Вы тут

Музейны пакой адкрылі да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі


На растоўскай зямлі з’явіўся куточак беларушчыны — тут створаны мемарыяльны літаратурна-этнаграфічны пакой народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, паведаміў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч.


У 2017 годзе Пятрушынскай бібліятэцы, што ў Растоўскай вобласці, прысвоена імя Івана Мележа. Такое рашэнне прынята на заканадаўчым узроўні расійскага рэгіёна як вынік плённага творчага супрацоўніцтва гомельскіх літаратараў ды іх расійскіх калег.

Як удакладніў Уладзімір Гаўрыловіч, беларускія і расійскія пісьменнікі сябруюць даўно, актыўна працуюць у межах двух творчых праектаў — міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі» і міжнароднага фэсту-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў «Берагі дружбы».

— Калі чатыры гады таму зайшла гаворка пра новы праект перакладаў, у якім напачатку ўдзельнічалі толькі гамяльчане, а пасля далучыліся і паэты з усёй Беларусі, расійскі творца Леанід Север агучыў ідэю ўвекавечыць аднаго з пісьменнікаў беларусаў на яго малой радзіме, — адзначыў Уладзімір Гаўрыловіч. — Мы прапанавалі ўшанаваць памяць Івана Мележа: удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў цяжка паранены і лячыўся ў растоўскім шпіталі, затым быў адпраўлены ў тыл і камісаваны.

Прапанова аддзялення была накіравана кіраўніцтву расійскага рэгіёна, прынята, разгледжана і хутка рэалізавана: імя Івана Мележа летам 2017-га атрымала Пятрушынская сельская бібліятэка Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці. Тады з удзелам кіраўніцтва Гомельскага аддзялення СПБ у Пятрушыне ўрачыста адкрылі мемарыяльную дошку, а пісьменніцкая арганізацыя перадала ў дар кніжныя падарункі — творы Івана Мележа.

Час паказаў: цікавасць да творчасці класіка беларускай літаратуры ў расійскай глыбінцы год ад году расце. На базе кніжніцы, якая носіць яго імя, штогод ладзіліся канферэнцыі, імпрэзы, у тым ліку з гомельскімі творцамі, якія ўдзельнічалі ў фестывалі «Берагі дружбы». А праз нейкі час па ініцыятыве супрацоўнікаў бібліятэкі і пры падтрымцы мясцовых улад, нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Растоўскай вобласці» і нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Кубані» было прынята рашэнне аб далейшай папулярызацыі творчасці беларускага пісьменніка і адкрыцці да яго 100-годдзя на базе гэтай кніжніцы мемарыяльнага музейнага пакоя. Годная ініцыятыва зноў аб’яднала творцаў і работнікаў культуры дзвюх краін. Па просьбе Савета аддзялення СПБ супрацоўнікі Хойніцкага краязнаўчага музея і мемарыяльнага літаратурнага музея Івана Мележа ў аграгарадку Глінішчы зрабілі шмат копій фотадакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка-земляка, і накіравалі іх у Растоўскую вобласць.

Адкрыццё ж мемарыяльнага літаратурнага пакоя Івана Мележа запланавалі якраз на 100-годдзе народнага пісьменніка Беларусі. Удзельнікамі гэтай падзеі сталі няклінаўцы і гамяльчане: пісьменнікі, супрацоўнікі бібліятэк і краязнаўцы, прадстаўнікі мясцовай улады дзвюх краін у анлайн-фармаце правялі міжнародны тэлемост, падчас якога ўрачыста адкрылі новую музейную экспазіцыю і абмеркавалі далейшае супрацоўніцтва.

Мікалай ІГНАТОВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».