Вы тут

Як настаўніцкія ініцыятывы знаходзяць падтрымку і ўвасабляюцца ў рэчаіснасць


«Дзяўчаты, дзякуй вялікі! Для мяне быў вельмі важны напамін пра тое, што задача настаўніка — не толькі «даць дзіцяці інфармацыю рознымі цікавымі спосабамі», але і работа з асобай і над асобай. А я перыядычна пра гэта забываю», «Вы змаглі ахапіць неабсяжнае і раскласці па палічках тоны інфармацыі. Цяпер мой ход — пераварыць і вызначыць, дзе я хачу прымяніць тое, пра што даведалася, і зрабіць гэта», «Як важна памятаць, што я павінна бачыць не клас, як адно цэлае, а кожнага вучня як асобу», «...Сышла ў перазагрузку і пераасэнсаванне ўсёй сваёй дзейнасці, больш за тое, усяго жыцця». Так рэфлексавалі ўдзельнікі праекта «Нейрапедагогіка і педагогіка ў сучаснай школе». Ён стаў адной з 37 ініцыятыў, якія нарадзіліся ў выніку матывацыйна-навучальнага курса «Ад ідэі — да праекта».


Феерверк ідэй

Арганізавала курс каманда беларускіх педагогаў. Ён быў задуманы як частка праекта «PRAсоўванне адукацыйных ініцыятыў» з мэтай натхніць і матываваць настаўнікаў, даць ім веды па праектным менеджменце, камандаўтварэнні, маркетынгу і лідарстве.

— Так сталася, што вясной пандэмія аб'яднала нас усіх у анлайне, і дзякуючы праграме «Настаўнік для Беларусі», асацыяцыі «Адукацыя для будучыні», ІT-кампаніі Vіzor Games і неабыякавым настаўнікам мы арганізавалі пяць набораў на бясплатны дыстанцыйны экспрэс-курс «Падрыхтаваны да дыстанцыйнага навучання», дзе педагогаў навучалі выкарыстанню лічбавых інструментаў для арганізацыі анлайн-заняткаў, — расказвае дырэктар школы LuCh Яўген ЛУФЕРЧЫК. — Курс карыстаўся вялікім попытам, напрыклад, падчас другога набору, калі навучанне настаўнікаў прыпадала на школьныя канікулы, заяўкі падалі 2,5 тысячы чалавек. Але складаны навучальны год скончыўся, распачаліся летнія канікулы і... усе засумавалі, праўда, ненадоўга. Адпачываць на канікулах — не для нас. Сустрэліся, правялі мазгавы штурм, вынікам якога стаў праект «PRAсоўванне адукацыйных ініцыятыў». Заручыліся падтрымкай фонду «Новая школа», кампаніі EPAM і стартавалі ў жніўні.

— Апошнія гады я актыўна кантактую з настаўнікамі, таму ведаю і бачу, што ў іх ёсць шмат вельмі крутых ідэй, задумак, ініцыятыў, але для іх рэалізацыі не хапае «чароўнага штуршка», а яшчэ каманды аднадумцаў, падтрымкі, крыху экспертызы, і, галоўнае, веры ў сябе і ў тое, што атрымаецца. Дарэчы, курс таксама быў ініцыятывай і творчым памкненнем фантастычнай каманды настаўнікаў, — падкрэслівае каардынатар праграмы «Настаўнік для Беларусі», член праўлення фонду «Новая школа» Алена МЕЛЬЧАНКА.

Аляксандра Глод.

На летні інтэнсіў «Ад ідэі да праекта» падалі заяўкі 320 педагогаў, якія прадстаўлялі 120 школ. З іх змаглі запрасіць толькі палову: перавагу аддавалі рэгіянальным школам, дакладна вызначанай матывацыі і камандным заяўкам. У пачатку жніўня курс стартаваў. Перад удзельнікамі выступілі 43 спікеры з самых розных сфер. Глабальнай задачай курса было прадставіць настаўнікам іншы погляд на праектаванне, характэрны для бізнесу, «запаліць» іх і натхніць.

У выніку 143 педагогі аб'ядналіся вакол 37 праектаў: сярод іх былі «Ліцэйскі медыяцэнтр», «Новыя тэхналогіі ў музейнай практыцы гімназічнага этнаграфічнага кутка «Пад страхою прадзеда», «Жывы музей: mast see», «Аратар на абцасах», «Электронны адукацыйны рэсурс «Стужка памяці», «Школа тынэйджараў. Прапампуй свае soft skіlls», «Самы разумны. Вучуся быць вучоным», «Чытанне ў новым фармаце» і іншыя. У фінал Эдутону (педагагічнага марафону. — Аўт.) выйшлі з іх 23. А грантавую падтрымку атрымалі пяць, у тым ліку і праект Аліны Толкач і Аляксандры Глод.

Аліна Толкач.

Акно магчымасцяў

Аліна ТОЛКАЧ — псіхолаг і настаўнік англійскай мовы ў прыватнай школе «Альтэрнатыва», Аляксандра ГЛОД выкладае ў 115-й мінскай сярэдняй школе матэматыку.

— Як зразумець, што адбываецца з дзіцем і чым яму дапамагчы? Гэтыя пытанні задаюць сабе штодня многія педагогі, — кажа Аліна. — Складанасці ў навучанні, адсутнасць увагі, немагчымасць сканцэнтравацца, адмаўленне, агрэсія, канфлікты... Што з усім гэтым рабіць? А эмоцыі? Як яны ўплываюць на навучанне? Ці ўмее педагог выяўляць свае эмоцыі і рэсурсна аднаўляцца? Паверце, што пра космас і жыццё ў акіяне мы ведаем значна больш, чым пра ўласны мозг. Таму мы вырашылі гэтыя прабелы ліквідаваць. І не толькі ўзброіць настаўнікаў неабходнымі ведамі па псіхалогіі, але і навучыць іх нейрапедагагічным прыёмам і гульням пры складанні ўрокаў, а таксама навучыць аказваць першую псіхалагічную дапамогу дзіцяці. Важна зразумець вучняў, іх цяжкасці і магчымасці. Гэта, у сваю чаргу, адкрывае акно магчымасцяў ужо для нас...

Увесь курс быў падзелены на пяць блокаў: «Псіхалогія развіцця» (развіццё псіхікі, крызісныя перыяды, фарміраванне асобы і запуск вышэйшых псіхічных функцый і працэсаў), «Эмацыянальны інтэлект» (сувязь розуму і цела, прыняцце і кіраванне сваімі эмоцыямі, рэфлексія і эмпатыя, распазнаванне эмоцый і прагназаванне паводзін), «Нейрапедагогіка» (асноўныя этапы развіцця мозга чалавека, кагнітыўная псіхалогія і педагогіка ў адукацыі), «Настаўнік. Вучань. Першая псіхалагічная дапамога» і «Прыёмы і тэхнікі нейрапедагогікі на ўроках». Курс чытаецца анлайн. Было сфармулявана дзесяць ідэй: стварыць мадэль эфектыўнага ўрока з пункту гледжання навукі пра мозг, сабраць скарбонку прыёмаў першай псіхалагічнай дапамогі, стварыць інфаграфіку-падказку, як дзейнічаць у практычных сітуацыях, нагадаць, што дзіця — таксама чалавек і іншыя.

У Telegram была створана група анлайн-падтрымкі ўдзельнікаў (у ёй цяпер 57 чалавек з Беларусі, Расіі, Украіны і нават Іспаніі), там адбываецца абмен важнай інфармацыяй і новымі ідэямі па блоках праекта, забяспечваецца зваротная сувязь, прапануюцца творчыя дамашнія заданні для самаразвіцця. Мы прайшлі ўжо тры блокі. Натуральна, што блок, прысвечаны нейрапедагогіцы, аказаўся пакуль самы складаны.

Нейрапедагогіка, або адукацыйная нейранавука, аб'ядноўвае кагнітыўную нейранавуку, нейрабіялогію развіцця, педагагічную псіхалогію, адукацыйныя тэхналогіі і педагогіку. Яна павінна даць адказ на пытанне: як зрабіць адукацыйны працэс эфектыўным? Некаторыя слухачы скардзіліся, што тэарэтычнай інфармацыі вельмі шмат, яе складана ўспрымаць, але пагадзіліся, што без ведання тэорыі ніяк не абысціся.

І хоць курс яшчэ выкладаецца, Аліна і Аляксандра ўжо плануюць пасля яго завяршэння правесці аналіз і запусціць другі набор. Кажуць, што зараз ім патрабуецца юрыдычная кансультацыя па далейшым развіцці праекта.

Вучні бабруйскай СШ № 34 далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Чысты лес».

Ад экаманіторынгу да экарамёстваў

Сярод пераможцаў Эдутону аказаўся і праект па стварэнні на базе бабруйскай сярэдняй школы № 34 экалагічнага цэнтра «ЗАОДНО». У каманду аб'ядналіся чатыры педагогі гэтай установы: Людміла Крылова (настаўнік беларускай мовы), Святлана Здаранкова (настаўнік фізікі), Вольга Кулакоўская (настаўнік біялогіі) і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ганна Клімянкова.

— Для нас вельмі актуальная праблема выхавання выпускнікоў з развітымі экалагічна дружалюбнымі паводзінамі. Прыроду трэба не проста любіць, а свядома паважаць і шанаваць. Сучасная экалагічная сітуацыя патрабуе актыўнага стаўлення да праблем навакольнага асяроддзя і экалагічнага выхавання. Экакультура распачынаецца з кожнага з нас, — разважае Людміла Крылова. — Дзякуючы нашаму ўдзелу ў курсе «Ад ідэі — да праекта» ў лістападзе адбылося афіцыйнае адкрыццё цэнтра, але экалагічны сезон распачаўся для нас значна раней. Вучні школы сталі ўдзельнікамі акцый «Дапамагаю сабе і рацэ», «Чысты лес», «Зялёная зона», «Шкодныя расліны», паўдзельнічалі ў квэст-гульні «Экалагічная кругасветка». Каманда арганізавала экскурсіі «Экасістэмы Заходняга мікрараёна», «Бабруйск запаведны. Чырвоная кніга», серыю навучальных віктарын «Сёння зберажэш — заўтра спатрэбіцца», «Экалогія вакол нас. Таксічныя рэчывы», «Адходы ў даходы». І малодшыя вучні, і старшакласнікі, і нават супрацоўнікі школы актыўна далучыліся да акцыі «Новае жыццё ўзамен на закруткі» (пластыкавыя накрыўкі, якія закручваюцца) — сабралі вялікую іх колькасць і перадалі валанцёрам.

Паралельна з традыцыйнымі мерапрыемствамі экалагічнай накіраванасці ў экацэнтры ўкараняюцца і новыя кірункі, такія, напрыклад, як «Эка HAND MADE». У рамках апошняга ўжо прайшлі майстар-класы «Лялька-мотанка», «Ткацтва», «Катанне грамнічнай свечкі». Трэба заўважыць, што катанне свечкі з натуральнага воску — адна з рытуальных традыцый свята. Воск для Грамніц збіралі загадзя, а выраблялі іх у апошнюю перад святам суботу. Так выйшла і ў нас. Удзельнікі майстар-класа прызналіся, што пах праполісу, цеплыня рук і шчыльнае кола ўдзельнікаў — менавіта тое, чаго так не хапала ў сцюдзёныя лютаўскія дні.

Што наперадзе? Дзякуючы падтрымцы EPAM і асацыяцыі «Адукацыя для будучыні» ў цэнтры будуць развівацца такія кірункі, як «Эка STEAM» (праектная дзейнасць: дакладныя навукі плюс экалогія)» і «Экаманіторынг». У школе ўжо прайшлі канікулы «Эка STEAM. Крыніцы энергіі», наперадзе чакаюць канікулы «Эка STEAM. Вымяральныя прыборы» і «Эка STEAM. Экалагічны маніторынг». Дзякуючы дапамозе Цэнтра экалагічных рашэнняў у школе фарміруецца адпаведнае тэматычнае інфармацыйнае асяроддзе. «Мы вельмі любім свой праект за яго шматвектарнасць. Калі не працуе адзін напрамак, можна пераключыцца на іншы», — канстатуе Людміла Крылова.

У экацэнтры развіваюць новы кірунак — «Эка HAND MADE».

З настаўніка — у важатыя

Напэўна, самым масавым праектам па колькасці педагогаў, якія да яго далучыліся, стаў летнік «Englіsh BY camp». Яго развіваюць 11 энтузіястаў з Мінска, Мазыра, Слуцка, Пружан, Гродна і Прылук. Англійская мова — значна больш, чым вучэбны прадмет, гэта важны інструмент для кантактаў, сцвярджаюць яны, але, каб матываваць навучэнцаў, трэба стварыць моўнае асяроддзе. Англамоўны летнік якраз і дапамагае дзецям усвядоміць, навошта яны вывучаюць на ўроках англійскую мову. Апошняя засвойваецца там не як прадмет. Зносіны на замежнай мове напоўненыя сэнсам. Пры пагружэнні ў моўнае асяроддзе знікае псіхалагічны бар'ер — страх зрабіць памылку ў гутарцы.

У рамках ініцыятывы Pen Frіend Project навучэнцы робяць, падпісваюць і адпраўляюць паштоўкі сваім аднагодкам.

Аўтары імкнуцца натхніць і заразіць сваёй ідэяй іншых педагогаў. Каб летнік не ператварыўся ва ўрок, стаіць задача — змяніць настаўніцкае мысленне на важацкае. Лінгвістычны лагер — зусім не школа, хоць і арганізуецца ў яе сценах.

Каманда праекта займаецца напісаннем гатовых праграм тэматычных лагерных змен, правядзеннем важацкіх трэнінгаў для настаўнікаў і падтрымкай калег падчас правядзення летнікаў. Грант было вырашана перадаць тым яе членам, якія працуюць у дзяржаўных установах. Грошы былі падзеленыя пароўну паміж чатырма школамі — у Слуцку, Гродне, Мазыры і Прылуках — і выкарыстаны на закупку прынтараў, ламінатараў, паперы і іншых матэрыялаў, якія спатрэбяцца настаўнікам пры правядзенні школьных лагераў. У верасні-кастрычніку была напісана тэматычная праграма Camp Travel, а ў лістападзе яна была апрабаваная ў школах, дзе працуюць члены каманды, атрымала добрыя водгукі. У снежні і студзені кіпела работа над новай тэматычнай праграмай Camp Jobs. У сакавіку і маі пройдуць чарговыя важацкія трэнінгі, каб падрыхтаваць кадры для летнікаў на вясенніх і летніх канікулах. Вясной будуць арганізаваныя як анлайн, так і афлайн-летнікі. У больш аддаленых планах — стварэнне калекцыі гатовых праграм для правядзення летнікаў, з якіх кожны настаўнік зможа выбраць тыя, што падыходзяць яму. З часам мадэль англійскага школьнага лагера можна будзе адаптаваць і выкарыстаць для школьнага лагера на іншай замежнай мове.

У рамках гэтага праекта нарадзілася новая ініцыятыва Pen Frіend Project. Навучэнцы робяць, падпісваюць і адпраўляюць паштоўкі сваім аднагодкам — такія своеасаблівыя генератары добрага настрою, цікавыя і пазітыўныя пасланні. Мэта — павіншаваць на англійскай мове незнаёмых хлопцаў і дзяўчат з надыходзячымі святамі. Кожны месяц — новы раўнд, новая тэма і новая школа-партнёр. Пагадзіцеся, што ў лічбавым свеце такі спосаб кантактавання для дзяцей, якія не прывыклі бегаць да паштовай скрыні, — «экзотыка», асабліва вітаюцца паштоўкі, зробленыя ўласнымі рукамі. Ужо прайшло два раўнды, у якіх паўдзельнічалі 390 вучняў з 32 школ.

Асноўным крытэрыем падбору партнёраў быў узрост дзяцей. Таксама ўлічваліся іх месца пражывання (пажадана, каб яны былі з розных рэгіёнаў) і колькасць вучняў, гатовых перапісвацца. «Магчыма, у чымсьці падбор партнёраў быў не ідэальны, але што ў нашым жыцці ідэальнае? А паспрабуйце зрабіць ліманад з тых лімонаў, якія ў нас ёсць», — жартуюць арганізатары і радуюцца, што такім чынам ім удалося уцягнуць дзяцей у дзейнасць на англійскай мове.

У праекта «Englіsh BY camp» ёсць свае старонкі ў сацыяльных сетках Facebook і «УКантакце». Там можна назіраць за тым, што робяць калегі, задаваць пытанні, дзяліцца сумненнямі і чаканнямі. Распачынаць новае — страшна, але калі ёсць падтрымка аднадумцаў, то ўсё нашмат прасцей. Разам усё атрымаецца!

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Нейрапедагогіка, «Эка STEAM», англійскі летнік...

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.