Вы тут

З практыкі маёра Рая. Як знайсці падыход да падлетка?


Памыліцца ў жыцці можа кожны. Але вельмі важна дапамагчы чалавеку выправіць хібу, пакуль яна не перарасла ў нешта большае. Адзін з краевугольных камянёў у гэтай стратэгіі — паважлівае стаўленне да свайго візаві, кім бы ён ні быў. Гэтай тактыкі прытрымліваецца начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх міліцыі грамадскай бяспекі АУС Жыткавіцкага райвыканкама маёр міліцыі Уладзімір Рай. У афіцэра мы распыталі, наколькі цяжка працаваць з падлеткамі ў невялікім горадзе.


«З дзяўчатамі працаваць прасцей»

Уладзімір Рай прыйшоў у міліцыю не адразу. Спачатку ён скончыў Мазырскі педагагічны ўніверсітэт. Пасля размеркаваўся ў спартыўную школу на сваю радзіму ў Жыткавічы. А пасля надышоў этап, які бывае ў жыцці кожнага хлопца, — павестка ў ваенкамат. Нашага героя прызналі прыдатным да службы і накіравалі служыць ва ўнутраныя войскі на год. Гэта і падштурхнула да таго, каб змяніць прафесію. Дзесяць гадоў адпрацаваў участковым інспектарам. Тры гады таму ўзначаліў інспекцыю па справах непаўналетніх.

— Але навыкі, атрыманыя калісьці ва ўніверсітэце, вельмі дарэчы пры рабоце з падлеткамі цяпер. Ёсць жа вядомае правіла: у вас ніколі не будзе другога шанцу зрабіць аб сабе першае ўражанне, — заўважае Уладзімір Рай. — І наша задача — не запалохаць хлопчыка ці дзяўчынку, а даць ім зразумець, што мы хочам дапамагчы ім як мага хутчэй сысці з крывой дарожкі. Які ж самы лепшы вынік гэтай работы можа быць? Канешне, калі юнак больш не парушае закон, гэта добра. Але калі ён цябе сустракае на вуліцы і вітаецца, дзеліцца сваімі праблемамі, перажываннямі, то гэта вельмі дарагога варта. Ёсць хлопцы, якія паехалі вучыцца ў іншыя гарады, атрымалі адукацыю, працаўладкаваліся. Я рады за іх, што яны збочылі з пакручастай сцяжыны, што ў іх усё атрымалася. Не засталіся сам-насам з праблемай.

Калі ж звяртацца да кантынгенту, з якім даводзіцца працаваць інспектарам па справах непаўналетніх, то суадносіны хлопчыкаў і дзяўчынак размяркоўваюцца прыкладна 80/20 — закон Парэта працуе і тут. Пераважна падлеткі незалежна ад полу трапляюць у поле нашага зроку праз злоўжыванне спіртнымі напоямі ці дробныя крадзяжы. Апошнім часам набіраюць папулярнасць крадзяжы пры дапамозе камп'ютарных тэхналогій і язда за рулём без правоў.

Але ёсць і адрозненні.

— Напрыклад, быў у нас выпадак, калі дзве дзяўчыны «не падзялілі» хлопца і пабіліся на дыскатэцы. На шчасце, справа скончылася няцяжкімі пашкоджаннямі. Але гэтага хапіла, каб атрымаўся склад злачынства. Адначасова трэба адзначыць, што з дзяўчатамі і працаваць прасцей, — кажа Уладзімір Рай. — Яны больш дарослыя ў псіхалагічным плане. І вось не прыпомню тых, якія б здзейснілі рэцыдывы. Наадварот, яны пасля ствараюць сем'і і жывуць звычайным жыццём...

«Маці сама старалася дапамагчы сыну трапіць у «спецшколу»

А вось наступная гісторыя здаецца на першы погляд парадаксальнай.

— Мы можам накіраваць падлетка, які не раз парушыў закон, на год у спецыяльную навучальную ўстанову закрытага тыпу — так званую спецшколу. Дык вось, у маёй практыцы быў выпадак, калі маці старалася ўсяляк дапамагчы сыну трапіць туды і сама збірала пэўную частку дакументаў, у тым ліку ў паскораным парадку. Здавалася б, як такое можа быць? А разгадка простая, калі паглядзець на біяграфію падлетка. Яму тады было 16 гадоў. Пасябраваў з алкаголем, трапіў у дрэнную кампанію. Нейкім іншым шляхам ізаляваць ад яе проста не атрымлівалася. Праз гэта здзяйсняў дробныя правапарушэнні. Яго папярэджвалі аб тым, што ён можа адправіцца ў спецшколу, але «жоўтая картка» хлопца не спыніла... Увогуле, Жыткавіцкі раён насамрэч — не вельмі ціхі ў плане падлеткавай злачыннасці, — лічыць Уладзімір Рай. — Мы знаходзімся на стыку трох абласцей, што накладвае сваю спецыфіку. Напрыклад, аднойчы аказвалася, што падлеткі з суседняй Століншчыны любяць ездзіць да нас, кіруючы аўтамабілем, але, натуральна, не маючы правоў.

— З падлеткамі, якія аднойчы аступіліся, трэба працаваць. Машыну часу, каб адагнаць падзеі назад і не парушаць закон, пакуль не вынайшлі. А значыць, трэба правесці разбор таго, што адбылося. І, канешне ж, зрабіць «заданне на заўтра» — каб юнак ці дзяўчына больш не траплялі ў поле зроку міліцыянераў.

— Чамусьці існуе думка, што інспектары па справах непаўналетніх спрабуюць уздзейнічаць на дзяцей, чытаючы ім нудныя натацыі. Насамрэч гэта далёка не так. Канешне, мы праводзім прафілактычныя гутаркі, але ў любым разе прапануем не маналог, а дыялог. Напрыклад, паглядзелі фільм прававой скіраванасці і тут жа яго разам абмеркавалі, знайшлі адказы на ўсе пытанні, — заўважае Уладзімір Рай. — А каб стаць бліжэй да падлеткаў, рэгулярна праводзім спартыўныя турніры. Як толькі юнак да нас трапляе, мы распытваем пра яго зацікаўленасці і пасля ствараем невялікія каманды. Былі ў нас спаборніцтвы па футболе, міні-футболе, валейболе. Праўда, цяпер, пакуль зіма і каранавірус, гэта пастаўлена на паўзу. Хоць улетку, напрыклад, праводзяцца турыстычныя злёты на абласным узроўні. А Светлагорск рэгулярна прымае турнір па міні-футболе. Таксама стараемся зладзіць экскурсіі для нашых падапечных.

— Наколькі складана знайсці падыход да падлеткаў? Кожны з іх — індывідуальнасць...

— У нас тры інспектары па справах непаўналетніх. Раз на месяц абавязкова сустракаемся з дзецьмі. Сказаць па праўдзе, складана працаваць з замкнутымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Мы не стараемся іх неяк запужаць, не, а размаўляем на роўных. Існуе думка, што калі падлетак трапіў да нас, то гэта ставіць нейкае кляймо на яго далейшым жыццёвым шляху. Насамрэч гэта зусім не так. Улік быў адменены некалькі гадоў таму. Умоўна кажучы, папрацавалі год з падлеткам, ён прызнаў, што памыліўся, больш закон не парушае — і мы да яго прэтэнзій не маем...

«Сваяк» ідзе ў лузу

Ва Уладзіміра Рая ёсць незвычайнае на першы погляд захапленне ў вольны час — разьба па дрэве. Некалькі гадоў таму ён зрабіў нават більярдны стол. Спатрэбілася на гэта каля двух тыдняў — вольнага часу праз працу і клопаты па доме, на жаль, застаецца не так шмат. Каля тыдня сышло на крэсла-качалку. Шмат дробных вырабаў раздаў родным, блізкім, сваякам...

— Гуляць у більярд пачалі з сябрам яшчэ ў школьныя гады. Вельмі падабаўся працэс разліку ўдару, перамяшчэння ўздоўж стала... Аднойчы я сядзеў у інтэрнэце, дзе глядзеў навучальныя відэа па тэме «зрабі сам». Адзін з ролікаў і дэманстраваў, як самому зрабіць більярдны стол. І неяк я гэтай ідэяй захапіўся, — прыгадвае Уладзімір Рай. — Але ледзь знайшоў вольны час для работы. А тут неспадзявана паўстала праблема з выбарам памяшкання. Більярдны стол сам па сабе не такі маленькі па памерах, а яшчэ вакол жа яго трэба ўвесь час хадзіць і не адчуваць ніякіх перашкод. Прыбаўленне ў сям'і падштурхнула да таго, каб пабудаваць у доме другі паверх. Вось стол там і «прапісаўся». У рускі більярд гуляю я з сябрамі, дзеці таксама вучацца... Насамрэч гульня вельмі карысная. Развівае вакамер, аналітычныя здольнасці, ды і часам можа вельмі заспакоіць і дапамагчы сабрацца з думкамі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?