Вы тут

Жыццё і лёс дырыжора Яраслава Вашчака


Сёння мінчукі і госці беларускай сталіцы, ідучы па вуліцы Куйбышава, прыпыняюць крокі каля дома № 10. На ім прымацавана мемарыяльная шыльда, што на гэтым месцы стаяў будынак, дзе 120 гадоў таму неаднаразова спынялася знакамітая ўкраінская пісьменніца Леся Украінка. Аднак мала хто ведае, што якраз у гэтым доме з 1972 да 1989 года жыў і працаваў оперны дырыжор еўрапейскага ўзроўню, народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Яраслаў Антонавіч Вашчак. Мемарыяльнай шыльды, якая сведчыла б пра гэта, на доме яшчэ няма.


Яраслаў Вашчак, стагоддзе якога адзначаецца сёлета ў лютым, нарадзіўся ў горадзе Броды Львоўскай вобласці. Скончыў у Львове Вышэйшы музычны інстытут імя Лысенкі, нейкі час выступаў як віяланчэліст у аркестры Львоўскай оперы, а з 1944 года, пасля вызвалення Украіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, стаў дырыжорам. З 1953 года — галоўным дырыжорам Львоўскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя Івана Франко (цяпер — імя Саламеі Крушальніцкай). Працаваў у гэтым тэатры да 1963 года, атрымаў званні заслужанага, а пасля і народнага артыста Украіны. Сёння люстэркавую залу Львоўскай оперы ўпрыгожвае і пазалочаны бюст Яраслава Вашчака (побач з такім жа бюстам Саламеі Крушальніцкай)...

Пасля Львова працаваў у музычных тэатрах Адэсы, Грознага, Варонежа, ажыццяўляў пастаноўкі асобных опер у Казані, Уфе. І ўсюды заўважаўся вашчакоўскі творчы стыль. У яго, як адзначалі музыказнаўцы, уваходзілі асаблівая харызма, інтэлігентнасць і любоў да выканаўцаў, здольнасць «гарэць» самому і «запальваць» да сутворчасці іншых, імкненне прасачыць душэўныя перажыванні і раскрыць унутраныя супярэчнасці герояў. У гэтым дырыжору дапамагала ўнікальная музычная памяць і каласальная інтуіцыя. А яшчэ ён кожны раз імкнуўся ўстанавіць сувязь тэатральнай сцэны з залай. Любіў паўтараць, што без гэтага «...не будзе і катарсісу — таго моманту высокага суперажывання, які і ёсць мэта мастацтва». Творчы стыль Вашчака вызначаўся і яго падтрымкай шматнацыянальнага музычнага мастацтва. Ён здзейсніў першапрачытанні твораў многіх маладых украінскіх кампазітараў на сцэне Львоўскай оперы. Кіруючы сімфанічным аркестрам у Грозным, смела браўся за выкананне чачэнскай, інгушскай і татарскай музыкі. У Варонежы «першапрачытаў» оперы рускіх кампазітараў Малчанава «Руская жанчына», «Брэсцкая крэпасць» і Хрэннікава «У буру». У Башкірскім тэатры ва Уфе паставіў нацыянальную оперу «Салават Юлаеў» Ісмагілава, у Мінску — оперу «Міндыя» грузіна Тактакішвілі...

Бюст Яраслава Вашчака ў Львоўскiм оперным тэатры iмя С. Крушальнiцкай.

У 1972 годзе на запрашэнне Пятра Машэрава Вашчак прыехаў у Мінск з наказам узняць узровень беларускага опернага мастацтва. Тут да самай смерці яго творчае жыццё было звязана з Дзяржаўным тэатрам оперы і балета Беларусі (цяпер — Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі), які ён у 1972—1980 гадах узначальваў як галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік. У Беларусі Вашчак атрымаў высокае званне народнага артыста СССР (1979).

Можна смела казаць пра «вашчакоўскі этап» у гісторыі беларускага опернага тэатра, якому дырыжор аддаў сямнаццаць сваіх найлепшых гадоў. У Мінску ён ажыццявіў свае галоўныя творчыя задумы — паставіў «Барыса Гадунова» Мусаргскага, «Дона Карласа» і «Аіду» Вердзі, балеты «Ленінградская сімфонія» Шастаковіча, «Спартак» Хачатурана, «Кармэн-сюіту» Бізэ — Шчадрына і іншыя. У кожнай пастаноўцы выяўляўся ягоны густ. Выразна размяжоўваючы драматургію музычную і сцэнічную, ён дабіваўся не толькі, нават не столькі выдатнага гучання голасу саліста ці інструмента, а высокай духоўнасці, эмацыянальнасці гуку. Адна прысутнасць Вашчака ў тэатры не дазваляла нікому расслабляцца, працаваць напаўсілы.

Сцэна з оперы «Дзiкае паляванне караля Стаха».

Няпросты жыццёвы і творчы лёс быў у Яраслава Вашчака. Няпросты, складаны быў і ён сам, чалавек шырокай, я сказаў бы, караткевічаўскай, натуры, рамантык-максімаліст. Але ва ўсіх сітуацыях імкнуўся дзейнічаць шляхетна, інтэлігентна (любімае яго слова). Не прызнаваў ніякіх кампрамісаў, калі пры гэтым трэба было паступацца вядучымі мастацкімі прынцыпамі. Таму незычліўцаў у яго было нямала. Аднак не памятаў зла, тым больш ніколі не помсціў.

Асабліва патрабавальна ставіўся ён да аркестрантаў і салістаў. Але ўсё ўрэшце аплачвалася высокім выканальніцкім майстэрствам. За «вашчакоўскую вывучку» ўдзячныя многія з іх. Як, у прыватнасці, народны артыст Беларусі Віктар Скорабагатаў, пра што ён сказаў у цікавым артыкуле «Наказы Вашчака». Ці як сусветнавядомая спявачка, прымадонна Марыя Гулегіна, якая пачынала сваю творчую кар'еру на сцэне Беларускай оперы. Неаднойчы яна падкрэслівала, што «ўдзячная Беларусі, у тым ліку за супрацоўніцтва з выдатным дырыжорам Яраславам Вашчаком». На пытанне карэспандэнта газеты: «Вы працавалі з выдатнымі дырыжорамі Муці, Абада, Гергіевым... Якое месца ў гэтым радзе займае для вас Вашчак?» — яна сцвердзіла адназначна: «Першае, канешне. Гэта настаўнік, гэта святое. Ён быў асобай, геніем з незалежным характарам... Вось яго я магу назваць у творчасці сваім бацькам».

Мне пашчасціла ўсе сямнаццаць мінскіх гадоў Вашчака кантактаваць з ім, часта бачыць яго як у сталіцы, так і на маёй роднай Ракаўшчыне. Пасадзейнічала кантактам тое, што Яраслаў Вашчак і мой цесць Вячаслаў Кабржыцкі разам калісьці працавалі ў Львоўскім тэатры оперы і балета, нават разам атрымалі званні заслужаных артыстаў Украіны (Вашчак як дырыжор, Кабржыцкі як саліст, выканаўца ролі Ёнтака ў оперы «Галька» Манюшкі). Вашчак з глыбокай сімпатыяй ставіўся да беларускай гісторыі, культуры, мовы, радаваўся духоўнай блізкасці ўкраінскага і беларускага народаў. Сапраўдны інтэрнацыяналіст, ён цешыўся кожным творчым поспехам беларускіх кампазітараў, артыстаў, пісьменнікаў, музыкаў, мастакоў. І мы адзін аднаго добра разумелі, хоць гаварылі на розных мовах: ён звычайна па-ўкраінску, я — па-беларуску. Хочацца верыць, што тыя нашы гутаркі схілілі яго, напачатку далекаватага ад патрэб уласна беларускага опернага мастацтва, прыняць самы чынны ўдзел у стварэнні нацыянальных спектакляў.

Магiла Яраслава Вашчака на Паўночных могiлках Мiнску.

Аднаго разу мы з Таццянай Вячаславаўнай Кабржыцкай у нашай мінскай кватэры пазнаёмілі Яраслава Вашчака з Уладзімірам Караткевічам (мы тады сябравалі і жылі з ім у адным доме па вуліцы Карла Маркса, 36). З таго часу дырыжор захапіўся і творчасцю, і самой асобай пісьменніка. У 1978 годзе горача падтрымаў пастаноўку на опернай сцэне оперы Смольскага «Сівая легенда» паводле аповесці і лібрэта самога Караткевіча. А колькі часу, творчай энергіі, ведаў ён аддаў і іншым сваім малодшым калегам, рыхтуючы іх творы да пастаноўкі! Маю на ўвазе кампазітара Картэса і лібрэтыста Халіпа ў перыяд іх напружанай працы над операй «Джардана Бруна». А з якім настаўніцкім цярпеннем і ўважлівасцю ён паставіўся да кампазітара Кандрусевіча, як зацікаўлена дапамагаў дасканаліць музыку яго балета «Крылы памяці»!

Апошнія два гады жыцця Вашчак нястомна працаваў яшчэ з адным маладым беларускім кампазітарам, Солтанам, і лібрэтысткай Клімковіч, рыхтуючы разам з імі да пастаноўкі оперу «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле вядомай аповесці Караткевіча. Самога пісьменніка, на жаль, ужо не было ў жывых. Але ранейшыя сустрэчы, размовы з ім, у тым ліку на Ракаўшчыне, куды мы калісьці зрэдку выязджалі ці на маіх «жыгулях», ці на чырвоным «жыгулёнку» самога дырыжора, жывілі яго памяць, зараджалі творчай энергіяй. А тое і другое вой як патрэбна было! Бо Яраслаў Антонавіч захварэў на самую страшную хваробу веку. Але не адмовіўся ад працы над пастаноўкай оперы паводле твора Караткевіча. Нават пасля хіміятэрапіі адпрошваўся ў дактароў і на сваім нязменным «жыгулёнку» ехаў з Бараўлян у тэатр, гутарыў з рэжысёрам-пастаноўшчыкам і мастаком спектакля, выканаўцамі галоўных роляў, праводзіў рэпетыцыі... Пастаноўка гэтай оперы стала яго лебядзінай песняй. Ёю ён штодзённа жыў, пра яе ўвесь час думаў і гаварыў нават за дзве гадзіны да смерці. Не хапіла яму крыху менш месяца, каб парадавацца апошняй у ягоным жыцці прэм'еры.

Спектакль «Дзікае паляванне караля Стаха» стаў адной з самых яркіх старонак у гісторыі беларускага опернага мастацтва. Праз год пасля прэм'еры (1990) вялікі калектыў яго пастаноўшчыкаў, у тым ліку Яраслаў Вашчак (пасмяротна), быў уганараваны высокай Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.

Вячаслаў РАГОЙША, доктар філалагічных навук, прафесар БДУ

Загаловак у газеце: Ва ўсіх сітуацыях імкнуўся дзейнічаць шляхетна

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».