Вы тут

Выходзіць марка з Птушкай 2021 года


2 сакавіка Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ў супрацоўніцтве з грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) выпусціць у абарачэнне паштовую марку "Звычайны ляляк" з серыі "Птушка года".

У дзень выпуску маркі на Галоўным паштамце Мінска адбудзецца яе спецыяльнае гашэнне на канверце – «Першы дзень». І штэмпель, і канверт таксама прысвечаны Птушцы года, як і картка для картмаксімума.

Над маркай, канвертам, спецштэмпелем і карткай працавалі мастак і арнітолаг Аляксандр Міцянін і дызайнер Марына Віткоўская.

Малы аркуш змяшчае сем марак і купон. На марцы – лагатыпы глабальнай асацыяцыі прыродаахоўных арганізацый BirdLife International і яе партнёра ў нашай краіне – АПБ. Марка выходзіць накладам 35 тысяч асобнікаў.

Звычайны ляляк (па-руску – козодой) быў абраны Птушкай 2021 года галасаваннем на з’ездзе АПБ. Гэта адзіны прадстаўнік атраду лялякападобных у Беларусі (усяго ў свеце налічваецца каля 120 відаў гэтага атраду). Руская назва птушкі – калька з лаціны, як і ў многіх іншых еўрапейскіх мовах. Яна адлюстроўвае сувязь гэтага віду з пашамі і свойскімі жывёламі, вакол якіх лелякі ловяць насякомых. Паходжанне ж беларускай назвы дакладна не вядомае.

Адна з пагроз лелякам, на якую будзе звернута ўвага грамадскасці падчас кампаніі “Птушка года”, – яны нярэдка трапляюць пад колы аўтамабіляў на лясных дарогах, бо любяць адпачываць на асфальце, прагрэтым за дзень сонцам.

Больш пра гэтую скрытную начную птушку, а таксама пра запланаваныя конкурсы ў межах кампаніі “Птушка года” можна даведацца на сайце АПБ: ptushki.org/bird2021.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:

– Наша арганізацыя з 2002 года супрацоўнічае з РУП “Белпошта” і яе Выдавецкім цэнтрам “Марка”. На сёння выйшла 187 беларускіх марак з птушкамі (гл. сайт birdtheme.org). Яны папулярныя не толькі ў айчынных філатэлістаў, але і ў замежных.

Намінал маркі “Р” адпавядае тарыфу на перасылку міжнароднай пісьмовай карэспандэнцыі (лістоў, бандэроляў, дробных пакетаў) масай да 20 г прыярытэтным спосабам.

Цяпер вы зможаце адправіць сябрам ліст з леляком або папоўніць сваю калекцыю марак!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?