Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем пра дасягненні беларускіх спартсменаў.


Падзея тыдня. У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» прайшло апошняе ў гэтым зімовым сезоне спартыўнае свята «Мінская лыжня». У біятлоннай эстафетнай гонцы 4х2 км перамагла каманда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Другое і трэцяе месцы занялі каманды Віцебскага аблвыканкама і Брэсцкага аблвыканкама адпаведна. Каманда прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь стала найлепшай сярод аматарскіх камандаў. Прадстаўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях занялі першае месца сярод камандаў сілавых міністэрстваў і ведамстваў. На старт выйшлі і каманды цэнтральных апаратаў міністэрстваў і ведамстваў колькасцю сто чалавек і больш, тут роўных не было камандзе Міністэрства па падатках і зборах. А каманда Міністэрства спорту і турызму стала трыумфатарам спаборніцтваў сярод камандаў цэнтральных апаратаў міністэрстваў і ведамстваў колькасцю сто чалавек і менш.

Гераіня тыдня. Беларуская біятланістка Дзінара Алімбекава заваявала серабро ў гонцы пераследу на дзявятым Кубку свету па біятлоне ў Нове-Места (Чэхія). Алімпійская чэмпіёнка не дапусціла ніводнага промаху на агнявых рубяжах. А дыстанцыю ў дзесяць кіламетраў Дзінара пераадолела, на 34,6 секунды адстаўшы ад пераможніцы Цірыль Экхаф, прадстаўніцы Нарвегіі. Бронзавы медаль дастаўся немцы Францысцы Пройс. Гэта трэці медаль Дзінары Алімбекавай на этапах Кубка свету ў сёлетнім сезоне.

Напярэдадні 10-га заключнага этапу Кубка свету, запланаванага на 19—21 сакавіка, Дзінара займае сёмае месца ў агульным заліку. У яе актыве — 652 балы.

Героі тыдня. Мужчынская зборная Беларусі па гандболе выйграла два матчы ў межах кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы 2022 года. У дамашнім матчы супраць каманды Італіі 10 сакавіка беларусы былі мацнейшыя з вынікам 37:32. Лепшым бамбардзірам стаў Мікіта Вайлупаў, які закінуў 11 мячоў. Праз тры дні, 13 сакавіка, беларуская каманда ў гасцях абыграла дружыну з Латвіі — 39:27. І зноў сярод беларускіх гандбалістаў вызначыўся Мікіта Вайлупаў, на рахунку якога 14 мячоў.

Зборная Беларусі правяла чатыры матчы з шасці запланаваных. З трыма перамогамі і шасцю баламі каманда займае першае месца ў турнірнай табліцы.

Страта тыдня. На 52-м годзе жыцця памёр галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі і гандбольнага клуба «Гомель» Томаж Чатэр. Славенскі спецыяліст узначальваў беларускую зборную з 2013 года, пад яго кіраўніцтвам каманда правяла 57 матчаў. З 2016 года Томаж Чатэр працаваў галоўным трэнерам «Гомеля», дзякуючы яму клуб чатыры разы станавіўся чэмпіёнам краіны і ўладальнікам Кубка Беларусі.

Турнір тыдня. У Казахстане прайшоў чэмпіянат свету па лыжнай акрабатыцы. Ганна Гуськова, Макар Мітрафанаў і Павел Дзік занялі чацвёртае месца ў спаборніцтвах змешаных каманд. За свае скачкі беларусы атрымалі ад суддзяў 247,74 бала. Алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова заняла пятае месца планетарнага першынства, яе выніковая адзнака — 79,69 бала.

Аб'ява тыдня. Томас Бах пераабраны прэзідэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Гэта было вырашана падчас 137-й сесіі МАК. Томас Бах быў адзіным кандыдатам на пост кіраўніка арганізацыі. Паўнамоцтвы прэзідэнта МАК пасля абрання ўступяць у сілу па заканчэнні Алімпійскіх гульняў у Токіа, якія пройдуць з 23 ліпеня да 8 жніўня.

Перамогі тыдня. З 8 да 14 сакавіка ў Казані прайшоў аб'яднаны мужчынскі і жаночы міжнародны тэнісны турнір серыі ІTF World Tennіs Tour — KAZAN KREMLІN CUP 2021. Беларускія тэнісісты сталі трыумфатарамі спаборніцтваў. Юлія Гатоўка перамагла ў жаночым адзіночным разрадзе. У фінальным паядынку яна была мацнейшая за польскую спартсменку Урсулу Радваньску. Вынік сустрэчы — 7:6, 4:6, 6:4.

У парным разрадзе пераможцамі турніру стаў дуэт беларускай тэнісісткі Шалімар Тальбі і прадстаўніцы Нарвегіі Ульрыкі Эйкеры.

Іван Лютарэвіч і Яраслаў Шыла таксама вызначыліся ў парным разрадзе. У вырашальнай сустрэчы яны перамаглі прадстаўнікоў Расіі Міхаіла Фуфыгіна і Барыса Пакацілава. Вынік матча — 4:6, 7:5, 10-7. Перамога прынесла тэнісістам трэці сумесны тытул.

Надзея тыдня. Упершыню ў гісторыі ўдзелу валейбольнага клуба «Мінчанка» ў расійскай Суперлізе беларуская каманда выйшла ў плэй-оф адкрытага чэмпіянату Расіі. Але ўжо ў першым матчы беларускі ўступілі саперніцам з клуба «Ленінградка» з вынікам 2:3 (25:16, 25:23, 26:18, 26:28, 24:26, 11:15).

Наступны матч у серыі да дзвюх перамог каманды правядуць 20 сакавіка. Пераможца стане ўдзельнікам «Фіналу шасці», гульні якога запланаваныя з 28 сакавіка да 3 красавіка.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: Пераможны настрой беларусаў пацвярджаецца справай

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.