Вы тут

Варта глядзець у будучыню


Адзінства. Развіццё. Незалежнасць — пад такім дэвізам у Мінску прайшоў VІ Усебеларускі народны сход, удзельнікамі якога сталі прадстаўнікі рэгіёнаў, грамадскіх груп, працоўных калектываў. На сходзе абмяркоўваліся злабадзённыя пытанні сучаснай Беларусі.


У прыватнасці, дэлегаты Сходу разгледзелі вынікі рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016–2020 гады і асноўныя палажэнні праекта такой жа праграмы на 2021–2025 гады. Галоўная мэта на пяцігодку — забяспечыць сацыяльную стабільнасць у грамадстве і павелічэнне дабрабыту грамадзян дзякуючы якаснаму росту эканомікі, нарошчванню сацыяльнага капіталу, стварэнню камфортных умоў для жыцця, працы і самарэалізацыі. Ключавыя задачы — скараціць залежнасць эканамічнага росту ад вуглевадароднай сыравіны, павялічыць экспартны патэнцыял за кошт высокатэхналагічных тавараў, запусціць новы інвестыцыйны цыкл. Мяркуецца, што асноўнымі вынікамі стануць рост ВУП у рэальным выражэнні ў 2025 годзе не менш як у 1.2 разы, павышэнне чаканай працягласці жыцця да 76.5 года, рост інвестыцый у асноўны капітал, нарошчванне экспарту тавараў і паслуг — больш за $50 млрд у 2025 годзе, павелічэнне рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва, уключаючы рост пенсійнага забеспячэння вышэй за ўзровень інфляцыі, а таксама павелічэнне прадукцыйнасці працы ў прамысловасці. Прыярытэты пяцігодкі — шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна, дзяржава-партнёр.

У першы дзень работы Сходу з дакладам выступіў Прэзідэнт Беларусі, у якім ён даў ацэнку сітуацыі ў краіне, акрэсліў тэндэнцыі і маштабныя задачы на бліжэйшую перспектыву: «Як нам ва ўмовах пандэміі і знешняга ціску жыць далей? Якія прыняць меры для таго, каб забяспечыць эканамічны рост і годны ўзровень жыцця людзей з сацыяльнай падтрымкай насельніцтва? Гэта аснова нашай эканамічнай мадэлі, сутнасць беларускай сацыяльнай дзяржавы».

Аляксандр Лукашэнка адзначае ўзмацненне нацыянальных палітык у свеце і адыход ад ідэй глабалізму. «Можна сумленна і адкрыта сказаць: свет ашалеў. Цяжкім быў мінулы год для ўсяго чалавецтва. Але затое мы ўбачылі, як у адно імгненне ад ідэі глабальнага развіцця вялікія і малыя дзяржавы перайшлі да стратэгіі нацыянальнага выжывання», — сказаў Прэзідэнт.Ён нагадаў, як не так даўно Беларусі і іншым краінам буйныя дзяржавы, тыпу ЗША, дзяржавы Еўрасаюза, навязвалі ідэі глабалізму. «Як толькі з’явіўся гэты жупел ў выглядзе пандэміі, усе скукожыліся, усе замкнуліся. І пляваць на сяброў і на суседзяў. Усе зачынілі межы. «Дык дзе ж гэты глабалізм? — задаў пытанне Кіраўнік дзяржавы. — Не верце таму, што кажуць: дэмакратыя, глабалізм і іншае. Гэта — каб мазгі дурыць людзям у свеце. Гэта робяць некалькі дзяржаў для таго, каб панаваць у свеце. І як толькі сітуацыя хоць ледзь-ледзь зменіцца, яны імгненна зменяць сваю палітыку. Так і здарылася».

Прэзідэнт Беларусі лічыць туманнымі далейшыя перспектывы дагавора паміж Расійскай Федэрацыяй і Злучанымі Штатамі Амерыкі аб мерах па далейшым скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў СНУ-ІІІ. «Спынена дзеянне Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Вельмі цьмяныя перспектывы Дамовы па адкрытым небе. Пэўную надзею на спыненне гэтай спіралі і ваенна-палітычнай напружанасці ўсяляе дасягнуты ў апошні момант кансэнсус паміж Расіяй і ЗША па Дагаворы аб стратэгічных наступальных узбраеннях. Праўда, новы прэзідэнт у ЗША зноў адменіць гэта, не выключана. Беларусь, безумоўна, падтрымлівае пашырэнне пазітыўнага эфекту ад гэтай дамоўленасці, але перспектывы СНУ-ІІІ абсалютна туманныя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, пад прыкрыццём прынцыпу ратацыі фактычна на пастаяннай аснове ў рэгіёне, у тым ліку на сумежнай з Беларуссю тэрыторыі, нарошчваецца групоўка войскаў НАТА. У выніку ўзровень замежнай ваеннай прысутнасці ў рэгіёне сёння наогул не кантралюецца, лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Прыпынены вывад войскаў ЗША з Еўропы. «Адначасова ў адкрытую абмяркоўваюцца планы адбіцця міфічнай пагрозы з Усходу. Мы на Усходзе першыя, за намі — Расія. Захад даўно забыў свае абяцанні, што інфраструктура альянсу не будзе пашырацца на ўсходнім кірунку. Я быў сведкам і ўдзельнікам гэтых абяцанняў, — падкрэсліў ён. — Што далей, новая гонка ўзбраенняў? Адназначна. Трэцяя сусветная вайна?» — задаўся пытаннем Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на выніках развіцця Беларусі за гады суверэнітэту, падкрэсліў, што краіна дасягнула поспехаў у розных галінах. «Галоўны арыенцір — гэта чаканні, памкненні, магчымасці развіцця сучаснага чалавека. Бо якія б мы ні ставілі мэты, галоўным рэсурсам у іх дасягненні застаюцца людзі, таленавітыя і працавітыя, адданыя сваёй зямлі. На кожным з беларусаў ляжыць адказнасць за лёс краіны. І галоўнае — ва ўсіх ёсць роўныя, спрыяльныя стартавыя ўмовы для таго, каб стаць паспяховым і мяняць жыццё ў Беларусі да лепшага. У гэтым сутнасць справядлівасці, запыт на якую ў свеце, як бачым, толькі расце. У гэтым сэнс нашай мадэлі сацыяльна-арыентаванай дзяржавы, якая даказала сваю жыццяздольнасць, нягледзячы на сусветныя санкцыі і палітычны ціск», — сказаў Прэзідэнт. «Мы ведаем мадэратараў вулічнай актыўнасці, якія знешнія сілы стаяць за імі, якія грошы на гэта кінутыя. Пэўную ўразлівасць часткі грамадства і сістэмы перад майданнымі тэхналогіямі мы не можам ігнараваць, тым больш цяпер, калі знаходзімся ў працэсе змены пакаленняў. Гэта з’ява аб’ектыўна мае складаны характар: мы назіраем канкурэнцыю светапоглядаў, несупадзенне пазіцый па многіх пытаннях жыццеўладкавання — ад эканомікі да выхавання дзяцей. І нам жыццёва неабходна, абапіраючыся на мудрасць і вопыт тых, хто старэй, знайсці рашэнне ўзніклых супярэчнасцяў. Нам нельга дапусціць разрыву пакаленняў, як гэта адбылося ў гады распаду Савецкага Саюза».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праз чвэрць стагоддзя цяжкага, але важнага шляху Беларусь стаіць на парозе новых якасных пераўтварэнняў. «2021 год — мяжа: па сваёй лёсавызначальнасці ён супастаўны з вехамі пачатку XX стагоддзя і сярэдзіны 1990‑х гадоў. Але ў адрозненне ад тых смутных часоў, сёння ў нас ёсць разуменне сітуацыі і план дзеянняў, які дае ўсе шанцы на паспяховае развіццё», — звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт акрэсліў шэраг задач, у ліку якіх павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання, забеспячэнне новага ўзроўню камунікацыі ўлады і грамадства, стварэнне ўмоў для раскрыцця патэнцыялу чалавека, рэалізацыі яго магчымасцяў, забеспячэнне якаснага росту эканомікі на аснове ініцыятывы, інавацый і сучаснага кіравання. Паводле яго слоў, таксама трэба будзе вызначыць бягучыя і доўгатэрміновыя прыярытэты дзяржавы на знешнім контуры.

Прэзідэнт пацвердзіў нязменную ролю Беларусі як донара стабільнасці. «Як ні парадаксальна, для многіх сёння больш выгадная канфрантацыя, чым мір і згода. Але гэта на сумленні тых палітыкаў, якія ставяць свае несуцішныя амбіцыі вышэй за чалавечыя жыцці, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Упэўнены, менавіта таму нашы неаднаразовыя заклікі да сусветнай супольнасці спыніць эскалацыю напружанасці, вядомыя як «Хельсінкі-2», пакуль, як гэта модна казаць, не ў трэндзе. Як я казаў нядаўна, «не тая краіна прапанавала». У гэтых умовах пацвярджаем нязменную ролю Беларусі як донара стабільнасці. Нягледзячы ні на што, Еўропа застаецца нашым агульным домам. Нікуды ад гэтага не дзенешся, мы — цэнтр Еўропы».

Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь застаецца стабільным, надзейным партнёрам у сферы рэгіянальнай бяспекі, гатовым актыўна ўдзельнічаць у міратворчых стратэгічных ініцыятывах: «Мы, як і раней, гатовыя даць пляцоўку для перамоваў па любых пытаннях глабальнай, рэгіянальнай бяспекі, уключаючы тэматыку кантролю над узбраеннямі».

Па словах Кіраўніка дзяржавы, не трэба лічыць, што «беларускае пытанне» не важнае для глабальных геапалітычных гульцоў — ідзе барацьба за ўцягванне Беларусі ў арбіту свайго ўплыву. «Беларусь сёння — гэта панавальная вышыня на поле бою ў цэнтры Еўропы, — заявіў Прэзідэнт. — І за гэтую вышыню ідзе лютая бітва. Так было заўсёды ў нашай шматвяковай гісторыі».

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не разглядае ні адну з дзяржаў у якасці праціўніка, асуджае любы ваенны канфлікт і паслядоўна выступае за мірнае рэгуляванне спрэчак. «Нягледзячы на ўсе недружалюбныя крокі асобных замежных сіл, я перакананы, што шлях канфрантацыі ў знешняй палітыцы — тупіковы, — звярнуў ён увагу. — Мы нязменна гатовыя выбудоўваць адносіны з усімі краінамі і саюзамі на аснове прынцыпаў раўнапраўя, узаемапавагі, неўмяшання ў нашы ўнутраныя справы. Таксама як і зацікаўлены мець збалансаваныя разнастайныя сувязі са знешнім светам, перш за ўсё эканамічныя».

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, так званы агульнасусветны пратэст стаў адлюстраваннем сістэмнага палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і духоўнага крызісу, які ахапіў планету: «Я думаю, што прыйшоў час вынесці гэтую тэму на міжнародны ўзровень, пакуль не перавярнулася планета. Паглядзець на яе як на глабальную праблему, якая падточвае асновы не толькі светапарадку, але і парадку ў асобных дзяржавах».

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь ведае, як збліжаць пазіцыі і выпрацоўваць рашэнні агульных праблем: «Гэтаму служыць шэраг нашых глабальных мірных ініцыятыў, напрыклад, такіх, як лічбавае добрасуседства. Зроблены практычныя крокі, яны падтрыманыя многімі дзяржавамі. Чаго толькі варта пяцігадовая праца трохбаковай кантактнай групы па мірным урэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Так, шмат чаго не зрабілі, але як раней людзі тысячамі не гінуць, вайна прыпыненая. Так, гэта ў асноўным не наша заслуга, але і наша кропля, наша доля ў спыненні гэтай бойні ёсць. На жаль, пра гэта ўсё менш успамінаюць украінскія палітыкі і кіраўніцтва краіны (па вядомых прычынах), але не ўкраінскі народ — я ў гэтым абсалютна перакананы. Украінцы былі і застануцца заўсёды нашымі суседзямі, нашымі сябрамі, нашымі братамі».

За апошнія гады ў Мінску прайшлі летняя сесія Парламенцкай асамблеі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, знакавы міжнародны форум па барацьбе з тэрарызмам пад эгідай ААН і АБСЕ. «Разам з тым аналіз ваенна-палітычнага становішча, стан сістэм міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі дэманструюць няўхільнае нарастанне рызык і выклікаў, у тым ліку раней невядомых. Усе самыя негатыўныя прагнозы ў трэцім дзесяцігоддзі XXІ стагоддзя, на жаль, спраўджваюцца», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі наступным чынам выказаўся пра перспектывы інтэграцыі з Расіяй: «Мы бачым вялікае развіццё кааперацыйных сувязяў праз больш шырокі ўдзел айчынных вытворцаў у рэалізацыі нацыянальных праектаў Расіі. Сёння адкрыта заяўляем пра гатоўнасць да далейшай прадметнай работы па павышэнні міжгаліновага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы пры выкананні ўзаемных інтарэсаў на аснове раўнапраўя двух удзельнікаў саюза». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэты працэс прадугледжвае поўнае захаванне суверэнітэту абедзвюх краін без фарміравання якіх-небудзь новых наднацыянальных органаў. «Уся сістэма органаў Саюзнай дзяржавы створана, і яна яшчэ не адпрацавала сваё, яна жыццяздольная, яна не можа быць выкінутая на сметнік. Вось і ўвесь адказ. Давайце пройдзем гэты шлях і паглядзім, што скажуць народы. Можа, яны скажуць, што мала гэтай інтэграцыі, пойдзем далей. Але нельга пераскокваць праз этапы, нельга перанапружваць абстаноўку ні ў Расіі, ні, тым больш, у Беларусі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што ў гэтым фармаце можна зрабіць велізарныя крокі ў інтэграцыі з Расіяй.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння пачалі разгойдваць сітуацыю ў Расіі, спрабуюць інфармацыйна раскруціць масавыя пратэсты. Пазней іх, магчыма, паспрабуюць сінхранізаваць з беларускімі мітынгамі. Гэта пацвярджае нацэленасць знешніх сіл у тым ліку на зрыў інтэграцыйных праектаў, звярнуў увагу Прэзідэнт.

Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным абнавіць канцэпцыю нацыянальнай бяспекі: «Тым больш што нашы суседзі з НАТА ўжо мадэрнізавалі свае стратэгічныя дакументы з улікам пагроз і лічбавых тэхналогій. Да таго ж у непасрэднай блізкасці ад нашых межаў створана неабходная інфраструктура — кібервойска і сетка натаўскіх кіберцэнтраў».

Прэзідэнт выказаў упэўненасць у тым, што пры ўсіх рызыках нацыянальнай бяспекі інфармацыйная бяспека становіцца галоўнай болевай кропкай: «Не прымяншаючы пераваг, магчымасцяў і перспектыў, якія адкрыў чалавеку інфармацыйны свет, мы павінны звярнуць увагу на яго адваротны бок. Штучную рэальнасць, якая дала зялёнае святло маніпуляцыям, падману, злачынствам і якая патурае нізінным інстынктам чалавека».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь зноў стала аб’ектам палітычнага і эканамічнага санкцыйнага ціску, а пад лозунгам дэмакратызацыі гучаць заклікі да эканамічнага ўдушэння: «Я скажу адно: пасля штурму Капітолія, жорсткіх разгонаў дэманстрацый у Польшчы, Германіі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, зняволення людзей у вязніцах каранціну яны не маюць ні палітычнага, ні маральнага права ўказваць ні нам, ні іншым, як жыць і кіраваць дзяржавай. Самім трэба разабрацца ў сабе. І тое, што асобныя заходнія палітыканы праецыруюць свае вузкакарыслівыя пазіцыі на міждзяржаўныя, тым самым падставіўшы пад удар пытанні бяспекі і развіцця ўсёй Усходняй Еўропы, — як мінімум безадказна. Мы перакананыя, што эскалацыя невыгодная нікому: ні Беларусі, ні Еўрапейскаму саюзу, ні Злучаным Штатам Амерыкі. Тым больш гэта не наш выбар. У нашых агульных інтарэсах — вярнуцца да нармальнага палітычнага ўзаемадзеяння, паўнавартаснага эканамічнага супрацоўніцтва. Заявы Еўрасаюза, ЗША, іншых заходніх краін аб падтрымцы суверэнітэту Беларусі (пра што яны кажуць пастаянна) мы, безумоўна, адзначаем. Мяркуем, эфект ад гэтых заяў выявіцца ў доўгатэрміновым вымярэнні, а не ў рамках бягучых абвастрэнняў і недастатковага разумення».

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуўся да беларусаў, якія пражываюць за мяжой: «Калі вы яшчэ беларусы і калі вы памятаеце сваю маленькую радзіму, вы павінны разумець, што нават за межамі радзімы не перастаеце быць часткай беларускай сям’і. Кожнае ваша слова, справа і нават пазіцыя прама альбо ўскосна ўплываюць на жыццё краіны. І гэтай краіне патрэбная падтрымка, у тым ліку пажадана і ваша, а не разбурэнне».

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы — не нахлебнікі, а Беларусь — не краіна-сатэліт, якая чакае з працягнутай рукой субсідый і крэдытаў у абмен на адмову ад уласнага меркавання і здаровага сэнсу. «Нам важныя адносіны з Еўрасаюзам, з якім у нас самая працяглая мяжа і высокая ступень узаемазалежнасці эканамічнага, сацыяльнага, культурнага і, нарэшце, палітычнага характару. Не менш значным вектарам для нашай дыпламатыі з’яўляюцца краіны так званай далёкай дугі, дзе важнае месца займае блізкі, нягледзячы на геаграфію, і дружалюбны нам Кітай. Пры гэтым асноўным эканамічным партнёрам і стратэгічным саюзнікам была і будзе наша Расія», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не бачыць важкіх прычын адмаўляцца ад падобнай шматвектарнасці: «Гэта аб’ектыўная рэальнасць для любога разумнага палітыка, які калі-небудзь будзе кіраваць Беларуссю».

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што апошнія падзеі пацвердзілі асаблівае значэнне беларуска-расійскіх адносін у гэтай сістэме шматвектарнасці. «Садзейнічанне Расійскай Федэрацыі мела для нас вельмі важнае значэнне. Дадзеная пазіцыя Расіі — не дапамога дзеючай улады, а падтрымка брацкай дзяржавы і беларускага народа ва ўмовах цяперашніх і будучых глабальных трансфармацый, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Пакуль мы стаім плячо ў плячо або спіна да спіны, ніхто нас на калені не паставіць і не нахіліць. У гэтым сутнасць».

Адказваючы на заўвагу, што Расія пастаянна дапамагае Беларусі, выдае ёй крэдыты, Прэзідэнт заўважыў, што гэтым Расія дапамагае сама сабе. Бо ў Беларусі сканцэнтраваны фінішныя вытворчасці для многіх галін расійскай эканомікі. Кааперацыя дае працу мільёнам расіян, ды і расійскія крэдыты — гэта далёка не дабрачыннасць, паколькі Беларусь выплачвае за іх немаленькія працэнты, заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што пастаянная прысутнасць чалавека ў сацыяльных сетках, на форумах, у медыяканалах фарміруе інтэрнэт-залежнасць: «Людзі проста выпадаюць з рэальнага жыцця, губляюць камунікатыўныя навыкі. Што яшчэ горш: яны губляюць здольнасць да аналітычнага мыслення, паколькі змест і сэнс таго, што адбываецца вакол фарміруюць за іх сацыяльныя сеткі, месенджары і пошукавыя алгарытмы. А хто за імі стаіць, вы ведаеце. Адбываецца гэта не бескантрольна — свядомасць людзей у руках найбуйнейшых гігантаў інтэрнэт-індустрыі, паслугамі якіх не баяцца карыстацца спецслужбы асобных дзяржаў». Прэзідэнт нават прывёў тэрмін, які выкарыстоўваюць спецыялісты для гэтай з’явы, — «лічбавая дыктатура». Пад ёй разумеецца кантроль, блакаванне непажаданых праз кіраванне вялікімі дадзенымі. Гэтая доля, нагадаў Аляксандр Лукашэнка, не абмінула нават Дональда Трампа, чые акаўнты ў сацыяльных сетках былі заблакаваныя адміністратарамі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава абавязана прыкласці максімум намаганняў, каб жыццё чалавека ва ўзросце было паўнавартасным і актыўным, і яна выконвала свае абавязацельствы па пенсійным забеспячэнні, адаптоўваючыся да новых рэалій. З 2018 года сярэдні рост пенсій апярэджвае інфляцыю, гэта значыць іх памер перакрывае дынаміку коштаў. Разам з тым Прэзідэнт прызнаў, што ўзровень пенсій не такі высокі, як хацелася б. У сувязі з гэтым ён прапанаваў далейшае ўдасканаленне пенсійнай сістэмы, у тым ліку паэтапна ўкараняць назапашвальную пенсійную сістэму. «Бачыцца правільным захаваць статус дзяржавы як апірышча гарантаванай пенсійнай падтрымкі, паэтапна ўкараняць элементы назапашвальнай пенсійнай сістэмы, якая дазваляе кожнаму працаўніку гарантавана павялічыць будучую пенсію. Дзяржава створыць для гэтага патрэбную інфраструктуру», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаўся пра перспектывы росту заробкаў у Беларусі. «Адстаюць па зарплаце сельская гаспадарка, сфера сацыяльных і жыллёва-камунальных паслуг, асобныя катэгорыі бюджэтнікаў яшчэ небагатыя. Дзяржава бачыць гэтыя праблемы і працуе над іх вырашэннем. Думаю, гэта правільна — павышаць узровень зарплат і планку павагі грамадства да людзей сацыяльных прафесій. За будучае пяцігоддзе іх даходы істотна падцягнуцца, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Так, зарплату педагагічных работнікаў давядзем да сярэдняй па краіне. Лекары ў 2025‑м будуць атрымліваць у 1,5 разы больш за сярэднюю рэспубліканскай зарплаты». Паводле слоў Прэзідэнта, у цэлым Ураду ставіцца задача разам з развіццём вытворчасцяў працаваць і над павышэннем зарплат работнікаў. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржава дапамагла зарабляць у сярэднім каля $ 500, але далей павінны прыкласці намаганні і самі людзі. «Дзяржава не павінна усіх несці на плячах. Вобразна кажучы, дзяржава павінна несці толькі тых, хто не ходзіць, хто трапіў у цяжкую сітуацыю. Астатнія павінны варушыцца самі, зарабляць на сябе і сваю сям’ю. Але мінімум мы павінны ім дапамагчы зрабіць, стварыць умовы, каб яны маглі зарабіць. І ў наступнай пяцігодцы мы павінны гэтую праблему вырашыць», — заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што насельніцтва Беларусі за апошнія пяць гадоў скарацілася на 90 тыс. чалавек. «Для таго, каб зямлю араць і жыць у краіне, патрэбныя людзі, гэта галоўнае. Нам трэба мінімум 15 млн, а лепш 20 млн чалавек насельніцтва, а мы гэтую тэндэнцыю змяншэння не пераламалі. І гэта ў будучыні можа стаць не проста праблемай, а катастрофай. Тады на нас будуць глядзець іншыя густанаселеныя раёны для таго, каб прыехаць і ў нас жыць. Мы не супраць таго, каб да нас прыязджалі і жылі, але ў пераважнай большасці тут павінны жыць беларусы, каб гэтая зямля заўсёды была беларуская. А для гэтага трэба сёння падтрымліваць маці, якія нараджаюць, вось і ўсё. Шматдзетным сем’ям, нараджальнасці мы павінны надаць асаблівую ўвагу», — лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускай эканоміцы прадракалі эканамічны калапс. У рэальнасці ж падзенне ВУП склала менш за 1 % па выніках 2020 года. Па ключавых параметрах захаваны ўзровень 2019 года. Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на крытыку аб тым, што беларуская эканоміка нібыта застыла ў развіцці. «Па-першае, змянілася яе структура, з’явіліся і атрымалі развіццё новыя галіны, доля недзяржаўнага сектара вырасла да 50 %. Па-другое, праведзена маштабная мадэрнізацыя традыцыйных вытворчасцяў, цяпер ідзе праца па забеспячэнні максімальнай аддачы ўкладзеных сродкаў. Эканоміка не трывае рэвалюцый і шарлатанства. Ніякіх шараханняў быць не павінна. Эвалюцыйна трэба развівацца», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт лічыць, што ў Беларусі трэба развіваць тыя галіны, у якіх ёсць кампетэнтныя спецыялісты. У якасці прыкладу прывёў напрацоўкі ў ракетнай галіне: «Мы стварылі ракету «Паланэз». Перад намі была пастаўлена задача, і мы яе стварылі. Цяпер працуем над новай ракетай, далёкасць якой у межах законаў будзе большай». Акрамя таго, у планах на будучую пяцігодку — стварыць прамысловыя кластары. Да буйных кампаній далучацца малыя і сярэднія прадпрыемствы, якія стануць вырабляць неабходныя камплектуючыя. «Гэта будзе сур’ёзнае імпартазамяшчэнне, а для гэтага трэба не забываць старую школу. Давайце развіваць тыя напрамкі, у якіх мы выразна разумеем. Таму мы мадэрнізуем старыя вытворчасці і на гэтай аснове ствараем новыя вытворчасці», — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў аб існуючай рызыцы «страціць ідэнтычнасць, упусціць у сваё жыццё не ўласцівыя нашаму менталітэту мадэлі». Новыя пакаленні беларусаў павінны памятаць і ведаць свае духоўныя і культурныя вытокі. «Свае стандарты паводзінаў, маральныя прынцыпы з пакалення ў пакаленне мы чэрпалі з творчасці вялікіх пісьменнікаў, рэжысёраў, архітэктараў. Тых, хто для сваіх пакаленняў былі лідарамі меркаванняў. І задача — зрабіць так, каб нашы дзеці і ўнукі сталі захавальнікамі культурнага кода нацыі. Нам жыццёва неабходныя сучасныя Коласы, Купалы, Караткевічы, Шагалы, Пташукі», — адзначыў Прэзідэнт. Творчасць класікаў і творы народнай культуры, у якіх адлюстраваны важныя вехі гістарычнага шляху беларусаў, павінны знаходзіць адлюстраванне ў сучасных праектах, цікавых у першую чаргу моладзі, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Таму што гэта пытанне захавання нашай ідэнтычнасці і суверэнітэту, аснова для разумення свайго гістарычнага права быць на гэтай зямлі. «Мы, беларусы, жылі на ёй тысячагоддзі. Так, большую частку сваёй гісторыі — у чужых дзяржавах, з рознымі народамі. Але ў гэтым вопыце — вытокі нашай талерантнасці, прыязнасці, добрага стаўлення да іншых традыцый і вераванняў. Многія з іх сталі часткай нашай самабытнасці, зрабілі нас культурна і духоўна багатымі. У нас дзве родныя мовы: беларуская і руская», — сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Сувязь дзвюх культур сыходзіць далёка ўглыб стагоддзяў, таму адмаўляцца ад той часткі, «дзе шмат нашай, беларускай душы», нельга. «Таму беларуская і руская мовы — яны будуць заўсёды здабыткам нашай нацыі. І мы не будзем цкаваць і ціснуць людзей, каб яны не размаўлялі на рускай мове», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што Беларусь павінна заставацца прэзідэнцкай рэспублікай. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, такой павінна заставацца краіна, у тым ліку калі ён сыдзе з пасады Прэзідэнта. «Я за канстытуцыйную рэформу. На працягу года на дыялогавых пляцоўках, усюды мы будзем гэта абмяркоўваць. Кожны крок па змяненні. Але я цвёрда перакананы: наша краіна павінна заставацца прэзідэнцкай рэспублікай. Зразумейце толькі правільна тое, што я зараз скажу: наша краіна павінна быць прэзідэнцкай рэспублікай і без Лукашэнкі. Яна будзе без Лукашэнкі — не сёння, дык заўтра, паслязаўтра. Які б я ні быў гераічны, прыйдзе час — прыйдуць іншыя людзі», — сказаў Кіраўнік дзяржавы. — Я разумею, што ўвесь сыр-бор — з‑за цяперашняй асобы Прэзідэнта Беларусі. Для каго гэта сакрэт? Я вельмі рашучы чалавек, які не баязлівы. Я не дрыжу за сваю скуру, у мяне няма багацця (нікому не верце, што я штосьці там у кагосьці ўзяў, чвэрць стагоддзя ва ўладзе — і ніхто нідзе нічога не знайшоў, хоць пры цяперашняй сістэме можна знайсці любую капейку). У мяне акрамя Беларусі нічога няма, я лепшыя гады ўклаў у гэтую краіну. Мяне немагчыма запалохаць. Я не выстаўляў сябе героем, калі бегаў з аўтаматам па вуліцы. Я проста быў настроены рашуча. Я ведаў і бачыў, да чаго гэта ўсё можа прывесці. І гэта шматлікіх працверазіла, — прадоўжыў Прэзідэнт. — Такая пазіцыя ў маіх дзяцей, у маіх блізкіх і родных. Я сваю краіну нікому не аддам».

Аляксандр Лукашэнка назваў галоўныя ўмовы сыходу з улады, а Усебеларускі народны сход прапанаваў зрабіць стабілізатарам на пераходны перыяд. «Галоўная мая ўмова сыходу з улады: у краіне мір, парадак, ніякіх пратэстных дзеянняў, не пераварочваць краіну, выказваць у рамках закона меркаванне», — сказаў Кіраўнік дзяржавы. — Другая ўмова: калі складзецца так, што да ўлады прыйдуць не тыя, і ў іх будуць іншыя погляды, другім пунктам мы запішам, што ні адзін волас з вас, прыхільнікаў цяперашняга Прэзідэнта, упасці не можа. Таму я прапанаваў Усебеларускі народны сход зрабіць канстытуцыйным органам. Зрабіць яго з паўнамоцтвамі. Калі гэты грамадскі дагавор, які мы заключым, будзе парушаны, ўся ўлада будзе ва ўсенароднага Сходу. У вас. Нават без мяне. І Усебеларускі народны сход (ён будзе абірацца яшчэ больш адказна) будзе мець паўнамоцтвы. Ён павінен быць стабілізатарам на пераходны перыяд. А які іншы орган вы бачыце? Можа быць, нешта прыдумаем іншае ў працэсе распрацоўкі Канстытуцыі. Але ў гэты перыяд змены пакаленняў, змены ўлады мы павінны мець выразную падстрахоўку, каб не страціць краіну», — заявіў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Усебеларускаму народнаму Сходу трэба перадаць паўнамоцтвы вызначэння стратэгіі развіцця беларускага грамадства: «І гэта будзе закон для ўсіх грамадзян краіны. І для кіраўніка дзяржавы, і для парламента, і для іншых. Якія? Суверэнітэт, незалежнасць нашай краіны, абарона, баяздольнасць і іншыя, і гэтак далей. Толькі галоўныя. Без ўмяшання ў кіруючыя, выканаўчыя функцыі ў дзяржаве. Гэта будзе справа органаў улады і кіраўніка дзяржавы».

Разам з тым Прэзідэнт адзначыў, што да ўлады, натуральна, павінна прыходзіць новае пакаленне, і гэта павінен вызначыць народ на сумленных і адкрытых выбарах пасля адпрацоўкі неабходных законаў і Канстытуцыі. «Я разумею, што мы жывем у пераходны перыяд. Трэба зрабіць так, каб новае пакаленне прыйшло да ўлады. Гэта непазбежна. І народ павінен вызначыцца, хто ад новага пакалення прыйдзе ва ўладу», — адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што для гэтага будзе неабходна шчыра, не здаючы пазіцый, правесці выбары: «Народ павінен вызначыцца, чаго ён хоча. І будзе жалезны грамадскі дагавор, што сумленныя, адкрытыя (пад кантролем таго, хто там чаго хоча) выбары павінны быць законам для ўсіх. Калі толькі хтосьці тузане пасля гэтага, атрымае вельмі жорсткі адказ. І гэта мы, маё пакаленне палітыкаў, павінны забяспечыць беларускаму народу. У якой ролі будзе цяперашні Прэзідэнт тады і многія з вас — час пакажа».

Канешне ж, на форуме прагучалі і выступленні іншых удзельнікаў Сходу. Пра дэтальныя планы развіцця эканомікі краіны гаварыў, у прыватнасці Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Паводле яго слоў, у аснове палітыкі эканамічнага росту — стымуляванне ўнутранага спажывання і рацыянальнага імпартазамяшчэння, разгортванне новага інвестыцыйнага цыклу. Гэта значыць, зніжэнне рызыкі і выдаткаў інвестараў, стварэнне ўмоў для прыцягнення «доўгіх» грошай у эканоміку, фарміраванне развітай інфраструктуры ва ўсіх рэгіёнах краіны, рэалізацыя экспартнай стратэгіі, якая скіравана на ўкараненне інструментаў падтрымкі экспарцёраў. «Я ўпэўнены, што ўсе ўдзельнікі Сходу згодны з тым, што дапусціць дэіндустрыялізацыю Беларусі нельга», — сказаў Прэм’ер. На яго думку, трэба стварыць і развіць як мінімум пяць новых высокатэхналагічных галін і кірункаў. Сярод іх —электраіндустрыя са стрыжнем нацыянальнай праграмы электратранспарту. «Мы працягнем устаноўку айчынных электразарадных станцый. Да канца пяцігодкі траціна гарадскога грамадскага транспарту стане электрычным», — падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Яшчэ адзін кірунак — біяіндустрыя. За апошнія тры гады, як дадаў Прэм’ер, распрацавана звыш 150 новых біятэхналогій. Урадам зацверджана стратэгія развіцця і фармацэўтыкі. Сталі рэальнасцю прамысловасці робаты. Пятая галіна для развіцця — вытворчасць кампазітных матэрыялаў. «Гэта новая старонка для будучыні. Прадукцыя дазволіць замясціць метал, не саступаючы яму ў якасці», — падкрэсліў Прэм’ер. Ён адзначыў, што Урад плануе рэалізаваць 47 праектаў у высокатэхналагічных сектарах з аб’ёмам інвестыцый 19 мільярдаў рублёў. Традыцыйныя галіны будуць развівацца на новай тэхналагічнай базе і лічбавай аснове. «На працягу пяцігодкі плануем прыцягнуць у прамысловасць больш за 80 мільярдаў рублёў і рэалізаваць больш за 500 інвестыцыйных праектаў», — заявіў Раман Галоўчанка. На яго думку, прыбытковым бізнесам павінна стаць сельская гаспадарка, працягнецца эфектыўнае выкарыстанне сыравінных зон, пабудуюць вытворчыя аб’екты. Упершыню для садзеяння разгортванню інвестыцыйнага цыклу сфарміраваны дакумент — Нацыянальны інфраструктурны план Беларусі, у якім сабраны ўсе патрабаванні ў галіне. Туды ўключаны каля 1000 праектаў з аб’ёмам фінансавання 28 мільярдаў рублёў.

А вось міністэрства замежных спраў бярэ на сябе абавязак распрацаваць новую канцэпцыю знешняй палітыкі Беларусі. Пра гэта ў сваім выступленні на Усебеларускім народным сходзе заявіў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей. Беларусь, як ён заявіў, варта разглядаць не як мост паміж чымсьці, а як сваю зямлю і свой бераг. Міністр прызнаў, што краіна сёння знаходзіцца на геапалітычным разломе паміж Усходам і Захадам. У сутыкненні гэтых рознанакіраваных буйных сусветных гульцоў, па яго меркаванні, галоўная прычына ўнутрыпалітычных праблем у краіне». Што далей і які выхад? На мой погляд, замацаванае ў Канстытуцыі імкненне Беларусі да нейтралітэту не адпавядае бягучай сітуацыі. У сучасным глабалізаваным свеце, які пранізаны інтэрнацыяналізацыяй, нейтралітэту ў яго класічным разуменні не існуе. Прапануецца ўлічыць дадзены аспект у рабоце над папраўкамі ў асноўны закон нашай краіны», — падкрэсліў Уладзімір Макей. Ён адзначыў, што Беларусі і далей неабходна падтрымліваць сваю шматвектарную знешнюю палітыку. Але такі курс не выключае перавагу нейкага аднаго кірунку. «Расія заўсёды была, ёсць і будзе нашым стратэгічным партнёрам, таму ва ўзаемадзеянні з гэтай краінай і дзяржавамі постсавецкай прасторы будзе накіраваны асноўны вектар нашага развіцця. Больш за тое, выкажу, магчыма, крамольную рэч у парадку дыскусіі пра мэтазгоднасць карэкціроўкі экспартнай формулы траціна-траціна-траціна ў сучасных рэаліях. Аб’ектыўна, у знешнеэканамічнай дзейнасці любой дзяржавы краіны-суседкі, і тым больш магутныя, маюць пераважнае значэнне», — сказаў міністр, прапанаваўшы сканцэнтраваць палову экспарту на вектары постсавецкіх краін. Па яго словах, Беларусь выступае за партнёрства Еўрасаюза і ЕАЭС, што неабходна не толькі з боку развіцця эканомік, але і для мінімізацыі канфліктнага патэнцыялу. «Мы зыходзім з таго, што не можа быць дамінуючай сілы ні ў рэгіёне, ні ў свеце. У кожнай дзяржавы павінен быць голас і яго павінны чуць», — падкрэсліў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Веніямін, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі выказаўся, што да пандэміі каранавіруса дадалося ўзмацненне палітычнай нестабільнасці ў свеце і сённяшнія падзеі нагадваюць духоўны і сацыяльны крызіс напярэдадні Першай сусветнай вайны. «Сёння беларускае грамадства стаіць на ростанях. Нам належыць зрабіць выбар і гэты выбар неабходна зрабіць самастойна і адказна, кіруючыся не эмоцыямі і запаламі, а розумам і ўсведамленнем памылак, што здзейснены», — заявіў мітрапаліт. Ён адзначыў, што Беларуская праваслаўная царква падтрымлівае палажэнні праграмы развіцця краіны, накіраваныя на ўзмацненне традыцыйнага інстытута сям’і, сацыяльнай падтрымкі людзей, захаванне традыцыйных каштоўнасцяў народа, удасканаленне духоўна-маральнага выхавання маладога пакалення.

У сваю чаргу Наталля Карповіч, намеснік старшыні Канстытуцыйнага суда заявіла, што працэсы ў свеце і ўнутры краіны патрабуюць распрацоўкі канстытуцыйнай мадэлі, якая адказвае выклікам эпохі, а ўнясенне правак неабходна для далейшага развіцця Беларусі». Гатовага рэцэпта, аптымальнай мадэлі змянення Канстытуцыі няма і быць не можа. Адзначу агульную для ўсіх краін тэндэнцыю як канстытуцыйная пераемнасць. Яна праяўляецца ў ахове канстытуцыйных каштоўнасцяў, захаванні асноўных дзяржаўных інстытутаў». Па словах Наталлі Карповіч, папраўкі ў Канстытуцыю павінны садзейнічаць сацыяльнаму прагрэсу, мадэрнізацыі грамадства, засноўвацца на лічбавізацыі, дасягненнях навукі і тэхнікі. На яе думку, дыялогавыя пляцоўкі (на якіх абмяркоўваліся змены ў асноўны закон краіны) паказалі, што беларусы хочуць узмацніць прававую аснову свайго жыцця і будучага сваіх дзяцей. «Падтрымліваем ініцыятыву Кіраўніка дзяржавы аб наданні Усебеларускаму народнаму Сходу статусу канстытуцыйнага органа. Канстытуцыйны суд прапануе варыянт такой нормы асноўнага закона», — канстатавала суддзя. У выступленні Прэзідэнта яна адзначыла ключавыя кірункі для змен — павышэнне ролі мясцовай улады, палітычных структур грамадства.

У сваёй заключнай прамове Прэзідэнт Беларусі перш за ўсё падзякаваў удзельнікам VІ Усебеларускага народнага Сходу за актыўнасць, адказны і ўдумлівы падыход да рашэнняў, абмеркаванняў лёсавызначальных для краіны пытанняў. «Форум паказаў высокі запыт грамадства на захаванне сістэмы каштоўнасцяў і прыярытэтаў, — адзначыў Прэзідэнт. — Гэта кажа пра тое, што за гады незалежнасці нам удалося выбудаваць сістэму, у аснове якой — непахіснасць суверэнітэту краіны, які трымаецца на традыцыях, патрыятызме, памкненні народу да міру».

Як суверэнная дзяржава Беларусь па-ранейшаму адкрыта да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усім светам, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым яна не зменіць курс на пабудову Саюза Беларусі і Расіі і Еўразійскую інтэграцыю. Брацкая Расія і вялікі Кітай застануцца нашымі стратэгічнымі партнёрамі, і не толькі эканамічнымі, заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы з вамі абмеркавалі кірункі далейшага развіцця беларускага грамадства, вызначылі змены, якія неабходныя для найбольш поўнага ўдзелу насельніцтва ў прыняцці дзяржаўных рашэнняў. Гэта і пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады, і канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага Сходу, умацаванне мясцовага самакіравання, павышэнне ролі грамадскіх структур у палітычным жыцці краіны», — пералічыў Кіраўнік дзяржавы і падкрэсліў, што ўсё, што прагучала на сходзе не з’яўляецца догмай, але будзе прааналізаванае і, магчыма, дапоўненае.

Шлях, які вызначыла для сябе краіна ў гэтым перыядзе, ад зямлі, сказаў Аляксандр Лукашэнка, але няма гарантыі, што ён не будзе адкарэктаваны, бо ніхто не ведае, які глабальны выклік з’явіцца заўтра. «Мы будзем імкнуцца ісці гэтым шляхам, але ў жыцці могуць быць усякія моманты, і да гэтага мы з вамі павінны быць гатовыя, — патлумачыў ён. — Але няпэўнасці каласальныя і сказаць, што мы вось такія гераічныя ўрачыстым маршам пройдзем і ўсё вырашым, нельга. І ў гэтыя хвіліны няпэўнасці нашай будучыні мы як ніколі павінны быць акуратныя і асцярожныя. І адзіныя. Не час сёння ламаць і крышыць».Таму і ствараючы новую Канстытуцыю трэба дзейнічаць вельмі акуратна і асцярожна, патлумачыў думку Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што новую Канстытуцыю варта распрацаваць і прыняць цягам года, і звярнуў увагу, што пасля яе прыняцця неабходна будзе адкарэктаваць вялікі аб’ём нарматыўна-прававых актаў. Ён выказаўся і пра прапановы прыбраць з Канстытуцыі палажэнне пра нейтралітэт Беларусі: «Было закранута прынцыповае пытанне, перш за ўсё для Прэзідэнта. Розныя людзі, ваенныя і неваенныя, прапаноўвалі канстытуцыйна замацаваць прынцып, супрацьлеглы нейтралітэту. Няма нейтралітэту, і, шчыра кажучы, мы і не праводзілі курс, які быў бы жорстка звязаны з нейтралітэтам. Вось такая канстытуцыйная норма. Жыццё змянілася, і мы вымушаныя былі падладжвацца, мяркуючы, што нельга ўвесь час змяняць Канстытуцыю. Таму, відаць, трэба нам абмеркаваць гэтае пытанне са спецыялістамі і выкласці па-іншаму гэтыя патрабаванні». Але перш трэба прыняць канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, заявіў Кіраўнік дзяржавы.

А ўвогуле, аб’яўляючы VІ Усебеларускі народны сход закрытым, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў працягнуць дыялог па ўзнятых пытаннях. «Я вам абяцаю, што ён будзе насіць па ўсіх напрамках разгалінаваны і глыбокі характар. Мы будзем разам з вамі абмяркоўваць глабальныя праблемы. Перш за ўсё па пераўладкаванні нашага грамадства, фарміраванні новай заканадаўчай базы нашай дзяржавы», — сказаў Прэзідэнт.

Уладзімір ВЕЛІХАЎ

Фота БЕЛТА і Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.