Вы тут

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Маладзечанскую цэнтральную раённую бальніцу


Гэта ўжо восьмая медыцынская ўстанова, з работай якой на свае вочы знаёміцца кіраўнік дзяржавы апошнім часам. Аляксандру Лукашэнку далажылі пра работу Маладзечанскай ЦРБ ва ўмовах пандэміі COVID-19. Прэзідэнт наведаў кабінеты ангіяграфіі, камп’ютарнай тамаграфіі, рэанімацыйнага аддзялення і палат, дзе знаходзяцца на лячэнні хворыя на ковід. А таксама адбылася традыцыйная гутарка з медперсаналам.


Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся работай міжраённага цэнтра аказання медыцынскай дапамогі.

Міжрэгіянальны або міжраённы цэнтр спецыялізаванай медыцынскай дапамогі пачаў фарміравацца ў Маладзечне ў 2018 годзе, паведаміла галоўны ўрач Маладзечанскай ЦРБ Дар'я Калядзіч.

«У нас маюцца міжраённыя аддзяленні і кабінеты, мы абслугоўваем насельніцтва не толькі Маладзечанскага, але яшчэ і Вілейскага, Валожынскага і Мядзельскага раёнаў», — дадала яна і ўдакладніла, што такая практыка ва ўсіх чатырох клініках горада.

Акрамя таго, у Маладзечне маецца рэанімацыйна-кансультатыўная брыгада, якая дзяжурыць кругласутачна і выязджае ў названыя раёны да пацыентаў, дзе і вызначае, на якім узроўні ім неабходная дапамога: на раённым, абласным ці рэспубліканскім. Такая сістэма наладжаная даўно і функцыянуе стабільна, сказала кіраўнік лячэбнай установы.

Міністр дадаў пра намеры закрыць радзільню ў Вілейцы, якая за 22 кіламетры ад Маладзечна. Такая аптымізацыя дапушчальная пры добрай транспартнай сувязі, заўважыў кіраўнік дзяржавы.

«Мы дамовіліся, што міжрэгіянальныя цэнтры мы будзем развіваць. Да найвышэйшага ўзроўню развіць раённыя бальніцы не атрымаецца, ды і не патрэбна (гэта ж якімі трэба валодаць сродкамі!), а вось міжрэгіянальныя, на базе буйных гарадоў, іх у нас адзінаццаць: Маладзечна, Барысаў, Салігорск, Бабруйск, Ліда, Баранавічы, Пінск… Вось там трэба дапамогу з абласнога ўзроўню апускаць на міжрэгіянальныя цэнтры», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка і спытаў, ці адчуваецца ўвага ўрада да такога ў Маладзечне.

«Людзі ўсюды хочуць жыць, і ўсюды павінны атрымліваць медыцынскую дапамогу», — адзначыў ён.

Дар'я Калядзіч адказала станоўча і праінфармавала пра наяўнасць сучаснага абсталявання ў структурных падраздзяленнях бальніцы.

«За апошнія тры гады мы істотна ўмацавалі матэрыяльна-тэхнічную базу, —сказала яна. — У 2019 годзе мы ўвялі ў эксплуатацыю магнітна-рэзанансны тамограф, у канцы мінулага года Міністэрства аховы здароўя нам выдзеліла другі кампутарны тамограф».

«Трэба падумаць пра інфекцыйныя аддзяленні пры міжрэгіянальных клінічных цэнтрах, — падзяліўся развагамі Прэзідэнт. — Калі няма інфекцыі, яны павінны выкарыстоўвацца як звычайныя аддзяленні».


Прэзідэнт высока ацаніў узровень работы медыкаў у Маладзечненскай ЦРБ 

Размову з медперсаналам бальніцы Прэзідэнт пачаў з адказу на традыцыйнае ўжо пытанне: чаму прыехаў?

Першае, звярнуў увагу кіраўнік краіны, — падзякаваць спецыялістам за тое, што навучыліся змагацца з рознага кшталту захворваннямі, у тым ліку ковідам.

«Я мала веруючы чалавек, але пачынаю верыць ва ўсё. Гасподзь нас пакараў за агідны вобраз жыцця. Усё адсюль, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Дзякуй, што навучыліся лячыць розных людзей. Мы нічога не разумелі, не ведалі ў гэтым, а зараз навучыліся».

Другое, як адзначыў Прэзідэнт, карыстаючыся выпадкам, ён хоча папярэдзіць людзей, што каранавірусная інфекцыя ад нас яшчэ не зышла.

«Мы зваліліся з плато ўніз. Дзякуй Богу, што менш мы шпіталізуем людзей, менш хворых. Але паступае іншая інфармацыя. Мы радаваліся, што ніякага брытанскага, паўднёва-афрыканскага вірусу, гэтых мутацый у нас няма — зараз нешта знайшлі. Я думаю, што панікаваць у гэтым плане не трэба. Мы да гэтага рыхтаваліся, даўно абмяркоўвалі гэту праблему. Мы ведаем, што рабіць», — дадаў кіраўнік краіны.

Ён параіў насельніцтву не расслабляцца, але падкрэсліў — сам не прыхільнік ізаляцый.

«Дзе трэба, дзе не трэба гэтыя маскі мы адзяваем. Я разумею, у бальніцы ўрач, гандлёвы работнік — яны павінны заўсёды і пальчаткі, і маску надзець. А астатняе залежыць ад чалавека. Вам відавочней, як сябе засцерагаць. Але не грэбуйце элементарнымі правіламі гігіены», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў дакладах аб добрым навучыўся бачыць і недахопы. Але, па яго словах, у Маладзечне ўрачы і іншы медперсанал працуюць на высокім узроўні.

«Гэта радуе, гэта паказчык. У нас у краіне буйных 11 гарадоў, акрамя абласных. Думаю, што і там прыкладна такі ж будзе ўзровень. Я павінен быў убачыць нейкія праблемы. Яны ёсць, як і паўсюль, але іх няшмат», — заявіў Прэзідэнт і папрасіў прысутных абазначыць складанасці, калі яны ёсць.


Намеснік галоўнага ўрача задаў Прэзідэнту пытанне пра падрыхтоўку медыцынскіх кадраў, у прыватнасці, пра мэтавае накіраванне, якое не вырашае праблему забеспячэння ўрачамі лякарняў буйных гарадоў, такіх як Маладзечна.

Справа ў тым, што па законе мэтавае накіраванне абітурыентаў у ВНУ дазваляе атрымаць спецыяліста арганізацыі, якая знаходзіцца ў населеным пункце з колькасцю насельніцтва менш за 20 тысяч.

На сёння ў Маладзечанскім раёне медыцынскімі кадрамі забяспечаныя ўсе малыя населеныя пункты, паведаміў доктар, а вось райцэнтр мае ў іх патрэбу.

Прэзідэнт паабяцаў, што правілы адпрацоўкі выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся па мэтавым накіраванні, будуць змененыя.

«Я ведаю гэту праблему, — сказаў ён. — Тады (калі прымаўся адпаведны прававы акт — «Зв.») было вельмі цяжка ў гэтых маленькіх населеных пунктах, раённых цэнтрах, трэба было іх выратоўваць, таму далі такую магчымасць».

Цяпер бачна, што такі падыход няправільны, пагадзіўся кіраўнік дзяржавы.

«Што значыць, да 20 тысяч (накіроўваць абітурыентаў у арганізацыі, якая знаходзіцца ў населеным пункце з такой колькасцю жыхароў — «Зв.») можна, а дзе 70, 100 тысяч і больш, там нельга? А калі там урачоў не хапае? Таму зараз, пасля пэўнага перыяду, трэба падыходзіць больш канкрэтна, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Трэба ў Маладзечне тры ўрачы, значыць улады з вашай падачы вырашаюць, што трэба гэтых траіх урачоў падрыхтаваць. Вы за іх галавой адказваеце, каб яны ў халатах не бегалі па вуліцах, як у нас было — ганьба для ўрачоў».

Урач павінен лячыць людзей, упэўнены беларускі лідар.

«Нам трэба вярнуць практыку сапраўдных урачоў», — дадаў ён.

«Мэтавікі» не павінны быць абмежаваныя памерам населенага пункта, мяркуе Прэзідэнт. Калі трэба, накіраванне трэба даць і для сталічных арганізацый.

«У бліжэйшы час мы на ўзроўні Прэзідэнта будзем звяртацца да вышэйшай адукацыі, будзем па ўсіх напрамках глядзець па мэтавых накірунках, — анансаваў ён. — І я не прыхільнік абмяжоўваць і па прафесіях або спецыяльнасцях, раптам недзе патрэбны айцішнік, чаму яму не выдаць накіраванне? Вы яго накіроўваеце, вы за яго адкаваеце галавой (калі недзе нешта — мы з вас спытаем), ну і потым, калі ён атрымае адукацыю, прымеце на работу».

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў усім (не толькі калектыву Маладзечанскай ЦРБ) падрыхтаваць прапановы па мэтавым накіраванні на ўзровень міністэрства: колькі і якіх урачоў каму патрэбна.


Медыцынскае страхаванне будзе развівацца ў Беларусі паступова

Прэзідэнт адказваў на пытанне медыкаў пра магчымасць развіцця ў Беларусі добраахвотнага медстрахавання.

«Калі прадпрыемства, чалавек адкладаюць сродкі для будучага лячэння, сам збірае грошы на сваё лячэнне, скажу пра гэта па-філасофску: калі б так было, мы цанілі б уласнае здароўе», — сказаў кіраўнік краіны.

У прыклад ён прывёў адну з самых багатых краін свету ЗША. Але нават там, па словах Аляксандра Лукашэнкі, амаль 50 мільёнаў чалавек не маюць страхоўкі.

«Вы ўяўляеце, што такое не мець там страхоўкі? Неадкладная дапамога можа прыедзе, нешта ўколе, ці нават не ўколе. Пад плотам памрэш, калі няма грошай. А ў нас жа вылечаць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Па словах кіраўніка краіны, прыкладна паўмільёна беларусаў назапашваюць сродкі для медстрахоўкі.

«За пяцігодку, мне далажылі, у два разы павялічылася колькасць такіх людзей. На ўсялякі выпадак. А ўвогуле, усіх лечым бясплатна. Запытай у нашых хворых — усе кажуць, што дрэнна ў Беларусі. А колькі ты заплаціў, калі перахварэў? Мы ж толькі ковідных сотні тысяч вылечылі», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што медыкі, апаненты ўлады, прапанавалі пераход да поўнай страхавой медыцыны.

«Супакойцеся. Знайдзіце ў нас тых, хто вам заплаціць за гэту дапамогу. Пры гэтым вы ж будзеце працаваць, каб і прыбытак атрымаць, а прыватныя клінікі працуюць менавіта так. Вам не будзе каго лячыць, а дзяржава, калі ўсё падзяліць, не зможа забяспечыць на годным узроўні матэрыяльна людзей. Таму мы прытрымліваемся існуючага прынцыпу. І як бачыце, ён працуе», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Медыцынскае страхаванне, як ён запэўніў, рэзюмуючы, будуць імкнуцца пашыраць.

«А гэты кірунак будзем паступова развіваць, падштурхоўваючы да гэтага людзей. Але не будзем іх праз калена ламаць. Не ў кожнага ёсць сродкі і не ў кожнага прадпрыемства ёсць магчымасць адкласці сродкі на рахунак для гэтага», — завяршыў тэму Прэзідэнт.

«Вакцына беларуская будзе»

Па словах Прэзідэнта, пасля 20-га сакавіка ў Беларусі пачнуць ствараць вакцыну па расійскім прыкладзе, а ў другой палове года зробяць уласны прэпарат.

«Спецыялісты працуюць на ўзроўні Акадэміі навук. Я нядаўна пытаўся ў кіраўніка Акадэміі навук. Ён паабяцаў — вакцына беларуская будзе. Аляксандр Мікалаевіч Косінец — урач, кантралюе гэты кірунак», — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, у нас няма неверагоднага ажыятажу на прышчэпку, як у некаторых суседніх краінах. Прэзідэнт расказаў, што па яго просьбе кітайцы бясплатна прыслалі 100 тысяч доз вакцыны. «Яны нідзе не крычыць, што іх вакцына лепшая за іншыя, — дадаў кіраўнік краіны. — Для мяне паказчык, што арабскія шэйхі ўсе закупілі кітайскую вакцыну — не расійскую, не амерыканскую, а кітайскую», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Прэзідэнта, калі створаць сваю вакцыну, змогуць прышчапіць усіх жадаючых, а магчыма яшчэ і дзяржава заробіць на продажы.

«Людзям неабходна вакцына, асабліва ў Еўрапейскім саюзе. Галоўнае — атрымаць якасны прадукт. Міністр сказаў: я сваёй вакцынай буду прышчапляцца. Гэта годна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
 

 


Даведка «Звязды»

Магутнасць Маладзечанскай ЦРБ — 1032 ложкі. Гэта два стацыянары, дзіцячая бальніца, радзільня ў райцэнтры, яшчэ адна лякарня ў Радашковічах, бальніца сястрынскага догляду, дзве ўчастковыя бальніцы, шэсць паліклінік, два дыспансеры, шэсць амбулаторый, якія працуюць па прынцыпе ўрача агульнай практыкі, 20 фельчарска-акушэрскіх пунктаў і 15 здраўпунктаў.

Летась, у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, у інфекцыйныя аддзяленні перапрафіляваныя дзве маладзечанскія бальніцы і дзве ўчастковыя (Чысцінская і Бярэзінская). У радзільні арганізаваны абласны шпіталь для цяжарных і парадзіх з пацверджанай або верагоднай інфекцыяй COVID-19. Усяго было перапрафіліравана больш за 30 працэнтаў ложкавага фонду ЦРБ, зараз больш за сто ложкаў вернутыя.

Бальніца забяспечана 29 апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх. З іх сёння занятыя чатыры. Ёсць 13 наркозна-дыхальных апаратаў.

У пачатку восені ў Маладзечне ўвялі ў эксплуатацыю кіслародна-размеркавальную станцыю. У ЦРБ абсталяваныя 204 пункты для падачы кіслароду. Набытае абсталяванне дазволіць дадаткова забяспечыць кіслародам яшчэ 40 пацыентаў, паведаміла галоўны ўрач ЦРБ кіраўніку дзяржавы.

За ўвесь перыяд інфекцыі новага каранавіруса ў стацыянарах раёна пралечаныя каля 3 600 пацыентаў, амбулаторна — больш за 5 тысяч.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Марыя ДАДАЛКА

г. Маладзечна

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.