Вы тут

1629 беспрацоўных атрымалі субсідыі на арганізацыю прадпрымальніцкай і рамеснай дзейнасці


У 2020 годзе служба занятасці выдзеліла 1629 беспрацоўным субсідыі на арганізацыю прадпрымальніцкай і рамеснай дзейнасці, аказанне паслуг у сферы аграэкатурызму — на агульную суму 4,7 млн рублёў, паведамілі на сайце Мінпрацы і сацыяльнай абароны насельніцтва.


Большасць атрымальнікаў — 1324 беспрацоўныя — выкарысталі гэтыя сродкі для адкрыцця ўласнай справы. 1249 чалавек, якія атрымалі субсідыю, прайшлі яшчэ і навучанне асновам прадпрымальніцтва. Яшчэ 291 чалавек атрымаў матэрыяльны стымул на рамесніцтва. 14 чалавек хацелі пачаць аказваць паслугі ў сферы аграэкатурызму з дапамогай дзяржавы.

Пры гэтым 10 беспрацоўных арганізавала прыватнае ўнітарнае прадпрыемства, пяць чалавек арганізавала сялянскую (фермерскую) гаспадарку.

Сярод атрымальнікаў субсідый нямала і жанчын — 44,4 %. У прыватнасці 586 беспрацоўных беларусак, дзякуючы дапамозе дзяржавы змаглі арганізаваць прадпрымальніцкую дзейнасць, 131 грамадзянка скарысталася субсідыяй на рамёствы, сем — на арганізацыю паслуг аграэкатурызму.

Арганізацыя самазанятасці аказала падтрымку 16 беспрацоўным ва ўзросце да 21 года, якія ўпершыню шукалі работу, і 49 грамадзянам з абмежаванымі магчымасцямі.

Часцей за ўсё субсідыяй карыстаюцца беспрацоўныя, каб адкрыць бізнес у рознічным гандлі (304 атрымальнікі ў 2020 годзе); аказваць паслугі ў галіне будаўнічых, аддзелачных, электрамантажных, сантэхнічных і іншых рамонтных работ (227 беспрацоўных); аказваць цырульніцкія і касметычныя паслугі (146); для арганізацыі работы грузавога аўтамабільнага транспарту і таксі (107); для абслугоўвання і рамонту аўтамабіляў (60); для вытворчай дзейнасці (54); для сельскагаспадарчай вытворчасці (23); іншых відаў бізнесу (403).

Субсідыя даецца ў памеры 11-кратнай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ), які дзейнічае на дату заключэння з беспрацоўным дагавора аб аказанні падтрымкі.

Пры арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, аказання паслуг у сферы аграэкатурызму, рамеснай дзейнасці беспрацоўнымі, зарэгістраванымі па месцы жыхарства ў малых гарадах і раёнах з высокай напружанасцю на рынку працы, а таксама ў сельскіх населеных пунктах, субсідыя выдзяляецца ў памеры 15-кратнай велічыні БПМ.

Калі ж бізнес звязаны з укараненнем вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак (аб'ектаў права прамысловай уласнасці: вынаходства, карыснай мадэлі, прамысловага ўзору, сорту расліны, тапалогіі інтэгральнай мікрасхемы), субсідыя роўная ўжо 20 БПМ.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

 Варта разумець, што дыеты такога тыпу — радыкальны метад, які мае шмат мінусаў.

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.