяжкіх думак. Усё жыццё Алена Сцепаненка была прадпрымальнікам. Яна працавала на рынку і мела свае невялікія крамы. Як і многія прадстаўнікі бізнесу, дапамагала шматдзетным, ахвяравала інвалідам і сіротам, але ніколі падумаць не магла, што стане ўдзельнікам жыцця адзінокіх людзей. Калі зразумела, што быць прадпрымальнікам больш не можа, да пенсіі заставалася амаль два з паловай гады, і Алена вырашыла шукаць работу, звязаную з дапамогай людзям. Проста хацелася рабіць нешта патрэбнае. Жанчына добра памятала, як даглядаць пажылых людзей, бо некалі дапамагала бабулі, а потым даглядала маці. У выніку вырашыла пайсці працаваць у ТЦСАН сацыяльным работнікам.

— Калі пазнаёмілася з новымі калегамі, зразумела, што гэта людзі з вялікім сэрцам, — гаворыць Алена Адамаўна. — Заробак за такую цяжкую працу вельмі невялікі — каля 650 рублёў. Таму застаюцца толькі тыя, для каго гэта не проста работа, а лад жыцця. Сёння дзіўлюся таму, які вобраз сацыяльных работнікаў малявала сабе раней. Напэўна, мне неабходна было стаць часткай гэтай суполкі незвычайных людзей, каб на ўласныя вочы ўбачыць, што добрых прыкладаў нашмат больш.

Сёння на комплексным сацыяльным абслугоўванні ў ТЦСАН Маскоўскага раёна знаходзіцца 345 чалавек, з іх 180 — гэта адзінокія пажылыя людзі, якім дапамагаюць 38 сацыяльных работнікаў і 22 сядзелкі. Падчас пандэміі яны падтрымліваюць не толькі сваіх падапечных. Пажылыя людзі з усяго раёна звяртаюцца на «гарачую» лінію цэнтра з просьбамі. Было, у пачатку пандэміі ў дзень паступала па 10 заявак, «валанцёрыла» нават начальства. Але і тады сваіх людзей не хапала, на дапамогу прыходзілі валанцёры Чырвонага Крыжа і БРСМ. (Падчас пандэміі супрацоўнікі цэнтра выканалі 1197 заявак.)

— Пандэмія, асабліва першыя месяцы, была вельмі «гарачым часам», — успамінае Алена Адамаўна. — Прыбіраеш у падапечнай, а табе тэлефануюць, што недалёка ад дома, дзе ты знаходзішся, пажылы чалавек мае патрэбу ў леках... Так вось і бегала па людзях з сумкамі. Увечары проста валілася з ног. Цяпер ужо менш тэлефануюць, прыходзіць па 2-3 заяўкі ў дзень, таму спраўляемся самі, без валанцёраў.

У ТЦСАН можна звярнуцца па паслугі сядзелкі, як і зрабіла Рэгіна Іосіфаўна. Алена — сацыяльны работнік і прыходзіць да жанчыны дапамагць два разы на тыдзень. У яе абавязкі ўваходзіць прыбрацца, прыгатаваць ежу, памыць чалавека, схадзіць па прадукты, лякарствы, па рэцэпты ў паліклініку і нават вывесці пажылога чалавека на прагулку. Алена не знаходзіцца цэлы дзень у бабулі, бо ў яе, акрамя Рэгіны Іосіфаўны, яшчэ 10 падапечных. Але да жанчыны кожны дзень прыходзіць сядзелка з цэнтра. Сёння дапамога сядзелкі каштуе 2,76 рубля за гадзіну і, як прызналася Рэгіна Іосіфаўна, — гэта вельмі добрая цана. Яна раней спрабавала знайсці памочніцу не праз цэнтр, што аказалася вельмі дорага: самая «танная» запрасіла за выхадныя ажно 80 рублёў. Для пажылога чалавека, які жыве на пенсію, такая сума проста непад'ёмная.

— Гэта добра, што пра ТЦСАН і па тэлевізары гавораць, і ў газетах пішуць, і ў паліклініцы нагадваюць, — разважае бабуля. — Нам, пажылым людзям, без гэтай службы не выжыць. Лічу, што ў маім жыцці з'явіўся анёл Алена. Яна ведае, як падняць мне настрой, якую кашу мне прыгатаваць, які ёгурт я люблю і які сыр мне набыць у краме. Яна стала часткай майго жыцця.

Алена ківае ў знак згоды. На кухні жанчына прызнаецца, што яе жыццё і сапраўды цесна пераплялося з жыццём падапечных.

— Прыходжу вось да аднаго ў чацвер... Набыла прадукты, потым разам прыбраліся, паелі... Мужчына быў задаволены і вясёлы. У нядзелю тэлефаную спытаць, што на заўтра купіць, а ён трубку не бярэ. Яшчэ раз набіраю, ужо з трывогай: ён жа, думаю, заўсёды ведаў, калі я буду тэлефанаваць... Высветлілася, памёр у суботу. Ставіў чайнік, каб чаю папіць, упаў ля пліты і памёр. Няма чалавека. Ён шмат мне расказваў пра сваё жыццё: нібыта пражыла з ім яго дзяцінства, маладосць, сталасць... Ведала, што любіць, як складвае рэчы... Рада, што ведала яго, што некаторы час была яму апорай.

Жанчына прызнаецца: яна вельмі занепакоена тым, што яе падапечныя не маюць жадання жыць. Яны звыкаюцца са сваёй адзінотай і ўжо не бачаць сэнсу ў самім жыцці.

— Па кроплях раблю іх дні лягчэйшымі, — дадае Алена. — Кожны мой падапечны, чалавек са сваёй гісторыяй, становіцца для мяне блізкі. За два гады работы я так і не сустрэла ў гэтай сферы раўнадушша. Дакладна ведаю, што застануся працаваць у цэнтры і пасля выхаду на пенсію. Гэта магчымасць рабіць нешта важнае ў жыцці і заставацца патрэбнай.

Жанчына глядзіць на гадзіннік. Пара. Яшчэ трэба зайсці ў паліклініку і ўзяць даведку для Сяргея Данілавіча. Алена Адамаўна спяшаецца да пажылога чалавека, каб зрабіць яго дзень трошкі лепшым.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм

У Маскве адбылася сустрэча і перагаворы кіраўніка нашай краіны з яго калегам Уладзімірам Пуціным.

Эканоміка

За якія парушэнні могуць прыпыніць работу магазінаў?

За якія парушэнні могуць прыпыніць работу магазінаў?

МАРГ час ад часу прыпыняе работу магазінаў.

Грамадства

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

З авітамінозам у нас прынята змагацца па-старому...

Грамадства

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

На Гомельшчыне актыўна рэалізоўваюцца праекты па развіцці тэрыторый, пацярпелых у выніку катастрофы на ЧАЭС.