Вы тут

Нататкі пра пешае падарожжа вакол Беларусі, якое ніхто пакуль не паўтарыў


Усяму свой час, як вядома. Таму цяжка і ўявіць сабе, як бы мы паступілі сёння, калі б у нашых галовах, або на ўзроўні інтуіцыі паўстала ўпартая ідэя абысці Беларусь яшчэ раз пешшу ўздоўж Дзяржаўнай мяжы. Яе мы ўвасобілі ў жыццё ў 1996 годзе. Так, наш 120‑дзённы праект, гэты вандроўны маршрут даўжынёй у 2810 кіламетраў, канешне ж, можна раскласці на фрагменты, на дзясяткі асобных населеных пунктаў, участкаў дарог і, пабываўшы там сёння, нешта ўбачыўшы, потым апісаць свае новыя ўражанні. Але таго асаблівага погляду, былых пачуццяў і перажыванняў, якія намі валодалі амаль чвэрць стагоддзя таму, не вярнуць і не сабраць у дзённікі новага падарожжа. Ды і наўрад ці варта. Нельга, як вядома, двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку. Асабліва калі гэта Рака Часу.


Перыядычна ўспамінаючы пра наш у пэўным сэнсе авантурны праект, мы за ранішняй кавай не раз у выхадны дзень гаворым: а было б цікава пабываць і ў людзей, з якімі ў тыя гады пазнаёміліся. І глянуць на вялікія змены, якія адбыліся ў гарадах, вёсках і мястэчках, куды мы заходзілі, было б цікава.

Бясспрэчна: чвэрць стагоддзя — тэрмін немалы для нашай краіны. І мы таксама добра дасведчаныя: Беларусь за гэтыя гады моцна змянілася да лепшага. Тады ж, вясной і летам 96‑га, у глыбінцы яшчэ хапала постсавецкай неразбярыхі. Але ж парасткі новага жыцця ўладна прабіваліся, укараняліся на глебе юнай незалежнасці. Мы ў тым далёкім 1996‑м, па сутнасці, прайшлі не толькі па ўсім перыметры Беларусі, але нібы па краі эпохі. З вышыні пражытых гадоў гэта добра разумееш.

Так, наша краіна відавочна змянілася. І мы таксама — пасталелі. Вобразна кажучы, выйшлі на сцежку мудрасці, якая вядзе да шляху ўсвядомленасці. А ў такой хадзе радасна бывае ў сабе адкрываць новыя магчымасці. Толькі не заўсёды гэты шлях лёгкі, на жаль… Як вядома, паглыбленне ва ўнутраны свет ў нас, людзей, а таксама ўсведамленне, хто ты ёсць у гэтым жыцці, куды рухаешся, звязана з пэўнымі псіхалагічнымі цяжкасцямі. Бо нашае эга ніхто ж не адмяняў. Як і факты, яно бывае даволі-такі ўпартым. Бывае, нават не «пераварваеш» сябе самога, што ўжо казаць пра іншых. У тым пераконваемся мы і цяпер час ад часу, як не раз тое здаралася на маршруце. Таму паспрабуем распавесці чытачу не толькі аб тым важным «што», але і пра не менш важнае «як». Гэта значыць не толькі аб «прыдарожных» людзях і прыгажосці прыроды Беларусі, але ж і пра тое, што адбывалася ў нашых душах, паглыбленых у новыя беларускія рэаліі.

Пра тое, што «Хаджэнне ў трыдзясятае царства» стала рэальнасцю, нагадваюць тры тоўстыя агульныя сшыткі. Яны напоўнены нашымі практычна штодзённымі запісамі: уражаннямі, развагамі, вершамі, назвамі, прозвішчамі… Дзённікавыя запісы і паслужаць асновай для нашых нататак.

Кажуць: калі вам надакучыў звыклы шэры свет, то занырніце ў фэнтэзі: гэта якраз тое, што вам патрэбна для душэўнай раўнавагі. А яшчэ ёсць меркаванне, што фэнтэзі — гэта дыягназ. Вядома, так і пра нас могуць падумаць, звярнуўшы ўвагу нават на візітоўку падарожную: з выявай нібыта паветранага змея. Можна ж папракнуць «валацугаў» і ў адарванасці ад рэальнага жыцця. І нават пакруціць пальцам ля скроні. Маўляў, мякка кажучы, дзівакі. Прызнаемся: з суровай рэальнасцю са штодзённай напружанай хадой па 20–25, а то і больш кіламетраў цяжка было б звыкнуцца, калі б не нашае памкненне да фэнтэзі. Для таго, каб не пераўтварыцца ў цяглавых коней, якія выконваюць штодня цяжкую працу, сімвалам свайго падарожжа, як напамін пра цуд і чарадзейства самога Жыцця, сімвалам свабоды, палёту, сувязі паміж небам і зямлёй мы і абралі паветранага змея. І ахрысцілі сваё падарожжа як напаўказачнае «Хаджэнне ў трыдзясятае царства». Мяркуем: калі б не дапусцілі мы элементаў гульні ў наш праект, наўрад ці змаглі б яго ажыццявіць. Былі ж і па гэты час не да канца асэнсаваныя, невытлумачальныя моманты містыкі ў нашай хадзе. І пра іх таксама раскажам.

Ці «загінулі» мы для Кнігі рэкордаў Гінеса?

Што з сябе ўяўляла нашае падарожжа? Пра тое і ў цэлай кнізе не раскажаш… А калі выкласці сутнасць? Раней, падахвоціўшыся парадамі калег-журналістаў неяк «афіцыйна аформіць» нашае вандроўнае дасягненне, мы сцісла ўмясцілі 120 дзён і начэй у ёмкі тэкст. Падаем яго з невялічкімі карэкціроўкамі ды скарачэннямі на мове арыгіналу.

Пазнакі часу на падарожнай візітцы

«В представительство Книги рекордов России, стран СНГ и Балтии «Диво» в Минске. Представляем материалы о 120‑дневном непрерывном кольцевом пешеходном путешествии вдоль Государственной границы Беларуси. По нашим данным, и раньше, и до сих еще никто в мире не обошел свою страну по периметру пешком. Путешествие «Хаджэнне ў трыдзясятае царства» («Хождение в тридесятое царство») мы совершили весной-летом 1996 года. Оно началось в поселке Друя (Браславский район, Витебская область) 15 апреля и закончилось там же через 120 дней — 12 августа. К месту старта мы доехали из Минска поездом, с заездом в Полоцк (копии билетов прилагаются).

Само путешествие проходило исключительно пешком. Были также переправы через реки там, где они преграждали прохождение маршрута вдоль госграницы: через Днепр (Лоев — лодка), Припять (Барбаров — лодка) и дважды через Двину (Себеж, Россия — паром; Балины, район Бигосово — лодка). Были еще, как говорят туристы-пешеходники, радиальные выезды (без походных вещей) на телеге к дому местного деда-целителя (д. Каменка Ошмянского района, 28.04.1996) и на машине к могиле писательницы Цётки (д. Стары Двор, Щучинский район, 4.05.1996). Мы проходили в среднем 20–25 км в день. В холодное время, в начале путешествия, ночевали в деревенских школах и у местных жителей, потом в палатке, и ни разу в гостинице. За 120 дней было пройдено 2810 километров — цифра зафиксирована спидометром, установленным на коляске, на которой мы везли необходимые для походной жизни вещи. Причем каждый день, обычно утром, мы записывали в походные дневники показания спидометра. Писали также впечатления, размышления, стихотворения, интересные беседы с людьми — 3 общих тетради, около 500 страниц текстов. Там же имеются записи о местах, населенных пунктах, через которые проходили, штампы местных советов, школ, аптек, магазинов, почтовых отделений и отметки других организаций, которые мы по возможности ставили по ходу всего путешествия. Есть автографы некоторых людей.

Для позиционирования проекта еще до выхода на маршрут был разработан специальный логотип (прилагается). Накануне путешествия (10 апреля 1996 года) вышла большая статья в республиканской «Настаўніцкай газеце» с изложением идеи путешествия и сообщением о том, где пройдет маршрут. На прохождение в приграничных регионах были получены соответствующие разрешения (копии прилагаются). Финансировался проект за счет личных сбережений двух его участников. Уже по ходу путешествия оно широко освещалось в средствах массовой информации Беларуси: в районных, областных, республиканских газетах, в программе «Радиофакт» Белорусского радио, в новостных выпусках Белорусского телевидения и пинской телестудии «Варяг». Фотоинформация БелТА с текстовкой о прохождении путешественников через Гомель прошла по многим печатным СМИ страны.

Прэса не абышла ўвагай гэтае падарожжа

После того, как мы возвратились в Минск, к путешествию неизменно проявляют интерес журналисты различных СМИ. В частности, вскоре после возвращения был отснят и вышел большой репортаж на «8‑м телеканале» (Минск). Выходили публикации в газетах «Вечерний Минск» «Комсомольская правда в Белоруссии», «7 дней», детском журнале «Бярозка», детской газете «Піянер Беларусі», журнале «Беларусь». О путешествии рассказывалось в передачах радиостанции «Беларусь», Первого канала Белорусского телевидения, телеканала «Беларусь 2» (раньше телеканал «Культура»), Столичного телевидения. Некоторые из студийных записей можно найти на сайтах (в архивах) телеканалов и на других сайтах в интернете. На СТВ в цикле «С чего начинается Родина» создан фильм «Государственная граница», в котором тоже рассказывается об уникальном путешествии вдоль Госграницы Беларуси. Международное агенство рекордов и достижений позиционирует проект Ивана и Валентины Ждановичей как «самый скоростной в мире пешеходный обход своей страны вдоль Государственной границы  и дает информацию о самом путешествии.

Многие моменты путешествия, походной жизни запечатлены на фотоснимках, некоторые из них публиковались в СМИ. По материалам путешествия подготовлены многочисленные публикации для журналов «Беларусь», «Маладосць», газет «Піянер Беларусі», «Настаўніцкай газеты», «Культура», «Літаратура і мастацтва», районной газеты «Ляхавіцкі веснік». В апреле 2012‑го путешественники были гостями Государственного музея истории белорусской литературы — встреча с ними открыла новый музейный проект «Літаратурныя вандроўкі». Во время путешествия мы посещали места, связанные с именами известных писателей, встречались с поэтами, в дневники было написано более сотни оригинальных стихотворений на белорусском языке».

Кнігу «Диво», яе стваральнікаў мы сваім «Хаджэннем…», аднак, не здзівілі — прынамсі, так нам паведамілі адтуль, куды мы звярталіся. Напэўна, калі б у нас за 120 дзён на прыродзе адраслі хвасты ці выраслі крылы — от гэта было б дзівам… Але чаго няма, таго няма. У Кнігу рэкордаў Гінеса і не звярталіся.

Адкуль прыходзяць ідэі?

Падарожная экіпіроўка

Так атрымалася, што ідэя прайсці пешшу вакол Беларусі ў нас нарадзілася дзякуючы хрысціянскім святым Еўфрасінні Полацкай і Серафіму Сароўскаму. Не сказаць, каб яны з’явіліся некаму ў сне ды сказалі: вось дзе шлях ваш да ісціны! Усё было значна больш празаічна — і ў той жа час неспасцігальна… Не адразу, не ў адзін момант, але смелая, нават, паўторымся, авантурная ідэя (у кожнага з нас была да «Хаджэння» свая сям’я…), для многіх незразумелая і па сёння (бо — не надта лагічная і зусім непрыбытковая…) выспявала паступова. Яна, як нам сёння бачыцца, спускалася на зямлю па нейкіх містычных прыступках, жыла па сваіх, нам і самім пакуль не да канца зразумелых законах. Мы ж рухаліся кожны па сваёй жыццёвай арбіце, выконвалі службовыя ды іншыя абавязкі, не падазраючы, што недзе ўжо нешта шчоўкнула, ціўкнула — і вось мы ўжо апынуліся ў адной творчай звязцы. Цяпер кажуць у такіх выпадках: гэта лёс, альбо — карма. Паспрабуем, аднак, коратка апісаць тое, што можна ўжо, як нам падаецца, выкласці словамі.

На пачатку 90‑х, мы абодва чыталі разумныя кнігі. Займаліся пошукамі, скажам так, ісціны ды «сэнсу жыцця». У 1993‑м кожны паасобку вырашылі паехаць на знакамітае возера Святаяр пад расійскім Ніжнім Ноўгарадам: абласны аддзел адукацыі ладзіў там пазнавальны семінар, паведамілі пра яго і мінчанам. Казалі яшчэ: адтуль недалёка і ў Дзівееўскі манастыр — да Серафіма Сароўскага. Мы і пазнаёміліся, калі бралі білеты да Ніжняга ў папярэдніх чыгуначных касах. Урэшце з Мінска ехала нас чацвёра дарослых ды трое дзяцей — з іх двое дашкалят непасрэдна пад нашай апекай. Паводле паданняў, возера, што непадалёк ад сяла Уладзімірскае, мае магічную сілу, і менавіта на яго дно ў свой час апусціўся няскораны ворагам град Кіцеж. Нам расказвалі яшчэ пра хрысціян-паломнікаў, якія, просячы ў Неба ацалення ад цяжкай хваробы сабе ці блізкім, развязвання нейкіх жыццёвых праблем, ходзяць вакол цуда-возера з малітвамі. А некаторыя нават, у знак пакоры ці наладжвання больш цеснай сувязі з Усявышнім, абпаўзаюць яго на каленях — з малітвамі ды паклонамі. Ізноў жа: па крузе. І само возера Святаяр — амаль круглае па форме.

Першыя дні вандроўкі. Яшчэ са снегам.

Пасля семінару мы, мінчане, паехалі ў Дзівеева — і там таксама, знаёмячыся з манастырскім жыццём, даведаліся пра цікавую завядзёнку, звязаную з кругам-абярэгам. Аказалася: манахі, а цяпер з імі разам і паломнікі, абыходзяць тэрыторыю манастыра штовечар з маўкліваю малітваю. Ход — супраць гадзіннікавай стрэлкі. Не ўдаючыся ў падрабязнасці, скажам: тое робіцца паводле прыкладу і запавету самога Серафіма Сароўскага. Прайшліся і мы па той свяшчэннай канаўцы, якую, кажуць, Серафіму Сароўскаму паказала сама Божая Маці. Абрад творыцца ў манастыры даўным-даўно і, кажуць, ніколі не адмяняўся. Аднак, дзеля чаго той містычны ход па крузе творыцца? Нам казалі: каб абараніць, умацаваць Дзівееўскі манастыр ад розных напасцяў ды пошасцяў. Пра тое кожны, каму цікава, і сам можа пачытаць.

І яшчэ адзін важны момант, які паспрыяў рашэнню прайсці па Беларусі пешшу. У Полацку ў тыя часы сіламі культурнай інтэлігенцыі, у тым ліку і мінскай, ладзіліся свецкія святы ў гонар святой Еўфрасінні. Многія цяпер ведаюць: 5 чэрвеня ў праваслаўным календары — дзень памяці Прападобнай. На такім свяце давялося быць і аднаму з нас, аўтараў. Іван тады ўжо працаваў рэдактарам аддзела культуры ў часопісе для настаўнікаў «Роднае слова». І яму падалося ў тую паездку: больш уражанняў, перажыванняў можна будзе атрымаць, калі да святыні набліжацца паступова, пешшу — як і рабілі раней многія вернікі, а не ў аўтобусе. У тым ліку і ў Дзівеева, і на Святаяры. Разважаючы над тымі полацкімі святамі, мы прыходзілі да высновы: паломніцтвы — гэта якраз тая справа, дзе няма паспешнасці, мітусні. У якой магчыма, парадаксальным чынам якраз «апошнія будуць першымі». Сімвалічна, што і сама Еўфрасіння, як вядома з яе Жыція, выправілася напрыканцы жыцця ў паломніцтва на святую зямлю, у Ерусалім, і там завершыла свой жыццёвы шлях.

А тым часам нашыя «жыццёвыя арбіты» імкліва ішлі на збліжэнне. У 1995‑м, калі ў часопіс «Роднае слова» прыйшла працаваць адказным сакратаром і Валянціна, нашы супольныя «пошукі ісціны» падштурхнулі нас да арганізацыі пешага «Паломніцтва ў Полацк». Гэта быў, можна сказаць, свецкі культурна-пазнавальны праект. У аснове яго, аднак, была ідэя пра тое, што паломнічаць у Полацк, «да Еўфрасінні» трэба пешшу. Такая была раней традыцыя ў народзе. Пра тое яшчэ і цяпер, пэўна, могуць расказаць старажылы Полаччыны — як да вайны на свята «ў Полацак», да мошчаў святой Еўфрасінні пешшу ішлі тысячы паломнікаў. Свае меркаванні мы выклалі ў невялічкай заметцы, якую змясціла газета «Вечерний Минск». На прапанову самаарганізавацца ды пешшу паломнічаць у Полацк — каб прыйсці туды да 5 чэрвеня — адгукнулася дзясяткі два ахвочых. Урэшце выправілася ў дарогу пяцёра. Да Лепеля даехалі цягніком, далей — пешшу.

На пясчаных прасёлках Верхнядзвіншчыны рухацца было асабліва цяжка

І вось у адзін з вечароў мы набліжаліся да вёскі Арэхаўна (там і начавалі ў гасцінных гаспадароў), што непадалёк ад Вушачаў Віцебскай вобласці, нешта падштурхнула да роздумаў. Калі сонца ўжо хілілася за небасхіл, мы пачалі разважаць у часе хады: а няблага ж і больш пахадзіць па Беларусі. А як? А дзе? А ў імя чаго?.. Ідэя пешай пазнавальна-турыстычнай хады «з пункта «А» ў пункт «Б» паступова ўбірала ў сябе ўбачанае на Святаяры, у Дзівееве, а само нашае паломніцтва выводзіла роздумы… ледзь ці не да Ерусаліма, у які некалі адправілася Еўфрасіння. А ўрэшце яны набылі больш рэальныя абрысы ды «згарнуліся» ў круг. Вакол Беларусі. У круг-абярэг для нашай Бацькаўшчыны.

Аніводзін з нас тады не ведаў, што нябачны гадзіннік пачынае зваротны адлік часу: да пачатку «Хаджэння ў трыдзясятае царства», якое рэзка пераменіць нашае жыццё. Заставалася ж да выхаду на новы — звышпрацяглы — маршрут яшчэ крыху больш за 10 месяцаў…

Збіраемся ў доўгую дарогу

Узрушэннямі, яркімі эмоцыямі ад «Паломніцтва ў Полацк» мы дзяліліся, вярнуўшыся ў Мінск, з сябрамі. А самым блізкім расказалі яшчэ і пра «ружовую» ідэю: абысці Беларусь па перыметры — прама па Дзяржаўнай мяжы. Праўда, узнікала пытанне: а хто ж гэта нас, такіх смелых і рамантычных, пусціць бадзяцца невядома чаго па самой пагранічнай паласе? Вось і скарэктавалі мы задуму словам «уздоўж»… Паглядзелі па карце. Не, па лясах ды балотах палескіх аніяк не ўдасца прабірацца — трэба хоць сцежак якіх трымацца. А колькі гэта, хоць прыкладна, кіламетраў будзе?

Вось ён, першы наш падарожны дзённік. Агульны сшытак у каленкоравай, пад колер выгаралага бэзу, вокладцы. Пажоўклыя, выгаралыя пад сонцам з бакоў аркушы… І менавіта ў ім уклеены, можна сказаць, самы першы дакумент, які тычыцца «Хаджэння…». Цытуем: «Оценка периметра Беларуси (протяженность границ), выполненная в домашних условиях ведущим научным сотрудником Ин-та геологических наук, канд геол.- минер. наук В. М. Шимановичем. Дата — Дзень Незалежнасці — 27.07.95. (Як вядома, у той час, яшчэ да правядзення Усенароднага рэферэндуму, Дзень Незалежнасці святкаваўся 27 ліпеня. — Аўт.) Периметр по карте масштаба 1:1 млн= 280 см. Периметр на местности 2800 км. 27.07.95 (подпіс В. М. Шымановіча)». Побач з гэтай запіскай — прыпіска: «Разлікі зроблены Уладзімірам Шымановічам па нашай просьбе. Гэта адбылося ў хуткім часе пасля нашага «Паломніцтва ў Полацк» (май-чэрвень 1995 года: Мінск — Лепель (цягніком), далей пешшу: Лепель — Арэхаўна — Вушачы — Полацк). Ідэя абысці Беларусь пешшу прагаворвалася пад час таго паломніцтва».

Упэўнены: Уладзімір Шымановіч, які так дакладна правёў папярэднія разлікі, таксама вельмі любіць фэнтэзі. Хоць і вядомы вучоны-гідрагеолаг. У хатняй яго бібліятэцы многа такіх кніжак. Але ж і ён услед за намі проста «гуляў» з ідэяй, з марай падарожнічаць і зусім не ўяўляў сабе тады, як далёка мы пойдзем… Ды і нам падавалася, што гэта — прыгожая гульня, мара, не больш. Бо як жа ўсё пакінуць? А праца? А сем’і? А жыць за што, калі не працаваць?.. З амаль 25‑гадовай адлегласці ў часе мы падаемся нам, цяперашнім, ну вельмі-вельмі рызыкоўнымі. Можа нават і неразумнымі. Безумоўна, мы ўзнёсла і патрыятычна разважалі пра маладую яшчэ Незалежнасць. І хацелася ж неяк яе абараніць! І мы ўмацоўваліся ў думцы: зрабіць вандроўку сваім кругам-абярэгам. Ну кажуць жа фізікі, што чалавек гэта энергетычная адзінка, якая сваімі думкамі і пачуццямі, рухам па жыцці ўплывае на усё навакольнае. А 27 ліпеня, дарэчы, мы і цяпер прыгадваем, як «Дзень ацэнкі перыметра Беларусі».

Натуральна, планаваць падарожжа трэба было на цёплую пару года. Увесну пачаць — найлепшы час. Паступова акрэслівалася дата: бліжэй да Вялікадня. Выбар «месца старту» ў верхняй, паўночнай частцы Беларусі абумоўлены «логікай цыферблата» — уверсе заўжды пачатак адліку. Прыгожая і загадкавая назва Друя — ці не мудрыя друіды там калісьці жылі-былі? І якраз чыгунка падыходзіць, да мяжы з Латвіяй: там, што называецца, заканчваюцца рэйкі. Але ўсё яшчэ не было пэўнасці, рашучасці, ды сродкаў… Той час, як вядома, «агаліў» людзей ад грашовых накапленняў. Адкуль узяць сродкі? У дзённіку збярогся канверт, на якім запісана: першыя 50 долараў «у фонд падарожжа» ўнесла Валянціна, ў свой дзень нараджэння: 14 студзеня 1996 года. Вось такі падарунак… Далей мы ўкладавалі ў той канверт свае ганарары за перадачу «Казкі — мудрыя падказкі», якую сумесна вялі на Рэспубліканскім радыё, за публікацыі ў «Родным слове», «Настаўніцкай газеце». Ёсць і такі запіс: «6.02.96. Валя — 130 000 (эканомія з харчавання)»…

На пачатку сакавіка 1996‑га мы абодва звольніліся з працы ў часопісе «Роднае слова»: трэба было ўладзіць нямала розных спраў. Шукалі-малявалі эмблему вандроўкі, прыдумвалі ёй назву. Былі розныя варыянты. У дзённіку ўклеены лісток з такой назвай праекта: «Зберагчы Беларусь!». Сёння чытаем — проста вачам не верым: бо так актуальна, у тэму дня тое гучыць у 2021‑м! Па сутнасці — правільна, толькі падобна да лозунга… І таму вырашылі мы скарыстацца «арсеналам» з казак: мы ж па іх перадачу на радыё, як ужо казалі, вялі. Вось і выбралі «Хаджэнне ў трыдзясятае царства»: тут і гульня ёсць, і глыбокі сэнс, і пад агонь апанентаў не трапляем. А як гуляць у казку, то і падарожную візітку ў такім стылі зрабілі — яна, дарэчы, на ўсіх дзённіках наклеена. І ва ўсіх падпісаны мінскія нашы адрасы, тэлефоны: калі раптам згубім, то можа нехта знойдзе ды верне. На візітцы напісалі «Іван Ждановіч — Валянціна Шымановіч». Эмблема ўрэшце ўзнікла такая: ромб з крыжам унутры ў форме паветранага змея, хвост якога пераўтвараецца ў дарогу, над якой надпіс: «Хаджэнне ў трыдзясятае царства».

З дазволам на перамяшчэнне ў пагранічнай зоне мы крыху зацягнулі справу, але ж яго атрымалі. Збераглася копія дакумента: «Галоўнае ўпраўленне пагранічных войскаў. Галоўнакамандуючаму сп. В. Маркоўкіну. Шаноўны Васіль Фёдаравіч! Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, журналісты Іван Ждановіч і Валянціна Шымановіч, былыя супрацоўнікі рэдакцыі часопіса «Роднае слова», мяркуем з 13 красавіка гэтага года прайсці ўздоўж Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з мэтай вывучэння жыцця беларусаў, іх вераванняў, культуры і падрыхтоўкі матэрыялаў у друк. Просім Вашага дазволу на перамяшчэнне ў памежных раёнах Беларусі ў красавіку-жніўні 1996 года. 9.04.96. Іван Ждановіч, Валянціна Шымановіч».

Цікава, што Іван усе 120 дзён падарожнічаў у прымежных раёнах увогуле без пашпарта: ён быў здадзены на пераафармленне. У дзённіку падклеена часовая даведка з фотаздымкам, выдадзеная ў адным з мінскіх ЖЭСаў. Потым аказалася: пашпарт ужо быў гатовы 16.04.1996 г. Але за тры дні да таго мы пакінулі Мінск — на доўгія чатыры месяцы… Пайшлі «зберагаць» Беларусь. Як маглі, як умелі, як палічылі важным і неабходным у той далёкі ўжо час: на ўскрайку мінулай эпохі, складаных 90‑х.

Іван і Валянціна Ждановічы

Фота аўтараў

Працяг будзе

Друкуецца ў часопісе «Беларусь.Belarus»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.