Вы тут

Краязнаўчыя вандроўкі па Ігуменшчыне


Каб са сталіцы выправіцца ў вандроўку па Ігуменскім павеце, трэба набрацца цярпення і вызначыць, куды ж плануем дарогу. На Уздзеншчыну?.. Частка яе таксама належала колішняму Ігуменскаму павету. У Смалявічы — іншы зусім кірунак. Можна паехаць на Беразіно, зазірнуўшы спярша ў Чэрвень — колішні павятовы Ігумен… Але ж мы давайце зусім абмяжуем нашу вандроўку і, пакінуўшы тлумны Мінск, скіруем свой шлях на Пухавічы. Па дарозе зазірнём у Дукору. А назад будзем вяртацца праз Чэрвень. Не забудзем пры гэтым заехаць у Смілавічы.


Чатыры старажытныя мястэчкі. Адно калісьці было павятовым горадам, зараз — раённы цэнтр Чэрвеньшчыны. Два іншыя — Дукора і Пухавічы — звычайныя вёскі. Праўда, з прэтэнзіяй на першынство ў краі. Пухавічы на пачатку 1920-х гадоў былі нават раённым цэнтрам. Але ўжо ў 1925 годзе мясцовая раённая сталіца з адпаведнымі ўстановамі пераехала ў суседнюю Мар’іну Горку. Хіба што Смілавічы сталі гарадскім пасёлкам…

Дукора. Фота wikipedia.org

Дык з якімі імёнамі, прыналежнымі да гісторыі на многія вякі, звязаны згаданыя паселішчы?..

Дукора. Актрыса Таццяна Бандарчык, пісьменнік Васіль Гарбацэвіч, мовазнаўца Марыя Жыдовіч… Іх век спрычыніўся да маляўнічага і шматаблічнага жыцця, калі мястэчка было ў эпіцэнтры сацыяльных і грамадскіх падзей на Міншчыне. Калі палац і сядзіба Оштарпаў, а затым Гартынгаў  прымалі ў сябе губернскую эліту. Зараз відаць толькі некаторыя сляды той былой архітэктурна-ландшафтнай славы. Праўда, шмат што дапамагае ўявіць музейны комплекс «Дукорскі маёнтак», стваральнікі якога ўзнавілі адзінокую вежу каля ранейшага ўезду ў панскую сядзібу, надалі пэўнага каларыту старому парку… Ёсць і адноўлены, адрамантаваны флігель з тых даўніх часоў. Калісьці некалькі гадоў у ім месціўся Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей, заснаваны Васілём Мікітавічам Свістуном, вядомым у краі збіральнікам гістарычнай памяці. Адбылося, дзякуючы стварэнню «Дукорскага маёнтка», і некаторае вяртанне гістарычнай памяці ў яго сцены. Другі паверх флігеля адведзены пад невялікія музейныя залы…

Мо з часам успомняць у гэтых залах і землякоў-дукарчан. Як, прыкладам, пра Марыю Андрэеўну Жыдовіч. Няпроста пачынаўся яе шлях у навуку. У 1938 годзе скончыла Мінскі педагагічны інстытут. З 1943 года працавала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. З 1946 па 1959 — у Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1958 годзе абараніла доктарскую дысертацыю. У 1959 вярнулася ў родны ўніверсітэт, стала прафесарам. Вывучала гісторыю беларускай мовы. У 1969 годзе выдала першую частку манаграфіі «Назоўнік у беларускай мове». Марыя Андрэеўна — адна з укладальніц «Слоўніка гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі». Асаблівыя заслугі М. Жыдовіч — у збіранні дыялектных слоў. У 1970 годзе выдавецтва БДУ выпусціла першы «сшытак» мінска-маладзечанскіх гаворак. Марыя Андрэеўна — сярод укладальнікаў. Са 116 адрасоў, дзе ўпісаны словы і выразы, загадкі, фразеалагічныя спалучэнні, — восем пухавіцкіх паселішчаў. І, канешне ж, родная для М.А. Жыдовіч Дукора, а таксама суседнія Харавічы. Ды і блізкія, недалёкія да Дукоры, да Пухавіччыны паселішчы — Турэц, Рудня…Чытаю «дукорскія» фразеалагізмы — ёмкія, каларытныя, сакавітыя…Здаецца, словы праменяць, іскрацца, настолькі шматабсяжны змест у занатаванага. «Як пакорміш, так паедзеш». «Шыць аўсяным штыхам». «Хоць плач, хоць скач». «Хто пытае, той не блудзіць». У Дукоры запісана і такое: «Свая сярмяжка няцяжка».

...Наслухаўшыся дукорскай гаворкі, усё ж выправімся ў Пухавічы. Гэта зараз паселішча абмінае дарога на Бабруйск і Гомель. А некалі тракт ішоў праз саменькае мястэчка, яшчэ за гады да асфальту засцеленае брукаванкай з камення. І нават я з 1970-х гадоў памятаю тую брукаванку. Праўда, ужо не на цэнтральнай, а цяпер — Савецкай вуліцы, якая і тады была заасфальтавана. Каменне адбівала сонечныя восеньскія зайчыкі па вуліцы Кастрычніцкая, непадалёку ад месца, дзе ў XIX і на пачатку XX стагоддзяў ладзіліся кірмашы.

Пухавічы, дзе школа працуе ажно з 1863 года, выправілі ў вялікае жыццё шмат цікавых людзей. Нагадаю імёны толькі некаторых з іх: акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар медыцынскіх навук Арнольд Смеяновіч (зусім нядаўна пайшоў з жыцця), генерал-лейтэнант Яўген Мікульчык, кандыдат сельскагаспадарчых навук Аляксандр Матоха, кандыдат эканамічных навук Мікалай Свірыдаў, доктар палітычных і кандыдат філасофскіх навук прафесар Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Мікалай Лабуш, яго родны брат — акцёр-купалавец Аляксандр Лабуш… З Пухавічамі звязаны імёны пісьменніка Алеся Пальчэўскага, военачальніка, двойчы Героя Савецкага Саюза Якава Смушкевіча, лётчыка Героя Савецкага Саюза Мікалая Шута і нават заснавальніка легендарнага «Хору Турэцкага»…

Чэрвень. Фота radzima.org

З Пухавіч вяртаемся на Блонь, а далей праз Турын — у Чэрвень, старажытны Ігумен. Тут да паслуг турыста — і краязнаўчы музей, і раённая бібліятэка, дзе працуюць цікаўныя да роднай гісторыі людзі, дзе штогод ладзяцца краязнаўчыя чытанні. А пасля намаганнямі бібліятэкараў, аддзела культуры райвыканкама выдаюцца адмысловыя зборнікі матэрыялаў тых чытанняў. Чэрвень — радзіма паэта-сатырыка Міколы Вяршыніна. Недзе на старых Ігуменскіх могілках пахаваны рускі мемуарыст 19 стагоддзя Асінкрыт Ламачэўскі. У 1865–1868 гадах ён быў мінскім губернскім паштмайстрам. У адстаўку па лініі штацкай выйшаў у званні сапраўднага стацкага саветніка. У 1869–1870 гадах — міравы пасрэднік Ігуменскага павета. …З Чэрвеня, калі ехаць па «магілёўцы», мы і патрапім у Смілавічы. Тут нас чакае сустрэча са старажытным паркам, палацам, які некалі належаў Манюшкам, затым Ваньковічам. Зараз у Смілавічах працуе музей Хаіма Суціна, які з’яўляецца ўраджэнцам паселішча. Рэдка згадваецца ў дачыненні да Смілавіч імя славутай актрысы Фаіны Ранеўскай. А між тым яе родавыя карэнні — якраз на Ігуменшчыне. Бацька актрысы — Гірш Хаімаў Фельдман — мяшчанін мястэчка Смілавічы Ігуменскага павета. На пачатку дваццатага стагоддзя Фельдманы валодалі многімі будынкамі, свіранамі, аптовай крамай і нават параходам «Святы Мікалай» у Екацярынаслаўлі, а затым у Екацярынадары. А спярша ўсё ж былі Смілавічы…З гістарычнай памяткі пра Смілавічы канца XIX стагоддзя: «…95 двароў, 500 жыхароў, дзейнічалі валасное праўленне, 3 праваслаўныя царквы, мусульманская мячэць, касцёл, 3 яўрэйскія малітоўныя дамы… паводле перапісу 1877… прыёмны пакой на 2 ложкі для хворых…» Сёння ў гарадскога пасёлка Смілавічы — зусім іншая гісторыя, зусім іншыя адметнасці. Але па-ранейшаму старыя жыхары мястэчка ўважлівыя да сваёй гісторыі, помняць і старыя вулачкі, і многія падзеі. Гэта падштурхоўвае да спадзяванняў, што поруч з музеем Суціна ў Смілавічах павінен быць і агульны краязнаўчы музей. Тым болей, што пачатак пакладзены. У СШ № 1 Смілавіч доўгі час намаганнямі найперш колішняга дырэктара Івана Паўлавіча Ярашэвіча вялася вялікая краязнаўчая, пошукавая праца.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.