Вы тут

Хто такая Вера Ніжанкоўская, жонка Тарашкевіча, сваячка Кукальнікаў


У лютым споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Веры Андрэеўны Ніжанкоўскай. Імя яе ў гісторыі беларускай культуры больш за ўсё згадваецца побач з імем яе мужа, вядомага грамадскага і палітычнага дзеяча, вучонага-мовазнаўца, пісьменніка і публіцыста Браніслава Тарашкевіча. Успаміналі яе часта і як пляменніцу знакамітага Аляксандра Уласава, рэдактара-выдаўца праслаўленай газеты «Наша Ніва». Пра свайго дзядзьку яна таксама напісала некалькі старонак успамінаў. Па сваёй сціпласці, амаль нічога ўласнага не надрукавала. Але Вера Андрэеўна пакінула пасля сябе ўнікальны архіўны збор, які стараннямі яе дачкі Ірыны Ніжанкоўскай перададзены ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Давайце разам наведаем гэты фонд.


Партрэт Веры

Пачнем з фотаздымка, на якім — наша гераіня ў юнацтве. Розум, гожасць... Вера Андрэеўна Ніжанкоўская нарадзілася 8 лютага 1901 года ў спадчынным маёнтку Калісберг бліз Радашковіч у сям'і вядомага гісторыка, збіральніка, заснавальніка Мінскага царкоўна-археалагічнага музея Андрэя Канстанцінавіча Сніткі, 155-гадовы юбілей якога прыпадае таксама на гэты год. Сям'я мела свой дом і ў Мінску на вуліцы Праабражэнскай, а пасля Вясёлай. З уражанняў свайго мінскага дзяцінства аўтарка ўспамінаў пакінула адзін вельмі цікавы эпізод. «Да 1911 года наш дом быў на Праабражэнскай вуліцы (Інтэрнацыянальная). З вокнаў дома была бачна вуліца, і вось мне, дзяўчынцы, запомнілася сцэна: па вуліцы з суда ў турму вялі арыштаваных. Мне сказалі, што некага з іх асудзілі да пакарання смерцю. За арыштаванымі бег натоўп. Запомнілася жанчына, якая голасна крычала, з растрапанымі валасамі. Гэта было, відаць, у 1905 годзе».

Юнацтва Веры Андрэеўны прыпала на цяжкія гады Першай сусветнай вайны. У 1915 годзе пачалася эвакуацыя Мінска. Сніткі сям'ёй выехалі ў Глухаў Сумскай вобласці. Там Вера паступіла ў жаночую гімназію. Яе старэйшы брат Усевалад, студэнт Пецярбургскага політэхнічнага інстытута, пайшоў добраахвотнікам у гусарскі полк і 15 чэрвеня 1915 года загінуў каля Любачава пад Львовам. Другі брат, Андрэй, студэнт Пецярбургскага інстытута шляхоў зносін, быў мабілізаваны ў армію ў 1916 годзе і трапіў у Віленскую вайсковую школу, якая была эвакуявана ў Палтаву. Летам 1916 года сям'я жыла ў Палтаве. У тым жа годзе Вера Андрэеўна перавялася ў Кіеўскі жаночы інстытут. Але юная дзяўчына марыла пра Пецярбург і восенню 1916 года паступіла ў Смольны інстытут.

Лютаўская рэвалюцыя 1917 года змяніла ўсе планы. Смольны інстытут быў пераведзены ў Новачаркаск, і Вера вярнулася да бацькоў у Глухаў.

Тарашкевічы і Уласавы

Вось яшчэ адзін здымак. Подпіс: «Вера і Браніслаў Тарашкевічы з сям'ёй дзядзькі Аляксандра Уласава. 1926 г.».

У канцы 1921 года Вера з маці вяртаюцца на радзіму. Спачатку прыязджаюць у Мінск. На работу ўладкавацца было амаль немагчыма, і яны прымаюць рашэнне падаць дакументы ў Камісію па рэпатрыяцыі для выезду ў Радашковічы, якія ў той час апынуліся ў межах Польшчы, і ў красавіку 1922 года атрымліваюць дакументы на выезд. У гэтым жа годзе ў дзядзькавым доме Вера Андрэеўна і пазнаёмілася з Браніславам Тарашкевічам. Пазней у сваёй біяграфіі напісала: «На зіму мы выехалі ў Вільню, дзе Тарас (Браніслаў Тарашкевіч. — Г. З.) мяне вучыў лаціне і намаўляў вучыцца. 1923 — восенню я паступіла ў Універсітэт як «вольны слухач» і жанілася з Тарасом. Жылі мы па Віленскай, 12, а летам у Андрэеўцы. У 1924 г. заклалі дом «на фэрме», жылі то ў Вільні, то ў Радашковічах. У 1925 г. нарадзіўся сын Радаслаў.»

У пачатку 1927 года Браніслаў Тарашкевіч быў арыштаваны па справе Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Для Веры Андрэеўны пачаўся цяжкі перыяд паездак у Варшаву, дзе яна дамагалася сустрэч з мужам да сканчэння следства, а пасля паездкі ў Вронкі, Вільню, Грудзёнак, Беласток на сустрэчы са зняволеным мужам. Пасля масавых пратэстаў грамадскасці Браніслаў Тарашкевіч быў адпушчаны і ў верасні 1930 года выехаў у Сопат. У снежні Вера Андрэеўна разам з маленькім сынам паехала да мужа. Але ў чэрвені 1931 года Тарашкевіч быў зноў арыштаваны, а ў лістападзе 1932 года асуджаны на 8 гадоў катаржнай турмы. Зняволенне адбываў пераважна ў Гродне. Для жонкі і сына ўсё пачыналася наноў. У 1933 годзе ў выніку дамоўленасці паміж савецкім і польскім урадамі па абмене вязнямі Тарашкевіч выехаў у СССР. Вера Андрэеўна ўспамінае: «Калі Тараса вымянялі з турмы ў СССР, я мела права таксама паехаць у саветы. І вось тут пачалася для мяне вялікая драма. Паехаць да Тараса, узяўшы з сабой Славука, і пакінуць маму ўжо старой кабетай адной, без мэты жыць далей. Каб маці пратэставала супраць майго выезду, прасіла... я б можа і паехала. Але маці маўчала і толькі глядзела на нас вачыма поўнымі адчаю. І я адмовілася ад выезду, хоць траціла найдаражэйшага мне чалавека.»

У 1936 годзе Вера Андрэеўна пабралася шлюбам з Уладыславам Ніжанкоўскім, палякам, «загадчыкам» школы ў Радашковічах і ўзяла прозвішча свайго другога мужа. У 1938 годзе польскія ўлады выслалі Ніжанкоўскага ў двухкласную школу пад Кракаў толькі за тое, «што ажаніўся з беларускай і Тарашкевіч». Але ў 1939 годзе ён змог вярнуцца ў Радашковічы да сям'і. У верасні таго ж года з прыходам савецкіх войскаў сям'ю Ніжанкоўскіх выселілі ў дамок на Касцельнай плошчы. 26 мая 1940 года ў Веры і Уладыслава Ніжанкоўскіх нарадзілася дачка Ірына. У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны дом Ніжанкоўскіх згарэў, і яны вярнуліся ў хатку на тэрыторыі бальніцы, пад якую быў забраны ў 1939 годзе іх дом. У 1943 годзе быў забіты Ніжанкоўскі, а 15 чэрвеня 1944 года ў партызанах загінуў сын Веры і Тарашкевіча Радаслаў.

Вера Андрэеўна ў сваім маленькім дамку пражыла ўсё жыццё і памерла 7 мая 1998 года.

Кукальнікі і Сніткі

Зірнем на гэты здымак: «Павел Кукальнік з Андрэем і Кацярынай Сніткамі. 1869 год».

Кукальнікі — вядомы род у гісторыі расійскай культуры. Што іх звязвае з Верай Ніжанкоўскай?

Род яе бацькі Андрэя Канстанцінавіча Сніткі паходзіў з-пад Полацка. Дзед, Канстанцін Міхайлавіч Снітка, вучыўся ў кадэцкім корпусе ў Пецярбургу. Вера Андрэеўна згадвала: «дзед, будучы хлопцам, удзельнічаў у спаборніцтвах кадэтаў у Пецяргофе, дзе яны мусілі прайсці пад нейкім каскадам у прысутнасці царыцы. І дзед атрымаў ад яе пярсцёнак з залатога дроту з ізумрудам. Ён доўга ў нас быў. Быў у нас і партрэт дзеда ў вайсковай форме». У Пецярбургу Канстанцін Снітка пазнаёміўся з Марыяй Пузырэўскай, роднай пляменніцай братоў Паўла і Нестара Кукальнікаў. Павел Кукальнік быў вядомы гісторык і пісьменнік, доктар права. Яго брат Нестар Кукальнік — вядомы рускі паэт. І яшчэ адна цікавая дэталь: Нестар Кукальнік, Аляксей Пузырэўскі (бацька Марыі) і Мікалай Гогаль былі аднакашнікамі па Нежынскім ліцэі князя Безбародкі. Сяброўства іх працягвалася і ў Пецярбургу. І не толькі сяброўства, а і сваяцтва. Так, Павел Кукальнік узяў шлюб з Юліяй Пузырэўскай, дачкой Аляксея ад першага шлюбу, а сам Аляксей пабраўся шлюбам з роднай сястрой Кукальнікаў Марыяй. У сям'і Аляксея і Марыі Пузырэўскіх нарадзілася пяцёра дзяцей, у тым ліку дачка Марыя — бабуля Веры Андрэеўны Ніжанкоўскай. Увогуле, у архіве Веры Андрэеўны след Кукальнікаў-Пузырэўскіх вельмі значны і вельмі цікавы.

Задоўжаная спадчына і апекуны

А вось на гэтым здымку немалады пан і подпіс: «Бронислав Осипович Свидзинский, друг моего отца. 1875 г.»

Шлюб Канстанціна Сніткі з Марыяй Пузырэўскай адбыўся ў 1865 годзе. У сваіх успамінах Вера Андрэеўна запісала: «Бабка жыла там (у Пецярбургу. — Г.З.) у цікавым асяроддзі (Брулоў, Кукальнікі, Крылоў, Глінка). А вышаўшы замуж за дзеда ў 1865 г., яна трафіла ў маёнтак дзеда — Карльсберг (альбо Калісберг). Дом быў глінабітны, вільготны. Дзед у гэты час быў «предводителем дворянства» ў Вілейцы (маршалак). Я асабіста дзеда не люблю. Ён меў шырокую натуру. Як маршалак ён трымаў у Вілейцы і Калісбергу «адкрыты дом», дзе ўсе дваране маглі жыць і сілкавацца. А сам ён век быў у раз'ездах, хлапочачы за сваіх падапечных. [...]. І вось мая бабка з Пецярбурга трафляе ў глухую мяйсцовасць, часцей мужа няма, ён больш жыве ў Вілейцы. Дом вільготны, клавесін і мэблі, якія яна прывезла, псуліся. У 1866 годзе ў Вільні радзіліся блізняты: мой бацька — Андрэй і дзяўчынка Каця (пасля Жыркевіч), а бабка пачала хварэць». У 1875 годзе Снітка раптоўна памірае і пакідае ўдаву з дзевяцігадовымі дзецьмі і «страшэнна заблытаную, задоўжаную спадчыну». Апекуном сям'і становіцца Браніслаў Восіпавіч Свідзінскі. Ён прадаў частку зямель Сніткаў і разлічыўся з даўгамі, а ўдаве раіў рабіць мінімальныя выдаткі. У 1879 годзе ад сухотаў памірае і Марыя Снітка. Дзеці Андрэй і Кацярына засталіся круглымі сіротамі. Замяніла ім маці Варвара Іванаўна Пельская, сяброўка Марыі, пра якую Ніжанкоўская напісала, што тая была пазашлюбнай дачкой князя Трубяцкога. Яна пакінула свой утульны дом у Маскве, каб ахвяраваць сваё жыццё дзеля выхавання сірот і назаўсёды пасяліцца ў Калісбергу — Вільні. Далучаецца да яе і Павел Васілевіч Кукальнік, які апякуецца асірацелымі дзецьмі сваёй роднай пляменніцы.

Разгалінаваны род

Гэты здымак падпісаны Верай Ніжанкоўскай так: «Александр Дмитриевич Туманов, мой крёстный отец».

Кацярына Снітка, любімая Верай Андрэеўнай цёця Каця, у 1888 годзе выйшла замуж за Аляксандра Уладзіміравіча Жыркевіча, вядомага ваеннага юрыста, пісьменніка і калекцыянера, паходжаннем з Віцебскай губерні. Многія дакументы архіва Ніжанкоўскай расказваюць пра лёс Кацярыны і Аляксандра Жыркевічаў, пра іх жыццё ў Вільні і Пецярбургу, пра сяброўства і перапіску з Рэпіным, Талстым, Чэхавым і многімі іншымі. Ад Кацярыны ў Веры Андрэеўны застаўся ўнікальны фотаальбом, дзе сабраны здымкі герояў той далёкай эпохі, у тым ліку вельмі рэдкія, якія адносяцца да першай паловы 1860-х гадоў. Сярод іх сёстры і брат Аляксандра Уласава, апякун Свідзінскі, рэдкі здымак дзіцячай пісьменніцы Макаравай з роду Вяпрыцкіх (1834—1887) і самы ранні, датаваны дароўным надпісам 1865 года, хроснага бацькі Кацярыны і Андрэя Сніткаў Аляксандра Туманава (1817—1886), які служыў у Вільні па ведамстве Міністэрства народнай асветы і быў сябрам Сніткі.

Род Веры Андрэеўны Ніжанкоўскай па маці, Лізавеце Мікітаўне Уласавай, вядомы ад яе прадзеда Аляксея Уласава, святара пасольскай царквы ў Канстанцінопалі, а пасля Віленскай паштовай царквы. Захаваліся здымкі многіх прадстаўнікоў роду Уласавых, успаміны пра іх, радаводы, складзеныя Верай Андрэеўнай. Спрабавала Вера Андрэеўна скласці і радавод сваёй бабулі Алены Адамаўны з Канчэўскіх. Яе бацька Адам Канчэўскі быў святаром у Рэчках пад Вілейкай. Адам Канчэўскі меў брата Ігната, на радаводнай галінцы якога ёсць яшчэ адзін Ігнат — яго ўнук, вядомы беларускі паэт, публіцыст, асветнік Ігнат Уладзіміравіч Канчэўскі (1896—1923), які пісаў пад псеўданімамі Ігнат Абдзіраловіч і Ганна Галубянка.

Ганна ЗАПАРТЫКА, дырэктар БДАМЛіМ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».