Вы тут

Купалаўскі тэатр адкрые 101-ы сезон «Паўлінкай»


Прэм'ерны паказ, як абяцаюць, абноўленага спектакля «Паўлінка» чакаецца ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы 3 сакавіка. Гэта стане адкрыццём 101-га тэатральнага сезона, з-за эпідэміі спачатку пастаноўку зможа ўбачыць абмежаваная колькасць гледачоў. Пасля паказы плануюцца яшчэ сем разоў — 6, 7, 14, 21, 25, 27 і 31 сакавіка. Публіцы таксама рыхтуюцца прадставіць спектакль Аляксея Дударава «Вечар». Што ж да рэалій жыцця самога дома тэатральнага мастацтва, то тут разумееш адно — гісторыя працягваецца, а як павернецца яе сюжэт, пакажа час.


«Паўлінка» — пастаноўка, якую лічаць візітнай карткай не толькі Купалаўскага тэатра, а і ўсёй беларускай драматургіі. У гэтым творы спалучыліся яскравыя народныя характары, цікавы сюжэт, дасканалая мова класіка беларускай літаратуры і выдатнае майстэрства выканаўцаў. За гады існавання спектакля ўдзел у ім бралі многія выдатныя артысты краіны, для якіх ён станавіўся і школай прафесійнага майстэрства, і магчымасцю паказаць уласны творчы патэнцыял. Аднак наколькі сёлетняя прэм'ера акажацца ўдалай, улічваючы абнаўленне кадраў, пакуль прагназаваць рана.

— Наш новы акцёрскі састаў і ёсць галоўнае абнаўленне «Паўлінкі». І спектакль, і нашы новыя артысты цудоўныя. Усе гараць жаданнем працаваць. У пастаноўку таксама вярнуўся Генадзь Сцяпанавіч Аўсяннікаў, якому яго ролю перадаваў, можна сказаць, з рук у рукі яшчэ Глеб Глебаў. Наш калега некалькі гадоў не іграў у «Паўлінцы», а цяпер зноў, як і маладыя, ірвецца працаваць, — распавядае мастацкі кіраўнік спектакля Вольга Няфёдава. — З-за таго, што ўсе мы засумавалі па рабоце і ў наш тэатр прыйшлі людзі з вялікімі жаданнем тварыць, гэтая «Паўлінка» будзе яркая, з маладой энергетыкай і драйвам. Я таксама хачу выйсці на сцэну і нарэшце займацца любімай справай, бо такой магчымасці я і мае калегі былі пазбаўлены доўгія месяцы. Проста хочацца атрымліваць задавальненне ад сцэны і зноў адчуць тыя непаўторныя эмоцыі, дзеля якіх мы ўсе ідзём у прафесію.

Сярод акцёраў, якія прадставяць спектакль публіцы, будуць сталыя «купалаўцы» — народны артыст Генадзь Аўсяннікаў у ролі Пранцыся Пустарэвіча, Тамара Міронава ў ролі Агаты, народныя артысткі Марыя Захарэвіч і Зінаіда Зубкова. Малады акцёр Міхаіл Світа ўвасобіць на сцэне пана Быкоўскага, Ала Ельяшэвіч — Адэлю. А ў ролі Сцяпана Крыніцкага публіка ўбачыць артыста Васіля Сушыцкага, які служыў у Маладзёжным тэатры. Ролю Паўлінкі выканае студэнтка ўніверсітэта культуры і мастацтваў Анастасія Варанкова. Як адзначала ў інтэрв'ю Вольга Няфёдава, гэтую дзяўчыну яна заўважыла з самага першага кастынгу. Сама артыстка таксама задзейнічана ў спектаклі яшчэ і ў ролі Альжбеты, у якой гледачы маглі бачыць яе раней. Праслухоўванні па адборы новых кадраў пачаліся восенню мінулага года. Дарэчы, і цяпер тут усё яшчэ прымаюць заяўкі ад ахвотных трапіць у тэатральны калектыў... Так, на сайце ёсць інфармацыя, што конкурсны адбор артыстаў розных узроставых катэгорый пройдзе ў Купалаўскім 24 сакавіка 2021 года. Заяўкі з рэзюмэ, партфоліа і відэа прымаюцца да 23 чысла на пошту іnfo@kupalauskі.by.

Рэжысёрам «Паўлінкі» цяпер з'яўляецца студэнтка Беларускай акадэміі мастацтваў Зінаіда Вядзеніна.

Білеты на спектакль па-ранейшаму можна набываць альбо ў тэатральных касах, альбо анлайн на сайце самога тэатра. Цанавы дыяпазон ад 5 да 25 рублёў.

— На першую палову месяца квіткі на спектакль «Паўлінка» актыўна разбіраюць. Пры продажы мы, вядома, арыентуемся на рэкамендацыі па захаванні мер бяспекі, каб не рызыкаваць здароўем гледачоў. Аднак калі людзей,
жадаючых трапіць на паказы спектакляў, шмат, то мы адпускаем больш білетаў, — растлумачыла начальнік аддзела рэалізацыі Кацярына Старавойтава. — Дадатковых дат паказу не будзе, а толькі тыя дні, якія ўжо вызначылі. Але калі людзі не змогуць з нейкіх прычын трапіць на паказы ў першую палову месяца, то пакуль ёсць магчымасць набыць квіткі на больш познія даты. Плюс калі будзе попыт, дабавім дадатковыя білеты.

У афішы Купалаўскага сталі даступныя квіткі і на спектакль «Вечар», пастаўлены яшчэ рэжысёрам Валерыем Раеўскім у 2007 годзе, паказ якога плануюць 19, 23 і 30 сакавіка. Тут кошты ад 5 да 15 рублёў і дзеля бяспекі гледачоў колькасць месцаў таксама абмежаваная. У пастаноўцы іграе акцёрскі квартэт — Тамара Міронава, Генадзь Аўсяннікаў, Зінаіда Зубкова і Васіль Сушыцкі. Аўдыторыю чакае шчымлівая гісторыя пра сапраўдныя пачуцці і адносіны паміж людзьмі. Як адзначаецца ў анатацыі да пастаноўкі, «гэты спектакль — падзяка за магчымасць жыць, адчуваць дабрыню і цяпло свету... Філасофскі роздум пра тое, як да апошняй хвіліны свайго жыцця заставацца чалавекам».

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Вяртанне «Паўлінкі»

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.