Вы тут

Выстаўка, прымеркаваная да 100-годдзя мастака Мікалая Валынца, працуе ў Галерэі Міхаіла Савіцкага


Кожны мастак так ці інакш выяўляе свой погляд на свет і стаўленне да рэчаіснасці праз творчасць, нават калі па саміх творах гэтага не відаць. Магчыма, у гэтым толькі асаблівасць нашага ўспрымання: імкненне ва ўсім знайсці адлюстраванне асобы, па сініх фіранках выявіць самоту пісьменніка, па пяшчотнай выяве жанчыны скласці меркаванне, што мастак быў закаханы, вышукваць чужую дабрыню, закаханасць, узнёсласць, дэпрэсію і гора страты ў словах, колерах, гуках. Але пазбавіцца ад гэтага пры ўспрыманні мастацтва даволі цяжка. Таму што большасці людзей усё ж цікавей знаходзіць нешта знаёмае ў нязвыклых абставінах чужой творчасці.


«Мінск, набярэжная Свіслачы», 1970 г

Выстаўка, прымеркаваная да 100-годдзя мастака Мікалая Валынца, працуе ў Галерэі Міхаіла Савіцкага. Загаловак экспазіцыі — «Служыць дабру». Мікалай Валынец працаваў у партрэтным жанры, пісаў многіх вядомых людзей эпохі — вучоных, герояў вайны. Не меншае месца ў яго творчасці займае прырода Беларусі, хараство вясковых пейзажаў. Выбраўшы даволі тыповыя для творцы любой эпохі жанры, Мікалай Валынец запомніўся як асаблівы аўтар.

Каб крыху прыадкрыць асобу мастака, на экспазіцыі транслюецца дакументальны фільм пра яго. Уражанне ад работ цалкам падмацоўвае словы пра тое, якім светлым і добрым чалавекам быў творца. У партрэтах прасочваецца вялікая ўвага да чалавека, у пейзажах — уменне бачыць прыгожае ў любым стане навакольнага свету.

Экспазіцыя складзена з 60 работ, пераважная большасць якіх — партрэты і пейзажы. Галоўная тэхніка ва ўсіх работах — шырокія імпрэсіянісцкія мазкі. Мастак пазбягае дакладных ліній і выразных контураў. Для пейзажаў гэтая тэхніка даволі звыклая. Часам карціна зусім змешваецца ва ўмоўную абстракцыю, хаця на большасці работ можна лёгка адрозніць дрэвы ад гарызонту. Працуючы шырокімі мазкамі, трэба пільна сачыць за тым, каб сапраўды не сысці ў абстракцыю. Мікалай Валынец удала вытрымлівае гэтую жанравую дыстанцыю дзякуючы колеру. Нават шэры, непрыкметны пейзаж беларускай зімы ён ажыўляе гульнёй адценняў, надаючы карціне своеасаблівую дынаміку. Адзін з самых частых прыёмаў, што можна сустрэць у мастака, — перадача сонечнага святла. Ён карыстаецца для гэтага агромністай палітрай ад ружовага і светла-зялёнага да звычайных для такіх мэт насычанага аранжавага і жоўтага. Колеры адыгрываюць вялізную ролю, яны — аснова кампазіцыйнага ладу многіх твораў. Пры іх дапамозе ствараецца перспектыва, і палотны аказваюцца неверагодна глыбокімі. Гэта асабліва заўважна, калі паглядзець на іх з пэўнай адлегласці.

Уся гульня ценяў і іншая дэталізацыя пабудаваны на колеры і ў партрэтных работах. Па наслаенні мазкоў здагадваешся пра зморшчыны, счытваеш настрой героя. Мікалай Валынец ствараў даволі характарныя партрэты. На выстаўцы прадстаўлены выявы і яго сям’і, і іншых людзей.

«Салдат 1-й і 2-й Сусветных войн», 1950 г.

На партрэтах Мікалай Валынец не шмат дэталізуе фон, многія з іх зроблены на простым шэрым ці карычневым. Позы герояў таксама не адрозніваюцца незвычайнасцю, часам нават яскрава прамаляваны толькі твары, а сілуэты зроблены ў агульных рысах. Чаму Мікалай Валынец лічыцца сапраўдным майстрам партрэтнага жанру? Справа ў вачах. Яму ўдавалася сканцэнтраваць увесь характар чалавека ў буйных рысах твару — вачах, вуснах, носе. Неверагодна дакладны выраз вачэй стварае своеасаблівы кантраст з агульным уражаннем ад партрэта, а ўважліваму наведвальніку з добрай фантазіяй здольны нават распавесці гісторыю, перадаць не толькі знешні, але і псіхалагічны партрэт.

Прадстаўлена некалькі аўтапартрэтаў розных гадоў і выяў сям’і мастака ў розным узросце. Цікава прасачыць, як змяняліся не толькі твары герояў, але і падыход да іх выяўлення, характары на партрэтах.

Работы Мікалая Валынца — задумлівыя, узнёслыя, светлыя, збольшага нейтральныя эмацыянальна, збалансаваныя. У іх сапраўды перададзена тое, як мастак разумеў людзей, якім бачыў свет і якія пачуцці перажывалі тыя, хто камунікаваў з ім.

Дар’я СМІРНОВА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Загаловак у газеце: Супраца колеру і вачэй

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».