Вы тут

Беларуская традыцыя ў Нальчыку


У Фондзе культуры Кабардзіна-­Балкарскай Рэспублікі ў чарговы раз прайшла сяброўская вечарына, якую зладзілі тамтэйшыя беларусы


Павел Сідарук і вядучыя вечарыны

Сістэмнасць у працы — вось тое, што ўласціва шэрагу беларускіх суполак у замежжы, досвед якіх мы імкнемся пашыраць. Не сакрэт: можна стварыць суполку ды ўспамінаць пра яе раз на год, ці й радзей. А вось у календары Кабардзіна-Балкарскага грамадскага руху “За яднанне — «Сябры»” ёсць традыцыі, даты, якія ім ніяк не абысці. Вось і нядаўна кіраўнік суполкі Павел Сідарук паведаміў нам: у чарговы раз прайшла імпрэза “«Сябры» збіраюць сяброў”, якую ён з сябрамі, актывістамі руху традыцыйна ладзіць у офісе Фонда культуры КБР. Даслаў і спасылку на публікацыю карэспандэнта РИА “Кабардино-Балкария” пра падзею ў інтэрнэце, на прыгожы фотаздымак у Інстаграм — таксама з імпрэзы, якая адбылася 24 студзеня. Так што грамадскі рух — рухаецца, жыве: як у рэальнай прасторы, так і ў віртуальнай.

На пачатку сустрэчы Павел Сідарук анансаваў: будуць у святочнай праграме песні, танцы, гульні не толькі беларусаў, але й прадстаўнікоў іншых славянскіх народаў. Пажадаў гасцям добрага настрою, прыемных уражанняў ды падзякаваў усім, хто прыйшоў на сустрэчу. А сабраліся на яе прадстаўнікі большасці нацыянальна-культурных цэнтраў КБР.

Пачалася імпрэза з уручэння падзячных лістоў выкладчыкам, якія дапамагалі ладзіць штогадовы конкурс “Мы горскай песні два крылы…” — ён праходзіў і летась. А ў ходзе вечарыны вядучыя й сябры грамадскай арганізацыі “Птицы счастья” звярнулі ўвагу грамады на выстаўленыя ў зале Фонду карціны й творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — гэта выстава прац майстрых рэспублікі. Вялікае ўражанне, напрыклад, выклікаюць лялькі ў нацыянальных касцюмах, зробленыя нальчанкай Верай Місакавай, карціны былой масквічкі Марыі Загорскай.

Далей у праграме гучалі песні, вершы. Выступалі прадстаўнікі розных дыяспар, віншавалі сяброў з Навагодне-Каляднымі святамі. А напрыканцы сустрэчы пачаліся гульні й танцы, у якіх сябе годна паказаў гурт “Каларыт” — ён дзейнічае пры Кабардзіна-Балкарскім грамадскім руху “За яднанне — «Сябры»”.

У перапісцы з Паўлам Сідаруком ён выказаў шкадаванне, што і тыраж, і перыядычнасць выхаду газеты “Голас Радзімы” зніжаецца: сёлета выйдзе не 24, а толькі 12 нумароў газеты. Да таго ж кіраўнік суполкі “За яднанне — «Сябры»” прыводзіць аргументы за тое, каб не знікала з інфаполя менавіта папяровая газета. Бо суполкам яе можна выкарыстоўваць у працы, наладжванні стэндаў і выстаў, дарыць як сувенір тым, хто праяўляе інтарэс да Беларусі, зберагаць цікавыя публікацыі многія гады. У беларускіх суполках замежжа працуюць пераважна тыя, хто засвоіў культуру чытання газет — не кароткіх твітаў у сацсетках. У традыцыйных выданняў ёсць “чытацкія нішы”, дзе яны запатрабаваныя, лічыць Павел Сідарук. А іх сеткавыя, электронныя варыянты попытам не карыстаюцца. Як прыклад прыводзіць газету “Кабардино-Балкарская правда”: у яе разавы друкаваны тыраж — каля трох тысяч экзэмпляраў, а электронную падпіску аформілі не больш за 50 чытачоў.

Іван Іванаў

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?