Вы тут

Бяспека — справа калектыўная


Пасяджэнне Пастаяннай камісіі Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы па палітычных пытаннях і міжнародным супрацоўніцтве прайшло на гэтым тыдні ў фармаце відэаканферэнцыі. Беларускую дэлегацыю на ім прадставілі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па нацыянальнай бяспецы і міжнародным супрацоўніцтве Сяргей РАЧКОЎ і член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей ДЗІК.


На парадак дня былі вынесены дзевяць пытанняў, якія датычыліся задач на бягучы перыяд, што ставіць перад сабой краіна, якая сёлета выступае старшынёй у гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі. На цяперашні момант дадзеную функцыю выконвае Таджыкістан. З прыярытэтамі краіны сваіх калег пазнаёміў старшыня камітэта Маджлісі намаядаган Маджлісі Алі Рэспублікі Таджыкістан па правапарадку, абароне і бяспецы Рустам ШАХМУРОД.

Адной са змястоўных тэм на парадку дня былі стан і тэндэнцыі ў развіцці міжнароднай палітычнай абстаноўкі ў зоне адказнасці АДКБ і прылеглай тэрыторыі, мерах па далейшым удасканаленні сістэмы калектыўнай бяспекі і яе прававым забеспячэнні.

Парламентарыі разгледзелі сучасныя пагрозы і выклікі, якія стаяць перад краінамі — удзельніцамі АДКБ па ўсім перыметры граніц краін, якія ўваходзяць у гэты дагавор.

— Тэма вельмі актуальная і тут прагучалі перасцярогі — нашымі апанентамі канцэнтруецца ўвага вакол краін Цэнтральнай Азіі і постсавецкай прасторы, з якой вылучаецца Украіна як магчымы інструмент, які будзе выкарыстаны супраць краін — удзельніц АДКБ, — падкрэсліў у размове з карэспандэнтам «МС» Сяргей Рачкоў.

Акрамя таго, адна з актуальных тэм, якую цалкам падтрымала беларуская дэлегацыя, адлюстравана ў праекце заявы Савета Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы аб недапушчальнасці замежнага ўмяшання ў выбарчыя працэсы дзяржаў — краін Арганізацыі.

У ёй ідзе гаворка аб тым, што праект заявы падрыхтаваны з улікам выбараў, якія прайшлі ў шэрагу дзяржаў — членаў Арганізацыі ў 2020 годзе, і ўнутрыпалітычных падзей, што адбыліся пасля іх. Гэтыя падзеі былі шмат у чым справакаваныя звонку і з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

У той жа час вынікі непасрэднага і дыстанцыйнага міжнароднага нагляду за выбарамі, у тым ліку і выбарамі, якія адбыліся ў пачатку 2021 года, пацвярджаюць сталасць і ўстойлівасць выбарчых сістэм дзяржаў — членаў АДКБ, свабодны, адкрыты, канкурэнтны характар выбараў, іх поўную адпаведнасць агульнапрызнаным універсальным і рэгіянальным міжнародным абавязацельствам дзяржаў-членаў і іх нацыянальнаму заканадаўству ў гэтай галіне.

Тым не менш, апошняе не перашкодзіла асобным міжнародным субрэгіянальным парламенцкім арганізацыям падвергнуць выбарчыя сістэмы краін — удзельніц АДКБ неаб'ектыўнай крытыцы і ацэнцы, пры поўным ігнараванні відавочных фактаў прамога і ўскоснага ўмяшання ў ход выбараў з боку заходніх удзельнікаў.

Не былі імі асуджаны факты шырокага выкарыстання дасягненняў інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для сістэматычных інфармацыйных укідаў, накіраваных на расслаенне і палярызацыю грамадства, правакацыю электарата да радыкальных дзеянняў.

Гэта, безумоўна, сведчыць аб палітычнай ангажаванасці такіх дзеянняў і ацэнак, выкарыстанні двайных стандартаў і дэградацыі палітычнай культуры.

Праект заявы адзначае антыдэмакратычныя факты, а таксама канстатуе адпаведную калектыўную рэакцыю на іх як на прамую пагрозу суверэнітэту і нацыянальнай бяспецы дзяржаў — членаў Арганізацыі, падкрэслівае недапушчальнасць умяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў — членаў АДКБ і неабходнасць прыняцця мер па ўзмацненні нацыянальнага нагляду за замежнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, а таксама асуджае грубае парушэнне асноўных дэмакратычных прынцыпаў і свабод у глабальных інфармацыйных сетках і ўтрымлівае заклік, адрасаваны міжнародным, у тым ліку парламенцкім, арганізацыям, па адэкватнай ацэнцы такіх фактаў з іх боку.

Праект гэтай заявы вынесла на абмеркаванне парламенцкая дэлегацыя Дзяржаўнай думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі і была цалкам падтрымана беларускай дэлегацыяй. Праект дакумента накіраваны для разгляду ў нацыянальныя парламенты краін — удзельніц АДКБ. Наступным крокам павінен стаць разгляд на Савеце Парламенцкай Асамблеі гэтай арганізацыі, правядзенне якога запланавана ў канцы сакавіка.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.