Вы тут

У Беларусі прыкладна 60 % сем'яў з дзецьмі выхоўвае адно дзіця


У Беларусі прыкладна 60 % сем'яў з дзецьмі выхоўвае толькі адно дзіця. Такую лічбу агучыў журналістам намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.


Улічваючы вялікі працэнт аднадзетных сем'яў, дзяржаўная палітыка ў сферы дэмаграфіі будзе накіравана на стымуляванне нараджэння другога і наступных дзяцей. Да такіх мер адносяць павышэнне даступнасці жылля для маладых сем'яў (арэнда, іпатэка, будзберажэнні), дапамогу для сем'яў з дзецьмі, забеспячэнне занятасці абодвух бацькоў, стварэнне ўмоў, дружалюбных сем'ям, карпаратыўную палітыку наймальніка, развіццё паслуг па доглядзе за дзецьмі.

«Адзін з прыярытэтаў развіцця на пяцігодку — шчаслівая, здаровая сям'я, — сказаў Валерый Кавалькоў. — Мы назіраем зніжэнне колькасці нараджэння першых і другіх дзяцей. Але дзякуючы мерам падтрымкі шматдзетных сем'яў, нараджальнасць трэціх і наступных застаецца стабільнай. З 2015 года каля 20 тысяч дзяцей нараджаецца трэцімі і наступнымі штогод. Па даных перапісу насельніцтва 2019 года, у краіне 1227 тысяч хатніх гаспадарак з дзецьмі да 18 гадоў, у іх выхоўваецца 1 858 тысяч дзяцей. 60 % — гэта сем'і з адным дзіцем, сем'і з двума дзецьмі — 31 %, і сем'і, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, — 8,7 %».

Пры гэтым ён дадаў, што за 10 гадоў (з моманту папярэдняга перапісу) доля сем'яў з трыма і больш дзецьмі прыкметна павялічылася: тады яна складала 5,2 %.

Плануецца пашырыць напрамкі датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу.

«Найбольш запатрабаванае — пагашэнне запазычанасці па крэдыце грамадзян, якія самастойна заключылі дагаворы на будаўніцтва жылля; пагашэнне пазык, дадзеных па месцы работы грамадзян на будаўніцтва ці набыццё жылля; набыццё долі ў праве ўласнасці на жылыя памяшканні. Таксама разглядаецца пытанне датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу на куплю артапедычных вырабаў і сродкаў тэхнічнай і сацыяльнай рэабілітацыі для дзяцей-інвалідаў», — канкрэтызаваў намеснік міністра.

Будзе развівацца сістэма дзяржаўных дапамог: на яе ў бягучай пяцігодцы плануецца накіраваць Br16 млрд. Плануецца, што за пяць гадоў сярэдні памер дапамогі па доглядзе за дзіцем да 3 гадоў вырасце ў паўтара раза, а яго рэальны памер павялічыцца ў 1,2 раза.

Прапрацоўваецца пытанне магчымага скарачэння рабочага дня да 7 гадзін для працуючых бацькоў.

Міжнародны вопыт паказвае: нараджальнасць вышэй за сярэднюю дэманструюць тыя краіны, дзе развіта сістэма паслуг па доглядзе за дзецьмі ранняга ўзросту. У Беларусі для гэтага трэба будзе правесці вялікую работу. Ужо цяпер попытам карыстаецца паслуга нянек, якая пакуль даступная толькі некаторым катэгорыям сем'яў.

Валерый Кавалькоў удакладніў, што на рэалізацыю падпраграмы «Сям'я і дзяцінства» дзяржпраграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» будзе накіравана Br2,2 млрд (гэта сродкі, не ўлічваючы дапамогу).

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».