Вы тут

Чаго нельга рабіць з валасамі вясной?


З надыходам вясны мы чакаем таго самага моманту, калі нарэшце, здымем шапкі і капелюшы. І менавіта ў гэты час пытанне стану валасоў набывае асаблівую актуальнасць.

Прыгожыя і здаровыя валасы — сапраўдная каштоўнасць для кожнай жанчыны. Дзякуючы ім, наш вобраз мае завершанасць, а мы асабіста атрымліваем добры настрой. Але, што рабіць, калі пасля зімы з-за пастаянных перападаў тэмпературы, сухога паветра ў кватэрах і шматлікіх сезонных хвароб нашы валасы аслаблі? Пра гэта мы пагутарылі з мадэльерам па прычосках, стылістам Кацярынай Каленскай.


— Чаго нельга рабіць з валасамі вясной?

— Пытанне адначасова і цікавае, і правакацыйнае. На маю думку, першае і самае галоўнае, у сваім жаданні мець прыгожыя валасы НЕЛЬГА кідацца ў крайнасці. Увесну я раю не рабіць з валасамі ніякіх агрэсіўных працэдур, такіх як абескаляроўванне, хімічныя завіўкі, нарошчванне, а таксама на некаторы час адмовіцца ад карыстання плойкамі і прасамі. Дайце валасам адпачыць, пасля зімы яны і без гэтага аслабленыя.

— Больш за год чалавецтва жыве з каранавірусам. Жанчыны, якія хварэлі на COVID-19 нароўні з такімі наступствамі, як страта нюху, назіраюць і больш моцнае выпадзенне валасоў. Якія меры дапамогуць спыніць гэты працэс?

— Праўда, у гэты няпросты для ўсіх нас перыяд валасам таксама патрабуецца больш пільная ўвага.

  1. Трэба перастаць нервавацца. Выпадзенне валасоў — гэта становішча тэрміновае, якое рана ці позна выправіцца. Ахоўвайце сябе ад стрэсаў увогуле і старайцеся высыпацца, недасып — гэта таксама стрэс.
  2. Трэба выбраць добрую масажную шчотку, якая не нашкодзіць вашым валасам. Пры выбары расчоскі неабходна ўлічваць матэрыял, з якога яна выраблена: пластык, дрэва, метал, сілікон, натуральны ворс. Аптымальны варыянт — расчоска з пластыкавай асновай і сіліконавымі зуб’ямі. Для густой шэвелюры патрэбна расчоска з рэдкімі зуб’ямі, для рэдкіх валасоў — з сярэдняй гушчынёй зуб’яў. Форма расчоскі павінна быць зручнай, а частка з зуб’ямі можа паўтараць форму галавы. Так вы зможаце стымуляваць кругазворот валасяных фалікул.
  3. Таксама неабходна правільна выбіраць сродкі догляду за валасамі абавязкова з умацоўваючым комплексам. У яго склад могуць уваходзіць наступныя кампаненты: экстракт крапівы, каранёў лапуха, пантэнол, алей чайнага дрэва, экстракт чырвонага перца, пратэіны пшаніцы, кафеін, менаксідзіл. Акрамя гэтага, пры выбары сродкаў для мыцця валасоў неабходна ўлічваць іх тып: нармальны, тлушчавы ці змешаны (тлушч лакалізуецца на каранях, а канцы застаюцца сухімі). Кваліфікаваны спецыяліст можна правесці дыягностыку і дапаможа вызначыць, які тып у вас.
  4. Яшчэ адзін важны момант — ПРАВІЛЬНАЕ мыццё валасоў. З маёй практыкі, далёка не ўсе дзяўчаты і жанчыны ведаюць, як гэта рабіць.
  5. Калі вы маеце доўгія валасы, неабходна раз у тры месяцы падразаць кончыкі, форму мадэльнай стрыжкі пажадана аднаўляць раз у 1-2 месяцы.
  6. Увогуле, кожнай жанчыне неабходна прытрымлівацца здаровага ладу жыцця. Збалансаванае харчаванне, ужыванне прадуктаў, якія ўтрымліваюць амега, жалеза, цынк, вітамін С, вітаміны В, а таксама нікацінавую кіслату. Піць больш чыстай негазаванай вады, займацца спортам, па магчымасці хадзіць пешшу. Усе гэтыя меры рэальна дапамагаюць вашым валасам заставацца здаровымі. А як мы ведаем, менавіта валасы — лакальны індыкатар агульнага стану здароўя нашага арганізма.

— Вы апісалі цэлы комплекс догляду за валасамі. Але ж для таго, каб усе гэтыя меры пачалі працаваць, патрэбны даволі доўгі час. Сучасныя жанчыны, як правіла, не жадаюць «адкладваць прыгажосць» на заўтра. Чаму б проста не нарасціць валасы?

— Канешне, у нашым хуткім сучасным жыцці нарошчванне — гэта маментальны спосаб зрабіць валасы больш доўгімі і аб’ёмнымі. Але ж нельга забываць пра тое, што дадатковыя пасмы ўмацоўваюцца на сваіх валасах, якія павінны быць здаровымі. Акрамя гэтага, каб мінімізаваць урон вашым родным локанам, трэба прытрымлівацца некаторых правілаў.

  • Звярніцеся да вопытнага майстра, які спачатку правядзе дыягностыку вашых валасоў, каб высветліць, ці можна вам рабіць нарошчванне.
  • Пры станоўчым выніку, майстар павінен індывідуальна для вас падабраць аптымальны спосаб і матэрыял для нарошчвання.
  • Пасля працэдуры, неабходна правільна даглядаць валасы: на ноч расчэсваць спецыяльнай шчоткай і заплятаць у не тугую касу, мыць спецыяльным шампунем, своечасова рабіць карэкцыю і, канешне, даваць родным локанам адпачынак.
  • Акрамя вышэй пералічанага, існуе і шэраг супрацьпаказанняў для правядзення нарошчвання: аслабленыя валасы, цяжарнасць, узрост да 16-ці гадоў, вегета-сасудзістая дыстанія і частыя галаўныя болі, антыбактэрыяльная, гарманальная ці хімічная тэрапія, а таксама ўзмоцненая адчувальнасць скуры.

— Многія жанчыны, каб адгадаваць валасы і надаць ім больш здаровы выгляд, прытрымліваюцца месяцовых календароў стрыжак. Наколькі гэта працуе з пункту гледжання Вашага вопыту работы і навукі?

— За 20 гадоў практыкі, адпаведна з маімі назіраннямі і апытаннямі, многія жанчыны сапраўды вераць у эфектыўнасць месяцовых календароў. Гэта іх права. Навукова, уздзеянне месяца на рост валасоў не даказана. А вось тое, што валасы растуць у сярэднім на 1-1,5 см у месяц і ў кожнага генетычна закладзена іх структура і гушчыня, вучоныя даследавалі і зафіксавалі. Справа ў тым, што рост валасоў залежыць ад фалікула, а не ад кончыкаў. Стрыжка па сутнасці патрэбна дзеля таго, каб нашыя валасы былі дагледжанымі, прыгожымі і здаровымі. І працуе гэта, як элемент асноўнага комплексу па догляду за валасамі.

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота з асабістага архіва Кацярыны Каленскай

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».