Вы тут

Вольга Гронская. Горад, збудаваны з лега


***

Такая зіма,

што застылі і словы, і гукі.

Нервуецца чайнік

каторы ўжо раз на пліце.

 

Ты крочыш на ўсход

адзінокім акцёрам кабукі,

і цемра спявае табе.

А усё, што хацеў

пакінуць па-за,

адлятае да хмараў сініцай,

салодкімі кропкамі цукру

ў вадзе растае...

Ты марыш

камусьці далёкаму

сёння прысніцца,

і ноч разумее,

цалуючы скроні твае.

 

Так,

гэта пакуль што не лечаць:

ні ёдам,

ні мёдам,

ні шэптам пяшчотных радкоў.

І ізноў — па нажы.

 

На цёплай далоні

празрыстым кавалачкам лёду

чужы іерогліф

імя твайго

ціха дрыжыць.

 

 

 

***

І яе —

прыйдзе час, і выпусцяць.

Год ці два

пасярод гэтых сцен

вылечвае і хранічных.

У яе трыццаць шосты памер

і светлая галава

з поўным слоўнікам рэплік —

з’едлівых, іранічных…

З выпадковай машыны

ў горад ляціць «Бі-2»,

а візір з b4 здзекуецца: «Ça va?»…

Яна йдзе да метро

і думае:

«Сімвалічна».

 

У яе замест карткі

тоўсты медычны том,

на старонках —

любых дыягназаў незлічона.

І, заходзячы ў свой

чарговы

часовы дом,

выдыхае яна

і сцены фарбуе чорным.

У яе ёсць сусед —

нябачны усім фантом,

а на столі плакаты

з морам і рок-гуртом.

Пад плакатамі — ложак

(сховішча ёй і човен).

 

Вечарамі яна

ўглядаецца ў манітор

(маніторыць, напэўна,

хто там яе чакае),

штосьці слухае,

націскаючы зноў «паўтор»,

і ўсё просіць і просіць,

быццам бы Герда Кая

ці багоў старажытных

гордая Наўсікая,

каб яно адпусціла —

тое, што там, за краем.

Што згусціла,

звяло,

сарвала,

закараціла…

 

Бо штораз

выбухае

нешта ўнутры

трацілам,

калі

ён

яе

адпускае…

 

 

***

Адзін чалавек

умеў

забіваць

пачуцці.

Быў майстрам у справе,

з рэгулярнасцю браў замовы.

Пра яго не казалі ўголас,

але шапталі адзін адному:

«Чуеце?

Жыве на той вуліцы.

Толькі нікому ні слова».

Ён знешне быў як усе,

з дзевяці да шасці на працы,

сядзеў у сацсетках

(шукаў патэнцыйных кліентаў).

А калі хто і ведаў,

чым ён насамрэч займаецца,

то маўчаў

(раптам самому

спатрэбіцца гэта?..)

У яго не было адбою

ад розных ахвотных,

ён пакрысе павышаў тарыфы,

запісваў у дзённік гісторыі

(звычайна без дат і імёнаў,

але месцамі нават з фота —

некаторым чамусь

патрэбна аўдыторыя)...

 

І вось аднойчы

звычайнай восеньскай раніцай

ён галіўся сабе ў лазенцы,

насвістваў пад Умутурман.

А калі,

паглядаючы на гадзіннік,

стаў апранацца, —

тэлефонны званок

з незнаёмага нейкага нумару.

 

Настойліва,

нецярпліва:

«Алё! Я слухаю!»

Цішыня.

Раздражнёна — адбой —

і ідзе назад…

 

На другім канцы горада

я

апускаю слухаўку.

Я пакуль не ведаю,

што мне

ў яе

сказаць.

 

 

***

Чатыры трыццаць.

Спяць Джон Дон,

масты,

машыны ў гаражы,

зямля пад снегам…

Чарговы раз не выспаўшыся,

ты

ідзеш праз горад,

збудаваны з лега,

па крохкай цішыні

ды па дварах,

дзе,

не варушачыся,

дрэмлюць дрэвы.

Ідзеш,

а ў сэрцы —

даўняй стрэмкай —

страх

(аскепкам ад люстэрка каралевы).

Забыўшыся на радасць і на боль,

здранцвеўшы,

удыхнуўшы лёд і неруш,

ты п’еш марозных вуліц алкаголь

і быццам бы ад гэтага п’янееш

і робішся падобным да таго,

што хлопчыкам малым

глядзеў на ружы…

Але жыццё з табой згуляла ў го,

і ты прайграў.

І вось навокал сцюжа,

рыпенне снегу, вочы ліхтароў,

і ні душы — як на пустыннай выспе…

…Яшчэ крыху —

адчыніцца метро.

Запішаш верш, які нарэшце выспеў

(пра вечнасць,

патаемнасць тут-быцця…)

А хочацца —

ўцячы, ці замаўчаць, ці

на мову цеплыні і пачуцця

усе свае глыбіні

перакласці.

 

 

***

Віка амаль упэўнена:

потым яна прастыне

(панабірала ж снегу поўныя чаравікі).

Толькі чакае не дом,

дзе цёпла і чай з малінай,

а чарговы звычайны двор

непадалёк ад «Рыгі».

 

У пустаце і цішы

пачне адпускаць спружыну,

якая сціскала скроні абрысамі слоў.

Пагэтаму

Віка зусім не хоча

цяпер

гаварыць з жывымі.

У ёй унутры збіраецца

таварыства мёртвых паэтаў.

 

Снегавікі —

нібыта ў парыве —

на лаўкі ўсталі.

Свецяцца вочы вокнаў

ва ўсе чатыры бакі.

Бродскі

і

Барадулін,

Цэлан,

Шымборска,

Таўбін…

Менск замірае стопкадрамі:

ілюструе радкі.

 

Змерзлі дашчэнту пальцы,

мокрыя рукавіцы,

крокі рыпуча мераюць вуліцы і двары.

Пераплятаюцца літары

ў замеценай снегам Віцы.

Злёгку варушацца вусны.

Сэрца адстуквае рытм.

 

… калі паміраюць дрэвы…

… толькі кахання раны…

… мы п’ем цябе ўпоўдзень і раніцай…

… не пакідай пакоя…

… я ад яго заблізка…

… я праходжу праз брамы…

… век чалавечы — як снег на галінцы…

… плача і ўсё такое…

 

 

 

***

Птушкамі біліся

паміж рэбраў

вершы…

Верыш?

Птушкам,

злоўленым чулай душой,

было душна.

Чуеш?

Хацелася волі і ветру

жаўруку ці сініцы,

каб сніцца

потым таму,

хто знойдзе,

возьме іх у руку,

у кім адгукнецца.

Птушкамі біліся вершы

недзе ля сэрца.

 

Яны не паспелі

выпрастаць крылы

і паляцець з агруддзя.

Ім сустрэліся людзі,

а потым —

кулі.

І больш — ніколі.

І замест неба — глеба.

 

Толькі пакуль ты ходзіш,

чуеш

і верыш — 

яны жывыя,

прылятаюць з раю ці выраю

журавамі з паперы.

 

… Паўза, слова, уздых —

б’юцца між рэбраў.

Тваіх.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.