Вы тут

Куды зніклі дзядулі?


Гартаючы стужку адной вядомай сацсеткі, чапляюся за пост віртуальнага сябра. Некалькі разоў перачытваю спадара Сяргея: «Мы многае разгубілі. У каталозе страт — самыя нечаканыя рэчы. Кудысьці зніклі дзядулі. Дзядуля — гэта не проста муж бабулі. Гэта добры чалавек з разумнымі вачыма, з сівой барадой і напрацаванымі рукамі. У  тую далікатную пару жыцця, калі вы пазнаяце свет, дзядуля павінен садзіць вас на калені і расказваць аб далёкіх зорках і вялікіх героях. Такія дзядулі кудысьці зніклі. Прычым бабулі засталіся. Яны нават адчулі сябе гаспадынямі становішча. Няма каму на іх прыкрыкнуць. Няма каму паставіць іх на месца. Бабулі зашпільваюць вам гузікі і кормяць вас маннай кашай. А хіба можа вырасці з чалавека нешта слушнае, калі ў дзяцінстве ён не чуе аб зорках і вялікіх людзях?»


Мне пашанцавала: у мяне былі два дзядулі. Абодвух я памятаю. Дзядуля Валодзя, бацька мамы, усё жыццё адпрацаваў на чыгунцы. Таму не дзіва, што ён шмат расказваў нам пра паравозы і электрычкі, чыгуначныя пуці, адметныя станцыі, дзе сам пабываў. Я памятаю, як ён павольна рухаўся па сваёй гарадской кватэры, браў з паліцы кнігу з прыгожай вокладкай, садзіўся ў сваё ўлюбёнае мяккае крэсла — і мы, яго чацвёра ўнукаў, затойвалі дыханне ў чаканні чарговай казкі. Пакуль бабуля завіхалася на кухні, дзядуля Валодзя даставаў са сваіх тайнікоў цукеркі і частаваў нас. А яшчэ ён вадзіў нас на каруселі — для мяне, вясковай дзяўчынкі, гэта была вялікая падзея! Браў нас з сабой на базар, дзе абавязкова нешта набываў, частаваў марожаным у кафэ. Ён памёр, калі мне было ўсяго дзевяць гадоў. Зусім трохі не хапіла, каб дзед расказаў мне і пра вялікіх людзей, і пра далёкія зоркі...

Другі дзядуля, па бацькавай лініі, быў зусім іншы, амаль поўная процілегласць дзядулю Валодзю. Заўжды рухавы, у працы з ранку да вечара — яму не было калі чытаць унукам казкі ды вадзіць іх на шпацыры. Вялікая гаспадарка, праца ў полі, на прысядзібным участку — жыццё ў вёсцы патрабавала шмат клопату. Праўда, на сваіх нашчадкаў ніколі не забываўся. У дзядулі Івана быў уласны метад выхавання: да таго, што рабіў сам, далучаў і нас. Асабліва шанцавала старэйшым, хлопцам. Разам з дзедам яны касілі сена і зграбалі яго ў стагі, пілавалі і насілі ў паветку дровы, адзявалі спецыяльнае абмундзіраванне і даставалі з вулляў мёд, збіралі вінаград, а пасля ціснулі з яго віно... Нас жа, дзяўчат, дзед браў з сабой у лес, у поле, на возера, часта мы пасвілі з ім кароў. Самае цікавае, што нас ніхто не прымушаў. Проста з дзядулем было так цікава, што мы навыперадкі «наймаліся» да яго ў памагатыя. А рабіць тое ж, што і ён, старэйшы ў нашым родзе, азначала, што мы станавіліся дарослымі, чаго нам вельмі хацелася. Толькі цяпер разумееш, што гэта былі сапраўдныя ўрокі чалавечнасці. І зусім не абавязкова было гаварыць з намі пра вялікіх людзей і далёкія зоркі...

Пашанцавала з дзедам і майму сыну. На жаль, аднаго дзеда ён ніколі не бачыў: бацька мужа заўчасна пайшоў з жыцця. Але ўпэўнена, што дзядуля Алег мог бы шмат чаго расказаць Цёміку, шмат чаму навучыць (дзякуючы бацькавай навуцы ў майго мужа «залатыя» рукі). За дваіх гэтую пачэсную ролю выконвае мой бацька — дзядуля Іванавіч, як называе яго Арцём. Сказаць, што ён для малога аўтарытэт — не сказаць нічога. Гэтыя амаль тры гады, што я знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку, бацька выхоўвае майго сына нароўні са мной. Ён гуляе з ім на вуліцы і дома, чытае яму казкі, калі я адлучаюся з дому, кладзе малога спаць. Яны разам ядуць, збіраюць ягады, выбіраюць на агародзе моркву і буракі, чысцяць снег, выбіваюць дыванкі, лушчаць фасолю... Менавіта дзякуючы дзеду маё амаль трохгадовае дзіця ведае больш як дзясятак чатырохрадкоўяў, ды такіх, што і я чула іх упершыню! Дзед навучыў Цёміка рамантаваць свае цацачныя трактары, чысціць перад выхадам на вуліцу боты і абавязкова складваць пасля гульні цацкі. Я ўпэўнена, што праз некалькі гадоў, калі ўнук падрасце, дзед Іван абавязкова раскажа яму і аб далёкіх зорках, і аб вялікіх людзях.

Дык куды ж зніклі дзядулі? У нас, дзякуй богу, нікуды не знікалі. Камусьці пашчасціла менш. Сапраўды, у асноўным бабулі забіраюць сваіх унукаў з дзіцячых садкоў, вядуць іх у першы клас, а потым выпраўляюць у войска. На дзіцячых пляцоўках з малымі — бабулі, яны ж і ў аўтобусах, у чарзе да педыятра, за дзвярыма музычных школ і спартыўных секцый. А дзядулі, у лепшым выпадку, кіруюць прадпрыемствамі ці пасля рабочай змены хутчэй спяшаюцца адпачыць на канапе, шукаючы па тэлебачанні патрэбную праграму ці цікавы дэтэктыў. Яны заняты лецішчам, рамонтам, рыбалкай, гульнёй у карты, і ім нават у галаву не прыходзіць, што побач расце той, каму як паветра патрэбна пачуць і пра вялікіх людзей, і пра далёкія зоркі...

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?