Вы тут

З якімі нюансамі, праблемамі, пытаннямі сустракаюцца людзі пры зваротах аб налічэнні пенсіі


У жыцці любога работніка аднойчы падыходзіць час, калі трэба звяртацца па налічэнне пенсіі. Усе мы ведаем, што галоўная ўмова яе атрымання — неабходны стаж работы. Чым ён большы, тым лепш. Пры налічэнні пенсіі ёсць свае нюансы і асаблівасці. Як вядома, працягвае расці пенсійны ўзрост, у нечым памянялася заканадаўства, якое вызначае парадак налічэння. Сённяшнія пенсіянеры пачыналі працаваць у савецкі час, а цяпер некаторыя з іх могуць трапіць у своеасаблівую заканадаўчую пастку, калі і ўзрост, і стаж літаральна «ўвільваюць» ад патэнцыйнага пенсіянера, іх даводзіцца «даганяць».


Калі працаваў індывідуальна альбо за мяжой

На пярэднім краі работы па налічэнні пенсіі — супрацоўнікі раённых аддзелаў сацыяльнай абароны. З адным з іх, намеснікам начальніка аддзела сацыяльнай абароны адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста Святланай ПЛЕСКАЦЭВІЧ, мы разважаем пра нюансы новых нормаў правілаў, асаблівасці работы.

І пачынаем з таго, што цяперашняму патэнцыйнаму пенсіянеру для атрымання выплат на заслужаным адпачынку трэба працаваць нашмат больш, чым скажам, было пяць гадоў таму. Ну, напрыклад, да 2014-га патрабавалася ўсяго 5 гадоў страхавога стажу, у 2014-м — ужо 10, праз год — 15, а з 2016-га мінімальны страхавы стаж расце па паўгода за год, каб дасягнуць налета лічбы 20. Страхавы стаж, нагадаю, гэта работа, за якую работадавец плаціць узносы ў пенсійны фонд. Індывідуальныя прадпрымальнікі іх таксама ўносяць, а вось рамеснікі альбо іншыя фізічныя асобы, якія, напрыклад, займаюцца падсобнай гаспадаркай, могуць плаціць гэтыя ўзносы самастойна (па жаданні) для таго, каб назапашваць указаны стаж. Бо калі чалавек плаціць толькі падаткі, страхавы стаж ісці не будзе. Гэта ўсё важна ведаць, улічваць у структуры ўласных расходаў, калі разлічваеш на пенсію ў старасці.

— Цяпер шмат людзей, асабліва ў нашых заходніх рэгіёнах, працуе ў Польшчы, Літве, іншых краінах. Скажам, нейкі ўмоўны дальнабойшчык адпрацаваў за мяжой пяць-шэсць гадоў, а потым звярнуўся па налічэнне пенсіі...

— Усё гэта рэгулюецца міжнароднымі дагаворамі з рознымі краінамі, — заўважае Святлана Плескацэвіч. — Галоўнае, каб чалавек працаваў там легальна і меў патрэбныя дакументы. У нашай краіны ёсць дамоўленасці з Расіяй, Літвой, Латвіяй, Эстоніяй, Малдовай, Чэхіяй, з Польшчай пагадненне заключана, яно яшчэ не ўступіла ў сілу. Па гэтых дакументах кожная дзяржава плаціць за свой стаж. Нашы грамадзяне, калі працуюць там, плацяць падаткі і абавязковыя ўзносы, такім чынам назапашваюць страхавы стаж там. Пры наступленні адпаведнага ўзросту грамадзянін звяртаецца да нас, а мы як пасрэднікі ў рэалізацыі дагавора высылаем дакументы ў іншую краіну. Там прызначаць пенсійныя выплаты, якія будуць пераводзіць. Звычайна гэта робіцца раз у квартал, сама дзяржава-плацельшчык канверціруе грошы ў беларускія рублі і пералічвае.

Праўда, у міждзяржаўных адносінах ёсць шмат нюансаў. Напрыклад, за стаж перыяду СССР плаціць тая дзяржава, у якой чалавек пражывае цяпер, акрамя Латвіі і Эстоніі. Гэтыя краіны плацяць пенсіянерам самі. Але, напрыклад, у Латвіі пенсійны ўзрост вышэйшы, таму грамадзяніну нашай краіны, каб пачаць атрымліваць выплаты за той стаж, трэба чакаць наступлення ўзросту паводле іх заканадаўства. Так і з іншымі краінамі, калі гаворка ідзе пра сучасны стаж. У нас у параўнанні з іншымі былымі савецкімі рэспублікамі пакуль самы «малады» пенсійны ўзрост.

Не спазніцца са зваротам

На што яшчэ трэба звяртаць увагу прэтэндэнтам на пенсію, дык гэта на час свайго звароту ў орган сацыяльнай абароны. У нас прызначэнне пенсіі прывязана да года звароту, а вось, скажам, у Расіі — да даты нараджэння пенсіянера. Напрыклад, сёлета ў нашай краіне на заслужаны адпачынак выходзяць жанчыны ва ўзросце 57 з паловай гадоў, мужчыны — 62 з паловай. Калі ж яны з нейкіх прычын пададуць заяву ў наступным годзе, то пенсію змогуць атрымаць толькі пасля дасягнення 58 і 63 гадоў. Святлана Плескацэвіч растлумачыла, чаму людзі, здараецца, спазняюцца са зваротам:

— Неабходны страхавы стаж, як вядома, узрастае з кожным годам. Бывае, чалавеку не хапае літаральна некалькіх месяцаў альбо нават дзён да патрэбнага, ён думае, што адпрацуе гэты перыяд, а тады і пойдзе за пенсіяй. Калі ж гэта будзе ўжо ў новым годзе, то і ўзрост узрасце — і, адпаведна, страхавы стаж стане большы. Такім чынам, чалавек дапрацоўвае патрэбныя ў гэтым годзе велічыні, а яны — і ўзрост, і стаж, ад яго «збягаюць» наперад, «выслізгваюць». І з-за некалькіх дзён, атрымліваецца, трэба перапрацаваць і тую колькасць дзён, і плюс яшчэ шэсць месяцаў. Такім чынам, многія, на жаль, трапляюць у гэтую заканадаўчую пастку.

Асаблівасці прафесійнага стажу

— Сярод нашых чытачоў нямала настаўнікаў. Ад іх мне даводзілася чуць, што цяпер стала амаль немагчыма пайсці на пенсію па выслузе гадоў, як гэта было раней, надта многа тых самых «падводных камянёў».

— Цяпер сапраўды патрабаванні сталі больш разнастайныя, — адзначае Святлана Плескацэвіч. — Акрамя таго, што прафесійны стаж мусіць налічваць для жанчын не менш за 25 гадоў, для мужчын — не менш за 30, палова гэтага павінна прыпадаць да 2009-га. Ва ўказаным годзе ўведзена прафесійнае пенсійнае страхаванне. І тут ужо многа патрабаванняў, каб стаж назапашваўся, такіх, напрыклад, як праверка сшыткаў настаўнікамі, дадатковыя нагрузкі. Улічваецца нават напаўняльнасць класаў, іншыя фактары. Цяпер наогул улік спецыяльнага прафесійнага стажу па ўсіх ільготных катэгорыях работнікаў стаў больш складаны, таму грамадзянам варта цікавіцца заканадаўствам загадзя.

Мы не гаварылі гэтым разам пра сістэму налічэння пенсіі, яна вельмі складаная, залежыць ад зарплаты, правільней сказаць, ад суадносін зарплаты работніка і сярэдняй зарплаты па краіне, якая выражаецца ў індывідуальным каэфіцыенце. І ў кантэксце гэтых суадносін нашы людзі часта звяртаюць увагу на праблему налічэння для вайскоўцаў пры праходжанні службы па прызыве і жанчын у дэкрэце, якія гадуюць дзяцей. За год у арміі альбо ў дэкрэтным водпуску налічваецца каэфіцыент роўны 0,4 — нават калі на рабоце гэты чалавек меў каэфіцыент значна большы за адзінку. Варта адзначыць, што папярэдняе заканадаўства, да кастрычніка 2012-га, дазваляла абысці гэтыя гады і ўзяць у разлік для пенсіі, скажам, ранейшыя гады. Цяпер так нельга.

— Тры гады з каэфіцыентам 0,4 пацягнуць канкрэтную пенсійную суму ўніз. Скажам, умоўная работніца з добрай зарплатай за тры гады выгадавала двайнят альбо трайнят. Выходзіць, за гэта яна атрымае не бонус, а — наадварот.

— Пакуль так. Але заканадаўчы працэс не стаіць на месцы, думаю, і гэтае пытанне з часам будзе вырашана на карысць маці.

Паклапаціцца загадзя

Калі агучанае пытанне сапраўды могуць вырашыць толькі парламентарыі адпаведнымі папраўкамі ў законы, то ёсць нямала дакументаў, звестак, пра якія павінен паклапаціцца сам будучы пенсіянер. Напрыклад, запатрабаваць даведкі ў арганізацыях альбо архівах аб зарплаце ў асобныя перыяды. Пра работу пасля 2003 года клапаціцца не трэба, усе мы атрымалі страхавыя пасведчанні, улік вядзецца цэнтралізавана. А вось у 1990-я гады ўзнікала шмат фірмаў-аднадзёнак, якія часам не абцяжарвалі сябе клопатамі здаць у архіў дакументы пры ліквідацыі. У такім выпадку памер зарплаты работніка можа быць устаноўлены ў судовым парадку. Каму патрэбныя гэтыя гады для разліку, варта паклапаціцца загадзя, хоць бы даведацца аб парадку аднаўлення звестак.

Жанчынам спатрэбяцца звесткі з арганізацый альбо архіваў пра знаходжанне ў дэкрэтным водпуску. Былым студэнтам важна не забыцца запатрабаваць даведку пра навучанне на дзённым аддзяленні ВНУ, гэтыя гады будуць уключаны ў агульны працоўны стаж, які таксама ўплывае на памер пенсіі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Каб узрост і страхавы стаж не «ўцякалі» ад пенсіянера

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.