Вы тут

Больш за чатыры мільёны рублёў склала салідарная дапамога прафсаюзаў медработнікам, якія перанеслі COVID-19


У штаб-кватэры нацыянальнага прафцэнтра прайшла сустрэча прадстаўнікоў Федэрацыі прафсаюзаў і Міністэрства аховы здароўя. Галоўнымі тэмамі абмеркавання на парадку дня былі дапамога прафсаюзаў медыцынскім работнікам і ўстановам аховы здароўя ва ўмовах пандэміі, кантроль за цэнамі на лекі, паведамілі ў прэс-службе нацыянальнага прафцэнтра.


Аб чым ішла гаворка? Аб выплатах медыкам, якія захварэлі на каранавірус, забеспячэнні сродкамі індывідуальнай абароны, вырашэнні актуальных пытанняў, справакаваных неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, на заканадаўчым узроўні — усё гэта рэалізавалі прафсаюзы менш чым за год.

Так, напрыклад, больш за шэсць тысяч медработнікаў, якія перанеслі COVID-19, атрымалі дадатковыя выплаты. Гэта салідарная дапамога ўсіх галіновых прафсаюзаў. Агульная сума выплат склала больш за чатыры мільёны рублёў. Акрамя таго, ва ўсіх рэгіёнах краіны прафсаюзы закуплялі сродкі індывідуальнай абароны: маскі, бахілы, ахоўныя касцюмы, дэзсродкі. Толькі непасрэдна ФПБ перадала ў бальніцы больш за 28 тысяч такіх касцюмаў.

Асобная тэма для прафсаюзаў у гэты перыяд — удасканаленне заканадаўства па тых пытаннях, якія ўзнікалі на практыцы з-за пандэміі. У сувязі з ёй прафсаюзы дабіліся прыняцця нормы, якая дазваляе работнікам браць тры дні выходных без афармлення бальнічнага ў выпадку з’яўлення першых прыкмет віруснай інфекцыі.

Таксама па ініцыятыве нацыянальнага прафцэнтра быў скарэктаваны механізм атрымання ільготнага крэдыту для навучання на першай ступені адукацыі ў вышэйшай школе. З гэтай праблемай сутыкнуліся медыцынскія работнікі. Якім чынам? У сувязі з дадатковымі выплатамі за працу з пацыентамі, хворымі каранавіруснай інфекцыяй, яны гублялі права на атрыманне такога крэдыту для сваіх дзяцей. Паколькі гэтыя выплаты не з’яўляюцца рэгулярнымі, прафсаюзы адстаялі пазіцыю, што гэтыя грошы не павінны ўлічвацца пры разліку крэдыту.

— Безумоўна, ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі нагрузка на ўстановы аховы здароўя, медыцынскіх работнікаў значна ўзрасла. У гэтых умовах дапамогу прафсаюза была і застаецца вельмі своечасовай і актуальнай, — падкрэсліў міністр аховы здароўя Дзмітрый ПІНЕВІЧ. — Гэта наш сацыяльны партнёр. Узаемадзеянне дазволіла нам атрымліваць зваротную сувязь аб тым, чым дыхаюць калектывы, якія пытанні хвалююць работнікаў, дазволіла разам вырашаць надзённыя праблемы. Прафсаюз сапраўды з'яўляецца правадніком інтарэсаў супрацоўнікаў. Разам з прафсаюзамі ў першыя ж месяцы, калі пачалася пандэмія, былі адкрыты гарачыя лініі, праводзілася работа ў калектывах. Менавіта прафсаюзы інфармавалі Міністэрства аховы здароўя аб тым, дзе працаўнікі не ў поўнай меры атрымлівалі сродкі індывідуальнай абароны або дэзсродкі.

Міністр выказаў спадзяванне, што прафсаюзы працягнуць аказваць неабходную дапамогу як самім работнікам, так і ўстановам аховы здароўя.

— Наша галоўная задача — своечасова падтрымаць людзей. Многія ініцыятывы мы ўжо змаглі рэалізаваць. Але ёсць тэмы, якія патрабуюць далейшай прапрацоўкі, — падкрэсліў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл ОРДА. — Напрыклад, летась прафсаюзы выступілі з ініцыятывай увядзення дадатковага страхавання медыкаў. Гаворка ў дадзеным выпадку ідзе аб страхаванні прафесійных рызык і страхавання ад неправамерных дзеянняў трэціх асоб. На сённяшні дзень ужо падрыхтаваны адпаведны праект дакумента. Мы лічым, што гэтае пытанне неабходна аператыўна вырашаць: як паказвае практыка, гэта актуальная тэма для медыцынскіх работнікаў.

Як адзначыў лідар нацыянальнага прафцэнтра, прафсаюзы таксама працягнуць актыўнае ўзаемадзеянне з профільным міністэрствам па пытанні цэнаўтварэння на лекі.

«Звязда» ужо пісала раней, што з 1 сакавіка прафсаюзы распачалі штотыднёвы маніторынг цэн. У кожным раёне і горадзе аналізуюцца цэны і наяўнасць лекаў па 50 пазіцыях.

Трэба сказаць, што першыя вынікі маніторынгу цэн паказалі, што ў большасці выпадкаў у аптэках ёсць практычна ўсе пазіцыі з пераліку лекаў, якія карыстаюцца попытам, а калі што-небудзь адсутнічае, то гэта не носіць масавага характару.

Для таго, каб у далейшым аператыўна вырашаць магчымыя праблемныя пытанні, ФПБ і Міністэрства аховы здароўя выпрацавалі механізм узаемадзеяння па абмене інфармацыяй, асаблівасцях правядзення маніторынгу, а таксама сумеснай дзейнасці па ўдасканаленні заканадаўства ў пытаннях цэнаўтварэння на лекі.

Між іншым цікава і тое, што, ФПБ параўнала цэны асобных запатрабаваных лекаў у Беларусі і суседніх краінах. Па некаторых пазіцыях лекі з аднолькавай назвай і ад аднаго вытворцы ў Беларусі каштуюць больш, чым, напрыклад, ва Украіне, Казахстане і Расіі.

Як было адзначана падчас сустрэчы, Міністэрствам аховы здароўя аналізуюцца прычыны такой розніцы і выпрацоўваюцца сістэмныя рашэнні, накіраваныя на выпраўленне становішча.

Дарэчы, профільным ведамствам праводзіцца комплексная дзейнасць па зніжэнні цэн на найбольш запатрабаваныя лекі. Выкарыстоўваюцца паніжаючыя надбаўкі, у аптэчнай сетцы практыкуюцца зніжкі, вядуцца перамовы з вытворцамі аб зніжэнні кантрактнай цаны. Разам з тым, на сённяшні дзень на парадку дня застаюцца пытанні заканадаўчага характару. У прыватнасці, іх рашэнне дазволіць спрасціць працэдуру выхаду на беларускі рынак лекаў ад замежных вытворцаў, а таксама знізіць іх кошт.

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.