Вы тут

Мае талоны на мыла, на гарэлку, на раяль


Перабіраючы старыя дакументы, знайшла вялікі канверт, змесціва якога вартае быць экспанатам музея — хоць бы невялікага, хатняга. Сярод іх ёсць «Візітная картка пакупніка», якую я разам з іншымі грамадзянамі былой вялікай краіны атрымала ў пачатку 1991-га. Прайшло роўна трыццаць гадоў, ёсць нагода згадаць часы дэфіцыту і спроб справядлівага размеркавання тавараў.


За шэсць гадоў да згаданай падзеі адбыўся гістарычны красавіцкі пленум ЦК КПСС, які абвясціў курс на перабудову. Як быццам бы пачалася лібералізацыя эканомікі, і ўсе чакалі паляпшэння. Але цэны некаторы час заставаліся на месцы, а вось тавары, і без таго не ў багатым асартыменце, сталі знікаць — нібы ў прорву правальвацца. Паліцы паступова станавіліся ўсё больш голыя, а пакупнікі займалі чэргі з раніцы, задоўга да адкрыцця магазінаў. Пад націскам натоўпу ў брэсцкім ЦУМе, напрыклад, не раз выбівалі шкляныя дзверы-вітрыны. Пасля адміністрацыя, відаць, дзеля бяспекі прыняла рашэнне «выкідваць» дэфіцытныя тавары з тыльнага боку будынка. І слова такое было ва ўжытку — «выкінулі». Выкінулі — размялі. Усё рабілася хутка. Ну а тавары невялікіх партый да масавага пакупніка, натуральна, не даходзілі, размяркоўваліся «па блаце». Здаралася, людзі займалі чаргу, нават не ўяўляючы, што менавіта будуць даваць. Але найчасцей яно аказвалася патрэбнае, калі не, то бралі ў запас. Мне ў памяць урэзалася чарга за туфлямі па вуліцы Маскоўскай у Брэсце. Абутак прадавалі з грузавіка, а чарга расцягнулася на два кварталы. Стаяць за пакупкай трэба было дзве-тры гадзіны...

Ды ў пачатку 1990-х станавілася яшчэ горш. І з продажу ўшчэнт прапалі мыла, пральны парашок, нават цукар, крупы, алей разбіралі за лічаныя гадзіны. Але ж і радасць была — нешта купіць! Памятаю, як калега, з якім працавалі ў адным кабінеце, паехаў у Польшчу да родзічаў і прывёз мне ў якасці сувеніра кавалак іспанскага мыла ў яркай чырвонай упакоўцы. Гэта быў ледзь не царскі падарунак.

Зразумела, што далей так цягнуцца не магло і працэс трэба было ўрэгуляваць. Сталі ўводзіць талоны. Грамадзяне атрымлівалі права на пакупку абмежаванай колькасці тавару за пэўны прамежак часу. Напрыклад, на вялікім ружовым аркушы на год выдаваліся талоны на мыла, мыйныя сродкі, іншыя тавары першай неабходнасці. Усё стала проста: зайшоў у краму, атаварыўся — талон за бягучы месяц адрэзалі. У наступным месяцы — зноў. У талоне за 1992 год, які захаваўся ў мяне, парэзаны першыя дзве графы, дзе пазначаны мыла і мыйныя сродкі. Што можна было купіць на талоны пад нумарамі 2, 3, 4, 5 — не памятаю, хутчэй за ўсё нейкія прамысловыя тавары. З іх выразаны толькі талон № 2 за май.

А ў 1991-м, як я ўжо згадвала, кожны грамадзянін атрымаў «Візітную картку пакупніка». Картка ўтрымлівала фотаздымак уладальніка і яго пашпартныя даныя. Дакумент з зялёнай палоскай даваў права на мужчынскі асартымент, з чырвонай — на жаночы. Па гэтай картцы можна было набыць бялізну, адзенне, абутак, посуд, пасцельныя і сталовыя рэчы, электратавары, бытавую тэхніку, мэблю і іншае. Праўда, на першай старонцы значылася: «Пакупнікам даецца магчымасць набыцця тавараў, пазначаных у візітнай картцы і ўкладках, а таксама іншых тавараў пры наяўнасці іх у продажы». Апошняе выдзелена не мною, а складальнікамі дакумента, і гэта шмат што тлумачыла. Мэблі і бытавой тэхнікі ў продажы практычна не было. Гэтыя тавары, як правіла, размяркоўвалі ў працоўных калектывах: рашэннем прафкама для навасёлаў альбо кідалі жэрабя.

Пад многімі талонамі давалася тлумачэнне, напрыклад, камплект пасцельнай бялізны ўключаў падкоўдранік, прасціну, дзве навалачкі. А двухпрадметны трыкатажны выраб лічыўся адной адзінкай. Эх, так і засталіся нерэалізаваныя мае талоны № 19 на піяніна (раяль), № 21 на веласіпед, № 22 на мотаблок! Вышэйпералічаныя талоны ўтрымлівала ўкладка, якая выдавалася на сям'ю.

А вось на гарэлку талоны давалі кожнаму. Невялікую сціплую паперчыну, дзе пазначана «Талоны на лікёра-гарэлачныя вырабы» атрымліваў грамадзянін, старэйшы за 21 год. На гэтай жа картцы ўказвалі, якая крама адпускае прадукцыю. У месяц можна было купіць бутэльку гарэлкі альбо іншага моцнага напою і бутэльку віна. На вяселле, нараджэнне дзіцяці, памінкі пасля прад'яўлення дакументаў прадавалі вызначаную колькасць спіртных напояў дадаткова. Што датычыцца вяселля, то будучыя маладажоны хутка ўцямілі перавагі свайго статусу. Пры падачы заявы ў загс маладой пары выдавалі талоны на пярсцёнкі, абутак, адзенне, гарэлку. І многія падавалі адразу дзве заявы, па месцы жыхарства бацькоў жаніха і нявесты, а то і тры — яшчэ адну па месцы свайго жыхарства. І адразу станавіліся багатыя, маглі купіць шмат рэчаў. Некаторыя і жаніцца не спяшаліся, а заявы падавалі рэгулярна — наш чалавек знаходзіў, як выкруціцца са складанай сітуацыі.

Пазней увялі яшчэ і чэкавыя кніжкі, усё для таго ж упарадкавання гандлю прамысловымі таварамі. Ну а потым з'явілася прадпрымальніцтва, на наш рынак павалілі тавары з-за мяжы, пасля запрацавала айчынная вытворчасць і дэфіцыт знік... Не раз потым даводзілася гаварыць пра тую сітуацыю з чыноўнікамі высокага рангу, вядомымі гаспадарнікамі. Ніхто да канца не разумеў прыроду таго дэфіцыту. Маглі б, напрыклад, закупіць пару вагонаў таго ж
мыла за мяжой, альбо адразу пасля красавіцкага пленума даць сапраўдную свабоду прадпрымальнікам ды не трымаць цэны штучна. Але гэта была б,
напэўна, зусім іншая гісторыя.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.