Вы тут

Чытанне — свята для ўсіх: кнігі на кожны дзень


Напярэдадні ХХVІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу карэспандэнты «ЛіМа» наведалі сталічныя выдавецтвы, каб азнаёміцца з кніжнымі навінкамі і выданнямі, якія пабачылі свет раней, але будуць прэзентаваны ў межах падзеі. Пад вокладкамі — творы для шырокага кола чытачоў усіх узростаў: ад самых маленькіх, якія толькі вучацца чытаць, да сталых аматараў прыгожага пісьменства. Супрацоўнікі выдавецкіх устаноў распавялі, у чым унікальнасць той ці іншай кнігі.


Розныя дарогі ў гісторыі

«Міжнародная кніжная выстаўка для ўсіх выдаўцоў — нагода падвесці вынікі мінулага года», — адзначыла дырэктар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Вольга Ваніна падчас прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы. Яна распавяла, што з асноўных кірункаў працы выдавецтва можна выдзеліць тры групы.

Першая — кнігі, звязаныя з гісторыяй. Асаблівае месца ў дзейнасці выдавецтва займае гісторыя Вялікай Айчыннай вайны, таму да 75-годдзя Вялікай Перамогі было выдадзена шмат кніг. Серыя «Беларусь памятае: у імя жыцця і міру» ў 2020 годзе дапоўнілася кнігай «Сузор’е герояў зямлі беларускай», прысвечанай салдатам і афіцэрам, партызанам і падпольшчыкам, якія смеласцю і самаахвярнасцю служылі сваёй Радзіме ў часы вайны, а  таксама ўнікальным выданнем «Савецкія святы і партызанскія парады на тэрыторыі Беларусі ў  гады Вялікай Айчыннай вайны», падрыхтаваным доктарам гістарычных навук Аляксеем Літвінам.

Другая серыя «Беларускай энцыклапедыі», прысвечаная ваеннай гісторыі, мае назву «Беларусь. Трагедыя і праўда памяці». У ёй збіраюцца матэрыялы пра самыя балючыя пункты на гістарычнай карце — канцэнтрацыйныя лагеры, гета, спаленыя вёскі. Летась у серыі выйшлі кнігі «Азарычы — дарога смерці» і «Асіповічы: трагічныя старонкі». Вольга Ваніна звярнула ўвагу на тое, што праца над серыяй працягваецца, цяпер ідзе падрыхтоўка матэрыялаў па гета ў Глыбокім.

Адным з вынікаў плённага супрацоўніцтва аўтараў выдавецтва з Фондам кінафотафонадакументаў стаў фотаальбом Івана Сацукевіча пра аднаўленне Мінска пасля вайны. Гісторык і экскурсавод сабраў эксклюзіўныя медыяматэрыялы і параўнаў іх з сучасным выглядам горада. Кніга «Мінск: з руін да квітнення» падае мноства цікавых фактаў, невядомых большасці мінчан.

Адзін з найважнейшых шляхоў паказу гісторыі — праз біяграфіі канкрэтных асоб. Асаблівы праект выдавецтва ў гэтым кірунку  — серыя «Асветнікі Беларусі», прызначаная школьнікам, але цікавая і  іншым колам чытачоў. Тут сабраны біяграфіі і творчыя ўнёскі знакамітых беларусаў мінулага: ад першадрукароў да навукоўцаў і пісьменнікаў. На кніжнай выстаўцы таксама плануецца прадставіць працы гісторыка Наталлі Голубевай, у якой выйшла ўжо дзве кнігі ў «Беларускай энцыклапедыі». Сёлета пісьменніца прадставіць выданне «Надзея Грэкава. Міхаіл Малінін. Час памятаць»  — адлюстраванне біяграфіі і дзейнасці адзінай жанчыны, што здолела заняць пасаду старшыні Вярхоўнага Савета БССР у вельмі няпростыя для краіны часы — 1938—1949 гады. Не толькі сухія факты — пісьменніца стварыла вобраз моцнай і ўплывовай жанчыны, перадала яе характар, а таксама вывела гісторыю кахання Надзеі Грэкавай і яе мужа генерала Міхаіла Малініна.

Выдавецтва працягвае работу над персанальнымі энцыклапедыямі. Гэты год быў прысвечаны выданню «Уладзімір Караткевіч». Збіральнікі пастараліся адлюстраваць уплыў творчасці выбітнага пісьменніка на многія сферы мастацтва ў Беларусі. Акрамя біяграфічнага і гістарычнага матэрыялу, значная частка энцыклапедыі адведзена разборам творчых метадаў Караткевіча, яго ўнікальнай мове.

Другі кірунак дзейнасці выдавецтва звязаны з мастацтвам. У супрацоўніцтве з Нацыянальным гістарычным музеем выйшаў альбом графікі мастакоў 1920—30-х гадоў мінулага стагоддзя пад назвай «І рай, і боль на Песеннай зямлі…» Гэта ўнікальныя мастацкія і этнаграфічныя матэрыялы, створаныя падчас экспедыцый у розных рэгіёнах Беларусі. Яшчэ адно выданне — «Акварэлі» — энцыклапедыя па гісторыі акварэльнага жывапісу пад аўтарствам Уладзіміра Рынкевіча — сабрала 65 імёнаў і больш за 200 ілюстрацый. Сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем выдавецтва падрыхтавала кнігу «Зямля і неба Фердынанда Рушчыца». Гэта альбом, выдадзены да 150-годдзя мастака, заснавальніка пейзажнай школы Беларусі. У ім сабраны архіўныя фотаздымкі і больш за 100 выяў мастацкіх твораў.

Трэцяя тэма, якая знайшла адлюстраванне ў  выданнях «Беларускай энцыклапедыі», — духоўныя кнігі. Да 550-годдзя Жыровіцкай іконы Божай Маці выйшла кніга «Жыровічы: пад святым пакровам». Тут сабраны матэрыялы пра гісторыю горада, у тым ліку духоўную. Да Дня пісьменства, што ў мінулым годзе праходзіў у Бялынічах, была выдадзена кніга «І  Маці Божай памалюся…», прысвечаная гісторыі горада, суіснаванню розных канфесій у ім, з’яўленню і далейшаму лёсу знакамітай Бялыніцкай іконы. Кніга «Храм-Помнік зямлі Беларускай»  — пра Усіхсвяцкі храм у Мінску — сімвал памяці пра ўсіх беларусаў, якія сталі ахвярамі войнаў, рэпрэсій і іншых цяжкіх гістарычных падзей на нашай зямлі і  за яе межамі. Выданне змяшчае шмат звестак пра архітэктурныя рашэнні і  гісторыю стварэння храма, мерапрыемствы, што тут праходзяць. Як адзначыла дырэктар, пазнаёміцца з выданнем на кніжнай выстаўцы — унікальная магчымасць, бо яго няма ў вольным продажы.

Акрамя згаданых, «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» прадставіць дзясяткі кніг, якія выйшлі ў дзіцячых серыях. Такія розныя па тэматыцы, выданні аб’ядноўваюць галоўныя прынцыпы працы выдавецтва — дакладнасць гістарычных звестак і цікава выкладзены матэрыял.

У краіне дзівосаў

«Надышоў першы дзень вясны. Прыляцела птушка і села на акно — быў такі казачны момант, што адразу падумалася пра казкі. І захацелася рэалізаваць усё кніжкай — так і нарадзілася ідэя серыі казак «12 месяцаў», — расказаў дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак. Пад вокладкай серыі сабраны павучальныя гісторыі, якія лёгка запамінаюцца, дапамагаюць з дабрынёй глядзець на свет і заўважаць у ім найлепшае.

Кніжак сёння прадаецца для дзяцей шмат: і народная казка, і аўтарская, і выданні маладых аўтараў. Каб у гэтым кніжным моры не згубіцца, трэба шукаць арыгінальнае, нейкую сваю «фішку». І ў серыі «12 месяцаў» незвычайнае ёсць. Гэта адлюстравалася і ў назве, і ў афармленні. Так, у годзе 12 месяцаў, а ў месяцы — 30, 31, 28 альбо 29 дзён.

— Ідэя палягала ў тым, каб гэтыя кнігі можна было чытаць цэлы год штодзень, па адной гісторыі за вечар. Адной з задач серыі было паказаць найлепшыя ўзоры казачнай літаратуры, як беларускай, так і літаратур свету. На кожнай старонцы выдання стаяць лічбы дзён месяца. А яшчэ ўнікальнасць выданняў у тым, што нашы мастацкія рэдактары да казак, што прадстаўлены ў серыі, пастараліся адшукаць ілюстрацыі знакамітых беларускіх мастакоў. Ёсць сярод малюнкаў тыя, што рабіліся ў 30—40-х гадах мінулага стагоддзя. Мы імкнуліся паказаць, як на працягу доўгага часу мянялася кніжная ілюстрацыя, таму што кожнае пакаленне і пісьменнікаў, і мастакоў прыўносіць у афармленне нешта сваё: такім чынам адлюстроўваецца свой час. Так, хто збярэ хаця б некалькі кніжак серыі, можа пабачыць, чым адрозніваліся выявы звычайных жывёл, напрыклад, зайца, вавёркі, ваўка, што маляваліся ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, ад тых, што малююць сучасныя маладыя мастакі. Гэта цікава і маленькім чытачам.

На пытанне, ці чытае пісьменнік казкі цяпер, ён прызнаўся, што казачны жанр — яго ўлюбёны:

— Захапляюся адчуваннем, калі чытаю, слухаю альбо нешта гляджу. Напрыклад, пастаноўку ці фільм, дзе ёсць нешта казачнае: казкі ж бываюць не толькі для дзяцей. Ёсць і тыя, што спадарожнічаюць мне на працягу ўсяго жыцця. Напрыклад, «Аліса ў краіне цудаў» — адна з любімых. Для каго яна: дзяцей? Дарослых? Люблю чытаць філасофскія, пазаўзроставыя казкі…

Знакавыя асобы, неўміручыя творы

Да юбілею Івана Мележа ў «Мастацкай літаратуры» пабачылі свет два выданні.

Славуты раман «Людзі на балоце» — адзін з самых знакавых у беларускай літаратуры за ўсю яе гісторыю. Раман у свой час зрабіў рэвалюцыю: ён настолькі прыцягваў увагу, што ўжо ў часопісным варыянце ствараў чэргі ў бібліятэках! І праз год пасля публікацыі, калі выйшаў асобным выданнем, імгненна знік з паліц кніжных крам. Пісьменніку ў межах аднаго твора ўдалося паяднаць сур’ёзную літаратуру і  разлічаную на масавасць. Тут вельмі цікава закручаны сюжэт, але разам з тым многае прымушае задумацца над шматлікімі сур’ёзнымі праблемамі, над гісторыяй беларускай вёскі і  ўвогуле Беларусі. Гэта твор, што ставіць вельмі шмат пытанняў, на якія кожнае пакаленне шукае свае адказы. Раман, які не старэе.

Другая кніга выйшла ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» — «Іван Мележ, пясняр Палесся». Укладальнікам выдання стаў Мікола Мятліцкі, зямляк Івана Мележа. Мікола Мятліцкі лічыў гэтага пісьменніка сваім духоўным настаўнікам.

— Было надзвычай цікава знаёміцца з рукапісам кнігі. Некаторыя ўспаміны сталі для мяне адкрыццём. Многіх фактаў біяграфіі я не ведаў, не ведаў і  пра няпростае жыццё Мележа, — распавядае Алесь Бадак. — Чытаючы ўспаміны пра пісьменніка, асэнсоўваеш па-іншаму і  тое, што ён стварыў. А калі чытаеш самі творы, то цікавасць да іх падштурхоўвае больш даведацца і  пра пісьменніка. Успамінаў у нас выдаецца не так і  шмат. Час сыходзіць, і  ўсё менш застаецца людзей, якія ведалі таго ці іншага класіка. Так, Мележа не стала ў 1976 годзе, і калі паспрабаваць падлічыць, колькі можа быць гадоў яго сучаснікам, якія былі з ім знаёмыя, то ім будзе далёка за 60. З сапраўдных сяброў пісьменніка засталіся адзінкі, таму нашай задачай і з’яўляецца збіраць, фіксаваць і выдаваць, каб пакінуць усе сведчанні нашчадкам: для іх Мележ і яго пакаленне — ужо гісторыя, да якой нельга фізічна дакрануцца…

Не застаўся незаўважаным і Іван Шамякін, таксама сёлетні класік-юбіляр. Дарэчы, на выстаўцы будуць прадстаўлены не толькі яго кнігі, што выходзілі ў  «Мастацкай літаратуры», але і рэчы, дакументы з сямейнага архіва: іх прадаставілі да выстаўкі яго дзеці. А да юбілею пісьменніка ў серыі «Залатая калекцыя беларускай літаратуры» выдадзены раманы «Трывожнае шчасце» і «Слаўся, Марыя» — самыя аўтабіяграфічныя творы пісьменніка. І ў гэтым іх каштоўнасць: праз вобраз галоўнага героя можна больш даведацца пра самога пісьменніка, праз вобразы жанчын можна скласці ўяўленне пра спадарожніцу жыцця творцы, якая была яго сябрам, дарадцам у літаратурных пытаннях.

Літаральна днямі пабачыў свет 19 том (Лісты. Частка І) выдання 25-тамовага Збору твораў Уладзіміра Караткевіча. У кнізе выкарыстаны матэрыялы з асабістых архіваў пісьменніка і сябра Фларыяна Няўважнага, з фондаў БДАМЛіМ. Тэксты і каментарыі да іх падрыхтавалі Анатоль Верабей і Генадзь Кажамякін. Эпісталярная спадчына класіка дапамагае зразумець многія моманты яго жыцця і творчасці. Несумненна, уважлівы чытач знойдзе тлумачэнні пэўных месцаў у мастацкіх творах пісьменніка. Лісты, сабраныя пад вокладкай, адрасаваны бацькам, родным і блізкім, літаратарам, сябрам і знаёмым: Якубу Коласу, Уладзіславе Луцэвіч, Аляксандру Бялецкаму, Максіму Танку і некаторым іншым.

Адкрываецца кніга лістамі, якія пісаў Уладзімір яшчэ ў юнацтве, будучы школьнікам. Многія з іх ілюстраваны яго ўласнымі малюнкамі.

Адно з найцікавейшых выданняў, што нядаўна выйшла, — кніга вершаказаў Алеся Разанава «Маланка жне, гром малоціць». Гартаючы зборнік, не перастаеш здзіўляцца, наколькі простыя рэчы натхняюць паэта на паглыбленне ў  іх метафізічную прыроду і  яе даследаванне — гэта прадметы побыту, якія заўжды пад рукой, прыродныя з’явы, якія назіраеш штодзень.

Для цікаўных і няўрымслівых

Выдавецтва «Народная асвета» парадавала юных чытачоў, якія палюбілі серыі кніг, прызначаныя для пашырэння ведаў аб розных падзеях і з’явах.

Так, серыя кніг пісьменніцы Ірыны Токаравай «Прыгоды» папоўнілася выданнем «Гадзіннік, альбо Цім у Мірскім замку» («Часы, или Тим в Мирском замке»). Гэта працяг прыгод Ціма і  яго сяброў па часе. Малодшыя дашкольнікі разам з героямі кнігі адправяцца пры дапамозе гадзінніка ў Мірскі замак, апынуцца ў далёкім мінулым і змогуць стаць сведкамі таго, як замак будаваўся, і пабачыць, як жылі яго насельнікі ў розныя эпохі. Дзеці змогуць паўдзельнічаць у небяспечных прыгодах у гады войн і нападзенняў на замак. А таксама разгадаць таямніцу: што за прывіды насяляюць замак, аб чым занатавана ў многіх легендах.

Адметнай з’яўляецца і серыя для падлеткаў: «Тусоўка. bу». У ёй пабачыла свет ужо 6 кніг. Гэта розныя гісторыі: і фантастычныя, і пазнавальныя.

Нядаўна серыю папоўніла кніга Аляксандры Хамянок «Эскімоскавы гісторыі». Назва яе паходзіць ад прозвішча галоўнага героя  — Лёшы Эскімосава. Яго расповеды пра тое, як ён станавіўся дарослым. Ён цікаўны і назіральны. Ён даведваецца пра свет праз сям’ю і сяброў, святы і розныя здарэнні, звяртаючыся да свайго ўнутранага «я» і да таго, пра што ён марыць. Гэта замалёўкі з жыцця хлопчыка, у якога пастаянна заняты бацька і з рознымі «дзівацтвамі» маці, празмерна клапатлівая бабуля. А яшчэ на яго нечакана звальваецца… першае каханне! Алёша не проста разважае пра ўсё, што з ім адбываецца, але і старанна запісвае ў нататнік… Толькі так ён «расце», уздымаецца над сабой ранейшым. Дарэчы, апавяданні гэтыя ўвайшлі ў шорт-ліст VІІ Міжнароднага літаратурнага конкурсу твораў для дзяцей і юнацтва «Карнейчукоўская прэмія». Плануецца, што пісьменніца Аляксандра Хамянок будзе ўдзельнічаць у аўтограф-сесіі ў межах Міжнароднага кніжнага кірмашу.

Нядаўна і ў серыі «У  кантакце» (аўтар Ліна Багданава) выйшлі кнігі для дзяцей для 6, 8 і 12 гадоў. Тут разглядаюцца праблемы, якія ўзнікаюць у дзяцей адпаведнай узроставай катэгорыі. Парады герою даюць усе: маці, бабуля ды іншыя, а ў канцы расповеду гісторыю разбірае псіхолаг: «разрульвае» сітуацыю і тлумачыць, як на яе рэагаваць. У адным з расповедаў — поўны хлопчык, з якога здзекваюцца аднакласнікі, іншая гісторыя — пра першае каханне, яшчэ — пра хваробу блізкага чалавека.

Аўтар серыі Ліна Багданава  — прафесійны псіхолаг, яна і ў сетцы «УКантакце» вядзе адпаведную суполку. У анатацыях яе кніжак пазначана назва суполкі, у  якой любы можа спісацца з аўтарам, падтрымліваць сувязь з псіхолагам і распавесці пра свае праблемы. І, натуральна, атрымаць падтрымку і парады. Нядаўна аўтар Ірына Токарава прыдумала новую серыю для дашкольнікаў пад назвай «Шафа» («Шкаф»). Серыя прыгодніцкая, усе гісторыі захапляльныя, і ў кожнай з іх ёсць свая «навука» для маленькага чытача: як і чым карыстацца, як з чым абыходзіцца і г.  д. У кніжачак гэтай серыі закругленыя старонкі, каб малыя выпадкова не параніліся. Героі гісторый — розныя інструменты, посуд, прадметы гігіены, алоўкі — усё тое, што стварае побыт сям’і і з чым дзіця павінна ўмець абыходзіцца, разумець, для чаго патрэбна тая ці іншая рэч.

Цуды зямлі беларускай

У выдавецтве «Беларусь» нядаўна пабачыла свет двухмоўнае падарункавае выданне альбомнага характару Армена Сардарава «Храм. Традыцыі сусветнай і беларускай архітэктуры». Пісьменнік разглядае архітэктуру храмаў як найважнейшую частку духоўнай культуры чалавецтва. Традыцыі гэтай з’явы палягаюць у тым, што храмавае жыццё зазвычай злучала людзей, нават незалежна ад іх веравызнання і этнічнай прыналежнасці. Асабліва традыцыі былі моцнымі на беларускай зямлі, дзе побач будаваліся і цэрквы, і касцёлы, і сінагогі, і мячэці. Адметнасцю выдання з’яўляецца багаты ілюстрацыйны матэрыял, сюды ўвайшлі і фотаздымкі аўтара, зробленыя ім у 24 краінах свету.

У выдавецтве рыхтуюцца да прэзентацыі і іншага выдання-альбома, што можа стаць добрым падарункам у бібліятэку як айчыннага чытача, так і замежнага госця: гэта трохмоўная кніга «Напалеон Орда», складальнікам і аўтарам тэкстаў якой стаў Алесь Суша. У выданні выкарыстаны гравюры знакамітага мастака з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гартаючы кнігу, можна пабачыць, як выглядалі гарады, што ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, некаторыя з якіх цяпер з’яўляюцца беларускімі, у мінулыя стагоддзі. Даецца падрабязны спіс работ мастака. Акрамя таго, Алесь Суша распавядае пра тое, як зараз захоўваецца памяць пра знакамітага суайчынніка.

Яна БУДОВІЧ, Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».