Вы тут

У Савеце Рэспублікі прайшлі мерапрыемствы Усебеларускай патрыятычнай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!»


Лепшыя навучэнцы краіны атрымалі з рук спікера верхняй палаты парламента Наталлі Качанавай важны дакумент у жыцці кожнага беларуса — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Акцыя, якая праходзіць ва ўсіх рэгіёнах краінах, прымеркавана да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.


sovrep.gov.by

Дваццаць чатырнаццацігадовых юнакоў і дзяўчат сёння не толькі атрымалі ва ўрачыстай абстаноўцы пашпарты і дзяржаўныя сімвалы нашай краіны (кожнаму ўдзельніку арганізатары падаравалі дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь), але і мелі магчымасць пазнаёміцца з дзейнасцю верхняй палаты беларускага парламента, а таксама задаць свае пытанні яе спікеру — сустрэча прайшла ў фармаце дыялогавай пляцоўкі.

Ва ўрачыстай цырымоніі таксама прынялі ўдзел старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч і першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «Беларускі саюз моладзі», сенатар Дзмітрый Варанюк.

Трэба сказаць, што героямі патрыятычнага праекта традыцыйна становяцца лепшыя прадстаўнікі падрастаючага пакалення — выдатнікі вучобы, удзельнікі навукова-практычных канферэнцый, пераможцы і прызёры прадметных алімпіяд, рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, актывісты піянерскай арганізацыі і рэспубліканскага саюза моладзі. Сёлета гэтая традыцыя засталася нязменнай — у сталіцу для атрымання гэтага важнага дакумента ў жыцці кожнага грамадзяніна прыехалі лепшыя прадстаўнікі свайго пакалення, для якіх урачыстасці праводзіліся ў Савеце Рэспублікі, Канстытуцыйным судзе і філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі — Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці з удзелам вышэйшых службовых асоб. 

— З гонарам хачу ўручыць вам пашпарты Рэспублікі Беларусь. І гэта стала добрай традыцыяй праводзіць мерапрыемства ў рамках Усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!», — прывітала юнакоў і дзяўчат спікер верхняй палаты парламента Наталля КАЧАНАВА. — Вы азнаёміліся з экспазіцыяй музея Савета Рэспублікі, даведаліся, чым займаюцца людзі, якія тут працуюць.

Яна патлумачыла юным удзельнікам сустрэчы, што Савет Рэспублікі — гэта важная дзяржаўная інстытуцыя, орган тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, і расказала аб функцыях сенатарскага корпуса.

Наталля Качанава падкрэсліла, што 15 сакавіка — асаблівая дата ў гісторыі нашай дзяржавы. У гэты дзень 27 год таму была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, наш асноўны Закон стаў пачаткам новай эпохі ў летапісе краіны, трывалым фундаментам для дасягнення яе рэальнага суверэнітэту. 

Бадай што самым яркім момантам сустрэчы, акрамя, безумоўна, урачыстай цырымоніі ўручэння пашпартоў, стала шчырая і адкрытая гутарка з маладымі людзьмі, якія пыталі аб усім, што іх хвалюе.

Вучаніцу сярэдняй школы № 6 горада Полацка Міхіну Алену цікавіла, наколькі, з пункту гледжання Наталлі Качанавай, як карэннай жыхаркі гэтага горада відавочныя змяненні ў яго выглядзе і ці сумуе па ім. Спікер верхняй палаты парламента шчыра прызналася — сумуе, бо з гэтым горадам звязана шмат асабістага. Яна адзначыла, што Полацк працягвае прыгажэць з кожным годам і ў яго вялікія перспектывы для далейшага развіцця. І наогул, гэта датычыцца ўсёй нашай краіны, якая, як падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі, выглядае па-гаспадарску дагледжанай, утульнай, камфортнай і вельмі прыгожай. 

А вучня Опальскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна, што на Брэстчыне, Сяргея Гарошку, як пераможцу абласнога этапу праекта «100 ідэй для Беларусі», цікавіла меркаванне спікера верхняй палаты парламента адносна ўдасканалення спосабаў кантролю і павышэння бяспекі дзяцей — менавіта для іх хлопец распрацаваў праект «Разумны партфель», які дазваляе бацькам даведацца аб месцазнаходжанні школьніка. 

Наталля Качанава пераканана — бяспека дзяцей знаходзіцца на першым месцы ў выхаваўчым працэсе, і сучасныя тэхналогіі дазваляюць увесь час удасканальваць гэты працэс. Час і яго патрабаванні становяцца ўсё больш аператыўнымі і гэта асноўны складнік нашага сучаснага жыцця, таму тое, што сёння актуальна, павінна знаходзіць адлюстраванне ў такіх важных і карысных праектах, распрацаваных моладдзю і для моладзі. 

Яшчэ маладых людзей цікавілі самыя розныя пытанні: ад захапленняў спікера Савета Рэспублікі да яе бачання перспектыў развіцця нашай краіны. На ўсё пытанні Наталля Качанава адказала досыць адкрыта і шчыра. Пасля заканчэння гутаркі ў размове з журналістамі яна прызналася, дзеці ў аднолькавым узросце мараць аб адным, але ёсць розніца ў пакаленнях: 

— Я, канешне, узгадвала сябе, бо некаторыя пытанні, што яны задавалі, у наш час мы не ведалі і не думалі. Напрыклад, пра інфармацыйныя тэхналогіі — гэта ўжо іншае стагоддзе, — адзначыла яна. — Але разам з тым, я ўбачыла, што гэта такія ж дзеці, якімі былі і мы калісьці: яны вучацца, займаюцца танцамі, спевамі, спортам і, канешне, усё тое, што іх хвалявала — цікавіла калісьці і нас: як будзе жыць краіна?

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што сёння прагучалі вельмі цікавыя пытанні, і яна ў чарговы раз зразумела: чым больш будзе падобных сустрэч з моладдзю, тым больш эфектыўнай будзе і работа сенатарскага корпуса ў тым ліку. Таму што гаворка ідзе аб рабоце над тым, чым будзе жыць краіна заўтра — аб законапраектах.

— І сёння падчас гутаркі з моладдзю мне было вельмі прыемна пачуць, што ў іх дастаткова дарослыя пытанні, іх хвалююць і палітыка, і развіццё нашай краіны, і ўсё астатняе. Я парадавалася, што малады чалавек у 14 год — гэта ўжо сфарміраваная асоба, якая думае аб будучым сваёй краіны, — рэзюмавала яна.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?