Вы тут

Анлайн-сустрэча з паэтам


Цікавую імпрэзу зладзілі актывісты нарвскай суполкі “Сябры” ў Дзень роднай мовы — з удзелам паэта Канстанціна Цыбульскага


Хоць каранцінныя абмежаванні ўносяць карэктывы ў дзейнасць беларускіх суполак замежжа, ды актывісты таварыства “Сябры” здолелі адзначыць Дзень роднай мовы разам з сябрамі. Напярэдадні мы разаслалі ўсім запрашэнне на творчую сустрэчу з Канстанцінам Цыбульскім. Імпрэзу зладзілі на платформе Zoom апоўдні 21 лютага.

Канстанцін Цыбульскі — наш сябар. Песні на яго вершы вядомыя, ёсць у рэпертуары гуртоў “Песняры”, “Сябры”, “Бяседа”, “Пліса”, спевакоў. Помніцца, душэўна гучала песня “Зорачка” ў Нарве 6 ліпеня 2019‑га, калі ў гасцях у нас быў ансамбль “Пліса”. І мы, захопленыя творам, зладзілі кантакт з аўтарам верша. Ён прыязна ўспрыняў прапанову аб супрацы, восенню ў Мінску мы сустрэліся. У маі 2020‑га планавалі сустрэцца і ў Нарве, ды перашкодзіў кавід. Сёлета, спадзяемся, зладзім яго творчую вечарыну на сцэне ДК “Ругодив”.

У Zoom-імпрэзе паўдзельнічалі актывісты суполкі “Сябры”, падключылася больш за 30 гасцей з эстонскіх беларускіх таварыстваў (Йыхві, Тарту, Пярну), беларусы з латвійскіх Даўгаўпілса й Рыгі, расійскіх Масквы й Сургута, украінскага Чарнігава, іспанскага Мадрыда, іарданскага Амана. Вось яна, творчасць без межаў! Канстанцін Цыбульскі расказаў пра сваё жыццё ў паэзіі, чытаў вершы, песні спяваў ды адказаў на пытанні. Вітаў імпрэзу і Аляксей Зубко, першы сакратар Амбасады Беларусі ў Эстоніі. Прыемным сюрпрызам для спадара Канстанціна стала тое, што адзін з ягоных вершаў перакладзены на эстонскую мову — тое зрабіла ліцэістка Дарына Дмітрыева, таксама ўдзельніца Zoom-імпрэзы.

Пашырэнне ў свеце роднай культуры, у тым ліку й праз такія сустрэчы, — адзін з важных кірункаў дзейнасці суполкі “Сябры”. Мы лічым, што важна беларусам, дзе б ні жылі, заставацца патрыётамі Бацькаўшчыны. Пра тое, дарэчы, нагадвае і Канстанцін Цыбульскі ў вядомым “Сказе пра ката” “У заморскіх рэстаранах/ Шыкуе блазната…/ А я любіць Айчыну/ Вучуся у ката”.

Віктар Байкачоў, г. Нарва

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.