Вы тут

Як будзе развівацца беларуская энергетыка


Будаўніцтва электражылля і яго перавод з цвёрдых відаў паліва на электраэнергію, выкарыстанне торфабрыкетаў, перспектывы стварэння майнінг–фермаў у Беларусі і будаўніцтва АЭС — гэтыя і іншыя пытанні закрануў міністр энергетыкі Віктар КАРАНКЕВІЧ на сустрэчы з журналістамі перад выніковай калегіяй ведамства.


Больш рэсурсаў

Арганізацыі галіны энергетыкі летась спрацавалі стабільна, а энергетычная інфраструктура актыўна мадэрнізавалася, паведаміў міністр. Сёлета збудавана 1900 км лініі электраперадачы, 183 км цепласетак, уведзена ў эксплуатацыю каля 1400 км газавых сетак, газіфікавана 32 тысячы кватэр.

Павышэнне энергетычнай самастойнасці краіны за кошт дыверсіфікацыі відаў і пастаўшчыкоў паліўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР), пашырэння выкарыстання мясцовых відаў паліва (МВП) і аднаўляльных крыніц энергіі, зніжэнне залежнасці ад вуглевадароднай сыравіны за кошт уводу БелАЭС — вось задачы энергетыкі на бягучую пяцігодку, акцэнтаваў увагу міністр:

— Такім чынам, першачарговая наша задача — забяспечыць увод у эксплуатацыю атамнай станцыі і яе далейшую інтэграцыю ў энергасістэму і эканоміку краіны. У дачыненні да энергасістэмы гэта будаўніцтва пікава-рэзервовых крыніц, агульная магутнасць якіх павінна скласці 800 МВт.

Што датычыцца МВП, то штогод у Беларусі здабываецца каля 2 млн тон торфу і вырабляецца 1,2 млн прадукцыі, 20 % якой экспартуецца, а 80 % — застаецца ў краіне. Выкарыстанне торфу дазваляе замяшчаць 450 млн м3 прыроднага газу, а доля яго выкарыстання ў МВП — 15 %.

У будучым плануецца пашырэнне аб'ёмаў і асартыменту выпускаемай прадукцыі і развіццё асноўных напрамкаў выкарыстання торфу. Першы з іх — перавод кацельных ЖКГ з прыроднага газу на фрэзерны торф. Тры такія праекты ўжо рэалізуюцца ў Мінскай вобласці, а на пяцігодку прапрацоўваецца яшчэ прыкладна 80. Другі — выкарыстанне торфу для вырабу цэменту. За 2015—2019 гады для гэтага збудаваны дзве спецыяльныя лініі. Рэалізаваны праект па выкарыстанні тарфакрошкі на прадпрыемстве «Краснасельскбудаматэрыялы», растлумачыў кіраўнік Мінэнерга:

— Задача — за пяцігодку прыцягнуць у паліўны баланс краіны 3,3 млн тон умоўнага паліва ў выглядзе торфу. Па здабычы торфу Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце, а па аб'ёмах вытворчасці паліўных брыкетаў — першае.

Электрацяпло ў шматпавярховікі і хаты

Наступная пяцігодка стане часам павелічэння аб'ёмаў будаўніцтва і мадэрнізацыі падстанцый, высакавольтных і размеркавальных ліній электраперадачы з мэтай стварэння ўмоў для росту выкарыстання электраэнергіі ў эканоміцы і насельніцтвам, паабяцаў Віктар Каранкевіч.

У межах комплекснай галіновай праграмы па павелічэнні выкарыстання электраэнергіі на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне вызначаны тры асноўныя кірункі: будаўніцтва новага шматкватэрнага і індывідуальнага жылля з адпаведнай электрасеткавай інфраструктурай; перавод шматкватэрнага жылля, дзе для ацяплення выкарыстоўваецца цвёрдае паліва, на электраэнергію (85 такіх дамоў ужо ўключаны ў графік. Ён адкрыты, і калі жыхары гэтых дамоў захочуць перайсці на ацяпленне электраэнергіяй, яго павялічаць, — дадаў міністр); перавод індывідуальнага жылля на ацяпленне электраэнергіяй.

— Гэта работа вядзецца актыўна, для яе створаны адпаведныя ўмовы. Летась аб'ём спажывання энергіі на гэтыя мэты склаў больш як 89 млн кВт·г. Гэта ў сем разоў больш, чым у 2019-м, — падзяліўся Віктар Каранкевіч.

Ад грамадзян, якія жывуць ва ўласных дамах, летась паступіла каля 24 тысяч заяў на выдачу тэхнічных умоў атрымання і выкарыстання электраэнергіі на ацяпленне. 19,2 тысячы з іх задаволілі, а больш як восем тысяч беларусаў ужо карыстаецца гэтымі ўмовамі.

— Такія лічбы тлумачацца, у прыватнасці, стымулюючымі ўзроўнямі тарыфаў на выкарыстанне электраэнергіі на гэтыя мэты, што дзейнічаюць з пачатку 2019-га. А таксама Указ Прэзідэнта № 127, які дазваляе пакрываць людзям частку затрат на набыццё электраацяпляльнага абсталявання і правядзенне работ па рэканструкцыі электрасеткавай праводкі», — мяркуе міністр.

1,5 мільярда атамных кілават-гадзін

У межах чарговага этапу інтэграцыі БелАЭС у энергасістэму краіны, пабудаваны электракатлы на электрычных станцыях і буйных кацельных. 20 такіх аб'ектаў агульнай магутнасцю 916 МВт ужо актыўна выкарыстоўваліся ў сёлетнім ацяпляльным сезоне.

— Гэта асабліва актуальна ў перыяд вопытна-прамысловай эксплуатацыі на першым энергаблоку атамнай станцыі. Завяршыць гэты перыяд плануецца дынамічнымі выпрабаваннямі з наступным пераходам на комплекснае апрабаванне блока на працягу 15 сутак яго работы на поўнай намінальнай магутнасці. З моманту падключэння энерга-
блока да сеткі 3 лістапада ён выпрацаваў ужо каля 1,5 млрд кВт·г электраэнергіі, — расказаў міністр. — Будаўніча-мантажная гатоўнасць другога энергаблока — 78 %. Тут манціруюцца асноўныя тэхналагічнае абсталяванне і сістэмы, пракладваецца кабель, вядуцца работы па вертыкальнай планіроўцы і будаўніцтве дарог.

Што датычыцца перспектыў стварэння ў краіне фермаў па майнінгу крыптавалют, то гэты напрамак цікавы і новы для Беларусі, трэба дэталёва і комплексна вывучыць, у тым ліку і ў плане магчымых рызык, і гэтым ужо займаюцца, абазначыў Віктар Каранкевіч.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».