Вы тут

Што не трэба рабіць у садзе вясной


1. Прытоптванне снегу пад дрэвамі

Халоднай вясной у надзеі затрымаць абуджэнне дрэва і засцерагчы яго карані ад маразоў многія ўтоптваюць снег каля ствала. На самай жа справе ўтрамбаваны снег ператвараецца ў шчыльную скарынку, якая можа не растаць да мая. У той час як крона дрэва ўжо абудзілася і пачынае раскрываць пупышкі, карані яшчэ «спяць» і не сілкуюць астатнія часткі расліны. Гэта можа прывесці да аслаблення і нават гібелі маладых дрэў, асабліва костачкавых (вішань, чарэшань, абрыкосаў).

2. Пабелка дрэў

Садовай фарбай або разведзеным мелам дрэвы пакрываюць, каб абараніць кару ад сонечных прамянёў, якія адбіваюцца ў снезе. Таму бяліць дрэвы трэба позняй восенню ці ў канцы зімы. Не паспелі зрабіць гэта да пачатку сакавіка? Тады не марнуйце свой час на вясновую пабелку — яна ўжо непатрэбная.

3. Ранняе зняцце ўкрыцця

Вясновае сонца падманлівае, і нават калі яно на ўсю моц прыпякае, здымаць укрыцці з руж, вінаграду і іншых далікатных раслін яшчэ рана. Замаразкі ў нашай паласе магчымыя да канца мая. Каб з-за неасцярожнасці вясной не пазбавіцца раслін, якія ўдала перазімавалі, прытрымлівайцеся тэрмінаў зняцця ўкрыццяў і не давярайце падступнаму цяплу.

4. Ранняя апрацоўка ад насякомых-шкоднікаў

Паспець правесці першую апрацоўку саду ад насякомых трэба да таго, як на дрэвах распусцяцца пупышкі. Але хтосьці спяшаецца і пачынае апырскваць дрэвы і кусты яшчэ пры мінусавых тэмпературах. Карысці ад гэтай працэдуры чакаць не варта, а вось нашкодзіць яна здольная. Па-першае, насякомыя яшчэ не прачнуліся і спакойна зімуюць у грунце, пад снегам, у раслінных рэштках, а значыць, апрацоўка іх не закране. Па-другое, трапляючы ў трэшчынкі на кары, кроплі раствору могуць расшырацца пры начных замаразках і парушаць цэласнасць ствала і галін, ствараючы «вароты» для інфекцый.

5. Грубае страсанне снегу і лёду з дрэў

Некаторым не цярпіцца пачаць работы ў садзе, і іх не бянтэжыць той факт, што дрэвы яшчэ захутаныя снегам або пакрытыя ледзяной скарынкай. І такія энтузіясты пачынаюць калаціць палкамі па галінах і ствалах, збіваючы з іх зімовыя ўборы. Даказана, што апошняе прывядзе да траўміравання дрэў, іх аслаблення і доўгага аднаўлення. Страсаць снег з галін трэба толькі ў тым выпадку, калі ён вільготны, яго вельмі многа і гэта пагражае дрэву разломамі. Такую працэдуру праводзяць акуратна, абматаўшы палку некалькімі пластамі тканіны.

6. Раскідванне арганічных угнаенняў па снезе

Існуе меркаванне, што ўгнойваць сад можна яшчэ да таго, як растане снег. Для гэтага дастаткова раскідаць у стратэгічных месцах попел, торф ці перагной, і тады вы атрымаеце адразу два плюсы — паскоранае раставанне снежнага покрыва і падкормлены грунт. На самай жа справе гэтая тэорыя лжывая і ў выніку ўсё атрымаецца зусім інакш. На снезе, які тае днём і замярзае ноччу, утворыцца ледзяная скарынка, якая будзе сходзіць значна даўжэй, а з талымі водамі ўсе пажыўныя рэчывы сплывуць.

7. Спальванне травы

Нягледзячы на тое, што спальванне травы забаронена, колькасць тых, хто такім чынам ачышчае свае тэрыторыі пасля зімы, практычна не змяншаецца. Але ў агні гіне мноства карысных насякомых, а ад награвання верхняга пласта глебы ў ім распадаюцца гумінавыя рэчывы, і яе ўрадлівасць рэзка зніжаецца.

8. Купля саджанцаў, якія прачнуліся

Лепш за ўсё купляюць тыя саджанцы, якія ўжо выпусцілі лісточкі, далі бутоны або раскрылі кветкі. З аднаго боку — гэта відавочная прыкмета таго, што расліна жывая і актыўна развіваецца. Аднак, з другога, пры адкрытай каранёвай сістэме і распачатым працэсе вегетацыі саджанец практычна асуджаны на пагібель. Купляць кусты, кветкі і дрэвы, якія прачнуліся, можна толькі ў кантэйнерах. Тое ж самае датычыцца вясновых цыбульных. У гэтым годзе яны ўжо не зацвітуць, і ці дажывуць да наступнага пасля такой несвоечасовай высадкі — вялікае пытанне.

9. Несвоечасовая высадка саджанцаў і расады

У велізарным патоку спраў на дачы лёгка забыцца пра прывезеныя на ўчастак саджанцы або расаду. Для саджанцаў з адкрытай каранёвай сістэмай або забытай на санцапёку расады гэты час можа стаць фатальным. Памятайце, што пра такіх зялёных гадаванцаў трэба клапаціцца ў першую чаргу і купляць саджанцы, калі для іх ужо падрыхтаваны пасадачная яма і грунт, а для расады — сховішча ў цяні.

10. Нерацыянальнае размеркаванне нагрузак

Каб у разгар працоўных здзяйсненняў не выбыць са строю, не перашчыруйце — за зіму ваша цела адвыкла ад фізічных нагрузак, сонца і характэрных для дачы поз. Неразумна меркаваць, што за пару дзён вы ўсё ўскапаеце, потым усё пасееце. Старайцеся разнастаіць віды нагрузак і абавязкова знаходзьце час для адпачынку.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.