Вы тут

Памёр пісьменнік і лётчык Анатоль Сульянаў


Памёр пісьменнік, генерал-маёр авіяцыі, ваенны лётчык 1-га класа (засвоіў 14 тыпаў самалётаў і правёў у небе больш за дзве тысячы гадзін!) Анатоль Канстанцінавіч СУЛЬЯНАЎ.


Нарадзіўся літаратар у 1927 годзе ў вёсцы Аксінніна Маскоўскай вобласці, у звычайнай сялянскай сям'і. З дзяцінства захапляўся авіяцыяй, заўжды ўзіраўся ў неба, калі над роднымі палеткамі праляталі самалёты. У 1946 годзе скончыў Маскоўскую спецшколу Ваенна-паветраных сіл. Пасля — Тамбоўскае і Армавірскае ваенныя авіяцыйныя вучылішчы. Спачатку служыў ваенным лётчыкам, затым перайшоў на партыйна-палітычную работу, закончыў у 1962 годзе Ваенна-палітычную акадэмію імя У. І. Леніна. Першыя матэрыялы афіцэра былі надрукаваны ў часопісе «Советский воин» і газеце «Советская авиация». Друкаваўся Анатоль Сульянаў і ў газетах «Правда», «Комсомольская правда», «Красная звезда».

Мастацкім вобразам, знаходкам і адкрыццям спрыялі, несумненна, жывая работа з людзьмі, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, многімі маршаламі Савецкага Саюза і генераламі, проста з адметнымі асобамі. Частку сваёй вайсковай службы Анатоль Сульянаў правёў у Беларусі. Яго добра ведала творчая інтэлігенцыя краіны. Анатоль Канстанцінавіч пасябраваў з народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым. Часта разам з ім бываў на сустрэчах у воінскіх калектывах. У розныя гады ліставаўся з Васілём Уладзіміравічам, дзяліўся з ім сваімі шчырымі разважаннямі пра жыццё, вайсковую службу.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Сульянаў — аўтар кніг «Толькі адна ноч», «Блакітныя снягі», «На крытычных вуглах» і іншых зборнікаў мастацкай прозы, як правіла, прысвечанай ваенным лётчыкам, вайсковай службе. Асобны складнік творчасці пісьменніка, які доўгі час жыў у Беларусі, — біяграфічная літаратура. Анатоль Канстанцінавіч напісаў кнігі, прысвечаныя Маршалу Перамогі — «Маршал Жукаў. Слава. Забыццё. Бессмяротнасць», сталінскаму палачу Лаўрэнцію Берыю — «Арыштаваць у Крамлі», класіку рускай літаратуры — «Пушкін, Эліз Кутузава і Долі Фікельмон». Напісаў Анатоль Сульянаў і гісторыка-публіцыстычную кнігу «Вайна, якой магло не быць»...

5 лютага 2021 года пісьменнік пайшоў з жыцця. Вярнуўся да расколатага Неба, у якім і жывуць многія з яго герояў.

Кастусь Лешніца

Загаловак у газеце: Вярнуўся да расколатага Неба

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.