Вы тут

У Мінску адзначылі 125-годдзе з дня нараджэння Кандрата Крапівы


У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшоў вечар, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Кандрата Крапівы. Унучка знакамітага творцы, апантаная захавальніца памяці не толькі пра пісьменніка, але і пра эпоху, якая звязана з Кандратам Кандратавічам, кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык кафедры дызайну моды БДУ Алена Атраховіч падзялілася сваімі ўспамінамі.


— Калі я вывучала жыццё свайго дзеда, знаёмілася з дакументамі, літаратурай, высветліла, што пра яго напісана вельмі шмат, аднак галоўным чынам гэта літаратуразнаўчыя артыкулы ці кнігі пра яго навуковую работу. А пра яго як чалавека літаратуры не хапала. Часта мы можам заўважыць, што вобраз знакамітага чалавека з цягам часу бранзавее, ператвараецца ў пэўную схему. Каб гэтага не здарылася, я вырашыла напісаць кнігу пра свайго дзеда, дзе расказваю пра яго менавіта як унучка, якая яго добра памятае, эмацыянальна.

У кнізе, што выйшла летась у выдавецтве «Мастацкая літаратура», сабраныя ўспаміны родных, у тым ліку жонкі Кандрата Крапівы. Пададзена багата малавядомых фактаў пра пісьменніка. Усе ведаюць байкі і п'есы народнага пісьменніка, а вось яго драматычныя творы не так «раскручаны», хоць сам Кандрат Кандратавіч часам жартаваў, што «не падпісваў дамову быць толькі сатырыкам» . Апошняя яго п'еса «На вастрыі» распавядае пра маральна-этычныя праблемы медыцыны. Некаторыя яго творы — сведчанне эпохі, як, напрыклад, п'еса «Партызаны».

Ніхто, акрамя самых блізкіх людзей, не ведаў, што п'есу «Проба агнём», якую Кандрат Крапіва напісаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, ён прысвяціў свайму старэйшаму сыну, які загінуў падчас Сталінградскай бітвы, Барысу Атраховічу. Галоўнага героя п'есы таксама завуць Барысам. Толькі на літаратурных старонках Барыс застаецца жывы. Назаўсёды.

Гэтай сямейнай трагедыяй Алена Атраховіч таксама вырашыла падзяліцца. У сям'і захаваліся лісты з фронту, што прыходзілі ад Барыса, а ў іх — боль і жахі, праз якія ў гады вайны прайшлі раскіданыя, разлучаныя сем'і. Так, Барыс у лісце да бацькі прызнаваўся, што пасля весткі пра бамбёжкі Мінска баяўся, што страціў сваю сям'ю: «Я ўжо быў падрыхтаваны да таго, што пасля вайны не сустрэну ні родных, ні сяброў, што давядзецца прабіваць сабе дарогу самому без усялякай дапамогі. Адзін. Як гэта жудасна гучыць. Уяві сабе дрымучы лес. Навокал змрок, цемра, і ты ідзеш адзін не па пратаптаных сцежках, а прадзіраешся праз дрымучае кустоўе і зараснік, і навокал толькі дзікія звяры, гатовыя кожную хвіліну разарваць цябе на кавалкі. А ты адзін, без надзеі, без падтрымкі, без абароны». Дарэчы, па ваенных лістах сына Кандрата Крапівы рэжысёрам Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Алегам Вінярскім быў створаны радыёспектакль «Пісьмы, вернутыя з небыцця», урыўкі з якога прагучалі падчас памятнай сустрэчы ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Багата ўспамінаў пра Кандрата Крапіву пакінулі яго сябры і калегі, яны таксама выкарыстаны ў рабоце Алены Атраховіч. Так, у пасляваенныя гады, калі Кандрат Крапіва ўзначаліў часопіс «Вожык», з ім працавала Лідзія Арабей, якая прызнавалася, што Кандрат Кандратавіч быў немнагаслоўны, усміхаўся даволі рэдка, нібы саромеючыся, што на той час здавалася дзіўным, бо ад сатырыка чакалі іскрыстай весялосці і россыпу вострых слоў. Яна пакінула яркія замалёўкі з жыцця часопіса: «У той час у «Вожыку» працавалі Максім Танк, Максім Лужанін, Янка Брыль, і хоць тады яны былі не такія знакамітыя, як сёння, але талент асвятляў іх размовы і друкаваныя радкі. Разы два на месяц у рэдакцыі праводзіліся так званыя тэмныя нарады, абмяркоўваліся тэмы для сатырычных малюнкаў, што потым выконваліся мастакамі... Спіс тых, хто не мог падвяргацца сатырычнаму асмяянню, быў даволі доўгі, і знаходзіць дазволеныя тэмы бывала цяжкавата. І ўсё ж яны знаходзіліся і, калі іх зачытвалі, маладыя хлопцы-супрацоўнікі выбухалі рогатам, толькі Кандрат Кандратавіч чырванеў і сціпла ўсміхаўся. Бывала, што прапаноўваліся тэмы, якія нельга было прыняць, без гумару, нецікавыя. Тады ўсе маўчалі, чакаючы рэакцыі галоўнага рэдактара — ён мусіў вынесці канчатковы прысуд. І Кандрат Крапіва зноў чырванеў і тут нейкім трапным словам даваў аўтару зразумець, што зрабіць па ёй вясёлы малюнак аніяк немагчыма. А бывала і так, што з нецікавай нявострай тэмы Кандрат Кандратавіч рабіў, як той казаў, залатое яечка. Паварочваў яе іншым бокам — і тэма рабілася вясёлай, смешнай. Часам і ён прапаноўваў тэму для сатырычнага малюнка і тут вельмі трапна пападаў у цэль».

На творчую сустрэчу завіталі і героі баек Крапівы — з малой радзімы пісьменніка прыехалі навучэнцы сярэдняй школы № 2 імя Кандрата Крапівы, удзельнікі тэатральнай студыі «Вітамін».

Таксама ў музеі адкрылася часовая экспазіцыя, дзе можна ўбачыць фатаграфіі, дакументы і асабістыя рэчы Кандрата Крапівы.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».