Вы тут

У чым сёння галоўная роля жанчыны?


Гэтае пытанне «Звязда» напярэдадні свята задала, канешне ж, самім жанчынам — паспяховым, разумным, прыгожым.


Алена БОГДАН, першы намеснік міністра аховы здароўя, старшыня Беларускага саюза жанчын:

— Беларуская жанчына? Яна розная. У яе розныя прафесіі. Яна пячэ хлеб і лечыць людзей, праводзіць экскурсіі ў музеі і выкладае гісторыю ў школе, кіруе прадпрыемствам і выхоўвае дзяцей. Жанчыне падуладны ўсе прафесіі. Галоўнае, што яна з любоўю бярэцца за любую справу і робіць яе, укладваючы душу. Яна рознага ўзросту: юная, будучая мама, шматдзетная мама, бабуля і прабабуля. У яе розныя звычкі і густы. Яна любіць тэатр і сучасную музыку, жывапіс і раманы, чытае часопісы, газеты і гаджэты з кароткімі навінамі. Яна жыве ў мегаполісе-
Мінску і на ўскраіне невялікай вёскі.

У чым роля жанчыны сёння? У любові, у стварэнні, у аб'яднанні добрых пачынанняў, у дапамозе іншым, у падтрымцы, у спагадзе.

Рознымі добрымі ўчынкамі жанчына робіць мноства вялікіх спраў на карысць нашай краіны. І няважна, гэта асабістая дапамога канкрэтнаму чалавеку або мерапрыемства маштабу краіны. Важна, што кожная з нас — «жанчына, якой ёсць пра што сказаць!».

Таццяна РУНЕЦ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах:

— Прыгадваючы словы Шэкспіра пра тое, што ўсё наша жыццё — тэатр, і ўсе мы ў ім акцёры, хочацца адзначыць, што жанчыны могуць сумяшчаць некалькі роляў адначасова: маці, жонкі, кіраўніка, педагога, трэнера ды мноства іншых.

Мы ўсё часцей бачым жанчын у сусветнай палітыцы і глабальнай эканоміцы. Многія з іх маюць поспех у розных сферах грамадскага жыцця, становяцца грамадскімі лідарамі, займаюць кіруючыя пазіцыі, арганізуюць і паспяхова вядуць свой уласны бізнес. У каштоўнасцях сучаснай жанчыны сталі пераважаць кар'ерны рост, матэрыяльная стабільнасць і незалежнасць.

Безумоўна, поспехі ў прафесійнай сферы і фінансавая незалежнасць важныя, але не яны робіць жанчыну пасапраўднаму шчаслівай.

Перш за ўсё жанчына — гэта клапатлівая мама і любячая жонка. Хто, як ні яна, здольная ствараць атмасферу любові, гармоніі і камфорту ў сям'і, клапаціцца пра дзяцей і іх выхаванне. Такая яе прырода. А сям'я — базавая каштоўнасць практычна ў любым грамадстве.

На мой погляд, у жыцці сучаснай жанчыны ўсё павінна быць гарманічна, па меншай меры, яна павінна імкнуцца да гэтага.

Я хачу пажадаць кожнай беларускай жанчыне адчуваць сябе шчаслівай не толькі напярэдадні прыгожага жаночага свята, а як мага часцей.

Ірына ДАЎГАЛА, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве:

— У кожнай жанчыны — свае прыярытэты, бо мы ўсе розныя. Для кагосьці важна быць на вачах, быць яркай, выказваць грамадзянскую пазіцыю, рухацца наперад па кар'ернай лесвіцы. Камусьці па душы заставацца дома, расціць дзяцей. У трэцяй яшчэ адна пазіцыя: яна ўмее сумяшчаць прасоўванне па службе і хатнюю гаспадарку. Але гэта не гаворыць пра тое, што адна з іх лепшая за другую. Не, проста ў кожнай жанчыны свае прыярытэты ў жыцці, і гэта добра.

Дарэчы, у мяне дзень нараджэння 8 сакавіка, таму гэта свята асаблівае. Я часам, задаю сабе рытарычнае пытанне: чаму менавіта ў гэты дзень я нарадзілася?!

У звычайным жыцці я маці, жонка, бабуля. І рада, што мне ўдаецца сумяшчаць працу і сям'ю. Пэўны перыяд я адчувала, што не паспяваю ўдзяляць дастаткова ўвагі маім родным. Але самае прыемнае: яны не былі ў прэтэнзіі, а дапамагалі і падтрымлівалі.

Калісьці, 20 гадоў таму, мне пашчасціла быць за мяжой на міжнароднай канферэнцыі, якая была прысвечана гендарнай роўнасці. Там прасоўвалася ідэя раўнапраўя — то-бок 50/50 павінна быць мужчын і жанчын ва ўсіх парламентах свету. На канферэнцыі лавіла сябе на думцы: якія, насамрэч, мы розныя — мужчыны і жанчыны. У нас абсалютна адрозніваецца сістэма мыслення, погляды на перспектывы развіцця. Прабачце, калі я не маю рацыі, але я глыбока ўпэўнена: стратэгічнае мысленне — прыярытэт мужчын. Сёння, маючы багаты вопыт работы на дзяржаўнай службе, я магу сказаць гэта пэўна.

Але між тым жанчыны і ў нашай краіне, і ў іншых займаюць значныя пасады, годна выконваюць сваю работу, і многія мужчыны могуць павучыцца і пазайздросціць.

Як бы там ні было, якія б абавязкі мы ні выконвалі, якую б пасаду ні займалі, як бы ні рухаліся наперад па кар'ернай лесвіцы, мы ўсё роўна застаемся жанчынамі».

Таццяна ЛУГІНА, старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна «Беллегпрам»:

— На мой погляд, кім бы ні была жанчына — кіраўніком ці простай работніцай — самае галоўнае ў жыцці — сям'я і дзеці. Калі ў жанчыны ёсць вялікія амбіцыі і жаданне рабіць кар'еру, усё роўна яна не будзе цалкам шчаслівая без дзяцей, нават калі дасягнула вышынь у прафесіі. Такое маё асабістае меркаванне. А калі атрымалася стварыць сям'ю і спалучаць яе з любімай справай, — гэта шчасце для жанчыны. Хоць і вельмі складана ўсё паспяваць, асабліва калі заняты на рабоце з раніцы да позняга вечара. Засмажыць курыцу ці падаць на стол пірагі, зразумела, не атрымаецца так часта, як хацелася б. З іншага боку, прыгатаваць тую ж курыцу можа і муж ці дзеці — у нас цяпер раўнапраўе. Ды і хатніх памочнікаў у выглядзе пральнай і пасудамыечнай машыны сёння дастаткова. І калі ў сям'і ёсць узаемаразуменне, павага і клопат, такія дробязі, як непрыгатаваная вячэра, яе не разбураць.

Ірына ВАРАНОВІЧ, дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму:

— Для мяне жанчына — гэта ў першую чаргу жаноцкасць, пяшчота, спакой, а таксама ўменне бачыць і чуць, што адбываецца навокал. І жанчына паспяховая тады, калі ў яе ўсё атрымліваецца. Гэта цяжка, гэта вялікая праца над сабой, таму што шмат праблем і пытанняў сустракаецца на такім шляху. Але і многае залежыць ад жанчыны.

Я б сказала, што жанчына — гэта, найперш, асоба, і вельмі важна, наколькі яна змагла сябе зразумець. І для рэалізацыі трэба навучыцца сябе адчуваць. У кожнай жанчыны гэта адбываецца згодна з яе мэтамі і задачамі. Мабыць, сваю ролю адыгрывае і лёс, які вядзе нас па жыцці.

Для мяне галоўнае — гэта яднанне з самой сабой, калі ты чуеш і адчуваеш сябе, родных і блізкіх, людзей побач, прыроду, навакольны свет, менавіта ў такім глабальным сэнсе. Калі ты чуеш і адгукаешся, ты становішся шчаслівым, паўнавартасным чалавекам. Хоць не заўсёды ўсё атрымліваецца так, як хацелася б, праблемы ёсць і ў мужчын, і ў жанчын. Але самае галоўнае — захоўваць аптымізм і пазітыў, таму што так, як мы глядзім на свет, ён да нас паварочваецца. І ў любых абставінах трэба глядзець на свет аптымістычна, пазітыўна і не панікаваць.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?