Вы тут

Як Мінская абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа падтрымлівае людзей, якія маюць у гэтым патрэбу


Жыццё — непрадказальная рэч. Сёння чалавек здаровы і шчаслівы, а заўтра лёс падкідвае нечаканасці — захварэў, страціў кармільца сям'і, стаў інвалідам... Калі мы маладыя, то не задумваемся, што гады бягуць хутка і наперадзе старасць, а магчыма, і адзінота. І тады мы маем патрэбу не толькі ў матэрыяльнай дапамозе, але і ў маральнай падтрымцы.


Беларуская дзяржава ў асобе шматлікіх сацыяльных структур клапоціцца аб уразлівых катэгорыях грамадзян, якім дае льготы, прызначае пенсіі, накіроўвае на бясплатнае лячэнне і рэабілітацыю, аздараўленне ў санаторыях. Удзел у жыцці і лёсе абяздоленых людзей бяруць і грамадскія арганізацыі.

— Мы аказваем пасільную дапамогу людзям, якія знаходзяцца ў складаных жыццёвых абставінах. Чалавек павінен адчуваць падтрымку. Калі мы не можам з нейкіх прычын дапамагчы, то працуем над гэтым пытаннем, — кажа старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Людміла Мусянкова.

Формы работы з грамадзянамі разнастайныя, і з кожным годам яны ўдасканальваюцца, з'яўляюцца новыя.

— Дзейнасць Чырвонага Крыжа пачыналася з увядзення службы міласэрнасці, цяпер яна называецца медыка-сацыяльнай службай «Дапамога». Сёстры аказваюць медыка-сацыяльныя паслугі. Калі раней гэтым займаўся адзін чалавек, то цяпер сталі практыкаваць камандную работу — медыцынская сястра і валанцёры, уключаючы валанцёрскую каманду рэагавання. Гэта навучаныя аказанню першай дапамогі і псіхасацыяльнай падтрымцы валанцёры. Яны могуць кудысьці даставіць чалавека, напрыклад, у бальніцу, аказаць адрасную дапамогу, пасекчы і скласці дровы, прынесці лекі або прадукты. Такія валанцёрскія каманды рэагавання дзейнічаюць у Мінскім раёне і ў Барысаве. У абласным рэсурсным цэнтры яны павышаюць свой прафесійны ўзровень, а таксама ўдзельнічаюць у міжнародных мерапрыемствах, трэнінгах. Такіх добраахвотнікаў у вобласці 39 чалавек.

Напрыклад, у Мінскім раёне мужчына мае патрэбу ў гемадыялізе. Кожную пятніцу або суботу валанцёры дастаўляюць яго на працэдуру ў абласную клінічную бальніцу, а пасля адвозяць дамоў. На абслугоўванні ў абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа ў асноўным толькі самыя цяжкія хворыя — інваліды першай групы, ляжачыя. У рабоце сясцёр міласэрнасці ёсць і вельмі цяжкія моманты — смерць падапечных...

— Медыка-сацыяльную службу неабходна развіваць, — лічыць Людміла Мусянкова. — Мы працуем у гэтым кірунку і думаем, як яе ўдасканаліць. Праблема ў тым, што не хапае фінансавання. Частка яго паступае дзякуючы ўзносам. Яшчэ адна крыніца фінансавання — дзяржаўныя заказы. Акрамя таго, мы пачалі пэўныя эксперыменты. Напрыклад, за кошт ахвяраванняў работнікаў БелАЗа ўвялі дзве стаўкі для сясцёр па аказанні медыка-сацыяльных паслуг ветэранам працы гэтага прадпрыемства. На будоўлю завода і работу на ім прыехалі людзі з розных куткоў Савецкага Саюза. Частка з іх засталася. Хтосьці моцна захварэў — яму неабходны догляд, але далёка не ўсе маюць сваякоў у Беларусі. Пытанне па аказанні такой паслугі разглядаем і з ААТ «Беларуськалій».

Як адзначыла мая суразмоўніца, у арганізацыі наладжана плённае супрацоўніцтва з галоўным упраўленнем па ахове здароўя Мінаблвыканкама, падначаленымі яму раённымі структурамі. Ідуць насустрач і ў абласной, і ў раённых бальніцах. Цесныя кантакты таксама з абласным упраўленнем МНС. Па просьбе ратавальнікаў абучаныя валанцёры выязджаюць шукаць тых, хто прапаў без вестак, дапамагаюць грамадзянам у выпадку паводкі.

— Мне падабаецца, што калі не можам самі справіцца з сітуацыяй, то заўсёды выручаюць нашы паплечнікі. Шмат дапамогі не бывае, і чым больш арганізацый будзе задзейнічана ў гэтым, тым лепш, — адзначае Людміла Мусянкова. — Добрыя адносіны ў нас з абласным упраўленнем МУС. Разам працуем з людзьмі, якія адбываюць тэрмін зняволення або выйшлі адтуль, дапамагаем людзям без пэўнага месца жыхарства. Апошнім часам у нас прайшла праграма, дзе тысячы нашых падапечных атрымалі сертыфікат на 130 ці на 135 рублёў. Гэта шматдзетныя сем'і, якія выхоўваюць чацвёра і больш непаўналетніх; сем'і, дзе адзін з бацькоў або дзіця інвалід, або калі сям'я аказалася ў складанай сітуацыі.

А для былых зняволеных і асоб без пэўнага месца жыхарства ў абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа выдалі адпаведна тысячу трыста гігіенічных і прадуктовых набораў. Гэта падтрымае людзей, якія выйшлі на волю, шукаюць работу, як і тых, хто не мае свайго кутка.

— Вядома, мы вельмі ўдзячныя спонсарам, якія неабыякавыя да праблем уразлівых груп нашага грамадства. Адна кампанія практычна кожны тыдзень пастаўляе малочную прадукцыю, якая размяркоўваецца ў асноўным сярод бежанцаў, шматдзетных сем'яў, сем'яў, дзе ёсць інваліды. У кожным раёне створана такая база людзей, — канстатуе мая суразмоўніца. — А ў цэлым за пяць гадоў розныя віды дапамогі атрымала ад 40 да 85 тысяч чалавек. Значную падтрымку нам аказвае шпіталь ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Галоўны ўрач Віктар Лішакоў па нашай просьбе бярэ на рэабілітацыю падапечных. Апошні раз там ляжалі два цяжкія інваліды з аграгарадка Ілля Вілейскага раёна. Ідзе нам насустрач і Мінская абласная клінічная бальніца.

— Людміла Сяргееўна, відаць, пандэмія каранавіруса змяніла формы вашай работы?

— Гэта праверка для ўсіх на людскасць, падтрымку, узаемаразуменне, неабыякавасць. Самааддана працавалі нашы валанцёры: дастаўлялі прадукты, рэцэпты, лекі, гігіенічныя наборы, сродкі дэзынфекцыі. Усяго ж у нас задзейнічана каля 360 валанцёраў, усе яны застрахаваныя. Кожны тыдзень аказваем каля 200 паслуг. 41 установа аховы здароўя і 27 інтэрнатаў атрымалі ад нас дапамогу ў выглядзе дэзсродкаў, масак, апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.

— Ці шмат у вас наведвальнікаў, якія просяць дапамогі?

— Людзі да нас прыходзяць кожны дзень, вядзём іх улік, фіксуем просьбы ў спецыяльнай кнізе. Учора, напрыклад, прыйшоў студэнт з Кітая. Хлопец хоча стаць валанцёрам. Мы яго накіравалі ў Таварыства Беларускага Чырвонага Крыжа, таму што там ёсць міжнародны аддзел. Апошнім часам звяртаецца вялікая колькасць тых, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волі, людзей без пастаяннага месца жыхарства.

У Чырвоным Крыжы працуюць не абыякавыя да чужога гора людзі. Работа ў іх цяжкая. Бывае, здараецца і выгаранне. Таму Людміла Мусянкова заклапочаная тым, каб валанцёры і супрацоўнікі праходзілі рэабілітацыю, і вядзе размову аб гэтым з партнёрамі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Дапамогі шмат не бывае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».