Вы тут

“Зялёны клас” на экасцежку кліча нас!


Шэсць школ Завадскога і адна Ленінскага раёна г. Мінска сталі ўдзельнікамі праекта “Зялёныя класы беларускай сталіцы”. Ён рэалізуецца Мінскім гарадскім камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Цэнтрам экалагічнага выхавання і развіцця. Галоўныя мэты праекта – прывіць дзецям любоў і беражлівае стаўленне да прыроднай разнастайнасці роднага горада, прыцягнуць іх увагу да праблем навакольнага асяроддзя.

“Зялёны клас” фарміруецца, калі ў яго добраахвотна запісваюцца не менш за 10 вучняў са звычайнага класа. Пачатковая школа № 39 г. Мінска паставіла рэкорд па колькасці дзяцей, далучаных да праекта. Таму ёй выпаў гонар атрымаць сертыфікаты першай. У гэтай навучальнай установе шэсць “зялёных” класаў. Найбольшым энтузіязмам вызначыўся 2 “Б” пад кіраўніцтвам настаўніцы Алены Максудавай – ён наведвае прыродазнаўчыя заняткі ў поўным складзе.

Ва ўрачыстым уручэнні сертыфікатаў узяў удзел старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сцяпан Дубніцкі. Ён падзякаваў педагогам і вучням за ўдзел у праекце і выказаў спадзяванне, што яны стануць актыўнымі абаронцамі прыроды.

Дырэктар Цэнтра экалагічнага выхавання і развіцця Руслан Шайкін прывёз у школу разам з сертыфікатамі жаданыя падарункі: біноклі, палявыя дзённікі зеленакласнікаў і ручкі для запісаў, а таксама некалькі экзэмпляраў даведніка “Расліны”, выдадзенага цэнтрам пры фінансаванні Мінскага гарадскога камітэта. Педагогі атрымалі флэшкі з лагатыпам праекта і зборнікі метадычных рэкамендацый да летніх экалагічных змен.

– У адрозненне ад рэспубліканскай праграмы “Зялёныя школы”, наш гарадскі праект засяроджаны на вывучэнні навакольнай біяразнастайнасці, – тлумачыць Руслан Шайкін. – Яго распрацоўка пачалася з ідэі стварыць дзіцячыя аб’яднанні вакол экалагічных сцежак, пракладзеных у Мінску, каб гэтыя сцежкі выконвалі асветніцкую функцыю. Мы выводзім на іх вучняў з бліжэйшых школ і даследуем раслінны і жывёльны свет. Набылі біноклі, партатыўныя камеры і фотапасткі, каб заахвочваць дзяцей да назіранняў у прыродзе, а таксама компасы – для арыентавання на мясцовасці.

Паблізу пачатковай школы № 39 няма абсталяванай экалагічнай сцежкі, але Руслан Валянцінавіч і яго выхаванцы праклалі “зялёны маршрут”. У лесапарку і на невялічкім балоце ім пашанцавала гэтай зімой сустрэць снегіроў, зелянушак, попаўзня, падкрасціся зусім блізка да чачотак і налічыць паўсотню таўстадзюбаў. А ўвесну Руслан Шайкін абяцае новыя прыгоды – пошукі курапатак і шуляковага гнязда. Дзеці літаральна зачараваныя сваім настаўнікам і з нецярпеннем чакаюць наступных заняткаў на прыродзе.

– Праграму “Зялёных класаў” мы відазмяняем для кожнай школы ў залежнасці ад таго, якія біятопы знаходзяцца паблізу, і арыентуемся на віды жывёл і раслін, якія можам там убачыць, – працягвае размову дырэктар цэнтра. – Напрыклад, побач з пачатковай школай № 112 знаходзіцца Чыжоўскае вадасховічша. Таму яе “зялёныя класы” знаёмяцца з чайкамі, зімародкамі, бабрамі і іншай фаўнай вадаёмаў. А з вучнямі сярэдняй школы № 46 выходзім праз тунэль за кальцавую дарогу ў ельнік і назіраем там за каралькамі, пішчухамі, сойкамі. Улічваем таксама індывідуальныя запыты дзяцей. Калі ў класе аб’яўляюцца некалькі чалавек, якім цікавыя, напрыклад, багоўкі, надаем больш увагі насякомым.

Супрацоўнікі цэнтра выбудоўваюць пазнавальнае творчае поле, каб дзеці самі захацелі атрымаць веды, каб яны пыталіся: “Як завецца гэтая птушка? Што гэта за расліна?” “Зялёныя” сертыфікаты атрымаюць 25 класаў з усіх сямі школ – удзельніц праекта. У наступным навучальным годзе яны працягнуць заняткі па паглыбленай праграме.

Святлана ІШЧАНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.