Вы тут

Памёр дзіцячы пісьменнік Іван Муравейка


5 сакавіка закончылася зямное жыццё ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ваеннага журналіста, дзіцячага пісьменніка Івана МУРАВЕЙКІ. Лічы, усе свае пасляваенныя гады (быў дэмабілізаваны ў 1947-м) ён пражыў у Любані, на Міншчыне. Працаваў у рэдакцыі раённай газеты. І займаўся літаратурнай творчасцю.


Друкавацца Іван Муравейка пачаў яшчэ ў даваенны час. Першыя вершы выйшлі ў газеце «Піянер Беларусі». Такое цяжка і ўявіць — лічы, 85 гадоў творчай працы!.. А памёр пісьменнік на 100-м годзе жыцця (нарадзіўся ж 21 кастрычніка 1921 года ў вёсцы Таль Любанскага раёна).

У канцы 1939 года быў прызваны ў Чырвоную Армію. У Вялікую Айчынную ваяваў у складзе войскаў Заходняга, Данскога, 3-га Украінскага, 1-га Беларускага франтоў. Удзельнічаў у штурме Берліна. На сцяне рэйхстага пакінуў надпіс: «Іван з Беларусі». Дарэчы, так і адну са сваіх кніг назваў — «Я — Іван з Беларусі». У свой час яна выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда». І ўвогуле мы часта пісалі ў «Звяздзе» пра Івана Андрэевіча, да яго завітвалі і нашы фотакарэспандэнты. За баявыя здзяйсненні Іван Муравейка адзначаны двума ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі.

У 1953 годзе яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. У 1964 годзе Іван Андрэевіч скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Адна за другой прыйшлі да чытачоў яго кнігі: «Песня над палямі», «Ручаінкі», «Вось якія мы», «Пра работу і ляноту», «Дружная сямейка», «Сем колераў вясёлкі», «Лясное возера», «Мы таксама падрасцём», «Растуць дзеці», «Як завуць казу?», «Вадзіца з крыніцы», «Я прыдумаў казку»... Пра сваю вайну Іван Андрэевіч расказаў у кнігах «Прынёс з вайны», «Была вайна», «Я — Іван з Беларусі»... У 1982 годзе пісьменніка і журналіста ўганаравалі званнем заслужанага работніка культуры БССР. Іван Муравейка ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

І зараз у адным з дзяржаўных кніжных выдавецтваў рыхтавалася да друку новая кніга дзіцячага пісьменніка. Яго, чалавека з багатай франтавой і жыццёвай біяграфіяй, любілі землякі (упэўнены, што і надалей будуць любіць і памятаць), любілі юныя чытачы нашай краіны. Ды і ў іншых старонках на розных мовах вершы Івана Муравейкі таксама прыходзілі да хлопчыкаў і дзяўчынак.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Адказ на гэтыя і іншыя пытанні ведае наша гераіня.

Грамадства

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Якой сёння павінна быць маладзёжная газета? Пра што і як размаўляць з моладдзю?

Грамадства

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

15 новых спецыяльнасцяў, у тым ліку чатыры абсалютна новыя, па якіх падрыхтоўка раней нідзе не вялася, адкрыюцца сёлета ў беларускіх ВНУ.