Вы тут

Ірына Касцевіч: Наша задача — пачуць праблемы бацькоў дзяцей-інвалідаў


Супрацоўніцтва плануецца ў сферы сацыяльнай абароны інвалідаў, сумеснай прафілактычнай і асветніцкай рабоце па пытаннях інваліднасці і ўмацавання ў свядомасці грамадства паважлівага стаўлення да правоў і годнасці інвалідаў. Цырымонія падпісання прайшла падчас «круглага стала» па абмеркаванні найбольш актуальных пытанняў, якія хвалююць бацькоў, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.


Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч адзначыла, што ў Беларусі жыве 6 % людзей з інваліднасцю. Таму сацыяльная абарона і сацыяльная палітыка ў дачыненні да іх шматпланавыя. Гэта і фінансавая дапамога, і падтрымка праз падатковае і працоўнае заканадаўства, праз сацыяльнае абслугоўванне.

— У мінулай пяцігодцы (2016—2020 гады) толькі на выплату пенсій, адраснай сацыяльнай дапамогі і бясплатнага санаторна-курортнага лячэння такім катэгорыям грамадзян дзяржавай было накіравана больш за 13 мільярдаў рублёў. Гэта сур'ёзная дапамога, — расказала Ірына Касцевіч.

Яна ўдакладніла, што «круглы стол» праходзіць з бацькамі дзяцей-інвалідаў, а між іншым, у краіне 34 тысячы такіх дзяцей, якія маюць 1—4 ступень страты здароўя. Гэта другая сустрэча за год і старт дыялогавых пляцовак па абмеркаванні набалелых пытанняў.

— Мы разумеем тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца бацькі. Наша задача — іх пачуць, паглядзець, дзе «тармозяць» нормы заканадаўства, што патрабуе ўдасканалення, — адзначыла Ірына Касцевіч.

Міністр растлумачыла, чаму дамова падпісана менавіта з дабрачынным фондам Аляксея Талая.

— Асабіста для мяне гэта чалавек з вялікай сілай волі, выдатны матывацыйны спікер. Нам важна, каб ён сустракаўся з моладдзю, якая мае інваліднасць, расказваў і паказваў, што жыццё працягваецца, і дэманстраваў, як можна дасягаць тых вынікаў, што ставіць перад сабой чалавек.

Аляксей Талай, які цудам выжыў, але страціў рукі і ногі ад выбуху міны ў 16 гадоў, з'яўляецца сёння параалімпійцам і рыхтуецца да Параалімпіяды. Акрамя таго, ён вядомы матывацыйны спікер і займаецца шэрагам дабрачынных праектаў. Падчас сустрэчы ён адзначыў, што ў рамках супрацоўніцтва з ведамствам будзе ажыццяўляцца праект «Дзеці Беларусі ветэранам і будучым пакаленням», накіраваны на патрыятычнае выхаванне.

У рамках праекта будзе сабрана вялікая калекцыя відэаапавяданняў яшчэ жывых ветэранаў. Магчыма, камусьці гэта дапаможа ў пераадоленні асабістых жыццёвых цяжкасцяў. Акрамя таго, дзяцей і падлеткаў будуць уключаць у валанцёрства, дабрачыннасць. Яны змогуць у тым ліку ўнесці свой уклад у з'яўленне ў трох гарадах-героях — Брэсце, Мінску і Маскве — помнікаў для ўшанавання народнага подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне.

— Што, як не перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, можа сёння абудзіць нашу моладзь і прымусіць згадаць, праз што прайшоў наш народ. Гэта дапаможа пераадольваць тыя цяжкія падзеі, якія здараюцца часам у жыцці. У тым ліку і я, калі быў 16-гадовым падлеткам, не ведаў, што застануся без ног і рук, што буду поўзаць па кватэры са слязамі на вачах у адсутнасць бацькоў, калі мама выйшла ў краму па прадукты. Што дапамагло мне не страціць розум у тыя цяжкія месяцы? Гэта гісторыя майго дзеда, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, гісторыя пераадолення і барацьбы за жыццё, — кажа Аляксей Талай. — Сёння я хачу падзяліцца гэтымі гісторыямі з нашай моладдзю.

У «круглым стале» ўзялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва, унутраных спраў, па падатках і зборах, Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Пытанні, узнятыя ў ходзе дыскусіі, датычыліся вытворчасці тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, аказання дапамогі па доглядзе дома, рэабілітацыі, адукацыі і працаўладкавання, безбар'ернага асяроддзя, жыллёвых адносін і іншага.

Паколькі мерапрыемства было арганізавана на базе Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра, бацькі змаглі азнаёміцца з асартыментам сродкаў рэабілітацыі, якія выпускаюцца для дзяцей-інвалідаў, а таксама выказаць свае пажаданні па паляпшэнні вытворчасці такіх сродкаў непасрэдна работнікам, якія ўдзельнічаюць у іх распрацоўцы і вырабе.

Алена КРАВЕЦ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».