Вы тут

Май Ван Фан: Цяжка знайсці сучаснага пісьменніка, якога любяць усе…»


В’етнамскі паэт Май Ван Фан нарадзіўся ў 1955 годзе ў Кімшоне (правінцыя Ніньбінь). Гэта дэльта Чырвонай ракі, Паўночны В’етнам. Сем гадоў служыў у войску, у пяхоце. Затым паступіў у каледж замежных моў, на факультэт лінгвістыкі і рускай культуры. У 1983 годзе прыехаў у Мінск. Вучыўся ў педагагічным інстытуце.


Правінцыя Ніньбінь, В’етнам. Фота boostarking.ru

Цяпер жыве і працуе ў горадзе Хайфон (В’етнам). Аўтар 16 паэтычных кніг, выдадзеных на роднай мове. Многія творы Май Ван Фана перакладзены на мовы народаў свету — англійскую, французскую, рускую, беларускую, украінскую, іспанскую, нямецкую, шведскую, галандскую, албанскую, кітайскую, бенгальскую ды іншыя.

У Мінску рыхтуецца да выдання кніга вершаў в’етнамскага паэта ў перакладзе на беларускую мову.

 Што хвалюе сучасных в’етнамскіх пісьменнікаў?

— Дзякую за пытанне. Цяпер наша краіна імкнецца ісці ў нагу з астатнімі, нацэлена на сусветную інтэграцыю. Так, мы ўсё яшчэ пакутуем ад наступстваў бесперапынных жорсткіх войнаў, якія былі ў мінулым, і, як краіны з маленькай плошчай, В’етнам знаходзіцца пад моцным уплывам шматпалярнага свету, глабалізацыі — як у пазітыўным, так і ў негатыўным сэнсе. У дадзены момант ва Усходнім (Паўднёва-Кітайскім) моры знаходзяцца шмат кітайскіх ваенных караблёў, зондаў і буравых установак. Яны ўрываюцца ў тэрытарыяльныя воды і выключныя эканамічныя зоны В’етнама. Гісторыя паказвае, што агульнанародны лёс напрамую ўплывае на лёс асобнага грамадзяніна В’етнама. Сапраўды гэтак жа, як унутраны свет кожнага чалавека з’яўляецца асноўнай адзінкай, крышталізуецца каштоўнасць і духоўная сіла нашага народа. Пра тое і пішуць сучасныя в’етнамскія пісьменнікі, малюючы ўсе аспекты жыцця, закранаюць і паверхневыя, і глыбокія хвалюючыя кожнага тэмы. Так што, тэматыку пісьменніцкіх прац у В’етнаме усё гэта і складае.

 Што ляжыць у аснове сучаснай в’етнамскай літаратуры: проза, паэзія ці дакументальная літаратура?

— Усе тры згаданыя літаратурныя формы. Аднак проза заўсёды была асноўнай дэталлю, механізмам у велізарнай літаратурнай «машыне». Дзякуючы асаблівасцям жанру, як вядома, проза дазваляе пісьменніку пашырыць амплітуду прасторы і часу, найбольш ярка асвятліць гісторыю і сучаснасць, а таксама прадказаць, што будзе ў далейшым.

 Якія тыражы ў кніг прозы і паэзіі? Наколькі адрозніваюцца яны з накладамі кніг, што выдаваліся напрыканцы XX стагоддзя?

Фота en.nhandan.org

— Я не магу дакладна сказаць, колькі кніг прозы ці паэзіі выдаецца кожны год. Паводле статыстыкі Выдавецкага кіравання В’етнама ў 2018 годзе было апублікавана каля 32 000 назваў кніг з накладам больш за 390 мільёнаў асобнікаў. Гэта на 20,6 % больш па колькасці кніг і на 24,7 % — па памеры накладаў у параўнанні з дадзенымі 2017 года. Рост, пагадзіцеся, прыкметны. Такім чынам, кожны год колькасць кніг павялічваецца ў параўнанні з папярэднім, і, вядома, значна перавышае наклады выданняў, апублікаваных напрыканцы 20‑га стагоддзя. У такіх вялікіх гарадах, як Ханой і Хашымін утварыліся цэлыя «кніжныя кварталы» і «кніжныя вуліцы». З 2014 года прэм’ер-міністр В’етнама абвясціў 21 красавіка кожнага года «Днём кнігі ў В’етнаме».

 Прызнацца, гэта ўражвае, бо ва ўсіх краінах кажуць пра падзенне тыражоў. А ці існуе ў В’етнаме праблема дзіцячага чытання? Ці не сышлі дзеці канчаткова ў інтэрнэт?

— У нас, в’етнамцаў, ёсць трывалая традыцыя — любіць кнігі. Са старажытных часоў з нагоды навагодніх святаў, дзён нараджэння ці пачатку новага навучальнага года дарослыя дораць кнігі і ручкі маленькім дзецям з пажаданнямі быць паслухмянымі, старанна вучыцца і атрымліваць шмат ведаў. Але, так, нашы дзеці часта чытаюць кнігі і ў інтэрнэце. І я вельмі хвалююся, што іх часцяком зацягваюць коміксы з мінімальнай колькасцю тэксту, асабліва японскія коміксы. Акрамя таго, мяне трывожыць, што з прычыны камп’ютарызацыі нашы нашчадкі пакутуюць ад ранняй блізарукасці.

 Наколькі актыўна ў вас развіваецца дзіцячая літаратура?

— Нашы пісьменнікі, напэўна, пішуць павольней, чым таго патрабуе чаканне і патрэбы дзяцей… У прыватнасці, пісьменнік Нгуен Нхат Ань напісаў больш за 50 кніг для юных чытачоў. Яго кнігі перакладзены на некалькі азіяцкіх моў, такіх, як японскую, кітайскую, карэйскую, тайскую і гэтак далей. Нашы выдаўцы імкнуцца актыўна перакладаць дзіцячую літаратуру ўсіх кантынентаў. Тым не менш у кожнай сям’і ўсведамляюць неабходнасць стварэння асаблівай, менавіта в’етнамскай нішы з яе гістарычнымі апавяданнямі, казкамі, легендамі, народнымі песнямі, прыказкамі… Тое неабходна для выхавання падрастаючага пакалення ў павазе да нацыі, любові да Радзімы і краіны.

 Ці карыстаюцца папулярнасцю ў чытачоў перакладныя кнігі?

Фота kto-chto-gde.ru

— Так, перакладная літаратура карыстаецца ў нашых чытачоў вялікім попытам. Магчыма, у свеце няма ніводнага значнага твора, які не быў бы перакладзены на в’етнамскую мову. Акрамя дзяржаўных выдавецтваў існуюць і прыватныя кніжныя прадпрыемствы. Яны лічацца дынамічнымі і адчувальнымі да рынкавага попыту. Акрамя таго, у В’етнаме ёсць нямала інтэлектуалаў, якія чытаюць арыгінальныя тэксты непасрэдна на англійскай, рускай і французскай мовах.

 Наколькі трывалымі з’яўляюцца сувязі в’етнамскай літаратуры з літаратурамі Кітая, Японіі, Індыі?

— Сувязь паміж в’етнамскай літаратурай і літаратурай згаданых краін аналагічная сувязі рускай літаратуры з беларускай або еўрапейскай — з амерыканскай. Нашы кнігавыдаўцы, гандляры і перакладчыкі заўсёды былі актыўнымі і прафесійнымі. Магчыма, яны «пакрылі» ўвесь свет у галіне адбору кніг для в’етнамскіх чытачоў.

 Ці ведаюць у В’етнаме Васіля Быкава, Святлану Алексіевіч, іншых беларускіх пісьменнікаў?

— Яшчэ ў васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя ў В’етнаме былі перакладзены і апублікаваны дзве кнігі Уладзіміра Караткевіча — «Чазенія» і «Дзікае паляванне караля Стаха». Творы Васіля Быкава таксама былі перакладзены і апублікаваны ў В’етнаме. У апошнія гады ў В’етнаме было выдадзена шмат кніг Нобелеўскага лаўрэата 2015 года ў галіне літаратуры Святланы Алексіевіч. Усе яны былі цёпла прыняты нашымі чытачамі. Напрыклад, «Чарнобыльская малітва. Хроніка будучыні», «Апошнія сведкі». Яе кніга «У вайны не жаночы твар» была перакладзеная ў другі раз з арыгінала без скажэнняў і шмат разоў перавыдавалася.

 Ці захавалася ў В’етнаме сістэма дзяржаўнай падтрымкі кнігавыдання?

— Дзяржаўная сістэма падтрымкі кнігавыдання функцыянуе добра. Выдаўцы і кнігагандляры часта спансуюць публікацыю кніг. Саюз пісьменнікаў В’етнама і рэгіянальныя асацыяцыі пісьменнікаў часта аказваюць падтрымку аўтарам — напрыклад, аплачваюць пісьменнікам дарогу і размяшчэнне ў розных творчых камандзіроўках.

 Ці існуе сістэма літаратурных прэмій?

— Так, ёсць шмат літаратурных прэмій на розных узроўнях. Існуе, напрыклад, Дзяржаўная прэмія імя Прэзідэнта Хо Шы Міна. Саюз пісьменнікаў В’етнама і рэгіянальныя асацыяцыі пісьменнікаў таксама праводзяць штогадовыя ўзнагароджання. Ёсць стыпендыі Міністэрстваў і ведамстваў, правінцый і гарадоў, якія выдаюцца на працягу года або раз у 3–5 гадоў. Акрамя таго, у газетах і літаратурных часопісах часта праходзяць розныя літаратурныя конкурсы.

 Які твор у сучаснай в’етнамскай літаратуры карыстаецца цяпер найбольшай папулярнасцю?

— Перавага шмат у чым залежыць ад жанру, і кожнае пакаленне чытачоў выбірае для сябе свае любімыя творы. Маладыя людзі часта чытаюць зусім іншыя кнігі, чым тыя, якія чытала папярэдняе пакаленне. Калі вы праведзяце сацыялагічнае апытанне, цяжка будзе знайсці сучаснага пісьменніка, якога любяць усе. Я лічу гэта добрай прыкметай дэмакратычнага і ліберальнага літаратурнага жыцця.

Гутарыў Кірыл Ладуцька

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».