Вы тут

8 Сакавіка ў беларускай філуменіі


Тых, хто займаецца калекцыяніраваннем запалкавых этыкетак ці пачкаў ад запалак называюць філуменістамі, а калекцыяніраванне этыкетак з пачкаў ад запалак, буклетаў (кніжак-запалак) і іншых прадметаў, звязаных з запалкамі, называецца філуменіяй (ад грэцкага «phіleo» — люблю і лацінскага «lumen» — агонь ці святло).


 

Сёння філуменія не з'яўляецца распаўсюджаным хобі, як, напрыклад, калекцыяніраванне манет, паштовых марак, паштовак, самавараў, прасаў, але аматары гэтай навукі працягваюць развіваць сваю калекцыю. Хачу адзначыць, што кошт на запалкавыя этыкеткі і запалкі XІX—ХХ стагоддзяў анічуць не ніжэйшы чым, напрыклад, на банкноты ці манеты гэтага перыяду.

Але не пра гэта сёння размова, а пра свята 8 Сакавіка — Міжнародны жаночы дзень на запалкавых этыкетках беларускіх прадпрыемстваў. Згадка пра 8 Сакавіка ўпершыню на запалкавых этыкетках з'явілася ў Беларусі ў 1955 годзе. Тады Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат выпусціў да Міжнароднага жаночага дня запалкі з этыкеткай на рускай мове, на якой было напісана «Міжнародны жаночы дзень» і вялікая лічба 8.

Праз чатыры гады — у 1959-м — той жа Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат выпускае серыю запалкавых этыкетак на рускай мове з невялікімі малюнкамі і тэкстамі: «8 Сакавіка — Міжнародны жаночы дзень». Выйшла тры этыкеткі. Дзве этыкеткі былі амаль падобныя з яркімі лічбамі 8, а трэцяя — выглядала інакш, крыху прыгажэй. На ёй акрамя тэксту: «8 Сакавіка — Міжнародны жаночы дзень» былі адлюстраваны два букеты кветак — вялікі над лічбай 8 і маленькі букет унізе этыкеткі каля лічбы 8.

Акрамя Барысаўскага фанерна-запалкавага камбіната ў 1959 годзе падобныя тры этыкеткі на запалках выпусціў і Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат. Адрозніваліся яны толькі колерамі.

У 1966 годзе дзве арыгінальныя этыкеткі выпускае Пінскі фанерна-запалкавы камбінат. На адной запалкавай этыкетцы на фіялетавым фоне намалявана галава дзяўчыны з прычоскай у верхнім кружочку васьмёркі. У левай руцэ дзяўчына-васьмёрка трымае гваздзік, а ў правай — голуба. З двух бакоў васьмёркі напісана слова — сакавіка (марта), а ўнізе на рускай мове тэкст: Міжнародны жаночы дзень.

Другая падобная этыкетка выканана на ружовым фоне. Праўда, дзяўчына ў руках трымае і голуба, і цюльпан, а на яе галаве надзета нешта падобнае на самбрэра.

Гэта, бадай, і ўсё, што датычыцца 8 Сакавіка ў беларускай філуменіі. Таму нам цяпер застаецца толькі павіншаваць філуменістак са святам і пажадаць новых калекцый.

Сяргей ЧЫГРЫН

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.