Вы тут

«Тут быў...» Што пісалі пяцьсот гадоў таму на сценах і камянях


Дацэнт кафедры дапаможных дысцыплін і методыкі выкладання гісторыі БДПУ імя М. Танка, кандыдат гістарычных навук Іна Калечыц — першы і пакуль адзіны спецыяліст у Беларусі, які займаецца эпіграфікай. Вось ужо амаль 20 гадоў яна вывучае старажытныя надпісы на каменнях, кераміцы, металах і іншых матэрыялах, якія выкарыстоўвалі замест паперы ў тыя далёкія часы, калі яе яшчэ не было.

Пра тое, як нечакана для сябе захапілася навукай, пра «галасы» даўно памерлых продкаў, якія чуе з глыбіні стагоддзяў, пра радасць, якую адчувае, папаўняючы скарбонку ведаў аб мінулым, мы і пагаварылі з маёй суразмоўніцай.


Знайсці сваё прызванне

— Навукай занялася нечакана для сябе, — прызнаецца Іна Леанідаўна. — Я філолаг па спецыяльнасці, выкладчык рускай мовы і літаратуры. Выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок і была цалкам сабой задаволеная. Калі другі дэкрэтны адпачынак падышоў да канца, хацела вярнуцца ў школу, але мяне не ўзялі, палічыўшы, мусіць, што ад мамы дваіх маленькіх дзяцей больш клопатаў, чым толку. Тады ўладкавалася лабаранткай на кафедру дапаможных дысцыплін і методыкі выкладання гісторыі БДПУ імя М. Танка. Археолаг Леанід Уладзіміравіч Калядзінскі, ведаючы пра мой валанцёрскі вопыт удзелу ў археалагічных раскопках, параіў паступіць у аспірантуру і заняцца вывучэннем эпіграфічных крыніц.

Так пачаўся яе «раман» з эпіграфікай. Тады Іна Леанідаўна нават не ўяўляла, якія складанасці чакаюць яе наперадзе. Можа, таму і не спалохалася асвойваць навуковую «цаліну». А потым настолькі захапілася работай, што ўжо гатова была пераадольваць любыя цяжкасці. Летась ёй упершыню выдзелілі фінансаванне даследаванняў. Да гэтага Іна Калечыц сама зарабляла на тое, каб праводзіць іх. У некаторыя гады ў Полацку, дзе вывучала графіці ў Спаса-Праабражэнскай царкве, праводзіла часу больш, чым у Мінску. У тым ліку і свае адпачынкі. Добра, што дазволілі жыць пры манастыры, дый харчавалася ў яго трапезнай.

Іна Леанідаўна Калечыц — аўтар манаграфіі «Эпіграфіка Беларусі X—XІV стст.». Сёлета ў маскоўскім выдавецтве выйдзе «Корпус графіці Спаса-Праабражэнскай царквы г. Полацка» — каталог з фатаграфіямі і прамалёўкамі кожнага надпісу, тлумачэннем яго зместу і ўказаннем часу і аўтарства.

Хтосьці зверху, відавочна, спрыяў таму, каб Іна Калечыц і эпіграфіка знайшлі адзін аднаго. Веданне старажытнарускай, стараславянскай моў, гісторыі, здольнасці да малявання, любоў да фатаграфіі — усё гэта вельмі дапамагло маёй гераіні ў яе навуковых даследаваннях.

— Надпісы важна не толькі прачытаць, але і датаваць, — адзначае Іна Калечыц. — Паколькі дат, асабліва ў раннім Сярэднявеччы, не ўказвалі, даводзіцца звяртацца да палеаграфіі, якая займаецца графікай літар, і мовазнаўства, якое вывучае моўныя асаблівасці. Наогул навука сёння міждысцыплінарная. Даводзіцца ўвесь час папаўняць веды. Вельмі дапамагаюць у рабоце новыя тэхналогіі. Напрыклад, фотаграмметрыя дорыць новыя магчымасці фіксацыі надпісаў. Не заўсёды атрымліваецца вывучаць графіці на месцы. Тады фатаграфуеш і даследуеш іх дыстанцыйна.

Скрадзеныя прасліцы

— Першыя гады я аналізавала надпісы, зробленыя на археалагічных артэфактах (усяго крыху больш за 100), якія захоўваюцца ў музеях, — расказвае Іна Леанідаўна. — Нашы продкі часта адзначалі на прадметах іх прыналежнасць. Гэта даказвае: у XІІ—XVІІ стагоддзях пісьменныя былі прадстаўнікі розных саслоўяў.

Напрыклад, імёны сустракаюцца на прасліцах — грузіках для верацяна, якое ўжывалася пры ткацтве. Інструмент бралі на вячоркі і прасліцы падпісвалі, каб не пераблытаць з чужымі. Запомніліся прасліцы з Пінска з надпісам «Бабіна» і з Полацка — «пататныя», што на старажытнарускай азначае «выкрадзеныя».

Сустракаюцца імёны і на амфарах — гліняных гарлачах, прывезеных з Візантыі. Надпісы на камянях — напрыклад, Барысавых або на Варацішыным крыжы — таксама прыклад эпіграфікі.

Загадкі на сценах храма

Даследаваць графіці Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку Іна Калечыц пачала ў 2012 годзе, як толькі рэстаўратары знялі са сцен храма алейны жывапіс, пад якім яны і хаваліся. Займаецца Іна Леанідаўна іх вывучэннем да гэтага часу.

Спіс з сямі імёнаў для памінання (XІІІ стагоддзе).

— Вельмі карпатлівая праца — кожная літара патрабуе пільнай увагі, — падкрэслівае мая суразмоўніца. — З моманту пабудовы храма ў XІІ стагоддзі і да 1842 года на яго паверхнях пакінулі каля 4 тысяч самых розных надпісаў. Часам адзін накладваецца на другі, цяжка бывае разабраць змест і сэнс. Сустракаюцца надпісы ў алтары, на калонах храма, сценах; ёсць на старажытнарускай мове, старабеларускай, лацінкай. Верагодней за ўсё для іх нанясення карысталіся пісаламі (стыламі) — адмысловымі прыстасаваннямі, з аднаго боку вострымі, з другога — у выглядзе лапатачкі.

Некаторыя графіці выкананы, відавочна, нажом ці чымсьці накшталт яго. У шэрагу выпадкаў літары вельмі тонкія: часам глыбока ўрэзаныя, а часам вельмі павярхоўныя, хутчэй за ўсё, у гэтых выпадках выкарыстоўвалі іголку.

Ці лёгка быць першапраходцам?

Царкоўныя законы забаранялі драпаць на фрэсках у доме Божым. Але гэтыя табу парушаліся. Што тут зробіш — людзі хочуць пакінуць пасля сябе след, памяць. Дастаткова шмат на паверхнях царквы імёнаў і прозвішчаў. У XVІІ стагоддзі тэрыторыю Спаса-Праабражэнскай царквы перадалі езуіцкаму калегіуму. Самую вялікую колькасць (каля 25) надпісаў на сценах і калонах храма пакінуў шкаляр Геліаш Шэвердзец, прычым, пра свае грахі Геліаш злёгку драпаў, а вось аўтографы пакінуў вельмі выразныя!

Эпіграфіка — прыкладная гістарычная і філалагічная дысцыпліна, якая вывучае змест і формы надпісаў на цвёрдых матэрыялах (каменнях, кераміцы, металах) і класіфікуе іх у адпаведнасці з іх часавым і культурным кантэкстам.

Сустракаюцца ў храме надпісы з літар — А, Б, В. Гэтага ў Сярэднія вякі было дастаткова, каб паказаць пісьменнасць. Часам трапляюцца радкі адной літары, паўтораныя шмат разоў, як у дзіцячых пропісях. Самыя старажытныя надпісы — памінальныя. Сярод іх, напрыклад, аб Ульяне Цвярской, жонцы вялікага князя літоўскага Альгерда, маці вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы. Да нядаўняга часу нічога не ведалі пра ігуменняў абіцелі пасля Ефрасінні Полацкай. А выяўленыя надпісы дазволілі ўстанавіць імёны па меншай меры трох яе пераемніц — Кацярыны, Ганны, Акуліны.

Знаходзіла Іна Калечыц і малітоўныя звароты — «Госпадзі, дапамажы рабу свайму, Осію Панамарову», і прызнанні ў грахах — «Госпадзі, дапамажы рабу свайму, архімандрыту гарадзецкаму Іовану», а зверху: «а піў есмь». Ёсць іншы падобны надпіс, ён належыць манашцы, якая злоўжывала віном у Лазараву суботу. Маралісты пакінулі нашчадкам сведчанне: «А Саўка, панамар Святого Спаса, служыць чрэву, працуе целу» або іншае: «Пабіце (імя закрэслена) за злыя ігранія чэрава і хулен смех у келлі». Гэта значыць нечае бурчанне ў жываце выклікае смех манахаў у келлі. А як вам такое пажаданне: «Па чэраве, па хрыбце Спірыда-папа біце пугамі, паеў прасфор адзін канун»? Трэба меркаваць, поп з'еў усе прасфоры сам, не даўшы сваякам памянуць нябожчыка.

— Запомніўся надпіс-загадка: «Бацька мяне нарадзіў, я нарадзіў сабе жонку, жонка нарадзіла мне дзяцей». Нескладана здагадацца, што гаворка пра Адама, — працягвае Іна Леанідаўна. — Сустракала напісаны ў адваротны бок зварот «Госпадзі, дапамажы!» Магчыма, для таго, каб прадэманстраваць здольнасць валодання люстраным пісьмом.

Вельмі крануў мяне «голас» з мінулага, што належыць, відавочна, нейкаму святару, які страціў жонку: «Прадставілася раба Божая, мая Феўроння». Быццам праз стагоддзі чуеш боль чалавечага сэрца: «мая Феўроння». Наогул, займаючыся эпіграфікай, я пераканалася, як мала змяняецца чалавек. Мы сёння гэтаксама любім, пакутуем, працуем, каемся, як і нашы далёкія продкі.

Шчасце вучонага

— Я часта адчуваю радасць, здзяйсняючы маленькія адкрыцці, складаючы з разрозненых знаходак цэласную карціну, дапаўняючы ўяўленне пра гістарычнае мінулае, — прызнаецца Іна Калечыц. — Вядома, вельмі хацелася б падрыхтаваць вучняў, сфарміраваць у Беларусі сваю навуковую эпіграфічную школу. Але пакуль ахвотных не знаходзіцца: эпіграфіка патрабуе часу, цярпення, энтузіязму. Трымаецца яна, як амаль уся гуманітарная навука сёння, у асноўным на падзвіжніках. Для дасягнення выніку даследчыкам трэба шмат чым ахвяраваць, а ў маладосці гэта няпроста.

Графіці пра смерць ігуменні Ганны (ХІV стагоддзе).

І ўсё ж такі з часам паслядоўнікі ў Іны Калечыц, напэўна, з'явяцца. Самае цяжкае — пакласці пачатак, зрабіць першыя крокі. Тым, хто пойдзе следам, упэўнена, будзе значна лягчэй.

Вольга Паклонская

Фота Анастасіі Дзерван і з архіва Іны Калечыц

Загаловак у газеце: Раман з эпіграфікай, або Галасы далёкіх продкаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дружыннікі выходзяць на дзяжурства... А разам з імі — і карэспандэнт «Звязды»

Дружыннікі выходзяць на дзяжурства... А разам з імі — і карэспандэнт «Звязды»

Кожны замацаваны за сваім участковым, у кожнага свая зона адказнасці.

Грамадства

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Адказ на гэтыя і іншыя пытанні ведае наша гераіня.