Вы тут

Аляксандр Пушкін у Паднябеснай


У маскоўскім выдавецтве «Художественная литература» пабачыла свет надзвычай цікавая кніга «Руская эміграцыя ў Кітаі. Крытыка і публіцыстыка. „…сын Музы, Аполлонов избранник“». Наклад — усяго толькі 500 экзэмпляраў. Відавочна, што тысячы захопленых творчасцю А. С. Пушкіна даследчыкаў і з Расіі, і з Беларусі, і з іншых краін свету могуць прапусціць гэта выданне.


Першы том (мяркуецца, што выданне будзе мець некалькі асобных частак) склалі публікацыі рускіх эмігрантаў у Кітаі пра асобу і творчую спадчыну А.С. Пушкіна, якія істотна дапаўняюць фонд замежнай пушкініяны. Матэрыялы з замежных і расійскіх архіваў друкуюцца ў Расіі ўпершыню. У кнізе з максімальнай паўнатою прадстаўлены толькі «пушкінскія» крытычныя і публіцыстычныя артыкулы, рэцэнзіі, эсэ, надрукаваныя ў эмігранцкіх перыядычных выданнях усходняй галіны рускай эміграцыі (Харбін, Шанхай). Тэксты ўяўляюць сабою толькі частку вялікай спадчыны крытыкаў, мысляроў, пісьменнікаў, даследчыкаў, багасловаў, а таксама людзей, якія прафесійна не звязаны з літаратурнай дзейнасцю, і якія пісалі пра расійскае прыгожае пісьменства.

Ёсць у кнізе, як ні дзіўна, і «беларускія старонкі». Маюцца на ўвазе публікацыі аўтараў, якія нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі альбо ў блізкай да Беларусі прасторы — маю на ўвазе Вільню, дзе ў дзевятнаццатым стагоддзі і раней сутыкаліся розныя нацыянальныя культуры і літаратуры.

Артыкуламі «Лісты Н.М. Пушкінай», «Два словы пра Вялікага», «Пушкін — звышчалавек», «Пушкін — наш сцяг» прадстаўлены Рыгор Рыгоравіч Сатоўскі-Ржэўскі (1869–1943), які нарадзіўся паблізу Полацка Віцебскай губерні. Выхоўваўся ў Полацкім кадэцкім корпусе, які закончыў у 1887 годзе. Наступныя два гады вучыўся ў Мікалаеўскім ваенным вучылішчы. Затым служыў афіцэрам у Фінляндыі. Дарэчы, за час вайсковай вучобы ён паспеў закончыць дзве ВНУ: Ваенна-юрыдычную акадэмію (1896) і Археалагічны інстытут. Дзякуючы якраз такому ўзроўню адукацыі наш зямляк мог служыць менавіта ў вышэйшых інстанцыях ваеннага ведамства. Рыгор Рыгоравіч быў ад’ютантам Наказнога атамана Кубанскага казачага войска. Затым служыў у Галоўным упраўленні Казачых войскаў. У час руска-японскай вайны 1904–1905 гг. служыў у дзеючым войску ў якасці камандзіра казачай сотні ў Забайкальскай ваеннай акрузе. У 1909 годзе паступіў на службу ва Упраўленне Амурскай чыгункі, а затым перайшоў на будаўніцтва Мурманскай чыгункі.

У час грамадзянскай вайны Рыгор Рыгоравіч друкаваўся ў іркуцкай газеце «Сибирь». Працаваў у газетах «Новое время» і «Раннее утро». У канцы 1918 года эміграваў у Харбін, дзе пачаў супрацоўнічаць з газетай «Вестник Маньчжурии». З 1919 па 1924 гг. быў выдаўцом і галоўным рэдактарам газеты «Свет». У 1920–1921 гг. — галоўны рэдактар штотыднёвай газеты «Понедельник». Таксама рэдагаваў газету «Гун-Бао». Акрамя літаратурнай працы займаў важную для Харбіна пасаду начальніка канцылярыі Праўлення Кітайска-Усходняй чыгункі. Да таго часу,  пакуль не прыйшлі бальшавікі.

З 1924 года пакінуў працу на чыгунцы і пачаў актыўна супрацоўнічаць з газетай «Заря». Шмат пісаў па пытаннях культуры, літаратуры, пісаў на розныя грамадска-палітычныя тэмы. У 1940-я гг. моцна захварэў. Пайшоў з жыцця Рыгор Сатоўскі-Ржэўскі 10 верасня 1943 года.

Артыкулам «Барацьба за Пушкіна» прадстаўлены ў зборніку горны інжынер, журналіст, абаронца правоў бежанцаў Павел Іванавіч Зайцаў (1884–1953), які нарадзіўся 42 лістапада 1884 года ў Магілёве. Публіцыст закончыў рэальнае вучылішча ў Крамянчугу. Затым — Горны інстытут у Пецярбургу. Пасля ўніверсітэцкай вучобы выконваў вайсковую павіннасць у 10-й Сібірскай артылерыйскай брыгадзе. У 1913 годзе нашаму земляку было прысвоена воінскае званне прапаршчык. А ў 1914 г. Павел Зайцаў быў адкамандзіраваны ў распараджэнне Упраўлення воднымі шляхамі Амурскага басейна. З 1917 па 1920 гады ён працаваў дырэктарам Благавешчанскага палітэхнікума.

Перабраўшыся ў Маньчжурыю, П. Зайцаў атрымаў пасаду па палітычнай частцы пры Вярхоўным упаўнаважаным Омскага ўрада на Далёкім Усходзе генерала Д. Харвата. Быў старшынёю Таварыства па вывучэнню Маньчжурскага края. У 1923 годзе пераехаў у Шанхай. Стаў рэдагаваць газету «Слово» (1929–1937). У 1948 годзе перасяліўся ў Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе быў запрошаны заняць пасаду рэдактара сан-францыскай газеты «Русская жизнь». Дарэчы, тут зрабіў фактычна грамадзянскі подзвіг — дамогся ад амерыканскіх заканадаўцаў права на ўезд у ЗША для тысяч рускіх бежанцаў з Кітая, якія жылі ў лагерах на Філіпінах. Памёр 3 сакавіка 1953 года ў Сан-Францыска. Што да артыкула «Барацьба за Пушкіна», то надрукаваны ён быў у газеце «Харбинское время» 11 лютага 1937 года.

А ў Вільні нарадзіўся Уладзімір Уладзіміравіч Перамілоўскі (1880–?), аўтар цыкла «пушкінскіх артыкулаў» «Гутаркі пра рускую літаратуру». Ён выдатна ведаў польскую мову, дзяцінства правёў у Сувалкаўскай губерні Царства Польскага. Перакладаў на рускую мову творы польскіх пісьменнікаў — С. Жэромскага, Я. Леманьскага і інш. Асаблівую ўвагу надаваў прапагандзе творчасці С. Пшыбышэўскага ў сярэдзіне 1920-х гг. Выкладаў рускую мову ў Новай змешанай гімназіі ў Харбіне. Аўтар кніг «Пушкін» (Харбін, 1934–1935; два выпускі), «Гутаркі пра рускую літаратуру: Пушкін, Лермантаў, Гогаль, Тургенеў, Ганчароў, Л. Талстой» (Харбін; Прага, 1935) і іншых гісторыка-літаратурных і літаратуразнаўчых выданняў.

Канстанцін Восіпавіч Зайцаў выказаўся пра класіка наступным чынам: «Адзін толькі Пушкін ёсць проста Расія, ва ўсёй яе паўнаце і ва ўсёй яе індывідуальна-гістарычнай канкрэтнасці». Рускія эмігранты ў Кітаі жылі Пушкіным як Расіяй. І сярод пушкіністаў таго асяроддзя былі і ўраджэнцы Беларусі.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».