Вы тут

Усе пандусы каля пад'ездаў жылых дамоў у сталіцы павінны быць прыведзены ў парадак


На працягу гэтага года ўсе пандусы каля пад'ездаў жылых дамоў у сталіцы павінны быць прыведзены ў парадак. Такое даручэнне даў падчас прамой тэлефоннай лініі старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір КУХАРАЎ, паведаміла БелТА.


Фота БЕЛТА

На прамую лінію мэра патэлефанаваў адзін з жыхароў дома па вуліцы Нікіфарава. У яго было адразу некалькі заўваг да кіраўніцтва ЖЭУ. Дырэктар адмаўляе ў правядзенні дэратызацыі, у рамонце смеццеправода. У пад'ездзе і падвале антысанітарыя. Акрамя таго, пандус у месцы стыку з зямлёй разбураны. «ЖЭУ сцвярджае, што пандус устаноўлены не па праекце, таму рамантаваць яго не будуць», — растлумачыў заяўнік.

«За гэты год усе пандусы, якія ёсць, трэба прывесці ў адпаведнасць. Няхай зробяць бягучы рамонт, дзе неабходна», — даручыў Уладзімір Кухараў генеральнаму дырэктару Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Сяргею Рубанаву.

Нямала званкоў датычылася касметычнага рамонту пад'ездаў. Адна мінчанка выказала сваю нязгоду з тым, што аплата гэтых работ для кожнага жыхара пад'езда разлічваецца зыходзячы з плошчы яго кватэры. Уладзімір Кухараў растлумачыў, што такія нормы закладзены ў новую рэдакцыю Жыллёвага кодэкса, які ўступіў у сілу са студзеня 2020 года.

Пенсіянерка, якая пражывае на вуліцы Талстога, паскардзілася на якасць касметычнага рамонту ў іх пад'ездзе. «З дзевяці паверхаў толькі на трох памылі столі, вокны проста замазалі фарбай, не адчынялі нават. На маім сёмым паверсе дзверы пафарбавалі ў баявую расфарбоўку. І за такую халтуру яшчэ грошы вылічваюць», — абуралася жанчына. Яна здзіўляецца, як такі рамонт наогул мог быць прыняты. «Мы разбяромся. Калі нешта не так, прымусім выканаўцаў перарабіць», — запэўніў Уладзімір Кухараў. І адразу ж даручыў Сяргею Рубанаву вывучыць сітуацыю на месцы.

У гістарычным цэнтры горада на Гарадскім вале пачата будаўніцтва пяціпавярховага адміністрацыйнага будынка з падземнымі гаражамі. Жыхары тутэйшай нізкапавярховай забудовы такім суседствам незадаволеныя. «Прасочым, каб будаўнікі не нашкодзілі навакольнай тэрыторыі», — запэўніў мэр. І даручыў уважліва кантраляваць санітарны стан пляцоўкі каля аб'екта будаўніцтва.

Жыхарка дома па вуліцы Хмяльніцкага, на першым паверсе якога з 1 снежня 2020 года адкрыўся рэстаран грамадскага харчавання, такім суседствам таксама не задаволена. Па яе скарзе былі праведзены замеры шуму, і з 10 лютага па загадзе санстанцыі Савецкага раёна дзейнасць установы прыпыненая. Але ўжо 24 лютага рэстаран зноў адкрыўся, без дазволу. «Прымем меры ў адпаведнасці з заканадаўствам», — запэўніў Уладзімір Кухараў.

Жыхары дома па вуліцы Карвата паскардзіліся на недастаткова гарачую ваду ў доме і яе слабы напор (даводзіцца шмат зліваць, пакуль пойдзе вада патрэбнай тэмпературы), няякасную прыборку. Таксама ў пад'ездзе неўзабаве пасля капітальнага рамонту на пяці паверхах энергазберагальныя асвятляльныя лямпы перагарэлі, але заяўку на замену проста ігнаруюць. Па ўсіх трох пытаннях будзе праведзена праверка.

У цяжкай сітуацыі апынуліся жыхары новабудоўлі на праспекце Міра. З пачатку кастрычніка 2020 года, калі дом быў здадзены, яны зафіксавалі больш за паўсотню парушэнняў, дом малапрыдатны для пражывання. Забудоўшчык не рэагуе, найбліжэйшую сустрэчу з жыхарамі прызначыў наогул на красавік. Чашу іх цярпення перапоўніла тое, што чатыры дні ў кватэрах не было ніякай вады. На «гарачай» лініі жыхарам далі адказ: дом не знаходзіцца на балансе горада (інжынерныя сеткі не перададзены эксплуатацыйным арганізацыям, таму забудоўшчык павінен іх абслугоўваць сам і несці адказнасць). «Камісійна з удзелам Дзяржбуднагляда, адміністрацыі раёна разбяромся з выездам на месца», — паабяцаў Уладзімір Кухараў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Адказ на гэтыя і іншыя пытанні ведае наша гераіня.

Грамадства

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Якой сёння павінна быць маладзёжная газета? Пра што і як размаўляць з моладдзю?

Грамадства

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

15 новых спецыяльнасцяў, у тым ліку чатыры абсалютна новыя, па якіх падрыхтоўка раней нідзе не вялася, адкрыюцца сёлета ў беларускіх ВНУ.