Вы тут

Як маляваныя дываны захоўваюць беларускі эпас


У чым адметнасць маляваных дываноў? Навошта нашыя продкі захоўвалі іх у сваіх хатах? Ці актуальны гэты старажытны від мастацтва цяпер? Карэспандэнту «Звязды» падчас персанальнай экскурсіі па Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адказалі на ўсе гэтыя пытанні. І не толькі адказалі, але і паказалі.


Фота Яна Хведчына.

Маляваныя дываны адносяць да жанру народнай творчасці, які актыўна развіваўся ў Беларусі. З-за невялікіх фінансавых магчымасцяў селяніна менавіта такія дываны былі выбраны ім як недарагі спосаб упрыгожыць жытло. Гэтай з'явай у пачатку ХХ стагоддзя зацікавіўся легендарны мастак-вандроўнік Язэп Драздовіч. Ён убачыў хараство народнага маляванага дыванка і, каб захаваць майстэрства, пачаў таксама працаваць у гэтым кірунку. Сусветную вядомасць атрымала творчасць народнай мастачкі Алены Кіш — яна не мела мастацкай адукацыі, хадзіла па вёсках, малюючы часам проста за ежу і дах над галавой. Маляванне дываноў было для яе магчымасцю і зарабіць на жыццё, і выявіць сябе. Не адразу ў грамадстве была ўсвядомлена каштоўнасць гэтых выдатных узораў інсітнага мастацтва, спатрэбіліся намаганні прафесіяналаў-энтузіястаў, якія ратавалі ад знішчэння старыя маляваныя дыванкі, што ўладальнікі адпраўлялі на гарышча, у хлеў, замяняючы на купленыя ў краме. Трэба было яшчэ растлумачыць прыгажосць, незвычайную каштоўнасць гэтых шэдэўраў. Але час расставіў ацэнкі, жанр не толькі дайшоў да нашых дзён, але і атрымаў папулярнасць сярод шырокага кола людзей. Так што паслядоўнікі Язэпа Драздовіча і Алены Кіш жывуць сёння сярод нас, асабліва шмат іх на Віцебшчыне. Нездарма пункт «Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер'я» ў 2016 годзе ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

На выстаўцы «Чароўных слоў увасабленне. Легенды, паданні і казкі Віцебшчыны ў беларускіх маляваных дыванах», якая адкрылася ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, прадстаўлена 38 работ з 14 раёнаў Віцебшчыны. На іх адлюстраваны і лепельскі цмок, і ганчарнае рамяство з Дуброўна, і непасрэдная даніна павагі Віцебску — Марк Шагал. Дываны маюць абавязковую кампазіцыйную структуру: арнаментальная або кветкавая рамка, асноўны малюнак, размешчаны ў цэнтры і, канешне ж, чорная тканіна ў якасці фону. Тэхніка выканання аднолькавая, а вось аўтарскі почырк, каларыт і стылістыка розныя.

Здавалася б, чаму ў літаратурным музее выстаўляюць маляваныя работы? Гэта звязана з тым, што народная творчасць дываноў непарыўна звязана з эпасам. Кожная работа выканана на аснове легенд, паданняў і казак. Найбольш часта на дыванах сустракаюцца русалкі, жар-птушкі, цмокі і нячысцікі. Таксама ў аснову сюжэтаў некаторых узораў ляглі творы класікаў беларускай літаратуры: Янкі Маўра, Уладзіміра Караткевіча і Максіма Багдановіча.

У экспазіцыю ўключаны як работы народных майстроў, так і мастакоў акадэмічнай школы. У наведвальнікаў ёсць магчымасць стаць удзельнікам музейнай акцыі «Падарунак Віцебску» і паспрабаваць сябе ў стварэнні маляванага дывана: аўтар і куратар экспазіцыі «Чароўных слоў увасабленне» Ірына Князева дапаможа зрабіць першыя крокі ў засваенні адмысловай «дыванковай» тэхнікі і намаляваць на падрыхтаваным палатне невялікі сюжэт або фрагмент. Агульнымі мастацкімі намаганнямі створыцца адзін сяброўскі дыван, які будзе вандраваць з асноўнай экспазіцыяй па іншых музеях. Плануецца, што выстаўку пакажуць як у рэгіёнах Беларусі, так і за мяжой.

Экспазіцыя «Чароўных слоў увасабленне» была арганізавана разам з Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці. Убачыць дываны, а таксама паглыбіцца ў свет народнага мастацтва, стаўшы на пэўны час майстрам, можна будзе да 20 красавіка ў Дзяржаўным
музеі гісторыі беларускай літаратуры па вуліцы М. Багдановіча, 13.

Арына КАРПОВІЧ

Загаловак у газеце: «Я па свеце хаджу ды чужыя куты ўкрашаю...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».