Вы тут

Пра гістарычную памяць, нацыянальны гонар і бясплатныя «вітамінкі»


Пра тое, што адбывалася ў апошні дзень зімы ў адной з брэсцкіх школ, можа б, ніхто і не даведаўся, калі б не прысутнасць там у той час высокапастаўленага дыпламата суседняй краіны і не ўсюдыісныя смартфоны з відэакамерамі. Цяпер ведаюць усе: брэсцкія школьнікі ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, прысвечаным ушанаванню «праклятых салдат».


Тых самых, да якіх адносіцца і банда Рамуальда Райса па мянушцы Буры, што разам з хаўруснікамі ў «барацьбе за незалежнасць Польшчы» пасля вайны спаліў на Беласточчыне пяць вёсак, дзе жылі праваслаўныя беларусы, забіўшы пры гэтым семдзясят дзевяць чалавек, сярод якіх былі старыя, жанчыны і дзеці. (Толькі ўявіце, як гэта было страшна, крыўдна, несправядліва — перажыўшы жахі фашысцкай акупацыі, ужо пасля вызвалення паміраць ад рук бандзюкоў, бо ты не той нацыя-нальнасці і не той веры). Дык вось, нашы школьнікі спявалі песні, прысвечаныя «годнасці незламаных», польскі консул у Брэсце з паблажлівай усмешкай за гэтым назіраў, нехта здымаў усё на камеру... Вельмі падобна на правакацыю або проста на тэатр абсурду. У любым выпадку, падзеі, якія адбываліся пасля «заслоны» — вельмі лагічныя і зразумелыя. Консула з захаваннем усіх дыпламатычных працэдур і фармулёўкай «за парушэнне Венскай канвенцыі» з нашай краіны «папрасілі», а з тымі, хто на месцы арганізоўваў мерапрыемства, якое ў Беларусі ўшаноўвала забойцаў беларусаў, разбіраецца пракуратура.

Фота: wikipedia.org

У гэтай па сутнасці скандальнай гісторыі фактычна можна ставіць кропку. Але я нездарма пачала з умоўнага ладу. Вы ўпэўненыя, што падобныя мерапрыемствы не дадумаліся правесці ў якойсьці іншай школе, суполцы ці гуртку — проста там не прысутнічаў консул і не здымалі відэа? Я асабіста не ўпэўнена. Бо, нават абмяркоўваючы гучную брэсцкую гісторыю, ніхто не згадвае яшчэ адных дзеючых асоб, што засталіся па-за кадрам, — бацькоў тых дзяцей і падлеткаў, якія спявалі па-польску гераічныя песні. Спявалі, трэба заўважыць, без паперкі — значыць, вучылі на памяць, рэпетавалі. Для многіх малалетніх удзельнікаў «шоу» гэта была проста нагода папрактыкавацца ў веданні польскай мовы, і ў гэтым нічога, акрамя станоўчага, не ўгледзіш, каб і хацеў. Але няўжо ніхто з бацькоў не пацікавіўся, чаго дзіця ідзе ў тую школу ў нядзелю і што будзе там рабіць? Хутчэй за ўсё, большасць ведала, што менавіта будзе адбывацца. Чаму ж тады дазволілі? Чаму атрымалася так, што, як скажуць пасля іншыя дарослыя — і гэта будзе праўда, — іхніх дзяцей з іх маўклівай згоды «выкарысталі ў палітычных мэтах»?

У мяне ёсць свой адказ на гэтае пытанне, калі шчыра, для самой вельмі прыкры і непрыемны. Проста дарослым усё роўна. Яны, атрымліваецца, не ведаюць і не хочуць ведаць гісторыі краіны, месца, у якім яны жывуць. Беласточчына — зусім недалёка ад Брэста, вёскі, спаленыя бандай Райса — таксама не за акіянам. Але навошта цікавіцца, навошта згадваць? Гэта ж — беларускае, яно не вартае такой увагі, як традыцыі суседзяў, якія цывілізаваныя, еўрапейскія, гжэчныя і культурныя — карацей, лепшыя. І калі яны зрабілі нам, «хлопам», ласку і да гэтай цывілізаванасці далучаюць і амаль за сваіх лічаць, дык толькі што не рукі ім цалаваць застаецца.

Выбачайце за такі з'едлівы тон, але я маю на гэта права, бо неаднойчы назірала нешта падобнае. Асабліва калі некалькі гадоў назад пачаўся ажыятаж з атрыманнем «карты паляка». На маёй радзіме, былым, да 1939 года, памежжы, атрымаць яе імкнуліся і жук і жаба. Многія кінуліся шукаць польскія карані, сваякоў, гатовыя былі назвацца палякамі, хоць дагэтуль пісаліся беларусамі, і вывучыць польскую мову, абы атрымаць тую карту. З адной маладой сваячкай, якая, шукаючы тое, чаго няма, а менавіта пацвярджэнне польскага паходжання, патэлефанавала мне, спрачаліся больш за гадзіну. Як ні старалася пераканаць яе, што ўсе нашы продкі спрадвеку жылі ў самым цэнтры Беларусі, што ёсць жа нейкія прынцыпы нацыянальнага гонару, што нічога проста так не робіцца, — не атрымалася. А і праўда — што такое нейкі там нацыянальны гонар і продкі супраць магчымасці без візы ездзіць у Еўрасаюз?

Пару гадоў назад ехала ў аўтобусе з маці знаёмага хлопца. Усю дарогу яна мне расказвала, як сын уладкаваў вясковую хату, паказвала інтэр'ер: у пакоі на ўсю сцяну — польскісцяг, нейкі шляхецкі герб, які нібы мае да іхняга роду дачыненне. З гонарам казала, што хлопец дзякуючы «карце паляка» ўжо «дваццаць разоў быў у Варшаве»... Тое, што прадзед гэтага хлопца да трыццаць дзявятага года быў у мясцовага пана ў парабках і сям'я іх перабівалася з бульбы на лебяду, яны, напэўна, ведаюць. Але палічылі за лепшае пра гэта не згадваць, бо інакш наўрад ці атрымалася б трапіць у кагорту выбраных і атрымаць выключнае права павесіць у хаце польскі сцяг, прычыніўшыся хоць скокам, хоць бокам да «цывілізацыі».

І ці варта потым здзіўляцца, калі ў працэсе гэтага «прычынення» прапануюць (папросяць, загадаюць) ушанаваць «праклятых салдат» (барацьбітоў з іншаверцамі, ідэю вяртання «крэсаў усходніх» — варыянты могуць быць якія заўгодна)? Наіўна думаць, што пернікі ў выглядзе бясплатных віз і іншых прэферэнцый — проста гуманітарная акцыя. Тут хутчэй дарэчы цынічны, але ўсюдыісны прынцып «За кожную з'едзеную вамі «вітамінку» мы папросім ад вас некалькі дробных паслуг».

І гэтая верагоднасць будзе рэальная да таго часу, пакуль мы не перастанем для саміх сябе быць «тутэйшымі» і не навучымся звацца калі не беларусамі (бо тут жа размова не пра нацыянальнасць), дык грамадзянамі Беларусі — прыгожай незалежнай краіны, самадастатковымі, разумнымі, адказнымі за сябе і за гэтую самую краіну. Падкрэслю — найперш для саміх сябе. А іншыя і так усё зразумеюць. І тады не давядзецца высылаць з краіны консулаў.

Калі ўжо згадала «тутэйшых», не магу не ўспомніць галоўнага героя аднайменнай Купалавай п'есы. Ён, калі памятаеце, скончыў не вельмі добра. І гэта таксама важна ведаць. Як на сённяшні дзень, дык і ўвогуле жыццёва неабходна.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: media-polesye.by

Загаловак у газеце: Тутэйшыя. Версія ХХІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».